Насельніцтва Беларусі ўцягнулі ў шматлікія войны Расіі. Пасля ўвядзення рэкруцкіх набораў, якіх раней не было ў Рэчы Паспалітай, жыхары Падняпроўя павінны былі праліваць кроў за амбіцыі чужой для іх Расійскай імперыі.
Пачатак ХІХ стагоддзя ў гісторыі Еўропы як раз быў адзначаны буйнымі ваеннымі падзеямі Напалеонаўскай эпохі. У іх актыўна ўдзельнічала і Расія, якая была на баку антыфранцузскай контррэвалюцыйнай кааліцыі. Расійскі ўрад напружана рыхтаваўся да вайны з Францыяй. На Беразіне або на Дняпры планавалі пабудаваць крэпасць, і напачатку меркавалася ўзвесці яе недалёка ад Жлобіна ў Рагачове. Але пасля абмеркавання розных праектаў крэпасць пабудавалі на месцы спецыяльна зруйнаванага для гэтага старажытнага Бабруйска. А вось Рагачову пашчасціла не быць разбураным для ваенных мэтаў расійскага кіраўніцтва.
У 1812 годзе дзве страшныя ваенныя хвалі, як і ў час Паўночнай вайны, абышлі бокам тэрыторыю Жлобіншчыны. Першая хваля баявых дзеянняў прайшла праз Беларусь летам, калі Напалеон рушыў на Маскву, другая – калі восенню вярнулася назад у Еўропу. Але баявыя дзеянні закранулі толькі паўночную і цэнтральную частку Магілёўскай губерні. Яе поўдзень шчасліва ацалеў, што было палёгкай для паселішчаў каля Жлобіна.
Летам 1812 года дапамога гарнізона Бабруйскай крэпасці значна паскорыла рух адступлення Другой Заходняй арміі Баграціёна. Французскі маршал Даву, нягледзячы на нядоўгі супраціў гарнізоннага батальёна, уступіў са сваім корпусам у Магілёў ужо 8 (20) ліпеня. Праз тры дні, 11 (23) ліпеня, пад Магілёвам каля вёскі Салтанаўка адбылася найбуйнейшая з пачатку кампаніі бітва паміж французскімі войскамі маршала Даву і расійскім корпусам генерала Раеўскага. Гарматную страляніну была добра чуваць не толькі на губернатарскай плошчы Магілёва, а нават за 40 км ад поля бою ў Чавусах. Абедзве арміі паказалі добрую вывучку і мужнасць. Раеўскі адступіў (а не атрымаў перамогу, як пісалі пазней расійскія гісторыкі), але даў магчымасць асноўным сілам арміі Баграціёна пераправіцца цераз Дняпро ля Новага і Старога Быхава і злучыцца з арміяй Барклая-дэ-Толі ў Смаленску. Гэта мела важнае стратэгічнае значэнне для ходу кампаніі.
Баявыя дзеянні абмінулі Рагачоўскі павет і Жлобіншчыну і сышлі ў бок Масквы. Пасля адступлення расіян у другой палове ліпеня паўночную і цэнтральную частку Магілёўскай губерні занялі французы. 16 ліпеня 1812 года войскі Напалеона ўвайшлі ў Рагачоў. А праз чатыры дні 20 ліпеня французскія войскі занялі Жлобін. Мястэчка стала самай паўднёвай кропкай, да якой яны дайшлі ў Падняпроўі.
Жлобінскае Падняпроўе апынулася пад французскім кантролем, але фактычна ён быў намінальным. Рэальна большая частка Рагачоўскага павета апынулася ў так званай шэрай зоне, бо непадалёк знаходзіліся расійскія воінскія фарміраванні. Наяўнасць расійскага гарнізону ў Бабруйскай крэпасці абмяжоўвала магчымасці французаў. Крэпасць прыкрывала паўднёвы фланг расійскай арміі і стварала пагрозу ўдару па камунікацыям французаў, якія рушылі на Маскву. Да таго ж каля Мазыра знаходзіўся трэці расійскі корпус Ф. Эртэля.
На шчасце тутэйшых жыхароў моцных баявых сутыкненняў на тэрыторыі павета не было. Таму жлобінскія паселішчы, што знаходзіліся ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні, баявыя дзеянні закранулі толькі злёгку.
Армія Напалеона несла з сабой ідэі французскай рэвалюцыі: свабоды, роўнасці, братэрства. Шляхта і гараджане многіх гарадоў і мястэчак Мінскай і Магілёўскай губерняў напачатку пераважна з радасцю сустрэлі прыход рэвалюцыйнай арміі. Эліта грамадства яшчэ не прыняла далучэнне да Расіі як гістарычную неабходнасць. Не дзіва, што шляхта падтрымала Напалеона, бо звязвала з ім мары аб аднаўленні сваіх вольнасцяў і Рэчы Паспалітай. Многія шляхціцы ўдзельнічалі ў паходзе на Маскву. Касцёл, паводле сведчанняў мемуарыстаў, адразу “стаў на бок непрыяцеля” і маліўся за перамогу французаў. Мноства расійскіх чыноўнікаў і нават праваслаўны архіепіскап Магілёўскі Варлаам разам з большасцю свайго кліру таксама прысягнулі на вернасць Напалеону. У многім такая пазіцыя насельніцтва была звязана з чаканнем свабоды, аднаўлення Рэчы Паспалітай і гарадскога самакіравання.
