“Шчаслівая” Паўночная вайна

Паўночная вайна

У першай палове XVІІІ стагоддзя згадак пра жлобінскі рэгіён па ранейшаму вельмі мала. Нават новая вялікая Паўночная вайна на тэрыторыі Беларусі ў пачатку стагоддзя амаль не пакінула звестак пра Жлобіншчыну. І гэта, насамрэч, было шчасце. Вайна абышла паселішчы вакол Жлобіна. Вёскам і мястэчкам пашчасціла ацалець. Калі б яны былі папаленыя, як паўстагоддзя раней, ці моцна разрабаваныя, то пра гэта, пэўна, была б інфармацыя ў дакументах. 

Новае стагоддзе, як часта бывала ў гісторыі Ўсходняй Еўропы, распачалося з разбуральнага ваеннага канфлікту. Не паспела беларускае Падняпро́ўе загаіць раны ад войнаў сярэдзіны XVІІ стагоддзя, як пачалася Паўночная вайна. У час вайны нашай саюзніцай у барацьбе са Швецыяй была Расія. Частка шляхты на чале з Сапегамі мелі намер утварыць незалежнае ВКЛ, таму перайшлі на бок шведаў. На ўсходзе Беларусі ля Галоўчына і Быхава Сапегі ўтварылі сялянска-казацкія атрады. Іх разбілі ў 1702 годзе. 

Род Сапегаў

Герб роду Сапегаў

Сапе́гі – старажытны шляхецкі род герба “Ліс” беларускага паходжання. У канцы XVI стагоддзя род увайшоў у лік магнатаў ВКЛ. Сапегаў у XVІ-XVIII стагоддзях прынята лічыць другім паводле значнасці магнацкім родам ВКЛ пасля Радзівілаў. Першапачаткова яны былі праваслаўнымі, аднак ужо ў канцы стагоддзя ўсе Сапегі перайшлі ў каталіцтва.

Узвышэнне роду звязваюць з дзейнасцю Льва Сапегі. На працягу свайго жыцця ён займаў ледзь не ўсе вышэйшыя пасады ў дзяржаве. Леў далучыў да сваіх уладанняў шматлікія землі, у іх ліку падняпроўскія Бялынічы, Цяцерын і Круглае ў Аршанскім павеце. У валоданні Льва Сапегі знаходзіліся і дзяржаўнае староцтва Магілёў. Пазней Сапегі на Дняпры набылі і Быхаў. 

Леў Сапега

У 1680 гады Сапегі дасягнулі дамінавання ў Вялікім Княстве. Узброеная кааліцыя Радзівілаў, Агінскіх, Вішнявецкіх і іншых магнатаў пачала супраць Сапегаў сапраўдную грамадзянскую вайну і перамагла іх у бітве пад Алькенікамі (1700) на поўдзень ад Вільні. Пасля гэтага Сапегі перайшлі на бок шведскага караля Карла XII у часе Вялікай Паўночнай вайны (1700-1721) і падтрымалі караля Станіслава Ляшчынскага – шведскага вылучэнца на трон Рэчы Паспалітай. 

Шляхта працягвала ваяваць супраць Сапегаў з падтрымкай маскоўскага цара Пятра I. Тады Сапегі пайшлі на стварэнне казацка-сялянскіх атрадаў на чале з Юрэвічам, Більдзюкевічам і Хмарай. Яны дзейнічалі супраць шляхты ва ўсходняй частцы Беларусі (пад Дуброўнай, Галоўчынам, Быхавам). У 1702 годзе гэтыя атрады былі разбітыя. Пасля Паўночнай вайны палітычны ўплыў Сапегаў значна паменшыўся. 

 Геаграфічнае становішча “усходняй брамы” ВКЛ на шляху ў Маскву вызначыла асаблівае месца горада ў планах Расіі і Швецыі падчас Паўночнай вайны 1700-1721 гадах. Каб зберагчы свае гарады ад знішчэння, жыхарам нічога не заставалася, як з пакораю карміць войскі з абодвух бакоў і сустракаць “дарагіх” як чужаземных, так і сваіх рэчапаспалітаўскіх гасцей. 

Буйных ваенных дзеянняў да 1708 годзе на ўсходзе Беларусі не было. Але шматлікія пастоі шляхецкіх атрадаў, рускай арміі, сустрэчы Пятра І і яго паплечнікаў вялікім цяжарам ляглі на плечы жыхароў гарадоў на Дняпры.

