Старажытныя вуліцы Жлобіна

Старажытныя вуліцы Жлобіна

Цэнтры большасці гістарычных гарадоў заўважна змяняліся цягам стагоддзяў, але часцяком і сёння яны захоўваюць сваю першапачатковую старажытную планіроўку. Менавіта вуліцы і завулкі найперш сведчаць пра гісторыю паселішчаў, разам з тым будынкі на іх мяняюцца часам па некалькі разоў.

Жлобін у пачатку ХХ стагоддзя быў правінцыйным мястэчкам з пераважна драўлянай забудовай і драўлянымі ходнікамі, што амаль не дайшлі да нашага часу. Аднак ягоная тагачасная планіроўка ў значнай частцы захавалася. Вуліцы старога Жлобіна маюць сваю непаўторную гісторыю.

Павел Кірычэнка, мясцовы краязнаўца, дэпутат Жлобінскай гарадской рады, ганаровы грамадзянін горада ў серыі сваіх артыкулаў у раённай газеце “Металург” у 2000 годзе паведамляў, што пасля рэвалюцыі 1917 года горад Жлобін заставаўся невялікім паселішчам. Ягоныя межы не выходзілі за межы цяперашняй чыгункі. Цэнтрам лічылася тое месца, дзе зараз знаходзіцца Прыдняпроўскі парк. Яшчэ да 1941 года тут дзейнічаў сялянскі рынак.

Старажытныя вуліцы Жлобіна
Так у пачатку ХХ ст. выглядала галоўная вуліца мястэчка Жлобін

Вуліца Савецкая насіла назву “Галоўная”. Яна злучала Карпілаўку са Жлобінам.

Вуліца Карла Маркса ішла паралельна Дняпру і раней афіцыйна называлася Царкоўнай, а ў народзе – Екацярынінскім трактам.

Цяперашняя вуліца Дастаеўскага, размешчаная побач, насіла назву Новай. Яна ўзнікла ў пачатку XX ст. і была апошняй на заходняй ускраіне мястэчка.

У пачатку перыяду калектывізацыі на базе прыватных уладанняў мясцовых земляў узнік калгас “Чырвоны Жлобін”. Ён праіснаваў да сярэдзіны 60-х гадоў XX стагоддзя. У апошні час гэта была паляводчая брыгада Лугавірнянскага калгаса імя Куйбышава. Цэнтральная сядзіба калгаса была з паўночнага боку могілак па вуліцы Карла Маркса. Пазней у гэтай сядзібе размяшчалася кантора жывёлагадоўчай арганізацыі “Заготскот”, а яшчэ пазней – адкормачная гаспадарка саўгаса “Скепнянскі”. На землях гэтага прадпрыемства ў апошнія дзесяцігоддзі стварылі сучасныя, прыгожыя мікрараёны.

Пасля пабудовы чыгункі з канца ХІХ стагоддзя мястэчка пачало расці ў бок станцыі. У Жлобіне з’явіліся новыя вуліцы.

Старажытныя вуліцы Жлобіна
Вуліца Першамайская ў пачатку ХХ ст.

Вуліца Першамайская, што называлася Цэнтральнай, а ў народзе – “Малевіцкі тракт”, ішла перпендыкулярна Дняпру і звязвала мястэчка са станцыяй. Далей гэты тракт праходзіў міма сучаснага лакаматыўнага дэпо, праз балота побач з рабочым пасёлкам у напрамку вёскі Малевічы. Не выключана, што ён быў працягам губернскай дарогі.

Паралельна вуліцы Першамайскай, бліжэй да чыгункі, сучасная вуліца Урыцкага калісьці таксама звязвала мястэчка і станцыю. Тады яна дзялілася на дзве часткі, што мелі назвы Вакзальная і Паштовая. Там размяшчаліся пошта і тэлеграф.