Сяляне напачатку звязвалі з рэвалюцыйнай французскай арміяй надзеі на вызваленне ад прыгону і адмаўляліся выконваць феадальныя павіннасці. Прыводзіць сялян у падпарадкаванне іхнім памешчыкам даводзілся не толькі французскім, але і расійскім войскам. Гэтым займаліся вайскоўцы расійскага корпуса Ф. Эртэля на тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці.
Таму антыфранцузскага руху ў Магілёўскай губерні, як лічаць многія сучасныя беларускія і расійскія вучоныя, не было, нягледзячы на тое, што французы бязлітасна эксплуатавалі рэсурсы краю. Так, у Магілёўскай губерні не было ніводнага сялянскага антыфранцузскага партызанскага атрада. У Барысаўскім і Ігуменскім паветах Мінскай губерні толькі ў некаторых лясістых раёнах дзейнічалі ўзброеныя сяляне, якія хутчэй нападалі на мясцовых памешчыкаў, чым ваявалі з французамі. Па сутнасці, сяляне вялі барацьбу за выжыванне сваіх сем’яў. Відавочна і тое, што ўзброены сялянскі рух у Беларусі быў значна слабейшы, чым на расійскіх землях. Як лічаць шматлікія расійскія гісторыкі, шырокі народны супраціў французы пачалі сустракаць пасля Смаленска, калі прыйшлі на велікарускія землі.
Прычыны слабасці народнага супраціву французам на беларускіх землях у 1812 гаду бачацца ў тым, што беларускі народ пяць стагоддзяў жыў асобным дзяржаўным жыццём ад народаў Расіі. Кароткага знаходжання ў складзе Расійскай імперыі было недастаткова для таго, каб тутэйшае насельніцтва ўспрымала Расію як сваю Айчыну. З 1772 па 1812 год – мізэрны з пункту гледжання гісторыі тэрмін. У той жа час у складзе рускай арміі ваявала шмат рэкрутаў з Беларусі. Большасць рэкрутаў былі сялянамі. У французскай арміі ваявала шмат мясцовых добраахвотнікаў, якія пераважна мелі шляхецкае паходжанне.
1 верасня 1812 года ў мястэчку Казіміраў, за 12 вёрстаў на поўдзень ад Краснага Берага, адбыўся бой паміж вайскоўцамі расійскай арміі і польскай брыгады. Расійскія часткі панеслі ў гэтым баі страты і адступілі. Пасля гэтага батальёны Баранава, рух якіх стрымліваў вялікі абоз, прайшлі праз Красны Бераг і Побалава, а затым накіраваліся ў бок Бабруйска.
З пачатку жніўня атрад рэгулярных войск расійскага корпуса Эртэля пачаў рух у бок Жлобіна. З-за актыўных дзеянняў расійскіх войскаў французы вымушаны былі адступаць напачатку з мястэчка, а 4 верасня 1812 года без бою вывелі свае атрады з Рагачова.
14 верасня польскія дывізіі Ражнецкага і Вайчынскага, а таксама два нямецкія палкі ізноў увайшлі на тэрыторыю Рагачоўскага павета. Расійскія войскі адступілі, але неўзабаве з Украіны падышло чарнігаўскае апалчэнне. 18 верасня ўкраінскія казакі рушылі ўздоўж Дняпра ў бок Жлобіна і Рагачова. Паміж бугскімі, чарнігаўскімі казакамі і грэнадзёрамі з аднаго боку і нямецкім палком з другога адбыўся жорсткі бой. Па ўспамінах расійскіх камандзіраў у пасляваенным 1813 годзе пасля бою на палетках Жлобіншчыны засталося каля 160 забітых нямецкіх пехацінцаў. Па загадзе галоўнакамандуючага расійскай арміяй Міхаіла Кутузава, які высока ацаніў мужнасць апалчэнцаў, яны накіроўваліся далей, у бок Магілёва.
Маскоўская кампанія Напалеона пакінула разбурэнні на беларускіх землях. Восенню ваенныя дзеянні моцна апалілі паўночную частку Магілёўскай губерні. Французы, што адступалі, і рускія падчас наступлення забіралі ў сялян апошняе харчаванне. Голад і тыф касілі не толькі вайскоўцаў, але і тутэйшых жыхароў. Праз чатыры гады пасля вайны ў Магілёўскай губерні было на 1/5 менш насельніцтва, чым да яе.
Вайна моцна не апаліла вёскі Рагачоўскага павета і сышла на захад. Тым не менш, тут па эканоміцы быў нанесены дастаткова моцны удар. Нягледзячы на невялікія баявыя сутыкненні армій на тэрыторыі жлобінскага Падняпроўя, цяжар вайны продкі жлобінцаў адчулі. Атрады абедзвюх армій займаліся нарыхтоўкай фуражу і харчавання. Сяляне павінны былі карміць іх.
Маскоўская кампанія Напалеона не спраўдзіла надзеі “ні вярхоў, ні нізоў”. Рэч Паспалітая не адрадзілася, як спадзявалася вялікая частка насельніцтва Падняпроўя. Расія здолела перамагчы наймацнейшага заваёўніка ХІХ стагоддзя, але перамога прыпыніла рэформы, адтэрмінавала адмену прыгону і запаволіла развіццё краіны.

