Пачатак 1880 гадоў падарыў нашчадкам даволі цікавыя і падрабязныя апісанні гарадоў і мястэчак Магілёўскай губерні, у тым ліку Жлобіна, Карпілаўкі, Стрэшына і іншых. З’яўленне найбольш грунтоўнага ў ХІХ стагоддзі апісання беларускага Падняпроўя звязана з паспяховай дзейнасцю самага вядомага ў гісторыі Магілёўшчыны губернатара Аляксандра Дамбавецкага.
Найвялікшы росквіт рэгіёна ў ХІХ стагоддзя прыпаў на час кіравання Магілёўскай губерняй Аляксандра Дамбавецкага. За дваццаць адзін год дзейнасці губернатара (1872-1893) былі пабудаваныя Магілёўскае рэальнае вучылішча, адметны будынак жаночай гімназіі, водаправод, з’явіліся першыя тэлефоны. Для навучання фельчароў у Магілёве ў 1875 годзе адкрылі Цэнтральную фельчарскую школу. У 1886-1888 гады на сродкі гараджан ў Магілёве ўзвялі прыгожы будынак тэатра. Ён стаў адным з першых мураваных гарадскіх тэатраў не толькі ў Расійскай імперыі, але і ва ўсходняй Еўропе. Менавіта губернатар спрыяў правядзенню археалагічных даследаванняў і станаўленню першага музея. Пры ім жа з 1883 года пачаў выходзіць часопіс “Магілёўскія епархіяльныя ведамасці”.
У 1882-1884 гадах з ініцыятывы Аляксандра Дамбавецкага, пад яго кіраўніцтвам і рэдакцыяй, выдалі “Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях…“ Фаліянт у трох тамах стаў найгрунтоўнейшым выданнем сярод падобных у расійскіх губернях і меў агульны аб’ём 2 109 старонак тэксту і дадаткі. Апісанні жлобінскіх паселішчаў у працы не проста даюць нам гістарычную, геаграфічную, эканамічную і статыстычную інфармацыю, але і малююць тагачасны стан побыту і жыцця насельнікаў жлобінскіх берагоў Дняпра.
Жлобін у “Вопыце апісання…” характарызаваўся як былое валоданне памешчыкаў Вайсбуноў на правым беразе Дняпра ў 21-ай вярсце ад Рагачова, што належала уладару мястэчка Чачэрск графу Іпаліту Іванавічу Чарнышову-Круглікаву. У 1848 годзе большасць сваіх зямель на Магілёўшчыне ў наваколлях Чачэрску (73 359 дзесяцін) ён атрымаў у спадчыну. Іпаліт Іванавіч быў ганаровым міравым суддзёй Гомельскага павета Магілёўскай губерні. У 1774 годзе граф набыў Жлобін і Лебедзеўку. Тут ён валодаў 1 319 дзесяцінамі зямлі, з якіх 641 была лесам, 500 – раллёй, 126 – сенажаццю. Таксама ён меў паром і дзве карчмы ў маёнтку. Гаспадарку вёў адмысловы кіраўнік. Так, гісторыя Жлобіна пераплялася з жыццём расійскага графа.
Граф Іпаліт Іванавіч Чарнышоў-Круглікаў
Іпаліт Іванавіч Чарнышоў-Круглікаў нарадзіўся ў 1834 годзе. У 13 гадоў юнак страціў адразу абодвух бацькоў. Імператар Мікалай I аддаў яго пад апеку графу М.Ю. Віельгорскаму. У 1848 годзе ў наваколлях Чачэрску Магілёўскай губерні ён атрымаў вялізны маёнтак у спадчыну.
