Другая палова XVІІІ стагоддзя пакінула значна большы корпус дакументаў пра жыццё насельніцтва на тэрыторыі Жлобіншчыны. Колькасць паведамленняў асабліва ўзрасла напрыканцы стагоддзя.
Рэч Паспалітая ў XVІІІ стагоддзі перажывала працяглы палітычны крызіс. Ён распачаўся яшчэ ў другой палове XVІІ, узмацніўся ў ходзе Паўночнай вайны і працягваўся да канца стагоддзя. Найважнейшыя дзяржаўныя рашэнні не прымаліся своечасова. Шляхецкія саюзы–канфедэрацыі перыядычна ваявалі адна з адной. Не толькі шляхецкія разборкі, але і інтэрвенцыі рускіх войскаў, што ўводзіліся для адстойвання інтарэсаў Расіі, перыядычна парушалі спакой жыхароў краіны.
Тым не менш, пасля Паўночнай вайны полымя вялікіх войнаў амаль стагоддзе абмінала наш край. Адносна мірны перыяд спрыяў паступоваму аднаўленню і развіццю эканомікі, росту насельніцтва. Калі ў XVII стагоддзі колькасць насельніцтва Рэчыцкага павета была адной з найменшых сярод паветаў Вялікага Княства Літоўскага, а пасля вайны з Маскоўскай дзяржавай (1654-1667) скарацілася да 12 тыс чалавек, то ў мірны час колькасць насельніцтва значна павысілася. Да другой паловы XVIII стагоддзя яна склала прыкладна 200 тыс чалавек. Паводле інфармацыі 1775 году павет налічваў 5 676 дымоў. Натуральна, што расло і насельніцтва жлобінскіх вёсак.
Сучасная тэрыторыя Жлобіншчыны, як і раней, знаходзілася ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Блізу Жлобіна і Стрэшына знаходзіліся ўладанні шэрагу старостваў: Бабруйскага, Рагачоўскага і Рэчыцкага, а таксама прыватныя ўладанні, найбольш значнымі з якіх былі Горваль (валоданне Сангушак), Добасна (уласнасць Хадкевічаў) і Стрэшын (валоданне Віленскага біскупства).
Рагачоўскае староства было найбліжэйшым да Жлобіншчыны і часткова яе ўключала. У склад староства ўваходзілі 3 войтаўствы і 9 дзяржаў. Некаторыя з якіх межавалі або знаходзіліся на тэрыторыі сучаснага Жлобінскага раёна.
Рагачоўскае староства
Рагачоўскае староства (польск. Starostwo Rohaczewskie) – адміністрацыйнае падраздзяленне ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства, было створана ў 1556 годзе. Цэнтрам староства было мястэчка Рагачоў.
У 1765 годзе паводле люстрацыі ў яго складзе былі маёнтак Рагачоў і 27 вёсак, усяго больш за 700 дымоў (жылых хат з печкамі). Яно дзялілася на Задняпроўскае (за ракой Дняпро), Задруцкае (за ракой Друць) і Рагачоўскае вайтаўствы; вёскі (польск. wieś) і “дзяржавы” (польск. dzierżawy). У складзе староства была і воласць Рагачоўская.
У 1772 і 1793 гадах землі староства ўключылі ў склад Расіі.
Задняпроўскае войтаўства Рагачоўскага староства з вёскамі Гадзілавічы, Збарова, Хадасовічы, Турск і іншымі межавала са Жлобіншчынай. Турск згадваецца ў 1756 годзе, як вёска з мужчынскім і жаночым Пакроўскімі манастырамі. Турскія і хадасовіцкія сяляне вялі сваю гаспадарчую дзейнасць і на тэрыторыі Жлобінскага раёна.
Задруцкае войтаўства таксама межавала са Жлобіншчынай і ўключала вёскі: Лучын, Стрэнькі, Забалацце, Заполле, Косцешава, Каласы, Задруце і іншыя. І тут забалацкія і лучынскія сяляне сутыкаліся, і, магчыма, час ад часу канфліктавалі з продкамі сучасных жлобінцаў.
