У Рэчы Паспалітай жлобінскія населеныя пункты доўгі час былі ў адміністрацыйным падпарадкаванні Рэчыцы, а з канца XVIII і ў першай палове XIX стагоддзя яны апынуўся ў ценю больш блізкага Рагачова. Для большай частцы тагачасных населеных пунктаў сучаснага Жлобінскага раёна Рагачоў быў не проста павятовым горадам, дзе месціліся многія павятовыя ўстановы, ад якіх залежала вырашэнне тых ці іншых пытанняў. Ён быў яшчэ і больш развітым, важным у эканамічным плане горадам.
Паводле рэвізіі 1816 года ў Жлобіне было 189 двароў. Гэта не так і мала, як бачыцца. Ёсць меркаванне, што ў сярэднім адзін дым – жылы двор у тыя часы – меў каля 8 жыхароў. Такім чынам ў паселішчы магло пражываць каля 1 500 чалавек. Але пасля ваенных падзей 1812 года рэальная колькасць жыхароў мусіла быць меншай – недзе каля 1 000 чалавек.
У павятовым горадзе Рагачове, для параўнання, у 1826 годзе пражывала 2 093 жыхары. У 1818 годзе Жлобін меў станавую кватэру, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, праваслаўную царкву, 5 сінагог. Паводле звестак за 1824 год, тут праводзіліся 4 кірмашы на год.
Наяўнасць суднаходнага Дняпра і паштовага тракту, значная колькасць разнастайнага ў этнічным плане насельніцтва дапамаглі Жлобіну ізноў атрымаць у 1818 годзе афіцыйнае пацвярджэнне звання мястэчка. Гэта было не так проста. Каля 100 беларускіх мястэчак пасля далучэння да Расіі пазбавіліся свайго месцячковага статусу. Жлобінцы дамагліся і афіцыйна сталі мяшчанамі – больш прывеліяваным саслоўем, чым розныя катэгорыі сялян. Мясцовы люд ганарыўся, што праз званне “мяшчане” яны мелі больш высокі за сялян сацыяльны статус, а галоўнае – яны мелі больш магчымасцяў для гаспадарчай дзейнасці.
Пасля вайны 1812 года гаспадарка Магілёўшчыны больш за дзесяцігоддзе павольна аднаўляла свой патэнцыял. Стагнацыя сельскай гаспадаркі была звязана не столькі з маскоўскай кампаніяй Напалеона, а галоўным чынам з вывяржэннем у 1815 годзе вулкана Тамбора на інданезійскім востраве Сумбава. Выбух паменшыў вышыню вулкана з 4 300 да 2 821 метра. Аб’ём выкідаў склаў 150 кубічных кіламетраў горных парод! Гэта было найбуйнейшае ў сучаснай гісторыі Зямлі вывяржэнне, і яно спрыяла ўтварэнню аэразоляў у атмасферы. Здарылася сусветнае пахаладанне, што прывяло да недародаў і голаду ва ўсім свеце. У Англіі ўраджаю не было зусім. Ірландыя абязлюдзела, пачалася масавая эміграцыя. Недароды фіксаваліся ў Падняпроўі з 1814 па 1825 год.
Бяда не прыйшла адна. Многія навукоўцы звязваюць эпідэмію халеры, што ахапіла край, з вывяржэннем у 1815 годзе вулкана Тамбора. Менавіта пасля яго ў вобласці Інда і Брахмапутры, дзе гэтая хвароба была вядомая многія стагоддзі, яна рэзка актывізавалася. Да 1830 гадоў яна дабралася да Еўропы. Падчас паўстання супраць расійскага самадзяржаўя ў маі 1831 года ўпершыню ў Магілёўскай губерні пачалася эпідэмія “хваробы ніколі не чутнай, так званай халеры”. На жаль, не абышла яна і паселішчы жлобінскага Падняпроўя. Але асабліва моцна эпідэмія закранула гарады. У Магілёве, напрыклад, памірала да 30 чалавек за дзень. Буйныя эпідэміі халеры ў Магілёве былі таксама ў 1865, 1871, 1893 гадах.
Неўраджайныя гады закраналі Падняпроўе і пазней. У прыватнасці, у 1840 годзе Расія перажывала моцны неўраджай. Але такіх працяглых недародаў, як пасля вывяржэння вулкана Тамбора, больш не было. Тым не менш, і 1830-1850 гады эканоміка Падняпроўя, як і ўвогуле беларусіх губерняў развівалася вельмі павольна.
Асобнай групай вясковага насельніцтва была шляхта. У ХІХ стагоддзі ў Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні размяшчалася вялікая колькасць шляхецкіх ваколіц – вёсак, дзе пражывала пераважна шляхта. У сярэдзіне стагоддзя ў павеце іх было каля 50, з якіх 22 былі пераважна каталіцкімі.
