Унутраная слабасць Рэчы Паспалітай і агрэсіўная захопніцкая палітыка ейных суседзяў прывялі да падзелаў дзяржавы Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. У 1772 годзе ў выніку першага падзелу перайшлі да Расійскай імперыі Інфлянты, землі на поўнач ад Дзвіны і на ўсход ад Друці і Дняпра (92 тыс км² з 1,3 млн чал.). У расійскіх дакументах таго часу апісвалі гэта так: “…нарэшце пры шчаслівым самадзяржаўстве Вялікія гасударыні Кацярыны… у 1772 годзе складзеным у Санкт-Пецярбургу трактатам да Расіі далучаны павет Дынабургскай, ваяводствы Мсціслаўскае, Віцебскае, часткі паветаў Аршанскага і Рэчыцкага, з коіх складзены былі дзве губерні і названыя – першая Пскоўскай, другая Магілёўскай, …абедзве губерні найменаваныя Беларуссю…»
Вось такім чынам, у выніку змовы Аўстрыі, Прусіі і Расіі і першага падзелу Рэчы Паспалітай, усходняя частка Рэчыцкага павета – левабярэжжа Дняпра і Друці (гарады Гомель, Рагачоў, Хальч, Чачэрск і Прапойск – цяпер Слаўгарад) – апынулася ў складзе Расійскай імперыі, а менавіта у яе новай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы – Магілёўскай губерні.
Магілёўская губерня распасціралася на далучаных да Расіі падняпроўскіх і пасожскіх землях ад ваколіц Віцебска да Гомеля і мела чатыры правінцыі, у тым ліку Рагачоўскую. Палова жлобінскіх зямель – усё жлобінскае левабярэжжа Дняпра – апынулася ў Рагачоўскай правінцыі. У сваю чаргу яна падзялялася на Рагачоўскі, Гомельскі і Чачэрскі паветы (уезды) паводле ўказа ад 2 жніўня 1773 года.
Рагачоўская правінцыя
Рагачоўская правінцыя – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Беларусі ў складзе Магілёўскай губерні ў 1772-1776 гадах. Цэнтр – город Рагачоў. Паводле ўказа ад 2 жніўня 1773 года падзялялася на Рагачоўскі, Гомельскі і Чачэрскі паветы. Плошча каля 1 426 тыс. дзесяцін, 105 сёл, 473 вёскі (у 1774 – 114 420 чалавек), 11 мястэчак (4 747 чалавек). На тэрыторыі правінцыі былі 23 староствы з 50 547 сялянамі мужчынскага полу, буйнейшыя з іх – Гомельскае (2 553 дымы, 23 504 чалавек, 250 982 дзесяцін зямлі) і Чачэрскае (1 057 дымоў, 9 181 чалавек, 96 535 дзесяцін зямлі).
Пасля ліквідацыі ў 1776 годзе дзялення губерняў на правінцыі Магілёўскую губерню ў 1777 годзе падзялілі на 12 паветаў: “Усяміласцівым указам загадана ў губерні быць дванаццаці паветам”. Адным з дванаццаці стаў Рагачоўскі павет. Праўда, у 1778 годзе губерню пераўтварылі, а па сутнасці перайменавалі, ў Магілёўскае намесніцтва.
У 1796 годзе падчас чарговай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы наступнага імператара Паўла I Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы злучылі ў адзіную Беларускую губерню з цэнтрам у Віцебску. Губернскім (па сучасных лякалах – абласным) горадам для рагачоўцаў і жлобінцаў на шэсць гадоў стаў Віцебск.
Толькі ў 1802 годзе пры новым Імператары Аляксандры І, калі ізноў пачаліся адміністрацыйныя пературбацыі, Магілёўскую губерню адрадзілі ў складзе 12 паветаў. Пасля падзелу Беларускай губерні на Магілёўскую і Віцебскую абедзве губерні ўвайшлі ў склад Беларускага генерал-губернатарства. Канцылярыя беларускага ваеннага губернатара размяшчалася ў Магілёве, а ў пачатку 1803 года перамясцілася ў Віцебск. Так, Віцебск стаў рэгіянальным ваенным і судовым цэнтрам для гарадоў Падняпроўя, Магілёў жа быў адміністрацыйным губернскім, а Рагачоў павятовым цэнтрам для мясцовага насельніцтва да 1919 года.
Магілёўская губерня
Магілёўская губерня ўтварылася з зямель былых Мсціслаўскага, часткова Віцебскага, Мінскага і Полацкага ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага 8 чэрвеня 1772 года. У яе склад увайшлі Аршанская, Магілёўская, Мсціслаўская і Рагачоўская правінцыі. Плошча новай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Расійскай імперыі складала 3 778 886 дзесяцін зямлі.
У 1776 годзе правінцыі ліквідавалі, а ў 1777 годзе губерню падзялілі на 12 паветаў: Магілёўскі, Бабінавіцкі, Старабыхаўскі, Копыскі, Клімавіцкі, Мсціслаўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Рагачоўскі, Беліцкі, Аршанскі, Сенненскі. Магілёў з'яўляўся цэнтрам Магілёўскай правінцыі і Магілёўскай губерні, з 1778 года – Магілёўскага намесніцтва (адпавядала губерні).