З дзевяці рагачоўскіх дзяржаў толькі адна размяшчалася непасрэдна каля сёняшняй тэрыторыі горада Жлобіна. Гэтая дзяржава называлася “Дзяржава Луке”, уключала вёскі Луке (Лукі), Беліца, Краснагура Слабада і займала паўночныя землі сучаснага Жлобінскага раёна.
Дзяржава Луке
З дзевяці дзяржаў рагачоўскага староцтва, дзяржава Луке непасрэдна прымыкала да тэрыторыі Жлобіна. Яна ўключала вёскі Луке (Лукі), вёскі Беліца і вёску Краснагура Слабада.
Даўняе паселішча “Луке”, відаць, дало пачатак сённяшніх вёсак: Лукі, Лукскій і Новыя Лукі.
Вёска Беліца і сёння фактычна з’яўляецца паўночна-заходнім прыгарадам Жлобіна.
І толькі Краснагура Слабада таямніча прыхавалася за адлегласцю часу. Красная Слабада ў 10 кіламетрах ад Беліцы па шашы на Бабруйск нібыта просіцца ў склад дзяржавы Луке, але пакуль гэта толькі гіпатэтычнае дапушчэнне. Да таго ж Чырвоная Горка (Красная Горка) на беразе Дняпра знаходзіцца значна бліжэй – усяго ў 4 кіламетрах ад вёскі Лукі. Паходжанне яе назвы ад Краснагуры больш верагоднае. Вось толькі сучасная вёска лічыцца заснаванай у пачатку ХХ стагоддзя мігрантамі з суседніх вёсак. У 1909 годзе тут быў хутар, 74 дзесяцін зямлі Лукскай воласці Рагачоўскага павета.
У 1717 годзе ў Рэчыцкім павеце было 850 дымоў валасных, земскіх, спадчынных, шляхецкіх, духоўных і старарастных. Дымы (жылыя хаты з печкамі) адначасова былі і адзінкамі падаткаабкладання.
Паводле пісьмовых, пераважна эканамічных або актавых крыніц з XVІІІ стагоддзя вядомы і іншыя населеныя пункты Жлобінскага раёна.
Прыгарадная жлобінская вёска Бухарына (з 1936 года – Акцябр) жыве ўжо чацвёртае стагоддзе, бо згадваецца як хутар Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства ў XVІІІ стагоддзі, а яе наваколле заселена яшчэ з часу бронзавага веку.
Вёска Акцябр (да 1936 года – Бухарына)
Вёска Акцябр знаходзіцца за 8 км ад горада Жлобін у напрамку на поўдзень.
Паводле пісьмовых крыніц Бухарына з XVІІІ стагоддзя, вёска вядомая як хутар у Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства. У 1858 годзе належала князю Л.М. Галіцыну. З 1880 года тут працавала крама. Паводле перапісу 1897 года у вёсцы была школа, 2 ветракі. У 1909 годзе меліся 1 284 дзесяцін земляў у Стрэшынскай воласці Рагачоўскага павета Магілеўскай губерні.
З 20 жніўня 1924 года цэнтр Акцябрскага сельскага савета Жлобінскага раёна Бабруйскай акругі (да 26 ліпеня 1930 г.), з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. У 1929 годзе быў створаны калгас.
З 1936 года Бухарына перайменавалі ў Акцябр. Па дзіўным супадзенні, як раз тады былы ўлюбёнец камуністычнай партыі акадэмік Мікалай Бухарын быў абвешчаны ворагам народа, а ў 1938 годзе яго ліквідавалі на расстрэльным палігоне “Камунарка” Маскоўскай вобласці. Хаця няма звестак пра датычнасць Мікалая Бухарына ці яго сваякоў да гісторыі вёскі Бухарына, але назву змянілі на больш патрыятычную і, як тады меркавалі, ідэалагічна правільную.
Падчас Другой Сусветнай вайны ў студзені 1944 года нацысты спалілі 166 двароў і забілі 64 жыхароў вёскі. У баях каля Акцябра былі забітыя 145 савецкіх салдат і 2 партызаны (яны пахаваныя ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі), а 45 вяскоўцаў загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе.
