Леанід Пятроўскі нарадзіўся ў 1902 годзе на Данбасе. Да рэвалюцыі паспеў адслужыць у імператарскай арміі, пасля адвучыўся ў школе прапаршчыкаў, атрымаў пасаду малодшага афіцэра роты запаснога кулямётнага палка ў Петраградзе, потым — камандзіра роты. У лістападзе 1917 года ўжо ў атрадах Чырвонай гвардыі браў удзел у штурме Зімовага палаца. Удзельнічаў у баях супраць германскіх войск на Паўночным фронце і на Усходнім фронце супраць Калчака. У 1920 годзе на савецка-польскай вайне быў цяжка паранены, трапіў у палон, але па абмене вярнуўся на радзіму. Пасля была вучоба ў Ваеннай акадэміі Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, курсы ўдасканалення вышэйшага кіруючага саставу. Потым яго прызначылі камандзірам стралковай дывізіі, пазней – камандзірам 5-га стралковага корпуса Беларускай ваеннай акругі, камандуючым Сярэднеазіяцкай ваеннай акругай, членам Ваеннага савета і намеснікам камандуючага Маскоўскай ваеннай акругі.
У канцы 1938 года яго звольнілі з арміі. Ён знаходзіўся пад следствам у органах НКУС, аднак Пятроўскага не арыштавалі. У жніўні 1940 года справа ў дачыненні да Леаніда Пятроўскага спынілі. Яго аднавілі ў званні і прызначылі на пасаду камандзіра 63-га стралковага корпуса.
З пачаткам вайны ягоны корпус перадыслацыраваны на заходні напрамак. Вядома, што з Беларуссю былі звязаны гады камандзірскай маладосці военачальніка. Тут пачалася гісторыя і яго асабістага шчасця. У 1923 годзе ў Віцебску Леанід Рыгоравіч пазнаёміўся з Надзеяй Вікулавай, будучай жонкай. У 1937 годзе на пасадзе камкора 5-га стралковага корпуса на Беларусі праводзіў вучэнні: наступленне ад Бабруйска на Рагачоў і Жлобін…
З успамінаў малодшага лейтэнанта П. А. Лушнікава
Малодшы лейтэнант П. А. Лушнікаў, які змагаўся ў шэрагах 465-га гвардзейскага стралковага палка, успамінаў пасля вайны: «...у размяшчэнне дывізіі на грузавой машыне прыбыў камкор таварыш Пятроўскі Л. Р. і аддаў загад збіць з пазіцый не паспеўшыя абкапацца нямецкія часці. Дывізія рынулася ў атаку... Нават цяпер, праз 30 гадоў, цяжка забыць яе. Дывізія знаходзілася ў старым хваёвым бары. Немцы адкрылі шалёны агонь з усіх відаў артылерыі і мінамётаў. У нас на вачах падалі гіганцкія хвоі. Мы перайшлі ў імклівую штыкавую атаку. Вялікую частку немцаў знішчылі на месцы, а астатнія кінуліся назад у раку Дняпро перапраўляцца ў горад Рагачоў».
З успамінаў Леаніда Папкоўскага
У Жлобінскім краязнаўчым музеі музеі захоўваюцца таксама і ўспаміны пра баі за Жлобін і Леаніда Папкоўскага, камандзіра батарэі 3-га дывізіёна 63-га стралковага корпуса: «Фарсіравалі Дняпро побач з падарваным чыгуначным мастом. Прыкрываў пераправу бронецягнік, што стаяў паблізу падарванага маста з боку Гомеля. Каля пераправы быў і камандзір корпуса Пятроўскі. Я далажыў становішча, ён тут жа даў распараджэнне палкоўніку, які кіраваў пераправай, прапусціць гарматы за Дняпро і загадаў на тым баку арганізаваць прыкрыццё пераправы, каб даць магчымасць прапусціць за раку больш тэхнікі і войск. Што і было зроблена».
З успамінаў Г. П. Куляшова
Г. П. Куляшоў, камандзір 318-га гаўбічнага артылерыйскага палка 63-га стралковага корпуса палкоўнік у сваіх успамінах згадваў адзін цікавы выпадак: «Наткнуўшыся на лютае супраціўленне нямецкай пяхоты, што ўмацавалася на вышыні, 154-я стралковая дывізія запаволіла наступленне. Л. Р. Пятроўскі загадаў палкоўніку Фоканаву на досвітку сіламі аднаго стралковага палка атакаваць вышыню і выбіць адтуль ворага. Раніцай камандзір корпуса з'явіўся ў размяшчэнні палка, якому была пастаўлена гэтая баявая задача. Нападзенне затрымлівалася. Камандзір палка растлумачыў прычыну затрымкі тым, што інтэнсіўны агонь праціўніка не дасць нават галаву падняць. Выслухаўшы даклад камандзіра палка, Л. Р. Пятроўскі моўчкі павярнуўся і пайшоў па акопе. Потым ён вылез на бруствер і спакойна пайшоў уздоўж акопа. Камандзіру палка і камбатам прыйшлося ісці за ім. Як і меркаваў Пятроўскі, вораг, як кажуць у такіх выпадках, «палохаў» і вёў не асабліва прыцэльную стральбу. Прайшоўшы па брустверы перад усім батальёнам і спусціўшыся ў акоп, Пятроўскі ціха спытаў камандзіра палка: «Дык вы кажаце, нельга галаву падняць?» Той збянтэжыўся, маўчаў.