Цяжкае становішча прыватнаўласніцкіх сялян падштурхнула Урад да правядзення інвентарнай рэформы. Інвентарная рэформа 1840-1850 гадоў у Расійскай імперыі мела на мэце рэгуляванне зносін паміж памешчыкамі і іх прыгоннымі сялянамі, праводзілася за гадамі кіравання імператара Мікалая I. Паводле яе ўводзіліся абавязковыя інвентары ў памешчыцкіх вёсках заходніх губерняў (Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны). Дзякуючы складзеным інвентарам сёння маецца вялікі корпус цікавай статыстычнай інфармацыі за гэты час.
Інвентар маёнтка Жлобін 1847 года, куды ўваходзіла і само мястэчка Жлобін і які належаў пану Вайсбуну, фіксуе першыя дакладныя дадзеныя аб колькасці тутэйшага насельніцтва. Паводле інвентару ў маёнтку пражывала 302 мужчынскія і 283 жаночыя душы, а ў мястэчку – 965 жыхароў.
Для параўнання, да 1850 года насельніцтва Рагачова за чвэрць стагоддзя вырасла на 50% – да 3 112 жыхароў. У горадзе было 18 вуліц і завулкаў, 375 дамоў у тым ліку 6 казённых, 3 царквы, 2 пошты, 46 крам, 23 карчмы і харчэўня. Рагачоў стаў больш чым у тры разы большым за Жлобін.
Інвентар 1847 года паказвае, што з 4 000 дзесяцін зямлі, за сялянамі лічылася 1 390 (ворная, прысядзібная зямля і сенажаці), у памешчыка – 384 дзесяціны, вольных пасяленцаў – 46. Астатняя зямля – гэта лясы, хмызняк, балоты і азёры і рэкі. На прыдатных землях пасвілі памешчыцкую і сялянскую жывёлу. Лясамі распараджаўся памешчык.
На цягло прыходзілася 0,5 прысядзібнай, 9 дзесяцін ворнай і 1,5 – сенажаці (для нармальнага вядзення сялянскай гаспадарцы было патрэбна мець 15-20 дзесяцін). У акце пазначана, што павіннасці сялян перавышалі норму на 6 рублёў 9 капеек серабром. Сяляне павінны былі таксама аддаваць памешчыку па 2 курыцы, 20 яек і 100 штук грыбоў з кожнага двара.
Для жыхароў мястэчка Жлобін, якія займаліся рамяством ці гандлем, выдзялялася па 0,5 дзесяціны прысядзібнай зямлі і 1 дзесяціна сенажаці. З іх таксама збіраліся павіннасці, што перавышалі норму на 4 рублі 28 капеек серабром.
Па выніках інвентарызацыі з’явілася пастанова губернскага камітэта, што аблягчыла становішча сялян. Галоўныя павіннасці вырашылі захаваць у тым выглядзе, як яны прапісаны ў інвентары. А замест дадатковых павіннасцяў вызначыць 28 дзён вупражных (мужчынскіх) і столькі ж пешых (рэальна жаночых) работ на год, а грашовы падатак у 4 рублі з цягла і даніну не здымаць. Павіннасці з агароднікаў здымаліся, а замест іх памешчык меў права атрымліваць ад іх па 7 рублёў з участка, або 36 вупражных і 36 пешых работ на год.
На фоне цяжкага стану прыватных сялян у 30-50-х гадах палепшылася становішча дзяржаўных сялян жлобінскага Падняпроўя. У беларускіх губернях адбываецца значнае пашырэнне казённага саслоўя – пераважна за кошт манастырскіх і духоўных вотчын, памешчыцкіх (што належалі ўдзельнікам паўстання 1830-1831г.) і ўдзельных прыгонных, асабіста незалежных ці паўсвабодных катэгорый сельскага насельніцтва.
З дакументаў вынікае, што паблізу Жлобіна ў тыя часы знаходзілася Царская Слабада, што стварыў будучы гаспадар краю граф М.Н. Мураўёў. Яна знаходзілася, імаверна, каля Лебядзянкі. Ён пасяляў там адстаўных салдат, пабудаваў царкву, мужчынскую і жаночую школы.
Царызм у гэты час канчаткова адмовіўся ад раздачы дзяржаўных сялян з улікам колькаснага і якаснага росту як сялянскага, так і грамадска-палітычнага руху з-за пагрозы іх зліцця. Урад імкнуўся зменшыць уладу памешчыкаў над сялянамі. Мікалай I указам ад 4 чэрвеня 1845 года распаўсюдзіў палажэнні аброчнай сістэмы на Віцебскую і Магілёўскую губерні. Ужо да пачатку 1853 года ў пяці паўночна-заходніх губернях на паншчыне заставалася толькі 6 588 (1,9%) сялян мужчынскага полу. Перавод дзяржаўных сялян на аброк садзейнічаў змяншэнню павіннаснага прыгнёту ў сярэднім на 20%.