Паводле перапісу насельніцтва 1959 года – цэнтр калгаса “Акцябр”. Меўся Дом культуры, аддзел камунікацый, 9-гадовая школа, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад.
У 1986 годзе тут пабудавалі 81 дом для перасяленцаў з месцаў, забруджаных радыяцыяй пасля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.
Паступова аднаўляліся гарады і мястэчкі павета: Рэчыца, Бабруйск, Гомель, Карма, Прапойск, Рагачоў, Халч, Чачэрск. У інфармацыйных даведніках да ліку мястэчак і местаў адносяць таксама сённяшнія вёскі, аграгарадкі і гарады: Антонаўка, Бабічы, Гарадзец, Горваль, Добасна, Жлобін, Журавічы, Казімер, Казімераў, Краснаполле, Лоеў, Насовічы, Новая Беліца, Парычы, Побалаў, Стрэшын, Уваравічы, Холмеч, Ціхінічы, Чыркавічы, Шарсцін, Яўтушкавічы.
Жлобіншчына і рэгіёны вакол яе былі дастаткова ўрбанізаваным для таго часу краем. Жлобін, Казімірава, Стрэшын і сёння размешчаны на тэрыторыі Жлобінскага раёна, а дастаткова вялікія Бабруйск, Рагачоў, Рэчыца і драбнейшыя Гарадзец, Горваль, Добасна, Казімір, Парычы, Побалаў, Ціхінічы – у непасрэднай блізкасці ад жлобінскага рэгіёна.
Права на самакіраванне, праўда, мела тут не так шмат гарадоў: Рэчыца з 1561, Мазыр – з 1577, Гомель – з 1670 года. Затое права на самакіраванне атрымаў горад-прывід, што назвалі ў гонар Казіміра.
Увогуле ў рэгіёне былі два пасяленні гарадскога тыпу з назвамі прысвечанымі двум Казімірам: Казімір і Казімірава. Гісторыя ў паселішчаў, названых у гонар Казіміраў, вельмі розная. Першае паселішча стала горадам з магдэбургскім правам, але праіснавала вельмі кароткі час, было разрабавана і знікла не толькі фізічна, але і з памяці наступных пакаленняў. А другое, што заклаў падкаморы рэчыцкі Казімер Юдзіцкі і назваў у свой гонар, стала мястэчкам, затым вёскай, але жылое дагэтуль.
Казімірава
Казімі́рава, Казіме́раў – вёска, каля ракі Добасны ў складзе Малевіцкага сельсавету Жлобінскага раёну. Знаходзіцца за 12 км на захад ад Жлобіна, за 3 км ад аднайменнай чыгуначнай станцыі на паўднёвы ўсход.
Казімераў – даўняе мястэчка. Яго ў 1713 годзе заклаў падкаморы рэчыцкі Казімер Юдзіцкі, які назваў паселішча ў свой гонар. Было таксама аднайменнае дзяржаўнае зямельнае ўладанне, што знаходзілася ў карыстанні прыватнай асобы і ў 1765 годзе аб’ядноўвала 2 вёскі з 45 дварамі.
Казімір Юдзіцкі ў 1713 годзе заснаваў тут мужчынскі ўніяцкі манастыр пад кіраваннем ордэна базыльян. У 1832 годзе касцёл пераўтварылі ў праваслаўны храм, а манастыр быў скасаваны.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Казімераў апынуўся ў Бабруйскім павеце Менскай губэрні. На 1859 год у мястэчку было 33 двары. Па адкрыцці ў лістападзе 1873 году руху па чыгунцы Асіпавічы – Гомель у Казіміраве пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя.
На 1886 год у мястэчку было 12 крам, вадзяны і ветраны млыны. Паводле вынікаў перапісу 1897 году там было 60 двароў, царква, сінагога, заезны двор. Побач размяшчаўся аднайменны фальварак.
У 1924-1954 гадах паселішча было цэнтрам Казіміраўскага сельсавета. У 1996 годзе праваслаўны прыход быў адроджаны, а ў 2000 годзе пастановай Сінода Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату Казіміраўскі прыход пераўтварылі ў жаночы манастыр.
