Развіццё гужавога і рачнога транспарту

Транспарт у Жлобіне

У другой палове ХІХ стагоддзя лёс Жлобіна рэзка змяніўся. Магутным штуршком для развіцця Жлобіна і многіх навакольных населеных пунктаў стала развіццё перадавых відаў транспарту. Праз мястэчка правялі чыгунку, па Дняпры ўжо рэгулярна хадзілі параходы. Гэта прадвызначыла хуткі рост паселішча і будучае пераўтварэнне яго ў горад. Звычайнае стандартнае правінцыйнае мястэчка пачало хутка расці, у паселішчы ўзмацняліся гарадскія рысы.

Спрыяльную ролю для развіцця як Жлобіна, так і ўсёй Магілёўскай губерні і яе рэгіёнаў, па-ранейшаму адыгрывала наяўнасць шырокай сеткі сухапутных транспартных артэрый. Беларускі тракт Санкт-Пецярбург – Кіеў з поўначы на поўдзень, а Варшаўскі з захаду на ўсход злучалі губерню з іншымі рэгіёнамі. Іх пабудавалі ў адпаведнасці з перадавымі тагачаснымі патрабаваннямі, але конны транспарт не мог забяспечыць вялікія аб’ёмы перавозак танна і хутка.

Жлобінская і мормальская паштовыя станцыі знаходзіліся на не такім важным Жытомірскім тракту, які ў губерні ішоў па маршруце Магілёў – Быхаў – Новы Быхаў – Рагачоў – Жлобін – Мормаль – і далей на Жытомір. Па тракце праганялася жывёла, здзяйсняўся збыт мясцовых тавараў, адбывалася праходжанне этапаў.

Транспарт у Жлобіне
Мост у Магілёве ў канцы XIX ст.

Пасля 1860 года рух людзей і транспарту праз губерню яшчэ больш павялічыўся. Намаганнямі начальніка аддзялення Магілёўскай акругі шляхоў зносін Мікалая Ястрэбскага ўзвялі 190-мятровы мост праз Дняпро ў Магілёве. Ён стаў упрыгожаннем горада і палегчыў жыццё гараджан, купцоў і падарожнікаў.

Рачны транспарт па-ранейшаму адыгрываў значную ролю, быў найбольш эканамічным. Таму Дняпро, як і раней, заставаўся надзвычай важнай транспартнай артэрыяй – эканамічнай воссю губерні, што дазваляла развіваць гандлёвыя сувязі па рацэ ўнутры губерні і з Украінай. Развівалася суднаходства па Беразіне, Сажы, Прыпяці і нават Друці. У 1860 гады параходы сталі ўжо звычайнай з’явай на Дняпры. Яны дазволілі ў час навігацыі рэзка павялічыць грузапаток і перавозку пасажыраў. Асноўная частка грузаў у Беларусі адпраўлялася праз раку.

Галоўнымі таварамі гандлю быў лес і вырабы з яго, такія як шкіпінар, смала, а таксама хлеб. Перавозкі хлеба рэзка зменшыліся ў параўнанні з папярэднім перыядам, што звязана з інтэнсіўным развіццём сельскай гаспадаркі Украіны. Праз Жлобін па Дняпры везлі муку, селядцы, сушаную рыбу, газу, скуры, вапну, будаўнічы камень. Уніз па цячэнню на поўдзень адпраўлялі галоўным чынам лес і лясныя матэрыялы, а з поўдня везлі пшаніцу, цукар, соль. У Рыгу пастаўляліся: ільняны алей, пянька, ільняная саломка. Да сярэдзіны стагоддзя на вядучых ролях у гандлі заставалася шклоўскае купецтва праз тое, што водны шлях па Дняпры быў зручны менавіта да Шклова.

Транспарт у Жлобіне

У 1873 годзе, пасля пачатку чыгуначнага руху, праз станцыю Жлобін правялі спецыяльную ветку да прыстані на Дняпры. Апошняе аблягчыла перавалку грузаў і спрыяла развіццю гандлю. Напачатку прыстань ў Жлобіне была ўладкаванай, а потым нават вырашылі перавесці галоўную суднаходную прыстань уезда з Рагачова ў Жлобін, што яшчэ больш спрыяла росту мясцовага гандалю. А вось гандлёвае значэнне ўезднага Рагачова пачынае змяншацца.

У 1870 гадах на прыстані ў Рагачове ды Жлобіне грузілася ў сярэднім 72 судны ў год, а разгружалася 89. Для параўнання, у губернскім Магілёве грузілася толькі 61 судна, а разгружалася 79. У мястэчку ў сярэднім пагружалася 188 690 пудоў грузаў на суму 110 240 рублёў, а разгружалася 229 500 пудоў на суму 194 980 рублёў.

Павялічылася разгрузка зернавых культур. З-за слабага развіцця чыгуначнага транспарту і адсутнасці пасадак азімай пшаніцы павялічыўся завоз зерня з Украіны. Толькі жыта разгружалася 57 400 пудоў, а пшаніцы –43 000. З іншага боку, павялічыўся вываз хлеба за мяжу і ў Віцебскую, Мінскую, Смаленскую губерні.