У 1851 годзе граф паступіў на службу ў лейб-гвардыі Конны полк. У 1862 годзе яго прызначылі ад'ютантам да галоўнакамандуючага Каўказскай арміяй, генерал-фельдмаршала, князя А.І. Барацінскага. Удзельнічаў у баявых дзеяннях на Каўказе, прысутнічаў пры паланенні імама Шаміля. У 1867 годзе Іпаліта Іванавіча прызначылі флігель-ад'ютантам да Яго Імператарскай Вялікасці, ваяваў на Балканах.
Граф Чарнышоў-Круглікаў ганараваны бронзавым медалём на Андрэеўскай стужцы – у памяць Крымскай вайны 1853-1856 гадоў, сярэбранымі медалямі “За заваяванне Чачні і Дагестана”, за ўдзел у вайне з Турцыяй 1877-1878 гадоў; залатой шабляй з надпісам “За адвагу”. Выйшаў у адстаўку ў чыне генерал-маёра.
Іпаліт Іванавіч быў жанаты на графіне Марыі Іванаўне Апраксінай. З 1868 па 1873 гады разам з жонкай і дачкой Іпаліт Іванавіч жыў у Італіі, каб паправіць сваё здароўе. Па вяртанні ён заняўся добраўпарадкаваннем сядзібы ў Ярапольцы пад Масквой і набыў новыя землі.
У 1774 годзе граф Чарнышоў-Круглікаў набыў 1 319 дзесяцін зямлі разам са Жлобіным і Лебедзеўкай. Маёнтак меў 641 дзесяцін леса, 500 – раллі, 126 – сенажацяў. Граф па-ранейшаму валодаў чачэрскім маёнтакам. Ён ўключаў 73 359 дзесяцін зямлі, большасць з якіх – 49 400 – былі лесам. Ён быў ганаровым міравым суддзёй Гомельскага павета Магілёўскай губерні.
Граф памёр у 1907 годзе і пахаваны ў агароджы царквы-пахавальні Казанскай Божай Маці ў Ярапольцы пад Валакаламскам Маскоўскай губерні.
Моллер В.А. «Сямейны партрэт графаў Чарнышовых-Круглікавых. 1847 г.
У Дзяржаўным гістарычным музеі захоўваецца сямейны партрэт графаў Чарнышовых-Круглікавых работы рускага мастака Фёдара Антонавіча Молера. На партрэце: муж і жонка – граф Іван Гаўрылавіч Чарнышоў-Круглікаў, ягоная жонка – графіня Соф’я Рыгораўна Чарнышова, іх дочкі-двайняты – графіні Лізавета і Аляксандра, іх сыны – графы Яўген і Іпаліт.
Гісторыю Жлобіна ўкладальнікі “Вопыта апісання…”, як і аўтары большасці тагачасных выданняў, памылкова выводзілі ад старажытнага Хлепена. У зборніку падкрэсліваецца, што ў “ведамасці этапам” Жлобін ужо ў 1818 годзе быў названы мястэчкам.
Тут жа адзначаецца, што жыхароў Жлобіна ў 1880 годзе налічвалася 904 душы мужчынскага і 1 064 жаночага полу (разам 1 968 чалавек), у тым ліку праваслаўных абодвух палоў –351, а таксама яўрэяў –1 617. Усе пабудовы мястэчка былі драўлянымі. З 392 дамоў хрысціянам належала 187, а яўрэям – 205 дамоў. Была праваслаўная царква, што ўзвялі ў 1863 годзе. Сёння на месцы разабранай у 1979 годзе старой царквы пастаўлены драўляны помнік. Налічвалася яшчэ 67 пераважна яўрэйскіх гандлёвых лавак і пяць іўдзейскіх малітоўных школ.
У Жлобіне знаходзіліся камера міравога суддзі шостага ўчастка Гомельскай акругі, кватэры начальніка дыстанцыі Магілёўскай акругі шляхоў зносін і прыстава 1 стану Рагачоўскага павета, народнае вучылішча, “вольная аптэка”.