Герб Магілёўскай губерні, 1778
У 1796 годзе з зямель Полацкага і Магілёўскага намесніцтваў утварылася Беларуская губерня з цэнтрам у Віцебску. У адносінах да ўездаў Беларускай губерні замацоўвалася афіцыйная назва “паветы”.
У 1802 годзе ў выніку падзелу Беларускай губерні на Магілёўскую і Віцебскую Магілёў зноў стаў губернскім горадам. Магілёўскую губерню аднавілі ў складзе ранейшых 12 паветаў перыяду намесніцтва. Яны падзяляліся на 39 станаў і 147 валасцей.
У 1840 годзе Бабінавіцкі павет скасавалі і далучылі да Аршанскага, у 1852 годзе Беліцкі павет перайменавалі ў Гомельскі павет, Старабыхаўскі – у Быхаўскі. У 1861 годзе Копыскі павет ліквідавалі, а ягоную тэрыторыю падзялілі паміж паветамі Сенненскага, Аршанскім і новаствораным Гарэцкім.
З верасня 1917 года Магілёўская губерня ўвайшла ў склад Заходняй вобласці. З сакавіка 1918 яе абвясцілі часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, са студзеня 1919 губерня уваходзіла ў БССР. У лютым гэтага ж года яе перадалі РСФСР. 11 ліпеня 1919 года Магілёўскую губерню скасавалі, дзевяць яе паветаў увайшлі ў новаўтвораную Гомельскую губерню, Мсціслаўскі павет перадалі Смаленскай, а Сенненскі – Віцебскай губерні.
З правабярэжнай часткай Дняпра ўсё атрымалася больш складана. Па пагадненні 1772 года гэтая тэрыторыя да рэк Друць і Дняпро засталася ў складзе Рэчы Паспалітай. Каля траціны тэрыторыі Рэчыцкага павета пасля першага падзелу яшчэ 20 гадоў была часткай Вялікага Княства Літоўскага. Павятовыя соймікі, а таксама адміністрацыйны цэнтр, перанеслі з Рэчыцы ў Бабруйск.
Два дзесяцігоддзя Жлобіншчыну дзяліла дзяржаўная мяжа на дзве часткі Дняпром. У Рагачове дзейнічала расійская мытня, дзе жлобінцам і іншагароднім купцам трэба было дэклараваць і плаціць падатак за тавар, што вывозіўся, або ўвозіўся.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Расія далучыла да сябе і цэнтральную Беларусь. Пасля гэтага Рэчыцкі (Бабруйскі) павет падзялілі паміж Магілёўскай, Менскай і Чарнігаўскай губернямі Расійскай імперыі. Менавіта ў 1793 годзе Жлобін стаў мястэчкам Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні ў адрозненні ад Бабруйска, што стаў павятовым цэнтрам Мінскай губерні.
З 1795 года па 1919 мяжа паміж Магілёўскай і Мінскай губернямі праходзіла па рацэ Добысна (прыток ракі Дняпро). Такім чынам, Красны Бераг, Казімірава на правым беразе Добысны знаходзіліся ў Мінскай губерні, а вёска Марусенька, Курганне на левым беразе – у Магілёўскай губерні. А вось ніжэй па плыні ракі мяжа праходзіла не па рацэ на ўсход, а на паўднёвы ўсход ніжэй вёскі Мормаль, толькі потым на ўсход, а затым ізноў на поўдзень да Беразіны (глядзіце мапу).
Рагачоў быў павятовым цэнтрам для большасці населеных пунктаў Жлобіншчыны амаль паўтара стагоддзя. Напачатку з 1772 года ён – цэнтр Рагачоўскай правінцыі і павета, у 1777-1796 гадах – цэнтр толькі Рагачоўскага павета Магілёўскай, у 1796-1802 гадах – Беларускай, з 1802 па 1919 гады – ізноў Магілёўскай губерні.
Рагачоўскі павет
Рагачоўскі павет (руск.: Рогачёвский уезд) – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Беларусі ў 1773-1924 гадах. Цэнтр – горад Рагачоў.
Павет быў утвораны 2 жніўня 1773 года ў складзе Рагачоўскай правінцыі. З 2 красавіка 1777 года ён падпарадкоўваўся Магілёўскай губерні, з 23 снежня 1796 года – Беларускай. У гэты час паўднёвую частку павета далучылі да Гомельскага павета, а на поўначы перадалі яму частку Чэрыкаўскага і большая частка скасаванага Быхаўскага павета.
У Беларускай губерні гістарычная назва “павет” замест рускай “уезд” ізноў стала афіцыйнай. У галіне судаводства аднавілі дзеянне Статута ВКЛ 1588 года, замест уездных правадыроў дваранства ўвялі пасады павятовых маршалкаў і іх намеснікаў – павятовых харунжых. Указ Сената "Аб парадку судаводства ў беларускіх губернях" ад 9 студзеня 1798 года прадугледжваў вядзенне справаводства ў земскіх павятовых, падкаморніцкіх судах і гарадскіх магістратах на польскай, а ў галоўным судзе – на польскай і рускай мовах.
