Страшнае лета. Жлобін у 1941 годзе.

Жлобін у 1941

Савецка-германская вайна стала працягам Другой Сусветнай і пачалася 22 чэрвеня 1941 года. Гэта была адна з самых крывавых войн у нашай гісторыі. Ейным закладнікам стаў наш народ.

Страшную трагедыю перажыў Жлобін у гады ваеннага ліхалецця. Ужо 27 чэрвеня 1941 года, праз 5 дзён пасля вайны, авіяцыя гітлераўцаў бамбіла Жлобінскі чыгуначны вузел. Яго ўжо на трэці дзень ад пачатку вайны перавялі на надзвычайны графік работы: у дэпо зманціравалі бронецягнік і накіравалі ў прыфрантавую зону. Тут жа ў дэпо сталі вырабляць санітарныя вагоны-лятучкі.

У Жлобіне і Стрэшыне стварылі знішчальныя батальёны і атрады самаабароны. Яны мелі пэўныя задачы – выведка, прадухіленне панікі і дыверсій, захаванне грамадскага парадку, дапамога ў правядзенні эвакуацыі. Жлобінскі знішчальны батальён стварылі 27 чэрвеня, у ім было звыш 100 чалавек. Фарміраваўся ён з партыйных і савецкіх работнікаў, камсамольцаў, супрацоўнікаў НКУС, актывістаў. Адначасова з добраахвотнікаў і моладзі непрызыўнога ўзросту ствараліся атрады і групы народнага апалчэння. У Жлобіне толькі на чыгуначным вузле ў такім атрадзе былі 100 чалавек.

Раптоўны напад нацысцкай Германіі на СССР, памылкі савецкага камандавання і вярхоў партыйнага і дзяржаўнага апарату прывялі да паразы памежных груповак войск Чырвонай Арміі. ЦК Камуністычнай партыі Беларусі, Савет народных камісараў БССР эвакуіравалі, з 25 чэрвеня па 3 ліпеня 1941 года яны знаходзіліся ў Магілёве. Тут жа размясціўся першы штаб Заходняга фронту.

Сітуацыя была крытычнай. Ад Мінска да Дняпра практычна не было вялікіх баяздольных злучэнняў Чырвонай Арміі. Фактычна без бою 28 чэрвеня фашысты захапілі Бабруйск. Спроба адбіць Бабруйскую крэпасць і арганізаваць абарону на ўсходнім беразе Беразіны не ўдалося. Часці вермахта пачалі рух на Магілёў, Жлобін і Рагачоў.

Савецкае камандаванне вялікія надзеі звязала з абаронай на рубяжу Дзвіна–Днепр. Падцягнутыя з усходу вайсковыя злучэнні з дапамогай апалчэнцаў і жыхароў вобласці паспрабавалі прыпыніць наступ гітлераўскай армады. Важнае месца ў арганізацыі новай лініі абароны на Дняпры адводзілася Жлобіну і Рагачову.

Жлобін у 1941

5 ліпеня Жлобін акупавалі гітлераўцы, аднак ужо праз тыдзень, падчас Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 13 ліпеня 1941 года, Жлобін і Рагачоў вызвалілі. Сёння мы можам сказаць, што менавіта тут, на шматпакутнай беларускай зямлі ў ліпені-жніўні 1941 года была пастаўлена першая заслона на напрамку галоўнага ўдару. Тут цаной невымоўных пакут і невымернай мужнасці, здарыліся першыя ваенныя перамогі ў вайне. Міф пра непераможнасць гітлераўскай арміі развеяўся.

14 ліпеня 1941 года ўся краіна слухала зводку Савецкага інфармбюро:

«На працягу 13 ліпеня на заходнім напрамку нашы войскі штурмам авалодалі гарадамі Жлобін і Рагачоў. На асобных участках гэтага кірунку ўвесь дзень ішлі лютыя баі з буйнымі сіламі пяхоты і танкаў суперніка.”