У адным кіламетры ад мястэчка знаходзілася другакласная чыгуначная станцыя, пры якой было дэпо і майстэрня. Праз Дняпро быў пракладзены чыгуначны мост, і на рацэ дзейнічала прыстань. Яшчэ дзейнічала жлобінская паштовая станцыя на Жытомірскім тракце, што ішоў па маршруце Рагачоў – Жлобін – Мормаль – і далей на Жытомір. На ёй утрымоўвалася 12 коней, за кожнага з іх мясцовае земства прыплачвала 97 рублёў 94,5 капейкі у год. Па шляху праганялі жывёлу, здзяйсняўся збыт мясцовых тавараў і праходжанне этапаў.
На Пакроў з 1 па 9 кастрычніка ў Жлобіне праводзілі традыцыйны кірмаш.
Трэба адзначыць, што 112 жлобінскіх мужчын з 80 двароў не знайшлі прыстойнай працы ў мястэчку і займаліся адыходніцтвам. У суседняй Карпілаўцы 110 мужчын з 10 двароў шукалі працу ў іншых месцах.
Карпілаўка характарызавалася ў працы як “беднае і нічым не вартае ўвагі пасяленне”, што ў інвентары Віленскага капітула 1727 года называецца мястэчкам. З 1880 года мястэчка належала паручыку гвардыі Яфімовічу і аддзялялася ад Жлобіна толькі лініяй Лібава-Роменскай чыгункі – фактычна зраслася са Жлобіным.
У 1880 годзе ў мястэчку была прыпісана 201 душа мужчынскага і 229 жаночага полу (разам 430). У іх ліку праваслаўных было 158, католікаў – 54, яўрэяў – 218 душ. Драўляных дамоў было 64, з якіх хрысціянскіх – 19, а яўрэйскіх – 45. Дзейнічалі 6 лавак і яўрэйская малітоўная школа (сінагога).
Стрэшын, як і Астэрманск таксама належаў паручыку гвардыі Яфімовічу з 1880 года. Размяшчаўся ён у 39 вярстах ніжэй Рагачова па плыні Дняпра. Гісторыя мястэчка выкладзена ў працы досыць праўдападобна. Яна скончылася паведамленнем пра канфіскацыю расійскімі ўладамі Стрэшына, што ў Рэчы Паспалітай належаў Віленскаму капітулу, і перадачу яго разам з некалькімі жлобінскімі вёскамі графу Астэрману.
У 1880 гаду ў Стрэшыне налічвалася 454 душы мужчынскага і 610 жаночага полу (разам 1064 чалавека). З іх праваслаўнымі былі 512 жыхароў, а яўрэямі – 552. У мястэчку былі 183 драўляныя дамы, з іх 75 дамоў належала хрысціянам, а 109 – яўрэям, і ўжо меўся адзін нежылы каменны будынак. Яшчэ было валасное праўленне, народнае вучылішча, дзве драўляныя лаўкі, драўляная сінагога, прыстань. У свята Ўшэсця Гасподня тут праводзіўся традыцыйны торг.
Жамчужынай Стрэшына і ўсёй Жлобіншчыны была ўнікальная для Беларусі каменная цэнтрычная царква – помнік архітэктуры класіцызму. Яна стаіць у маляўнічым парку на высокім абрывістым беразе Дняпра, адкуль адкрываюцца цудоўныя зрокавыя перспектывы на пойменную частку і зарэчча.
“Вопыт апісання Магілёўскай губерні…” дае шматлікую статыстычную і аналітычную інфармацыю, што характарызуе заняткі, дэмаграфію, побыт не толькі месцячковага, але і вясковага насельніцтва Рагачоўскага павета, у тым ліку сучаснай Жлобіншчыны на мяжы 1870-1880 гадоў.