У 1840 гадах жыхары Жлобіна і наваколля пазнаёміліся з новымі грашовымі адзінкамі, што замянілі старыя абясцэненыя асігнацыі. У 1839 годзе пад кіраўніцтвам міністра фінансаў Канкрына пачалася грашовая рэформа. Увялі цвёрды крэдытны рубель, што прыраўнялі да аднаго рубля срэбрам. У верасні 1843 года пачаўся абмен старых асігнацый на крэдытныя білеты. Грашовая і гандлёвая рэформы Канкрына дазволіла дамагчыся бездэфіцытнага дзяржаўнага бюджэту. Гэта істотна ўмацавала фінансавую сістэму дзяржавы і паспрыяла ўмацаванню гаспадаркі рэгіёнаў і краіны ўвогуле. Купцы сярэдняга ўзроўню, якія дзейнічалі ў Жлобіне, Стрэшыне і Рагачове, займелі большыя правы і гэтым скарысталіся.
Грашовая рэформа Канкрына (1839-1843)
Грашовая рэформа міністра фінансаў Канкрына працягвалася чатыры гады (з 1839 па 1843). Галоўным у рэформе было наданне грошай фактычнай трываласці за кошт забеспячэння іх размену. Галоўным новаўвядзеннем было ўвядзенне цвёрдага крэдытнага рубля. У якасці манетнай адзінкі абралі не золата, а срэбра, нягледзячы на тое, што ў краіне было больш залатых руднікоў. Яго прыраўнялі да аднаго рубля срэбрам. Устаноўлены былі і суадносіны ранейшых асігнацый да срэбра, якія склалі 3,5 да 1. Для гэтых мэт сфармавалі фонд, што папаўняўся скупкай срэбнай і залатой манеты, каштоўных зліткаў.
Затым выпусцілі крэдытныя білеты, што прымаліся да звароту нароўні з срэбнымі манетамі. Заключнай стадыяй грашовай рэформы Канкрына стаў абмен на крэдытныя білеты усіх асігнацый. Гэты працэс пачалі ў верасні 1843 года. Фінансавыя пераўтварэнні спрыялі ўмацаванню фінансавай сістэмы матэрыяльнай гаспадаркі краіны, а таксама ліквідацыі бюджэтнага дэфіцыту.
Акрамя грашовай, міністр правёў і рэформу гільдый. Гэтыя пераўтварэнні спрыялі пашырэнню і ўмацаванню замежных гандлёвых адносін. Гандлёвая рэформа была накіравана на актывізацыю формаў расійскага прадпрымальніцтва. Гэтыя пераўтварэнні значна пашырылі правы гарадскіх купцоў сярэдняга звяна.
Люстрацыя маёмасці і насельніцтва, што праводзілася яшчэ пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, паказала значны ўплыў яўрэйскай грамады ў сферы гандлю і гарадской гаспадаркі. У Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні купцоў іўдзеяў было ў дзевяць разоў больш, чым іх калег хрысціянскага вераспавядання, а мяшчан іўдзеяў – у чатыры разы болей за хрысціян.
У сярэдзіне стагоддзя сітуацыя з заняткамі насельніцтва ў гарадах прынцыпова не змянілася. Дадзеныя па Рагачоўскаму павету адпавядаюць і дадзеным па губерні. Па рэвізіі 1847 года яўрэйскае насельніцтва губерні вырасла да 87 739 душ. Найбольшая колькасць іх пражывала ў Магілёўскім 20 783, Аршанскім 13 838 і Мсціслаўскім 9 277 паветах. Рагачоўскі павет з насельніцтвам яўрэяў у 7 514 чалавек быў на чацвёртым месцы і апераджаў ўсе астатнія восем паветаў.
У пачатку 1860 гадоў у мястэчку Жлобін пражывала ўжо 1 576 жыхароў, былі 263 драўляныя дамы, праваслаўная царква, паштовая станцыя (24 камплекты коней). Тут пабудавалі прыстань, таксама мелася пераправа цераз Дняпро. Дзейнічала Крыжаўзвіжанская царква. Штогод з 1 па 9 кастрычніка праходзіў кірмаш.
Больш, чым вайна 1812 года, сусветнае пахаладанне і паморкі, развіццю вёсак і гарадоў Падняпроўя заміналі састарэлыя сацыяльна-эканамічныя адносіны. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя Расія была адзінай у Еўропе краінай, дзе значная частка сялян заставалася ў прыгоннай залежнасці ад памешчыкаў. Спробы рэформы дзяржаўнай вёскі і люстрацыі памешчыцкіх маёнткаў істотных вынікаў не далі. Сельская гаспадарка і прамысловасць краіны ўсё больш адставала ад перадавых краін Еўропы. Архаічнай у параўнанні не толькі з заходняй, але і цэнтральнай і паўднёвай Еўропай, была і палітычная сістэма Расійскай імперыі. Адсутнасць палітычнай свабоды замінала і фарміраванню эканамічнай свабоды, праяўленню ініцыятывы і прадпрымальніцтва.


1 Каментар