Прыкладам, у чэрвені 1706 года цар Пётр I па Дняпры рушыў з Оршы ў Кіеў. Звестак пра яго праходжанне праз Жлобін не захавалася. Але засталося падрабязнае апісанне яго наведвання Магілёва. Яно адлюстроўвае атмасферу і звычаі таго часу. Не меншай, а часам і большай павагі да сябе патрабавалі дыпламаты, ваеннаначальнікі, чыноўнікі ніжэйшых рангаў. Нярэдка яны рухаліся па Дняпры ўверх або ўніз па плыні ракі і праходзілі ля Жлобіна і Стрэшына. Усім чыноўнікам трэба было “дапамагаць” харчамі, фуражом і даваць падарункі, каб тыя госці як мага хутчэй пакідалі гарады. 

Пастоі маскоўскага войска ў гарадах Падняпроўя

Паўночная вайна

21 чэрвеня 1706 года Пётр I прыбыў з Оршы ў Магілёў на байдаку і стаў ва ўрочышчы Грабёж каля рачулкі Дзебра. Гарадскі магістрат, сустракаючы цара, на сярэбраных з пазалотай падносах паднёс яму вялікі каравай і сітны хлеб. Цар распарадзіўся даставіць хлеб на кватэру, а сам адразу накіраваўся да войска. Аб’ехаўшы палкі, Пётр паехаў са сваёй світаю ў горад. Пры ўездзе ў Магілёў цара сустрэў гарматны салют з усіх бастыёнаў. Калі ён праязджаў праз Алейную браму і выязджаў да гарадской ратушы, прагучаў другі залп салюту з гармат каля ратушы. Ад такой урачыстасці Пётр І нават некалькі разгубіўся, прамовіўшы: “Право, изрядно”. Пасля агляду расійскі цар у Байдаку (вялікай лодцы) працягваў шлях да Кіева, які ішоў праз Рагачоў, Жлобін, Стрэшын, Рэчыцу.

Месяца сакавіка 14 дня 1708 года Аляксандр Данілавіч Меншыкаў, маскоўскі князь і першы царскі дарадца з вельмі пышнай кавалькадай і помпай, многімі вайсковымі аксесуарамі і з немалой вайсковай світай уехаў у Магілёўскі замак. Горад, сціснуты адусюль бедамі, мусіў, што толькі было з харчоў, выдаваць і карміць князя і яго войска. Нягледзячы на добразычлівы прыём, Меншыкаў, ужо на балю, што быў зладжаны магістратам у ратушы ў гонар расійцаў, выказаў думку пра тое, што Магілёў варта спаліць. Прычынай яго нянавісці да горада былі ўспаміны аб магілёўскім паўстанні 1661 года, калі месцічы выразалі каля 2000 маскоўскіх стральцоў. Паводле народных паданняў, толькі заступніцтва іконы Маці Божай уратавала тады Магілёў. 

 Шведскі кароль Карл ХІІ у чэрвені 1708 года пачаў наступ на Маскву. Вырашальныя бітвы вайны былі ў Падняпроўі каля Магілёва і на Пасожжы. Так, недалёка ад Магілёва каля мястэчка Галоўчын 3 ліпеня прайшла апошняя ў гісторыі Швецыі вялікая бітва. У ёй шведы атрымалі бліскучую перамогу. Расійскае войска было разбітае і ў паніцы адступіла. На шчасце жлобінцаў, баявыя дзеянні абышлі іх край.

Карл XІІ пасля пяцітыднёвага магілёўскага адпачынку абабраў горад, адкарміў сваю згаладалую армію і рушыў у накірунку Мсціслава. Пастой шведаў, паводле падлікаў магілёўскага храніста і сябра магістрата Трафіма Сурты, абышоўся гораду ў 100 000 талераў. Калі шведы выходзілі з месца, пабралі з горада шмат правіянту. Забралі яны ў няволю і чальцоў гарадскога магістрата. Толькі за выкуп іх удалося вярнуць у Магілёў. 

Паўночная вайна

З прычыны таго, што расійцы вялі тактыку “оголожения” мясцовасці, шведскія войскі, што наступалі, сустракалі выпаленыя вёскі і татальную пустэчу. Пры адступленні рускія знішчалі запасы фуражу і харчавання, спалілі шэраг гарадоў, у тым ліку Дрыбін і Мсціслаў. Войскі Пятра І спалілі і Магілёў. 

Лёс вайны вызначыла бітва пад вёскай Лясная каля Прапойска (Слаўгарада) 28 верасня 1708 г. Тут войска Пятра І разбіла шведскі корпус Левенгаўпта. У той час шведская армія лічылася адной з лепшых у Еўропе. Бітва пры Лясной стала першай значнай перамогай маскоўскага войска. Яна ўзняла іх маральны дух, дала веру ў свае сілы. Пасля разгрому шведаў у 1709 г. пад Палтавай буйных ваенных дзеянняў на тэрыторыі ўсходняй Беларусі больш не было. 