У Лукаўской воласці адпаведна сямейным спісам пражывалі 1 970 мужчын, 2 032 жанчыны і 2 008 дзяцей. Усяго ў яе 59 населеных пунктах была 1 651 жылая драўляная пабудова. Статыстыка рамяства і саматужніцтва, што нязначна адрозніваецца ад агульнай статыстыкі, захавала колькасць двароў і насельніцтва вёсак воласці на пачатак 1880 гадоў: сёлы: Лукі (117 двароў у якіх пражывала 716 жыхароў), Кабанаўка (30, 210), Лучын (118, 662), Забалоцце (107, 711), Малевічы (51, 279); вёскі: Мазалаў (27, 236), Мінькоў (28, 206), Навікі (21, 129); ваколіцы: Чарцёж (38, 224), Марусенькі (10, 58), Сенажаткі (11, 101); мястэчка Жлобін (346, 1 968).
У Стрэшынскай воласці налічвалася 2 375 мужчынскіх і 2 426 жаночых душ, 774 дзяцей. Усяго ў яе 26 населеных пунктах была 1 342 жылая пабудова, разам з імі – дзве каменныя. Рамеснікі-кавалі абслугоўвалі насельніцтва вясковых паселішчаў: мястэчка Стрэшын (168 двароў, 924 жыхары), Карпілаўка (63, 348); сяло Саланое (78, 516); вёскі: Вышняя Алба (83, 287), Мормаль (79, 390). Адыходніцтвам займаліся сяляне вёсак: Шыхаў (67 двароў, 386 жыхароў), Затон (68, 479), Жырхаўка (52, 301), Зломнае (38, 212), Касакоўка (49, 251), Папаратнае (66, 343), Праскурні (76, 474), Папкі (65, 356).
У Стара-Руднянскай воласці былі 1 954 мужчыны, 1 951 жанчына, 1 216 дзетак. Усяго ў яе 76 населеных пунктах былі 1 073 жылых драўляных пабудоў. Захавалася статыстыка некаторых паселішчаў: сяло Лугавая Вірня (41 двор з 378 жыхарамі), вёскі: Бабоўка (34, 262), Чорная Вірня (79, 475).
У Гарадзецкай воласці, тэрыторыя якой часткова ўваходзіць у сучасны Жлобінскі раён, пражывалі 3 288 мужчын, 3 387 жанчын і 1 794 дзяцей. У Палескай воласці знаходзілася Салтанаўка (31, 183), Асінаўка (52, 317).
Дэмаграфічная сітуацыя ў паселішчах вакол Жлобіна ў другой палове стагоддзя была станоўчай. Чысты прырост насельніцтва губерні ў 1871-1881 гадах склаў амаль 20%. Штогод колькасць жыхароў прыбывала на 1,96%. Гэтая дынаміка захоўвалася і надалей. Звязана гэта было ў першую чаргу з адменай прыгоннага права і пераходам да рынкавай эканомікі капіталістычнага тыпу. У сваю чаргу гэта прывяло да паляпшэння эканамічных, сацыяльных, побытавых умоў жыцця жыхароў рэгіёна. Найбольшы прырост прыйшоўся на Быхаўскі, Рагачоўскі і Сенненскі паветы.
У Магілёўскай губерні за пазначаны перыяд у год на 10 000 душ заключалася каля 200 шлюбаў. На Жлобіншчыне, як і па ўсёй губерні, часцей за ўсё шлюб бралі маладыя людзі да 20 гадоў. Радзей – ва ўзросце ад 20 да 25 гадоў. Жанчыны браліся шлюбам пераважна да 20 гадоў, а вось мужчыны ўступалі ў шлюбныя адносіны пазней. У правінцыі і халастыя мужчыны, і ўдаўцы, пераважна імкнуліся брацца шлюбам з дзяўчатамі, а не са ўдовамі. Чвэрць шлюбаў бралі ў студзені, разам з тым шлюбнымі месяцамі былі і люты, травень, лістапад і кастрычнік. Гэтым губерня адрознівалася ад Віцебскай, Мінскай, Смаленскай губерній, дзе большасць шлюбаў бралі восенню. У пост шлюбы бралі зрэдку.
