Рэвалюцыя 1905-1907 гадоў і удзел жлобінцаў у ёй

Рэвалюцыя 1905-1907

“Крывавая нядзеля” – расстрэл 9 (22) студзеня 1905 г. мірнай дэманстрацыі пецярбуржцаў абудзіў каласальную рэвалюцыйную энергію. Па ўсёй Расіі пракацілася хваля пратэстаў. Так пачалася першая расійская рэвалюцыя.

Крывавая нядзеля

У студзені 1905 года Магілёў назіраў дагэтуль небывалыя антыўрадавыя выступленні гараджан. У канцы месяца ў Магілёве баставала больш за 1 000 яўрэйскіх і беларускіх рабочых. Паліцыя на гэта адказала арыштамі, разгонам дэманстрантаў і забастоўшчыкаў, а рэвалюцыянеры распачалі тэрор. Эсэры ў студзені прастрэлілі ў некалькіх месцах карэту магілёўскага паліцмайстра, у сакавіку стралялі ў ягонага памочніка, у жніўні забілі гарадавога. Хвалі забастовак і мітынгаў пракаціліся па гарадах і мястэчках нашага краю ў студзені, красавіку, маі, кастрычніку і снежні 1905 года. У іх актыўна ўдзельнічалі рабочыя і навучэнцы, сяляне і прадпрымальнікі.

Нам невядома, якой была ў Жлобіне рэакцыя на падзеі “крывавай нядзелі” 9 студзеня 1905 года ў Пецярбургу. Але ў сакавіку 1905 года пратэсты дакаціліся і да Жлобіна. На сходзе 80 рабочых прынялі рэзалюцыю супраць “бакінскай разні” – міжнацыянальных сутыкненняў у Азербайджане і рэпрэсіўнай палітыкі самадзяржаўя. У рэзалюцыі адзначалася, што рэпрэсіі – гэта “сутаргі царызму, што адчувае блізкасць свайго падзення”. У адказ у Жлобіне прайшлі першыя арышты актывістаў.

У красавіку і маі 1905 года работнікі жлобінскага вузла ўзялі ўдзел у дэманстрацыях, мітынгах і маёўках пад лозунгам: “Далой царскае самадзяржаўе!”. Летам у Жлобіне для падтрымання парадку на станцыі ўтварылі першую баявую народную дружыну.

Улетку 1905 года, пасля завяршэння пасяўных работ, пачаліся сялянскія хваляванні. Пракурор Магілёўскага акруговага суда паведамляў, што сяляне Магілёўскага, Горацкага, Рагачоўскага паветаў у чэрвені здзейснілі парушэнні ў адносінах да прыватнай памешчыцкай уласнасці. Сярод іншага: самавольны выпас ската на памешчыцкіх землях, патаемныz пакосs на іх пашах і лясных парубках. Былі падобныя выпадкі і на землях графа Чарнышова-Круглікава, гаспадара Жлобіна.

Магілёўскі губернатар паведамляў у Міністэрства ўнутраных спраў, што 11 чэрвеня сяляне вёскі Лугавая Вірня не дапусцілі станавага прыстава да апісання маёмасці сялян на задавальненне спагнання памешчыцы Башмачэнкавай, уладанні якой парушылі сяляне. Мясцовыя заявілі земскаму начальніку і прыставу, што зямлёй будуць валодаць яны, што б з імі не рабілі. Захоп памешчыцкай зямлі адбыўся проста насупраць Жлобіна – на супрацьлеглым левым беразе Дняпра.

У 1905 годзе моцныя сялянскія хваляванні прайшлі ў вёсках Быхаўскага, Горацкага. Клімавіцкага, Чэрыкаўскага павета. Выступленне ў в. Кішчыцы (зараз – Дрыбінскі раён) падавіла рота расійскіх салдат. У выніку гэтага загінулі 8 сялян, а 16 былі параненыя.

Жлобінцы і надалей актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях. Асабліва магутнай была ўсерасійская кастрычніцкая стачка 1905 года, ўдзельнічала каля 2 000 000 чалавек. Рэвалюцыйных выступленняў такіх памераў свет яшчэ не бачыў. 12 кастрычніка 1905 года жлобінскія чыгуначнікі падтрымалі забастоўку Гомельскіх калег. Яны сталі патрабаваць васьмігадзіннага рабочага дня, павышэння заработнай платы, свабоды слова і друку. У кастрычніку–лістападзе ў Жлобіне ўзнікла першая прафсаюзная арганізацыя.

Рэвалюцыя 1905-1907

Самай яркай падзеяй у гады рэвалюцыі стаў удзел жлобінцаў ва ўсерасійскай палітычнай стачцы падчас снежаньскага паўстання. Прафсаюз чыгуначнікаў адыграў самую актыўную ролю ў снежаньскім узброеным паўстанні і палітычных забастоўках 1905 года. Па закліку цэнтральнага бюро Усерасійскага чыгуначнага саюза і Усерасійскай канферэнцыі чыгуначнікаў у падтрымку паўстанцаў у Маскве выступілі і жлобінцы. Страйкамы чыгуначных станцый Магілёўскай губерні: Гомеля, Магілёва, Оршы, Жлобіна 8-10 (21-23) снежня арганізавалі стачку.