13-15 ліпеня 1941 года сілы 63-га стралковага корпуса пад камандаваннем камкора Л.Г. Пятроўскага нанеслі першы і найбольш дзейсны контрудар Чырвонай Арміі. Ён стаў яскравым прыкладам супраціву.

Пятроўскі Леанід Рыгоравіч

Леанід Пятроўскі нарадзіўся ў 1902 годзе на Данбасе. Да рэвалюцыі паспеў адслужыць у імператарскай арміі, пасля адвучыўся ў школе прапаршчыкаў, атрымаў пасаду малодшага афіцэра роты запаснога кулямётнага палка ў Петраградзе, потым — камандзіра роты. У лістападзе 1917 года ўжо ў атрадах Чырвонай гвардыі браў удзел у штурме Зімовага палаца. Удзельнічаў у баях супраць германскіх войск на Паўночным фронце і на Усходнім фронце супраць Калчака. У 1920 годзе на савецка-польскай вайне быў цяжка паранены, трапіў у палон, але па абмене вярнуўся на радзіму. Пасля была вучоба ў Ваеннай акадэміі Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, курсы ўдасканалення вышэйшага кіруючага саставу. Потым яго прызначылі камандзірам стралковай дывізіі, пазней – камандзірам 5-га стралковага корпуса Беларускай ваеннай акругі, камандуючым Сярэднеазіяцкай ваеннай акругай, членам Ваеннага савета і намеснікам камандуючага Маскоўскай ваеннай акругі. У канцы 1938 года яго звольнілі з арміі. Ён знаходзіўся пад следствам у органах НКУС, аднак Пятроўскага не арыштавалі. У жніўні 1940 года справа ў дачыненні да Леаніда Пятроўскага спынілі. Яго аднавілі ў званні і прызначылі на пасаду камандзіра 63-га стралковага корпуса.

З пачаткам вайны ягоны корпус перадыслацыраваны на заходні напрамак. Вядома, што з Беларуссю былі звязаны гады камандзірскай маладосці военачальніка. Тут пачалася гісторыя і яго асабістага шчасця. У 1923 годзе ў Віцебску Леанід Рыгоравіч пазнаёміўся з Надзеяй Вікулавай, будучай жонкай. У 1937 годзе на пасадзе камкора 5-га стралковага корпуса на Беларусі праводзіў вучэнні: наступленне ад Бабруйска на Рагачоў і Жлобін...

Малодшы лейтэнант П. А. Лушнікаў, які змагаўся ў шэрагах 465-га гвардзейскага стралковага палка, успамінаў пасля вайны: «...у размяшчэнне дывізіі на грузавой машыне прыбыў камкор таварыш Пятроўскі Л. Р. і аддаў загад збіць з пазіцый не паспеўшыя абкапацца нямецкія часці. Дывізія рынулася ў атаку... Нават цяпер, праз 30 гадоў, цяжка забыць яе. Дывізія знаходзілася ў старым хваёвым бары. Немцы адкрылі шалёны агонь з усіх відаў артылерыі і мінамётаў. У нас на вачах падалі гіганцкія хвоі. Мы перайшлі ў імклівую штыкавую атаку. Вялікую частку немцаў знішчылі на месцы, а астатнія кінуліся назад у раку Дняпро перапраўляцца ў горад Рагачоў».



Жлобінскім краязнаўчым музеі музеі захоўваюцца таксама і ўспаміны пра баі за Жлобін і Леаніда Папкоўскага, камандзіра батарэі 3-га дывізіёна 63-га стралковага корпуса:
«Фарсіравалі Дняпро побач з падарваным чыгуначным мастом. Прыкрываў пераправу бронецягнік, што стаяў паблізу падарванага маста з боку Гомеля. Каля пераправы быў і камандзір корпуса Пятроўскі. Я далажыў становішча, ён тут жа даў распараджэнне палкоўніку, які кіраваў пераправай, прапусціць гарматы за Дняпро і загадаў на тым баку арганізаваць прыкрыццё пераправы, каб даць магчымасць прапусціць за раку больш тэхнікі і войск. Што і было зроблена».