У паселішчах вакол Жлобіна і Стрэшына на сто душ насельніцтва нараджалася ў год больш пяці дзетак. Высокую нараджальнасць забяспечвалі найперш праваслаўныя сяляне. А вось у рыма-каталікоў (3,8) і іўдзеяў (3,14) яна была ніжэйшай. Плоднасць жанчын складала каля 10 (суадносіны колькасці нараджэнняў з колькасцю жанчын усіх узростаў). Перавага народжаных хлопчыкаў даходзіла да 7%. Найчасцей роды адбываліся ў студзені і кастрычніку, а радзей за ўсё – у чэрвені, ліпені і снежні. Статыстыка па губерні паказавала, што час зачацця дзетак прыходзіўся найчасцей на вясну і зіму, што адрознівала Магілёўшчыну ад расійскіх губерній, дзе пік прыходзіўся на восень і зіму.
Смяротнасць як па губерні, так і па Рагачоўшчыне, мала адрознівалася і мела тэндэнцыю да змяншэння. На кожную тысячу чалавек па валасцях Жлобіншчыны ў парэформенны перыяд штогод памірала каля 30 душ, але ў 1876-1881 гадах – ужо толькі 25. Смяротнасць была высокай у халерныя 1871-1872 гады. У час эпідэмій смяротнасць у мястэчках была вышэй за вёскі, а ў спакойныя гады ўсё было наадварот. Традыцыйна, як і ў суседніх губернях, да 60% смерцяў прыходзілася на дзетак да 10 гадоў. Да пяці гадоў не дажывала палова дзетак. Хлопчыкі паміралі часцей за дзяўчынак, а вось з 15 і да 70 гадоў жаночая смяротнасць была вышэйшай за мужчынскую. Гэта тлумачылася цяжкасцямі цяжарнасці і родаў, а таксама асаблівасцямі жаночай працы, што была менш цяжкай за мужчынскую, але не давала часу на адпачынак.
Гістарычныя і побытавыя міфалагічныя ўяўленні пра тое, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі простыя людзі зрэдку дажывалі да 35 гадоў, развенчвае статыстыка смяротнасці. Яна паказвае, што ў пачатку 1880-х гадоў ва ўзросце ад 50 да 60 гадоў памірала 7,7 % жыхароў Падняпроўя, ад 60 да 70 гадоў памірала 7 %, ад 70 да 80 гадоў – 3,9 %. А яшчэ жылі ад 80 да 100 гадоў 1,3% мужчын і 1% жанчын. Такім чынам, амаль кожны пяты жыхар рэгіёна паміраў ва ўзросце ад 50 да 100 гадоў. Нават, калі ўлічваць смяротнасць выключна вясковага насельніцтва, то жылі сяляне амаль столькі ж: 19 % мужчын і 20 % жанчын памірала пасля 50 і да 100 гадоў. Найчасцей людзі паміралі зімой і вясной, а найменш – восенню. Некалькі вышэй смяротнасць была ў пераважна праваслаўных сялян, а ніжэй – у іўдзеяў, якія пражывалі ў гарадах і мястэчках з большай даступнасцю да медыцынскіх паслуг.