З 27 лютага 1802 года Магілёўскую губерню аднавілі ў межах 1777 года. У ранейшых межах надалей існаваў і Рагачоўскі павет.
З 1861 года Рагачоўскі павет падзяляўся на 18 валасцей, меў 9 мястэчак. Плошча яго была каля 7 451 км2, насельніцтва складала 121 600 чалавек (1864), 142 900 чалавек (1885). У 1917 годзе колькасць валасцей зменшылася да 14.
З 26 красавіка 1919 года павет перадалі Гомельскай губерні РСФСР, з 3 сакавіка 1924 года ён быў у складзе БССР. 17 ліпеня 1924 года павет скасавалі, а ягоная тэрыторыя ўвайшла ў Бабруйскую і Магілёўскую акругі.
Далучэнне да Расіі спрыяла вывучэнню падняпроўскіх зямель. Так, у 1777 годзе быў створаны “Атлас Магілёўскай губерні”. Гэта – 13 мап: 1 генеральная і 12 акруговых. Рагачоўскі павет у ім апісваецца так:
“Земля в сем уезде большей частью болотистая, а потому и воздух весьма нездоровый, от которого приключаются многие болезни. Причиной сему, основательно положить можно то, что река Днепр по окончании, во время весеннее, случающегося разлития, входя в свой берег оставляет множество в заливе воды, которая, будучи неистекаемая, делает гнилость. А притом множество самих по себе болот не осушенных причиняют жителям разные болезни, как в самом городе Рогачеве, так и по деревням, лежащим по берегу реки Днепр, чего всего легчайший способ избежать через проведение каналов, осушение болот и очищение лесов, стоящих на болотах.
В прочем сей уезд изобилен хлебом, скотом, пчелами и лесами к строению кораблей годными.”
Да 1921 года Бабруйск стаў павятовым цэнтрам для населеных пунктаў: Дабравольшча, Дворышча, Замен-Рыння, Казімірава, Красны Бераг, Ала, Плесавічы, Радуша, Селішча, Салоцін, Шчадрын.
А вось паўднёва-заходні кут Жлобінскага раёна ўваходзіў у Рэчыцкі павет Мінскай губерні з вёскамі Атрубы, Васілевічы, Дабрагошча, Ляды, Курган, Таўстыкі. Каб дабрацца з іх у Рэчыцу, трэба было пераправіцца праз раку Беразіна або сплаўляцца па Дняпры.
Агляд адміністрацыйных пераўтварэнняў канца XVІІІ стагоддзя паказвае, як у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай магутная Расійская імперыя ўключыла ў свой склад беларускае, у тым ліку і жлобінскае, Падняпроўе. Неаднаразовыя адміністрацыйныя пературбацыі на мяжы стагоддзяў нарэшце падзялілі тэрыторыю сучаснага Жлобінскага раёна на дзве няроўныя часткі: большасць населеных пунктаў апынулася ў Рагачоўскім павеце Магілёўскай, а меншая частка – у Бабруйскім і Рэчыцкім паветах Мінскай губерні.
У валасным дзяленні сучасная Жлобіншчына апынулася цалкам або часткова ў складзе Сцепскай і Туркаўскай валасцей Бабруйскага павета, Гарадзецкай, Лукаўскай, Стара-Руднянскай, Стрэшынскай валасцей Рагачоўскага павета; Якімава-Слабадской і нязначнай частцы Горвальдскай валасцей Рэчыцкага павета.
Адміністрацыйныя пераўтварэнні канца XVIІІ – пачатку ХІХ стагоддзяў цікавыя яшчэ і тым, што яны пацвярджаюць лакалізацыю назвы “Беларусь” на тэрыторыі паміж Полацкам, Віцебскам, Магілёвам, Мсціславам і Гомелем, у тым ліку каля Рагачова і Жлобіна. Замацаванне назвы “Белая Русь” за ўсходняй і паўночнай часткай сучаснай Беларусі аказалася вельмі ўстойлівым. Яно нават узмацнілася ў гэты час, таму што і Пскоўская, і Магілёўская губерні называліся “беларускімі” ўжо з 1772 года. Надалей, у 1796 годзе Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы злучылі ў адзіную Беларускую губерню з цэнтрам у Віцебску. І нарэшце, з 1802 года Віцебскую і Магілёўскую губерні афіцыйна адносілі да беларускіх губерняў, бо яны ўваходзілі ў склад Беларускага генерал-губернатарства. Расійскае чыноўніцтва ўспрымала гэта як натуральную рэальнасць, бо гэтую тэрыторыю на мяжы стагоддзяў сучаснікі называлі “Белоруссіяй”. Імя “Беларусь” напачатку было рэгіянальнай, а з канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя становіцца агульнанацыянальнай і палітычнай саманазвай краіны – яе энонімам і палітонімам. У ходзе гэтых працэсаў Жлобінскі рэгіён канчаткова становіцца часткай Беларусі.



1 Каментар