Г. П. Куляшоў, камандзір 318-га гаўбічнага артылерыйскага палка 63-га стралковага корпуса палкоўнік у сваіх успамінах згадваў адзін цікавы выпадак: «Наткнуўшыся на лютае супраціўленне нямецкай пяхоты, што ўмацавалася на вышыні, 154-я стралковая дывізія запаволіла наступленне. Л. Р. Пятроўскі загадаў палкоўніку Фоканаву на досвітку сіламі аднаго стралковага палка атакаваць вышыню і выбіць адтуль ворага. Раніцай камандзір корпуса з'явіўся ў размяшчэнні палка, якому была пастаўлена гэтая баявая задача. Нападзенне затрымлівалася. Камандзір палка растлумачыў прычыну затрымкі тым, што інтэнсіўны агонь праціўніка не дасць нават галаву падняць. Выслухаўшы даклад камандзіра палка, Л. Р. Пятроўскі моўчкі павярнуўся і пайшоў па акопе. Потым ён вылез на бруствер і спакойна пайшоў уздоўж акопа. Камандзіру палка і камбатам прыйшлося ісці за ім. Як і меркаваў Пятроўскі, вораг, як кажуць у такіх выпадках, «палохаў» і вёў не асабліва прыцэльную стральбу. Прайшоўшы па брустверы перад усім батальёнам і спусціўшыся ў акоп, Пятроўскі ціха спытаў камандзіра палка: «Дык вы кажаце, нельга галаву падняць?» Той збянтэжыўся, маўчаў.

Леанід Рыгоравіч спакойна распарадзіўся: «Даю вам на арганізацыю нападзення дзве гадзіны. Праз дзве гадзіны трыццаць хвілін вышыня павінна быць узята». У прызначаны тэрмін полк авалодаў вышынёй».

Без боепрыпасаў і харчавання, у акружэнні, генерал Пятроўскі здзейсніў прарыў даручаных яму часцей. З групай байцоў ён прарваўся да часцей, што закрывалі адыход дывізій, каб дапамагчы ім адбіцца ад ворага. Пятроўскі зноў наперадзе байцоў, сам вядзе іх у атаку.

16 жніўня 1941 года ў 12 гадзін ён аддаў загад на прарыў, дзе рукой дапісаў: «Усяму нач.саставу, незалежна ад звання і пасады, у перыяд начной атакі, аж да злучэння часцей корпуса з часцямі Чырвонай Арміі знаходзіцца ў перадавых ланцугах, маючы пры сабе эфектыўную зброю з задачай аб'яднаць вакол сябе ўвесь асабовы склад дывізіі...»

У раёне Чацвярні Пятроўскі ўдакладніў задачы. Атака прызначалася на 3 гадзіны 17 жніўня 1941 года. Успыхнулі рукапашныя сутычкі. Загінуў ў штыкавой атацы начальнік штаба корпуса А. Фейгін, цяжка паранілі начальніка артылерыі А. Казакова, па-геройску загінуў ад'ютант генерала – лейтэнант В. Колесаў, а група на чале з Леанідам Пятроўскім трымалася. 17 жніўня Пятроўскага паранілі. Як сцвярджаюць гісторыкі, каб пазбегнуць палону, ужо атрымаўшы раненне, генерал застрэліўся. Было гэта паміж вёскамі Рудзенка і Скепня Пірэвіцкага сельсавета Жлобінскага раёна.


Помнік на месцы смерці Пятроўскага каля вёскі Рудзенка.