Старажытныя вуліцы Жлобіна
Вуліца Вакзальная

Па расказах старажылаў Жлобіна, каля мастка, дзе пазней знаходзіўся “Прыёрбанк”, размяшчалася кузня габрэя Гомшэя. Адсюль і назва вуліцы – Кавальская, што злучала вуліцы Цэнтральная і Урыцкага.

Тэрыторыя сучаснага Жлобіна – роўнае плато з невялікім ухілам на поўдзень і большым – на ўсход (да Дняпра). Раней яно перасякалася двума забалочанымі ўчасткамі ў паўднёвай і паўночнай частках паселішча. Але ў сувязі з інтэнсіўнай забудовай балоты былі асвоеныя і зніклі. Напрыклад, вялікай забалочанасцю адрознівалася тэрыторыя паміж бальнічным мястэчкам і вуліцай Барташова. Калісьці яна называлася Усенавуч. Тут нават захаваліся сляды ракі Чарначкі. І Палац культуры металургаў таксама стаіць на насыпным грунце. Ён засцілае балота, што некалі існавала.

Паводле падання, рака Чарначка калісьці злучалася з ракой Беліцай. Яна несла свае воды па раёне сучаснай кацельні, каля бальнічнага гарадка, міма Палаца культуры металургаў, вуліцы Паплаўскай, перасякала Першамайскую, што раней называлася Цэнтральнай. Яна была паўнаводнай, мела чыстую і празрыстую ваду. Жыхары вуліц Міжнароднай, Кавальскай нават ужывалі гэтую ваду і лавілі ў рацэ рыбу. Сягоння Чарначка пераўтварылася ў раўчук. А пры ўпадзенні ў Дняпро каля чыгуначнага маста яна цячэ па жалезабетоннай трубе.

Старажытныя вуліцы Жлобіна
Жлобін. Дняпроўская вуліца. Пачатак ХХ ст.

На паўночна-заходнім баку Жлобіна ад чыгункі на Мінск і да шашы на Бабруйск цягнецца вялікі забалочаны масіў, што здаўна называўся Карабель. Складнік “беласць” гэтай назвы паказвае, што пераважнай расліннасцю гэтага масіва была трава сямейства асаковых, насенне якой маюць бліскучыя белыя валасінкі. Па меркаванні старажылаў, забалочаны Карабель яшчэ не так даўно, перад вайной, быў небяспечным месцам, – тут можна было трапіць у дрыгву. Па цэнтры гэтага балота вузкай стужкай цякла рэчка Добасна. У яе пойме гняздзілася незлічоная колькасць птушак.

Можна меркаваць, што да будаўніцтва чыгунак Лібава-Роменскай (1873 год) і Нова-Сокольнік – Віцебск – Жлобін (1902 год) мясцовасць Карабель мела выхад да Дняпра праз Чарначку, а недалёка ад вёскі Лебедзеўка (з паўднёвага боку) было вялікае возера.

Старыя вуліцы Жлобіна

Супрацоўніца гарадскога музея Вера Бычкова і журналістка Марына Бажынская ў газеце “Нюанс” у № 45 за 2000 год паведаміла, што падчас вайны Жлобінскі архіў знішчылі. Таму старажытныя назвы некаторых вуліц горада давялося аднаўляць па ўспамінах старажылаў.

Вуліца Чапаева насіла назву Інтэнданцкай.

Вуліца Сацыялістычная была завулкам “Крывы”.

Вуліца Пятроўскага некалі называлася Садовай, бо праходзіла каля гарадскога сада.

Некаторыя вуліцы Жлобіна захавалі старыя назвы: Кірмашовая (Базарная), Набярэжная, Земляробчая.

Вуліца Базарная

У цэнтры горада некалькі вуліц дагэтуль захоўваюць старыя, шчырыя назвы: Васільковая, Вішнёвая, Блакітная, Кветкавая, Светлая, Рабінавая, Мядовая, Азёрная, Зялёная, Палявая, Лясная, Лугавая, Маховая, Пясочная.

Жлобін. Сінагога. Пачатак ХХ ст.
Жлобін. Паштова-тэлеграфная кантора. Пачатак ХХ ст.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.