Насельніцтва на 2010 год склала ўсяго 87 чалавек.
У другой палове стагоддзя з Рэчыцай, як цэнтрам павета, пачынае спаборнічаць не Жлобін, а Рагачоў. У пачатку праўлення Станіслава Аўгуста Панятоўскага суды і соймікі Рэчыцкага павета праводзіліся ў Рагачове. Тамака ж былі суды: падкаморскі, земскі і гродзкі. Рэчыцкая шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал. Але пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай з 1776 года соймікі ізноў пачалі праходзіць у Рэчыцы, а затым у Бабруйску.
Павятовы соймік
Павятовы соймік – станава-прадстаўнічы орган улады ў павеце за часамі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Гэта форма самарэалізацыі шляхецкай супольнасці павета і дзяржаўна-прававы інстытут, праз які шляхецкая супольнасць была здольная прымаць рашэнні. Ён прадстаўляў сабой сход шляхты павета, дзейнасць якога рэгламентавалася нормамі права.
На павятовых сойміках абмяркоўвалі мясцовыя і агульнадзяржаўныя справы, абіралі дэпутатаў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай і выпрацоўвалі інструкцыі для іх, вылучалі кандыдатаў на судовыя пасады і вызначалі падаткі на патрэбы павета.
На тэрыторыі Рэчы Паспалітай, што адышла ў Расійскую імперыю, соймікі працягвалі існаваць у сувязі з пацверджаннем статута Вялікага Княства Літоўскага ў грамадзянскіх справах, пакуль яны не былі цалкам скасаваныя ў 1840 годзе.
Рэчыцкія ўраднікі мелі свой асобны строй адзення. Павятовы мундзір складаўся з малінавага (“кармазыновага”) кунтуша, белых адваротаў і жупана. У 1778 годзе вызначаліся колеры кунтушоў ураднікаў паасобных ваяводстваў, што надавала ім характар ваяводскага мундзіра. Малінавы колер рэчыцкіх кунтушоў быў вызначаны тым, што ён быў замацаваны за ўсёй шляхтай Менскага ваяводства.
Кунтуш
Кунтуш – верхняе мужчынскае адзенне заможных жыхароў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, якое апраналі на жупан. Кунтуш – доўгая воратка (ніжэй за калені) з разрэзам спераду, зашпільвалася на гаплікі або вялікія гузікі. Верхняя частка не зашпільвалася, каб з-пад кунтуша было відаць жупан. Адметнасць – разрэзаныя рукавы, што вольна звісалі ўздоўж цела або закідваліся за плечы. Кунтушы рабілі з шоўку, аксаміту, у зімовы час іх насілі з футрам.
З канца XVII стагоддзя кунтуш як верхняя вопратка ў спалучэнні з жупаном дамінуе ў шляхецкай модзе Рэчы Паспалітай да сярэдзіны XVIII стагоддзя. Недзе з 1760 гадоў вернасць кунтушоваму строю захоўвае пераважна правінцыйная i дробная шляхта. У 1778 годзе зацвердзілі колеры кунтушоў ураднікаў паасобных ваяводстваў, што надало ім характар ваяводскага мундзіра. У выніку кунтушы розных ваяводстваў мелі розныя колеры: менскія кунтушы, у тым ліку шляхты жлобінскіх ваколіц, былі малінавымі (“кармазыновымі”).
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай сімволіку рэтрамоды цудоўна разумелі расійскія чыноўнікі. У 1793 годзе яны забаранілі беларускай шляхце насіць зялёна-срэбныя слуцкія паясы, чыя зелень была знакам надзеі i месяца мая – часу прыняцця дэмакратычнай Канстытуцыі 3 мая 1791 года. Пасля паўстанняў 1794, 1830-1831, 1863-1864 гадоў расійскія ўлады забаранялі нашэнне і іншых элементаў шляхецкага касцюма, штрафавалі за іх выкарыстанне.