Захаваўся ліст Леаніда Пятроўскага, што ён напісаў у апошнія дні жыцця сваёй жонцы: «Прывітанне і найлепшыя пажаданні. Карыстаючыся выпадкам, пішу гэту пісульку, каб паслаць Вам пару фатаграфій. Адна, па-мойму, нядрэнная. Здымаўся ў лесе, недалёка ад таго месца, дзе мы жывём. У нас сёння «весела». Ноч мы не спалі, ды і цяпер у напружанні. Я здаровы і жывы. Пішыце мне. Нашы таварышы ўжо атрымліваюць ад сваіх лісты, у якіх мяне віншуюць са званнем. Я апрануў ужо генеральскія зорачкі і хаджу як у новай форме. Заканчваю. Прывітанне ўсім. Вас усіх цалую, гэта значыць цябе, Надзя, і Волю. Усім прывітанне. Ваш Леанід. 13.08.41».

У жніўні 1941 года генерала Пятроўскага пахавалі на ўзлеску вёскі Рудзенка. І гэтыя гісторыя мае цікавы працяг. Немцы былі настолькі ўражаныя баявымі здольнасцямі 63-га корпуса, што празвалі яго “чорным”. Больш за тое, немцы хавалі самаго Пятроўскага з усімі воінскімі почысцямі, як годнага суперніка і героя. На магіле было напісана: “Генерал-лейтэнант Пятроўскі. Кіраўнік “Чорнага корпуса”.

У 1944 годзе парэшткі генерала перапахавалі ў брацкай магіле ў вёсцы Старая Рудня. Там жа цяпер узвышаецца бронзавы бюст генерала Пятроўскага. На самім жа месцы гібелі гэтага гераічнага чалавека ў 1979 годзе устанавілі помнік з надпісам-прысвячэннем: «Тут 17.VІІІ.1941 г. па-геройску загінуў камандзір 63-га стралковага корпуса генерал-лейтэнант Пятроўскі Леанід Рыгоравіч».


Помнік Пятроўскаму ў вёсцы Старая Рудня

Рагачоўска-Жлобінская аперацыя (контрудар на Рагачоўска-Жлобінскім напрамку)

Аперацыю правёў 63-ці стралковы корпус (камкор Л. Пятроўскі) 21-й арміі Заходняга (пазней – Цэнтральнага) фронту: 13 ліпеня-17 жніўня. Была складовай часткай Смаленскай бітвы 1941 года. Корпус (154-я, 167-я, 61-я стралковыя дывізіі, 387-ы, 503-ці і 318-ты гаўбічныя палкі) займаў абарону на левым беразе Дняпра на рубяжы Збароў-Гадзілавічы-Рагачоў-Стрэшын працягласцю 70 км. 6 ліпеня часці 117-й дывізіі правялі разведку боем, падчас яе авалодалі Жлобінам і прасунуліся на паўночны захад уздоўж Бабруйскай шашф. Праціўнік тэрмінова падцягнуў на гэты напрамак матарызаваную і пяхотную дывізіі, таму корпус пад ціскам адышоў на зыходныя пазіцыі, нанёс ў жорсткіх баях праціўніку вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы, сарваў разлікі камандвання нямецкай групы армій “Цэнтр” з ходу фарсіраваць Дняпро на гэтым участку фронту. 12 ліпеня камандуючы Заходнім фронтам Маршал Савецкага Саюза С. К Цімашэнка загадаў 21-й арміі сіламі 63-га і 66-га стралковых карпусоў (генерал-маёр Ф. Рубцоў) нанесці ўдар на Бабруйскім напрамку, 67-му стралковаму корпусу (камбрыг П. Жмачэнка) – наступаць ад зборава ўздоўж Дняпра на поўнач з мэтай знішчыць групоўку ворага, што прарвалася ў раёне Быхава.