Рост насельніцтва паселішчаў не мог адбывацца без паляпшэння медыцынскай дапамогі насельніцтву. У 1860-х гадах, праз 100 гадоў пасля далучэння Магілёўшчыны да Расійскай імперыі, не існавала народнага “врачавання”, эпідэмічныя хваробы “уносілі чалавечыя жыцці, не ўступаючы ў барацьбу з разумнай дапамогай”. А вось пры губернатары А.С. Дамбавецкім Магілёўская губерня стала адным з цэнтраў медыцынскай адукацыі заходняга рэгіёна еўрапейскай часткі Расіі. Магілёў меў радзільны інстытут, атрымаў Магілёўскую цэнтральную фельчарскую школу, а самой губерні было наканавана першай ажыццявіць шэраг прагрэсіўных пачынанняў у галіне медыцыны ў імперыі. Так, у 1873 годзе ў Магілёўскай губерні ўвялі ўчастковую медыцыну. Магілёўскі досвед пазней распаўсюдзіўся і на іншыя губерні. А ў 1879 годзе губерня першай прыняла меры, праз якія спынілі распаўсюджванне занесенай з поўдня чумнай эпізаатыі. Праз 10 гадоў дзейнасці маладога губернатара тут ужо працавалі 62 грамадзянскіх дактары, 156 фельчароў, 50 павітух (павівальных бабак). У губерні былі яшчэ і 17 вольна-практыкуючых дактароў.
Нягледзячы на станоўчую дынаміку, медыкаў страшэнна не хапала, бо насельніцтва губерні ў 1881 годзе складала 1 096 199 душ (і мужчын, і жанчын) і практычна раўнялася сённяшняму насельніцтву Магілёўскай вобласці. У павятовых гарадах сітуацыя з медыцынскай дапамогай паляпшалася. На 3 000-4 000 гараджан быў адзін доктар з фельчарам і павітухай. У гарадах яшчэ пражывалі павятовыя і вясковыя дактары, якія адносіліся да павятовага складу, але мелі магчымасць лячыць і гараджан. Аднак, ніводны населены пункт сучаснага Жлобінскага раёна не меў гарадскога статусу, а сітуацыя ў валасцях была значна горшай. На 17 000 жыхароў вясковай мясцовасці прыходзіўся адзін доктар, а павятовы доктар абслугоўваў 30, і нават 40 000 жыхароў, а не 6 000-7 000, як было пажадана і як было ў той час у іншых еўрапейскіх краінах.
Найбліжэйшы да Жлобіна доктар служыў у Рагачове, які меў аднаго штатнага і аднаго пазаштатнага доктара. У Рагачове мелася “павітуха” – жанчына, якая дапамагала пры родах. Найбліжэйшая павятовая бальніца прыказа грамадскага апекавання, што мела 10 ложкаў, таксама дзейнічала ў Рагачове. У ёй былі ваенна-служылае і грамадзянскае аддзяленні.
У самім Рагачоўскім павеце было 3 дактары, 14 фельчараў, 4 павівальныя бабкі. Пры насельніцтве Рагачоўскага павета ў 142 687 чалавек, на аднаго доктара прыходзілася 44 229 жыхароў, на аднаго фельчара – 10 192, а на адну павітуху – 19 855 жанчын. Павятовы доктар меў адносна нямнога абавязкаў і меў магчымасць для “вольнай практыкі”. У яго распараджэнні было два фельчары. У Жлобіне дыпламаваны доктар нарэшце пачаў працаваць толькі ў 1890 годзе.
У кожнай воласці мусіў быць свой фельчар з неабходнай колькасцю лекаў, інструментамі, аптэчнымі прыладамі. Фельчар быў абавязаны аказваць дапамогу найперш пры лёгкіх захворваннях на даму, а таксама даваць парады тым, хто прыходзіў да яго сам. Галоўным яго абавязкам было прышчапленне ад воспы і дапамога падчас ўзнікнення эпідэмій. У сярэднім у губерні фельчары і бабкі павітухі прышчапілі ў 1880 годзе каля 40 000 дзяцей, што склала 71,9 % ад народжаных. На аднаго медыка прыйшлося 215 прышчэпак ад воспы. Тым не менш, у гэтым годзе на воспу захварэлі 2 078 чалавек, 598 з якіх памерлі.