Жлобін у другой палове XVIII стагоддзя быў значным мястэчкам – і па колькасці жыхароў, і па сваім эканамічным значэнні. Так, па люстрацыі (апісанне маёмасцей з мэтай вызначэння іх прыбытковасці) 1775 года ў гэтым мястэчку, якім валодаў Казімір Халецкі, было 152 дамы. Захавалася іх статыстычная класіфікацыя: 1 дом Яна Халецкага, 1 дом свяшчэнніка (прэсвітара), 50 дамоў рольнічых хрысціян, 40 дамоў прыватных хрысціян, 20 дамоў яўрэяў гандляроў і арэндатараў (карчмароў), 40 дамоў яўрэйскіх “прыватных”. Гэта была значная колькасць будынкаў. У Жлобіне па разліках тады магло пражываць каля 1 200 чалавек.
Пра прыкметы гарадскога жыцця Жлобіна, які тады належаў І. Халецкаму, сведчыць прывілей на правядзенне штотыднёвых таргоў і 4 штогадовых кірмашоў у Жлобіне. У 1790 годзе яго выдаў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Адпаведна яму тут ужо існавала прыстань і паромная пераправа, вялося будаўніцтва рачных суднаў. Наяўнасць транспартнай інфраструктуры і будаўніцтва суднаў, рэгулярнага гандлю сведчыць не пра вясковае, а пра гарадское жыццё. Па сутнасці, прывілей – сведчанне тыповага для Беларусі месцячковага жыцця ў паселішчы. Станіслаў Панятоўскі, які ўзаконіў яго, сыграў важную ролю ў развіцці Жлобіна.
Станіслаў ІІ Аўгуст Панятоўскі
Станіслаў ІІ Аўгуст Панятоўскі (17 студзеня 1732 – 12 лютага 1798) – апошні кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі (1764-1795) нарадзіўся ў Воўчыне (Брэсцкая вобласць). Дзяржаўны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, у 1755-1764 гадах – стольнік вялікі літоўскі, у 1756-1758 гадах – пасол у Пецярбургу. У 1764 годзе з падтрымкай Расіі Станіслаў Панятоўскі быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім.
Магнаты і шляхта, якія жадалі адраджэння Рэчы Паспалітай, згуртаваліся вакол новага караля. Пачаліся рэформы. Чатырохгадовы Сойм 1788-1791 гадоў прыняў Канстытуцыю, што ліквідавала падзел Рэчы Паспалітай на ВКЛ і Каралеўства Польскае і аб’яднала іх ва ўнітарную дзяржаву. Улада караля рабілася спадчыннай. Пры захаванні шляхецкіх правоў паляпшалася становішча прыгонных сялянаў. Гарады атрымоўвалі прадстаўніцтва ў сойме, дзе адмянялася права liberum vetо. Магнацкія войскі ўваходзілі ў склад дзяржаўнага войска. Была створана Адукацыйная камісія. Усё гэта мусіла ўзмацніць Рэч Паспалітую.
Аўстрыя, Прусія і Расія скарысталіся ўнутранай слабасцю Рэчы Паспалітай і тройчы падзялілі дзяржаву ў 1772, 1793, 1795 гадах. У кастрычніку 1795 года адбыўся апошні, трэці падзел Рэчы Паспалітай. З гэтага часу яна спыніла сваё існаванне. Станіслаў Аўгуст выракся пасады і апошнія гады пражыў у Пецярбургу.
Негатыўная адзнака Станіслава Панятоўскага, як караля Рэчы Паспалітай, якая дамінавала ў польскай гістарыяграфіі ХІХ-ХХ стагоддзяў, у апошні час змяняецца на адзнакі, што ацэньваюць яго як лепшага караля Польшчы ў самыя складаныя, горшыя для яе часы.
Прамысловае значэнне Жлобіна паказваюць дакументы, што сведчаць пра выраб у Жлобіне артылерыйскіх гармат у 1769 годзе. Гісторыя вырабу гармат містычная і чытаецца як нешта неверагоднае. Дзве медныя гарматы адшукалі ў 1842 годзе непадалёк ад Жлобіна ля крыніцы Пянькі, даследавалі і праз два гады перапіскі адвезлі ў кіеўскі арсенал, дзе іх сляды згубіліся. Важна, што гарматы не толькі знайшлі каля Жлобіна, але і тое, што на гарматах быў выбіты расійскі герб з надпісам: “года 1769 дня 19 ліпеня месяца ў Жлобіне Крыстоф Чахоўскі”. Падобная вытворчасць патрабавала высокай кваліфікацыі работнікаў і наяўнасці пэўнай прамысловай базы.