Леанід Рыгоравіч спакойна распарадзіўся: «Даю вам на арганізацыю нападзення дзве гадзіны. Праз дзве гадзіны трыццаць хвілін вышыня павінна быць узята». У прызначаны тэрмін полк авалодаў вышынёй».
Без боепрыпасаў і харчавання, у акружэнні, генерал Пятроўскі здзейсніў прарыў даручаных яму часцей. З групай байцоў ён прарваўся да часцей, што закрывалі адыход дывізій, каб дапамагчы ім адбіцца ад ворага. Леанід Пятроўскі зноў наперадзе байцоў, сам вядзе іх у атаку.
16 жніўня 1941 года ў 12 гадзін ён аддаў загад на прарыў, дзе рукой дапісаў: «Усяму нач.саставу, незалежна ад звання і пасады, у перыяд начной атакі, аж да злучэння часцей корпуса з часцямі Чырвонай Арміі знаходзіцца ў перадавых ланцугах, маючы пры сабе эфектыўную зброю з задачай аб’яднаць вакол сябе ўвесь асабовы склад дывізіі…»
У раёне Чацвярні Пятроўскі ўдакладніў задачы. Атака прызначалася на 3 гадзіны 17 жніўня 1941 года. Успыхнулі рукапашныя сутычкі. Загінуў ў штыкавой атацы начальнік штаба корпуса А. Фейгін, цяжка паранілі начальніка артылерыі А. Казакова, па-геройску загінуў ад’ютант генерала – лейтэнант В. Колесаў, а група на чале з Леанідам Пятроўскім трымалася. 17 жніўня Пятроўскага паранілі. Як сцвярджаюць гісторыкі, каб пазбегнуць палону, ужо атрымаўшы раненне, генерал застрэліўся. Было гэта паміж вёскамі Рудзенка і Скепня Пірэвіцкага сельсавета Жлобінскага раёна.
Захаваўся ліст Леаніда Пятроўскага, што ён напісаў у апошнія дні жыцця
Захаваўся ліст Леаніда Пятроўскага, што ён напісаў у апошнія дні жыцця сваёй жонцы: «Прывітанне і найлепшыя пажаданні. Карыстаючыся выпадкам, пішу гэту пісульку, каб паслаць Вам пару фатаграфій. Адна, па-мойму, нядрэнная. Здымаўся ў лесе, недалёка ад таго месца, дзе мы жывём. У нас сёння «весела». Ноч мы не спалі, ды і цяпер у напружанні. Я здаровы і жывы. Пішыце мне. Нашы таварышы ўжо атрымліваюць ад сваіх лісты, у якіх мяне віншуюць са званнем. Я апрануў ужо генеральскія зорачкі і хаджу як у новай форме. Заканчваю. Прывітанне ўсім. Вас усіх цалую, гэта значыць цябе, Надзя, і Волю. Усім прывітанне. Ваш Леанід. 13.08.41».
У жніўні 1941 года генерала Пятроўскага пахавалі на ўзлеску вёскі Рудзенка. І гэтыя гісторыя мае цікавы працяг. Немцы былі настолькі ўражаныя баявымі здольнасцямі 63-га корпуса, што празвалі яго “чорным”. Больш за тое, немцы хавалі самаго Пятроўскага з усімі воінскімі почысцямі, як годнага суперніка і героя. На магіле было напісана: “Генерал-лейтэнант Пятроўскі. Кіраўнік “Чорнага корпуса”.
У 1944 годзе парэшткі генерала перапахавалі ў брацкай магіле ў вёсцы Старая Рудня. Там жа цяпер узвышаецца бронзавы бюст генерала Пятроўскага. На самім жа месцы гібелі гэтага гераічнага чалавека ў 1979 годзе устанавілі помнік з надпісам-прысвячэннем: «Тут 17.VІІІ.1941 г. па-геройску загінуў камандзір 63-га стралковага корпуса генерал-лейтэнант Пятроўскі Леанід Рыгоравіч».