Планавалася блакаваць чыгуначныя шляхі да сталіц. Палескі камітэт РСДРП стаў арганізатарам выступлення ў нашай мясцовасці. На станцыі стварылі рабочую дружыну.

У Жлобіне забастоўка чыгуначнікаў распачалася 8 (21) снежня 1905 года, а хваляванні працягваліся 21 дзень. Агітатары і забастоўшчыкі фактычна захапілі ўладу на ўчастку чыгунцы Гомель-Жлобін. Яны прапускалі цягнікі па сваім жаданні. Асобныя цягнікі заганяліся ў тупікі. Тармазіліся найперш вайсковыя эшалоны.

Начальнік упраўлення Лібава-Роменскай чыгункі 14 снежня тэлеграфаваў міністру шляхоў зносін, што адпраўка цягнікоў на ўчастку чыгунцы Гомель-Жлобін спынілася, а ўчастак захапілі рабочыя майстэрань, паравозы ахалоджаныя, а былых начальнікаў станцый знялі з пасад. А 15-16 снежня ён дадаткова паведамляў, што станцыі Гомель і Жлобін знаходзяцца ў руках забастоўшчыкаў, што рухам паяздоў па-ранейшаму распараджаюцца агітатары, а служачых, якія жадаюць працаваць, адхілілі ад працы. Ён канстатаваў, што без умяшальніцтва войск аднавіць паўнацэнны рух ён не зможа.

Начальнік Магілёўскага губернскага жандарскага ўпраўлення прызнаваў сваё бяссілле. Ён паведамляў, што Гомелькі камітэт саюза чыгуначнікаў мае сувязі са Жлобінскім камітэтам, у склад якога ўвайшлі начальнік дэпо Юры Баброўскі і тэлеграфіст Картанюк, які адказваў за сувязь з Гомельскім камітэтам.

Дырэктар гомельскіх чыгуначных майстэрань 19 снежня канстатаваў, што ўчастак Жлобін-Гомель па-ранейшаму “знаходзіцца ў руках рэвалюцыянераў” і патрабаваў рашучых мер па вызваленні станцый ад мяцежнікаў. З 22 снежня, пасля “зачысткі станцыі ад мяцежнікаў” і арыштаў зачыншчыкаў, нарэшце атрымалася аднавіць рух па згаданым участку чыгункі.

У Беларусі забастоўка ахапіла 17 гарадоў, але ўжо да канца снежня яе задушылі царскія войскі. Баброўскага, Дзепянчука, Хохава і іншых жлобінскіх актывістаў арыштавалі і выслалі са Жлобіна. Безпаспяхова жандары імкнуліся арыштаваць і фактычнага кіраўніка забастоўкі – Сцяпана Калараджыо. Тым не менш, рэпрэсіі часова прыпынілі мясцовы забастовачны рух. У іншых рэгіёнах імперыі забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі, хваляванні працягваліся да лета 1907 года, але ўжо не дасягалі памераў першага года рэвалюцыі.

Рэвалюцыя 1905-1907

Сцяпан Калараджыо

Сын Леаніда Калараджыо, аднаго з лідараў бальшавікоў на тэрыторыі Жлобінскага края. Сям’я паходзіць з Балгарыі. Сцяпан Калараджыо – рабочы станцыі Жлобін, адзін з кіраўнікоў стачкі чыгуначнікаў у снежні 1905 года.

Рэвалюцыйныя падзеі 1905-1907 гадоў так ці інакш закранулі сферы дзяржаўнага кіравання і грамадска-палітычнага жыцця Магілёўскай губерні. Пачалі дзейнічаць губернская і павятовыя камісіі па справах аб выбарах у Дзяржаўную думу. Разгарнулі сваю дзейнасць розныя палітычныя партыі і арганізацыі.

У канцы 1905 – пачатку 1906 года ў губерні з’явіліся аддзелы ліберальных партый – “Саюза 17 кастрычніка” (акцябрыстаў) і Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі (кадэтаў). На рэакцыйных пазіцыях стаяў Саюз рускага народа. Да 1917 года ён заставаўся самай уплывовай і шматлікай партыяй на тэрыторыі Магілёўскай губерні.

Для больш эфектыўнай барацьбы з рэвалюцыянерамі і забастоўшчыкамі ў 1906 годзе ў Магілёўскай губерні сфарміравалі павятовую паліцэйскую варту, што знаходзілася ў веданні Дэпартамента паліцыі Міністэрства ўнутраных спраў і Штаба Асобнага корпуса жандармаў.

Рэвалюцыя 1905-1907 гг. не змагла вырашыць тых праблем, што стаялі перад Расіяй у пачатку XX ст. Але яна падштурхнула змены ў грамадстве. Пад час рэвалюцыі цар быў вымушаны фармальна абвясціць дэмакратычныя свабоды, надзяліць дзяржаўную думу заканадаўчымі паўнамоцтвамі, афіцыйна дазволіць дзейнасць прафсаюзаў. У 1911 годзе ў Магілёўскай і Мінскай губернях увялі мясцовае самакіраванне ў форме земства. Пачалася сталыпінская аграрная рэформа. У выніку яе на Магілёўшчыне ўжо да 1915 годзе з абшчыны выйшла каля 60% сялян. Хутка пайшоў працэс утварэння хутарской сялянскай гаспадаркі. Многія сялянскія сем’і з дапамогай урада перасяляліся на новыя землі ў Сібір і на Далёкі Ўсход.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.