Эпідэмія халеры 1872 года паспрыяла развіццю медыцыны ў валасцях. Прынялі рэкамендацыю аб адкрыцці ад 2 да 4 вясковых бальніц і прыёмных пакояў у самых населеных месцах паветаў “на добраахвотныя ахвяраванні мясцовых памешчыкаў і сялян”. Рагачоўскі павет на гэтую ініцыятыву адгукнуўся адным з першых. У губерні працавалі 58 валасных медыцынскіх участкаў. У Рагачоўскім павеце іх было 4: у Кошалеве, Рагачове, Старой Рудні і Свяцілавічах – агулам на 68 ложкаў. У павеце на адзін ложак прыходзілася 1 867 сялян. З павятовых толькі рагачоўская бальніца была ў зоне дасягнення жыхароў Жлобіншчыны. Паслугамі стараруднянскай і кошалеўскай бальніц маглі карыстацца жыхары жлобінскага левабярэжжа Дняпра.
Не дзіва, што у рагачоўскай бальніцы медыцынскай дапамогай карысталася толькі 0,08 % жыхароў. У 1880 годзе паказчык смяротнасці хворых у ёй склаў 7,75%. Паслугамі бальніц скарысталіся 2,53% сялян, а яшчэ 7,32% звярталіся да фельчараў.
У 1880 годзе у Жлобіне працавала ўжо “вольная аптэка”. Усяго ў губерні іх было 36 вольных аптэк: 30 аптэк пры вясковых лячэбніцах і 6 пры прыёмных пакоях. Загадваў жлобінскай аптэкай правізар Бантле. У 1881 годзе ейны гадавы абарот склаў 590 рублёў і быў адным з самых малых у губерні. Для параўнання, рагачоўская аптэка Баратынскага мела абарот 1 506 рублёў, а абарот аптэк у Магілёве дасягаў 4 000 і нават 6 000 рублёў.
Пажары былі страшным ліхам для мястэчак і вёсак Жлобіншчыны. Ужо пасля напісання асноўнага тэксту нарыса для “Вопыта апісання…” 13 траўня 1880 года за дзве гадзіны пажар амаль цалкам знішчыў Жлобін. З 392 дамоў згарэлі 359 (165 сялянскіх і 194 яўрэйскіх), праваслаўная царква, усе 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, народнае вучылішча, збожжазапасны магазін, 65 лавак і складоў з таварамі. Разам з тым, чалавечых ахвяр было адносна мала: у пажары загінула адна сялянка і адна яўрэйка з дзвума дзеткамі. Жлобінцы апынуліся без прытулку і ежы. Агульныя страты мястэчка склалі 219 000 рублёў. Прычыну пажару ўсклалі на аднаго тутэйшага яўрэя, які неасцярожна абыходзіўся з агнём.
Губернскае таварыства ўзаемнага страхавання выдала пацярпелым жлобінцам страхавое ўзнагароджанне на суму 17 877 рублёў. З казны пагарэльцы атрымалі ўсяго 585 рублёў. А вось прыватныя ахвяраванні былі значнымі і разнастайнымі. Людзі ахвяравалі пагарэльцам грошы, адзенне, харчаванне, лес для пабудоў. У павеце мелася 16 пазыка-ашчадных кас.
Мястэчка адбудоўвалі паводле новага плана. Афіцыйна новую забудову праводзілі з улікам усіх правіл, што былі прадпісаныя пажарным і будаўнічым статутамі. Тым не менш, 16 траўня 1889 года адбыўся новы пажар, у выніку якога згарэла 89 дамоў з надворнымі пабудовамі.
Падобныя няшчасці ў пераважна драўляных паселішчах не былі рэдкасцю. Так, пасля пажару 13 жніўня 1881 года з 120 крамаў на гарадской плошчы павятовага Рагачова засталіся толькі 32, згарэла большая частка гасцінага двара.