13 ліпеня войскі 21-й арміі перайшлі ў контрнаступ. 63-ці корпус фарсіраваў Дняпро, вызваліў Жлобін, Рагачоў і развіў наступ на Бабруйск. Да канца ліпеня корпус уклініўся да 30 км у размяшчэнне ворага. Праціўнік кінуў супраць прарыву 8 дывізій. 14 жніўня нямецкія войскі прарвалі абарону і зайшлі ў тыл корпуса. Па загадзе

ваеннага савета фронта часці корпуса з 17 жніўня выходзілі з баямі ў напрамку Гомеля.

У выніку Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1941 года вораг панёс істотныя страты. Аперацыя затрымала ягоны рух на ўсход і скавала значныя сілы. Разам з тым горад Жлобін вызвалілі ад ворага на цэлы месяц – да 14 жніўня 1941 года.

Спыніўшы ворага на Дняпры, савецкія войскі далі магчымасць эвакуяваць са Жлобіна, Гомеля і іншых населеных пунктаў прадпрыемствы і частку жыхароў. У тыл адправілі абсталяванне 56 заводаў і фабрык і значную колькасць гатовай прадукцыі. Контрудар на Дняпры адыграў вялікую ролю ў пачатковым перыядзе вайны.

Жлобін у 1941
Жлобін у 1941

Войскі, што бралі ўдзел у абароне Жлобіна і раёна ў ліпені-жніўні 1941 года:

  • 21-я армія Заходняга (пазней – Цэнтральнага) фронта.
  • 63-і стралковы корпус (камкор генерал-лейтэнант Леанід Рыгоравіч Пятроўскі).
  • Стралковыя дывізіі: 117-я (палкоўнік, пасля генерал-маёр, ганаровы грамадзянін Жлобіна – Іван Лукіч Хіжняк, з канца ліпеня – генерал-маёр Якаў Сцяпанавіч Факанаў).
  • Лобінскі знішчальны батальён (камандзір Уладзімір Арцёмавіч Міронаў).

Імёны герояў легендарнай вайсковай аперацыі назаўжды засталіся ў гісторыі войск Беларускай ваеннай акругі і Узброеных сіл РБ. Вуліцы Жлобіна носяць імёны Пятроўскага, Факанава, Баталава.

Мурал з выявай Л.Пятроўскага на вуліцы Першамайскай (г.Жлобін)

На цэнтральнай плошчы Жлобіна, што назвалі плошчай Вызваліцеляў ў гонар герояў 1941-1944 гг., усталявалі ўнікальны для Беларусі памятны знак – стэлу з надпісам: “В тяжелый 1941 год 15 VII воины 21-й Армии взяли штурмом оккупированный Жлобин”.

Жлобін у 1941

У аперацыі разам з савецкімі войскамі ўдзельнічалі байцы Жлобінскага і Рагачоўскага знішчальных батальнаў (камандзір В. Міронаў і М. Калінковіч). Створаныя ў горадзе і раёне групы народнага апалчэння вялі разведку ў тыле ворага, удзельнічалі ў баях.

Жлобінскі знішчальны батальён

Плячо ў плячо з вайсковымі часцямі ў абароне горада і нанясенні кантрудара ўдзельнічалі байцы Жлобінскага знішчальнага батальёна. Ён быў створаны 27 чэрвеня 1941 года.

Камандзірам батальёна прызначылі інструктара ЦК КП(б)Б А. Міронава, які прыбыў у горад, камісарам стаў М.Д. Шапіра, пазней – Злынаў, начальнікам штаба прызначылі А.М. Ярашава, які партызаніў на Гомельшчыне яшчэ ў Грамадзянскую вайну. На знішчальны батальён была ўскладзена задача – дапамога і падтрымка вайсковым часцям, барацьба з дыверсантамі, ахова аб'ектаў, удзел у эвакуацыі. У складзе Жлобінскага знішчальнага батальёна да сярэдзіны жніўня знаходзілася 170 чалавек. За адвагу і мужнасць, праяўленыя ў баях з гітлераўцамі, былі ўзнагароджаны ўрадавымі ўзнагародамі: А. Міронаў, А.М. Ярашаў – ордэнам Чырвонага сцяга, А.П. Ткачоў і П. Тамкоў – ордэнам Чырвонай Зоркі, Г.А. Шандаровіч – медалём «За баявыя заслугі».