Наколькі масава ваявалі жлобінцы і на чыім баку, сказаць цяжка. Шляхта і прасталюдзіны досыць актыўна наймаліся ў войскі абодвух бакоў. Амбітныя Сапегі падтрымлівалі Швецыю, а Агінскія і іх хаўруснікі выступалі за Расію. 

Род Агінскіх

Агінскія – старажытны беларускі магнацкі род гербаў уласных “Агінец” (“Брама”) і “Агінскі”, што ўваходзіў у шэрагі магнатаў ВКЛ. Iмёны дзяржаўных дзеячаў, ваяроў, мецэнатаў, музыкантаў, што паходзiлi з гэтага роду, складаюць гонар i славу Беларусi.

Сваё паходжанне Агінскія выводзілі ад Рурыкавічаў. Прозвішча Агінскія ўтварылася ад маёнтку Агінты ў Жыжмарскім павеце. Напачатку яны вызнавалі праваслаўе, а ў XVII стагоддзі прынялі каталіцтва. 

Агінскім у розны час належалі землі і маёнткі на Смаленшчыне, а таксама на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у тым ліку ва ўсходняй частцы краіны: Віцебск, Бабры, Мсціславец, Бялынічы, Чачэрск і інш.

Агінскія, як Радзівілы і Сапегі, далі сваёй Бацькаўшчыне нямала розных грамадскіх дзеячаў – ад ваяводаў да гетманаў. Але найбольш вядомыя ў свеце сталі кампазітары – Міхал Казімір і Міхал Клеафас. Першы з іх больш вядомы як дзяржаўны і грамадскі дзеяч, вялікі гетман літоўскі, а таксама як кампазітар і мецэнат. А вось яго пляменнік – вялікі скарбнік літоўскі Міхал Клеафас – атрымаў сусветную вядомасць праз музычны твор. Паланэз “Развітанне з Радімай” твор назаўсёды абессмяроціў яго імя.

Міхал Казімір і Міхал Клеафас Агінскія

Падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам нашага земляка Тадэвуша Касцюшкі воіны ішлі ў бой пад “Марш паўстанцаў 1794 года”. Яго аўтарам таксама быў камандзір аднаго з паўстанцкіх атрадаў Міхал Клеафас Агінскі.

 Па падлікам гісторыкаў падчас Паўночнай вайны каля 90 тысяч жыхароў Рэчы Паспалітай змагаліся як супраць шведаў, так і на іх баку. Але эфекту ад такой колькасці ўзброеных людзей было не вельмі шмат. “Войскі Рэчы Паспалітай актыўна змагаліся толькі паміж сабой і вельмі неахвотна з чужымі арміямі – шведскай ці рускай”, – пісалі сучаснікі. 

У войсках маглі служыць прадстаўнікі розных саслоўяў. Ад пачатку рэформаў канца XVІІ стагоддзя, мясцовыя жыхары пачалі служыць у арміі. Толькі цяжкія гусары заставаліся чыста шляхецкім войскам, але і сярод іх часам былі прадстаўнікі простых саслоўяў. Верагоднасць удзелу жыхароў прыдняпроўскіх шляхецкіх маёнткаў і засценкаў, як і мяшчан з сялянамі, ў баявых дзеяннях дастаткова высокая, але непасрэдны ўдзел жлобінцаў патрабуе далейшага вывучэння. 

Паколькі баявых дзеянняў паблізу Жлобіна не было, то і памеры разбурэнняў і заняпаду тут былі нашмат меншымі, чым на некалькі дзясяткаў кіламетраў вышэй па Дняпры. А ў магілёўскай дзяржаўнай эканоміі, напрыклад, пустымі былі звыш за 1 500 валок, што складала каля 25% апрацаванага ворыва. Зноўку асабліва моцна пацярпела Мсціслаўшчына. 

Для Беларусі вынікі чарговай вайны былі трагічнымі. Толькі адсутнасць моцных баявых дзеянняў каля Рагачова і Жлобіна выратавала тутэйшы люд ад лёсу спаленага Магілёва, Віцебска ці Мсціслава. Тым не менш, эканамічны спад назіраўся і ў тых мясцовасцях, дзе баявых сутыкненняў варне было. Паўсюль лютавалі голад, мор, амаль прыпыніўся гандаль, а мясцовы люд разбягаўся ў пошуках лепшай долі. Загінула ці памерла трэцяя частка жыхароў Беларусі. Наступныя два – тры дзесяцігоддзі пайшлі на простае аднаўленне эканомікі Падняпроўя і яго насельніцтва.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.