У ноч на 28 ліпеня 1890 года ў Стрэшыне згарэла 36 двароў з маёмасцю на суму 17 820 рублёў. А 14 траўня 1893 года згарэла 112 двароў, царква і школа вёсцы Праскурні. А 26 красавіка 1898 года пажар у вёсцы Чорная Вірня знішчыў 46 сялянскіх гаспадарак, дом мясцовага землеўладальніка і казённую вінную краму. Многія вёскі гарэлі па некалькі разоў. У выніку пажару 17 ліпеня 1896 у вёсцы Шчадрын згарэла 129 двароў, а 17 жніўня 1909 – 37 двароў.
Пасля пажараў, што часам цалкам знішчалі вёскі Жлобіншчыны, прыходзілася не толькі нанава адбудоўваць гаспадарчыя пабудовы, але і нанава планаваць размяшчэнне сялянскіх сядзіб. Так, 3 ліпеня 1884 года згарэла вёска Скепня Стара-Руднянскай воласці. Сельскі сход 5 верасня з ліку 106 гаспадарак разгледзеў складзены каморнікам (землямерам) план сядзібных зямель паселішча. 74 чалавекі, якія мелі права голаса, вызначылі, што планаванне зроблена правільна, засталіся ім задаволены, спрэчак паміж сабой не мелі і адзінагалосна прыгаварылі “запісаць аб чым у цяперашні прыгавор”. Дамову засведчылі 74 чалавекі.
Падобны пажар адбыўся 13 жніўня 1897 года ў вёсцы Ніжняя Алба. 25 лютага 1898 года сельскі сход у прысутнасці 65 меўшых права голаса з ліку 72 гаспадарак зацвердзіў план землеўпарадкавання, пацвердзіўшы, што ўсе ўчасткі пад пасяленне адпавядаюць тым, якія знаходзяцца ў натуры.
Для барацьбы з пажарамі ўтвараліся пажарныя таварыствы і дружыны. У 1899 годзе падобнае пажарнае таварыства стварылі ў Жлобіне, мелася дружына ў Стрэшыне.
На выпадак пажару, недароду ці іншага ліха ў паселішчах рабілі так званыя “збожжазапасныя магазіны” (хлебныя склады). Яны былі пабудаваныя ў многіх вёсках. Сярод іх: Бабоўка, Буда, Верхняя Алба, Дзяніскавічы, Жлобін, Жырхаўка, Затон, Зломнае, Істобкі, Карпілаўка, Калыбаўка, Касакоўка, Лебедзеўка, Лугавая Вірня, Лукі, Малевічы, Мормаль, Нівы, Ніжняя Алба, Папкі, Папаратнае, Пірэвічы, Праскурні, Рогі, Рудня, Салтанаўка, Скепня, Старая Рудня, Стрэшын, Саланое, Шыхаў, Яшчыцы.
Пераважная большасць тутэйшага насельніцтва ўжо перайшла ў праваслаўе. Большасць храмаў натуральна былі праваслаўнымі цэрквамі. Драўляныя праваслаўныя храмы былі ў Жлобіне, Дзяніскавічах, Лугавой Вірні, Луках, Малевічах, Старой Рудні, Саланым. Адзіны каменны праваслаўны храм быў у Стрэшыне. Пасля закрыцця храма ў Карпілаўцы каталіцкіх касцёлаў не было. Рыма-католікі былі прыхаджанамі прыходу ў Антушах.
Школы, што падпарадкоўваліся дырэкцыі народных вучылішч Магілёўскай губерні, знаходзіліся ў Дзяніскавічах, Жлобіне, Луках, Малевічах, Пірэвічах, Рудні, Стрэшыне, Саланым.
“Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях…“ ёсць найгрунтоўнейшай крыніцай гістарычнай, этнаграфічнай і найперш статыстычнай крыніцай ведаў па гісторыі рэгіёна 1870-1880 гадоў. Без гэтай працы мы б сёння не мелі канкрэтнага ўяўлення пра многія старонкі жыцця Жлобіншчыны ў ХІХ стагоддзі.