Калі знішчальны батальён спыніў сваё існаванне, мужныя байцы, якія засталіся ў жывых, бралі ўдзел у арганізацыі падполля, партызанскіх атрадаў, змагаліся на франтах.

Жлобін у 1941
Жлобін. Жанчыны на тэрыторыі медсанбату. 1941 г.

Савецкае інфармбюро пра баі пад Жлобіным

Карная аперацыя НКВД БССР у раёне Жлобіна 23-30 чэрвеня 1941 года.

Асобнай чорнай плямай у савецкай гісторыі ёсць ганебныя карныя аперацыі, што адбываліся ў першы тыдзень германа-савецкай вайны. У афіцыйных дакументах НКВД гэтыя дзеянні называліся “разгрузка турмаў”, або “убытие 1-й категории”.

23 чэрвеня наркам дзяржбяспекі СССР Меркулаў У.М. выдаў тэлеграму, дзе адзначалася неабходнасць скласці спісы на расстрэл. У дакладной запісцы намнаркама ўнутраных спраў Чарнышова ад 4 ліпеня на імя Л. Берыя адзначаліся захады па “разгрузцы турмаў”. Парадак “разгрузкі” быў наступны:

“1. Вывозу в тыл подлежат только подследственные заключенные, в отношении которых дальнейшее следствие необходимо для раскрытия диверсионных, шпионских и террористических организаций и агентуры врага.

2. Женщин с детьми при них, беременных и несовершеннолетних, за исключением диверсантов, шпионов и т. п. особо опасных, - освобождать…

4. Ко всем остальным заключенным (в том числе дезертирам) применять ВМН – расстрел.”

У выніку з 33 турмаў БССР правесці “эвакуацыю” атрымалася толькі ў 14-ці.

З прыведзеных дадзеных табліцы 2 мы бачым месцы расстрэлаў вязняў і прыкладную колькасць ахвяраў. Сярод іх расстраляныя і ў Жлобіне. На сёння дакладныя месцы масавых расстрэлаў на Жлобіншчыне невядомыя.

Такія захады праводзіліся і далей у 1941 годзе і цягам 1942 года. Інфармацыя даецца паводле адкрытых архіўных звестак гісторыка М. Кузняцова.

4 Каментары

  • […] планы. У лістападзе 1944 года семнаццацігадовы Хведар быў прызваны ў рады Чырвонай арміі са Стрэшына. Паколькі вайна набліжалася да завяршэння, на фронт […]

  • […] Пачатак Другой Сусветнай вайны ў Беларусі рэзка змяніў мірнае жыццё мастака. З першых дзён ваенных дзеянняў Мікалай Кавязін пайшоў на фронт, дзе служыў байцом на бронецягніку і браў удзел у небяспечных дэсантных аперацыях. […]

  • […] Жыццёвы шлях Аляксандра Татарынава — гэта прыклад глыбокага служэння свайму народу, прафесійнага гераізму і нязломнай вернасці прызванню. Ён нарадзіўся 23 жніўня 1922 года ў вёсцы Нівы Жлобінскага раёна. Юнацтва будучага лекара супала з драматычнымі падзеямі міжваеннага перыяду. Скончыўшы сельскую сямiгодку і сярэднюю школу, ён свядома абраў шлях медыцыны і паступіў у Гомельскае медыцынскае вучылішча, якое паспяхова скончыў у фатальным 1941 годзе. […]

  • […] аэрафотаздымкі часоў Другой сусветнай вайны — гэта унікальныя гістарычныя дакументы, якія […]

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.