У 2021 годзе Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей папоўніўся дзвюма гарматамі, што вырабілі ў адпаведнасці з узорамі XVIII стагоддзя. Муляжы гармат былі створаны на заводзе “Цэнтраліт” і сталі адной з музейных адметнасцяў горада.
Жлобінскія гарматы
Непадалёк ад мястэчка Жлобін ля крыніцы Пянькі ва ўладаннях памешчыка Станіслава Вайсбуна, які валодаў і маёнткам Жлобін, 11 верасня 1842 года знайшлі дзве старадаўнія медныя гарматы вялікіх памераў.
Дзеля іх абследавання ў якасці экспертаў выклікалі вайсковых чыноўнікаў з канцылярыі магілёўскага генерал-губернатара. Яны правялі абмеры і абследаванне гармат. Паводле іх заключэння кожная гармата была даўжынёй 1 аршын і 11,5 вяршкоў, вагой 10 пудоў 19,5 фунтаў. Гарматы былі сапраўдным творам мастацтва. На іх красаваліся мудрагелістыя ўзоры і быў выбіты расійскі герб з надпісам: “года 1769 дня 19 ліпеня месяца ў Жлобіне Крыстоф Чахоўскі”.
Пасля складання справаздачы распачалася вялікая перапіска паміж ведамствамі чыноўнічага апарата Расійскай імперыі. Умяшаўся нават дэпартамент артылерыі ваеннага ведамства Расіі. Вырашылі перадаць гарматы кіеўскаму арсеналу. Перапіска цягнулася доўга, адпраўку гармат тармазіў сам пан Вайсбун. Двойчы ў справу ўмешваўся Рагачоўскі земскі суд. Прапаноўвалі два варыянты перавозкі: па Дняпры і на конях пана Вайсбуна. Толькі ў 1844 годзе гарматы прыбылі ў Кіеў.
Знаходка гармат выявіла імя беларускага майстра гармат Крыстофа Чахоўскага. Атрымліваецца, што майстар жыл і працаваў на тэрыторыі Жлобінскага раёна. Але загадкавым застаецца завод, дзе тэхналагічна маглі быць адліты ў Жлобіне такія досыць складаныя вырабы. Іншых звестак пра падобную вытворчасць у мястэчку адшукалі.
Знайшоў справу з дакументамі беларускі гісторык Аляксандр Каханоўскі ў гістарычным архіве Беларусі пад назвай: “Справа ў адносінах Магілёўскага ўпраўлення аб двух гарматах, знойдзеных у Рагачоўскім павеце ў маёнтку Вайзбуна”.
Калекцыя экспанатаў Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея папоўнілася дзвюма гарматамі 1 снежня 2021 года. Іх вырабілі на заводзе “Цэнтраліт”, у адпаведнасці з узорамі XVIII стагоддзя. Вага кожнай гарматы – 1 970 кг, а даўжыня – каля 1,5 метра. Гарматы занялі ганаровае месца ля ўваходу ў будынак. Хаця гэта і не рарытэт, але копіі гармат выкананыя выдатна. Уражвае і дэкор вырабленых копій, у прыватнасці аздабленне лафету. На думку музейшчыкаў, яны ідэальна ўпішуцца ў інтэр’ер, а з часам стануць яшчэ адной славутасцю горада.
Таксама ў Рэчыцкім павеце ў адпаведнасці са старымі звычаямі вылучаліся тракты – вялікія дарогі. Падобнае дзяленне выкарыстоўвалася ў тэкстах судовых актаў, дзе згадваюцца тракты: Бабруйскі, Гомельскі, Жлобінскі, Журавіцкі, Прапойскі, Рэчыцкі, Рагачоўскі, Чачэрскі. Само найменне тракта Жлобінскім падкрэслівае вялікае значэнне мястэчка ў тыя часы.


1 Каментар