Шчадрын (руск. Щедрин) – вёска, цэнтр Шчадрынскага сельсавета Жлобінскага раёну Гомельскай вобласці. Насельніцтва складае 620 чалавек (2010 г.), знаходзіцца за 38 км на захад ад Жлобіна, за 18 км ад чыгуначнай станцыі Красны Бераг (лінія Бабруйск — Жлобін). На поўначы і ўсходзе цячэ Шчадрынскі канал.
Шчадрын вядомы з XVIII стагоддзя як вёска ў Бабруйскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Гэта вынікае з пісьмовых крыніц. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) ён быў у складзе Сцепскай воласці Бабруйскага павету Расійскай імперыі.
У адпаведнасці з рашэннямі 1804 і 1844 гадоў, “Положением о евреях” (1835 г.), яўрэям дазволілі набываць зямлю для стварэння сельскагаспадарчых паселішчаў. Для перасяленцаў устанавілі пэўныя льготы. У прыватнасці, яўрэйскія сем’і, якія сталі земляробамі, вызваляліся ад пастаўкі рэкрутаў. Але яўрэі і на новым месцы засталіся верныя сабе. Праца на зямлі іх асабліва не цікавіла. І калі ў Расіі ў другой палове XIX стагоддзя адносна хуткімі тэмпамі пачалі развівацца капіталістычныя адносіны, яўрэі з мястэчка Шчадрын праявілі сябе як гандляры лесам.
У 1885 годзе тут былі 3 малітоўныя дамы, школа, 3 крамы. У выніку пажару 17 ліпеня 1896 года згарэла 129 двароў, а 17 жніўня 1909 года – 37 двароў. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы было ўжо 8 яўрэйскіх малітоўных дамоў, 50 крам, аптэка, цагельня, заезны двор. Побач знаходзілася аднайменная сядзіба, у ёй функцыянавалі крама, яўрэйскі малітоўны дом, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, дзейнічала школа. На мяжы XIX і XX стагоддзяў у Шчадрыне працавала 71 крама, а таксама – аптэка і заезны дом.
Хутка расло і насельніцтва Шчадрына. Калі ў 1897 годзе тут пражывалі 4234 жыхары, з іх 4 022 яўрэя, дык ў 1909-м – ужо 5 600. Але хутка яўрэйская моладзь у масавым парадку пачала эміграваць у Амерыку. Самы яскравы прыклад – гісторыя Розы Блюмкін, якая была родам з мястэчка. Яна эмігравала ў ЗША, пабудавала паспяховы бізнэс і стала міліянерам.
У 1926 годзе габрэйскае насельніцтва Шчадрына ўсё яшчэ складала вялікую частку жыхароў (91,1%). А паводле перапісу 1931 года ў мястэчку засталося трохі больш за 2 000 жыхароў.
Тыя, хто застаўся ў БССР, шчыра віталі савецкую ўладу. У 1919 годзе тут адкрылася чатырохкласная школа, дзе заняткі вялі на ідышы. Гэта была адна з першых падобных школ на Беларусі. А ў 1929 у Шчадрыне адным з першых у Беларусі арганізавалі яўрэйскі калгас “Сацыялістычны шлях”. Тут працавалі кузня, шавецкая, кравецкая майстэрні, валюшня, паравы млын, ваўначасальня, пільня, конная крупадрабілка, 4 ветракі. У 1933 стварылі МТС, якая ў 1941 годзе мела 44 трактары.
З 20 жніўня 1924 мястэчка было цэнтрам Шчадрынскага сельсавету Парыцкага раёну Бабруйскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года), з 20 лютага 1938 – Палескай, з 8 студзеня 1954 – Гомельскай вобласці. З 15 ліпеня 1935 яно стала пасёлкам, а з 27 верасня 1938 мястэчка аднеслі да вясковых селішчаў.
Падчас Другой Сусветнай вайны тут дзейнічала падпольная патрыятычная група (кіраўніца – Л.М. Жураўлёва). Жыццё шчадрынскага гета доўжылася каля васьмі месяцаў. Акупацыйныя нямецкія войскі спалілі 100 двароў, а 8 сакавіка 1942 фашысты вывелі застаўшыхся шчадрынцаў да могілак. Тут ужо быў выкапаны роў, куды заганялі людзей, расстрэльвалі і засыпалі зямлёй. Усяго забілі 1 200 жыхароў (яны пахаваныя ў магіле ахвяр фашызму, за 400 метраў на паўднёвы ўсход ад вёскі). Так знікла з Зямлі яўрэйская земляробчая калонія Шчадрын.
Шчадрын вызвалілі 27 чэрвеня 1944 года. У баях каля вёскі ў чэрвені 1944 загінулі 40 савецкіх салдатаў і партызан. Іх пахавалі ў брацкай магіле каля будынка выканкама сельсавета. 98 жыхароў вёскі загінулі на фронце. У чэрвені 1944 года ў вёсцы размяшчаўся шпіталь савецкіх войскаў.
У часы акупацыі працавала каталіцкая капліца, якую пасля вайны закрылі савецкія ўлады. Рэшткі алтара капліцы прадалі касцёлу ў 1991 годзе.
Паводле перапісу 1959 года, Шчадрын – цэнтр калгасу імя К. Варашылава. Тут працавалі малочны і цагельны заводы, камбінат бытавога абслугоўваньня, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, лякарня, аптэка, аддзяленне сувязі, вэтэрынарны ўчастак, сталовая, 5 крам.
У 2004 засталося 288 гаспадарак, 760 жыхароў, а ў 2010 – 620 жыхароў.
У 1981 годзе летапіс мястэчка “Сто гадоў існавання яўрэйскага мястэчка Шчадрына” надрукаваў Майсей Ляхавіцкі.


2 Каментары