Па Дняпру, Бярэзіне, Сожы параходы пачалі здзяйсняць рэгулярныя рэйсы. Жыхары Жлобіншчыны маглі на іх прыплываць у Магілёў і Кіеў. Рух па рацэ быў дастаткова інтэнсіўным. Так, у Рагачове дзейнічала прыстань, да якой у 1883 прычаліла 70 суднаў і 300 плытоў, будаваліся рачныя драўляныя судны – бярлінцы. Усе гэтыя судны і плыты натуральна прайшлі па Дняпры міма падняпроўскіх вёсак, Жлобіна і Стрэшына.

У гэты час спецыяльна пад прыём судоў большага танажу і аблягчэння судаходства ніжэй па плыні Дняпра арганізавалі прыстань у вёсцы Праскурні, уладкавалі прыстань у Стрэшыне.

Вёска Праскурні́

Праскурні (руск.: Проскурни) – вёска ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці. Знаходзіцца за 13 км у напрамку на поўдзень ад горада Жлобін і чыгуначнай станцыі Жлобін каля правага берага ракі Дняпро і аўтамабільнай дарогі Жлобін – Стрэшын.

Археолагі выявілі каля вёскі гарадзішчы, селішчы і бескурганны могільнік мілаградскай і ранняга этапу зарубінецкай культур.

З пісьмовых крыніц вёска вядомая з XVI стагоддзя як паселішча ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, ва ўладанні каталіцкай царквы.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай знаходзілася у Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні. Згодна з рэвізіяй 1858 года перайшла ва ўладанне князя Л. Галіцына. У 1880 годзе тут працавала збожжазапасная крама. У 1892 годзе ў вёсцы пабудавалі школу, і ў ёй пачаліся заняткі. У выніку пажару 14 траўня 1893 года згарэлі 112 двароў і царква. Паводле перапісу 1897 года знаходзіліся школа, 2 ветракі, кузня. У 1909 годзе вёска займала 2 209 дзесяцін зямлі, цагельня. Вёска ўваходзіла ў склад Стрэшынскай воласці.

У 1929 годзе арганізавалі калгас “12 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі”, тут працаваў вятрак. У час Другой Сусветнай вайны ў студзені 1944 года нямецкія акупанты спалілі 216 двароў і забілі 230 жыхароў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 108 жыхароў, у памяць аб загінулых у 1969 годзе ў цэнтры вёскі ўстанавілі скульптуру салдата.

У 1931-1954 гадах гэта – цэнтр Затонскага сельсавета, да 8 снежня 1966 года вёска знаходзілася ў адміністрацыйным падпарадкаванні Стрэшынскага пасялковага савета. Цяпер уваходзіць у склад Акцябрскага сельсавета.

Была цэнтрам калгаса "50 гадоў БССР". У вёсцы знаходзілася сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, 2 магазіны, аддзяленне сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад.

У 2000 годзе ў вёсцы меліся 266 двароў і пражывалі 596 жыхароў. 

На Беразіне была прыстань у вёсцы Атрубы Рэчыцкага павета Мінскай губерні, а цяпер Жлобінскага раёна. Паселішча ў XVIII стагоддзі было хутарам, але дзякуючы суднаходству і наяўнасці прыстані значна вырасла.

Вёска Атрубы

Атрубы – вёска ў Навамаркавіцкім сельсавеце Жлобінскага раёна ў 43 км на поўдзень ад Жлобіна.

Гарадзішча жалезнага веку мілаградскай і зарубінецкай культур размешчана за 500 метраў на паўночны захад ад вёскі Атрубы на левым карэнным беразе Беразіны.

Паводле пісьмовых крыніц, паселішча вядомае як хутар Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) была ў складзе Рэчыцкага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі.

Паводле перапісу 1897 года тут мелася прыстань, крама. Вёска ўваходзіла ў Якімава-Слабадскую воласць.

У 1930 годзе арганізавалі калгас "Чырвоная Бярэзіна". Падчас Другой Сусветнай вайны нямецкія акупанты спалілі 23 двары і забілі 2 жыхароў, 54 жыхары загінулі на франтах.

Паводле перапісу 1959 года вёска была ў складзе калгаса "Камуніст" (цэнтр - вёска Кабанаўка). У 2004 годзе тут было 57 жыхароў. Да 2013 года яна ўваходзіла ў склад Кабаноўскага сельсавета, цяпер скасаванага.

Да пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі мелася 349 параходаў і 2 391 непаравое судна, што ажыццяўлялі рэгулярныя зносіны па Дняпры, Заходняй Дзвіне, Нёмане і Прыпяці. Шлях непаравых суднаў ад Жлобіна да Рагачова і назад займаў аднолькавы час – адны суткі, ад Жлобіна да Рэчыцы – трое сутак, а назад – да шасці сутак. Паравыя судны ішлі прыкладна ў два разы хутчэй.

Пануючыя пазіцыі воднага транспарту былі неўзабаве падарваныя з’яўленнем больш хуткаснага і пазасезоннага чыгуначнага паведамлення. Пасля пабудовы чыгунак назіраецца стагнацыя водных перавозак. У 1909 годзе ў Жлобін па водным шляху прыбыло 0,2 млн. пудоў грузаў, а адпраўлена – 0,1 млн.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.