Уваходжанне ў склад Вялікага Княства Літоўскага

У ХІІІ стагоддзі дзве страшныя небяспекі пагражалі ўсходнеславянскім землям. З захаду славян ваявалі нямецкія крыжаносцы, з ўсходу – мангола-татарскія орды.

Нашэсце Батыя з большага абмінула беларускія землі, але не Гомельшчыну. Згодна з археалагічнымі дадзенымі, Гомель моцна пацярпеў падчас мангола-татарскага нашэсця ў першай палове ХІІІ стагоддзя. Апошнія археалагічныя даследаванні паказваюць, што, імаверна, ў першай палове ХІІІ стагоддзя мангола-татары спалілі не толькі Гомель, гарады на Прыпяці, але нават Магілёў і Свіслач (Асіповіцкі раён). Безумоўна пацярпелі і землі Жлобіншчыны і Рагачоўшчыны, што знаходзіліся паміж гэтымі гарадамі. У другой палове стагоддзя жыхары Гомельшчыны, усходняй Магілёўшчыны (Мсціслаўскія і Прапойскія землі), магчыма, плацілі даніну Залатой Ардзе.

Ва ўмовах неабходнасці яднання для барацьбы з чужынцамі і пад уплывам сацыяльна-эканамічных фактараў на беларускіх і літоўскіх земляхутварылася новая дзяржава, што пазней стане магутнай і будзе называцца Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае і іншых зямель. Новае дзяржаўнае ўтварэнне аб’яднала народы сучаснай Беларусі і Літвы, потым – часткова Латвіі, Украіны і Расіі.

Большасць беларускіх зямель або добраахвотна, або мірна ўвайшла ў новую дзяржаву. Ужо пры Гедыміне ў першай палове ХІV стагоддзя ВКЛ кантралявала ўсё дняпроўскае, у тым ліку і жлобінскае, правабярэжжа. А Вялікі князь Альгерд аб’яднаў і надзейна абараняў усе беларускія і большую частку ўкраінскіх зямель. Ён заваяваў у 1335 годзе Гомельшчыну, у тым ліку левабярэжжа Дняпра, а ў 1358 годзе і Пасожжа канчаткова далучыў да ВКЛ.

Такім чынам, з сярэдзіны XІV стагоддзя усе жлобінскія паселішчы ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У гэтай магутнай і дастаткова дэмакратычнай для таго часу дзяржаве яны знаходзіліся да канца XVІІІ стагоддзя.

Жлобін у складзе Вялікага Княства Літоўскага
Землі Вялікага княства Літоўскага ад Балтыйскага да Чорнага мора

Продкі жлобінцаў разам з ваярамі іншых зямель ВКЛ удзельнічалі ў шматлікіх ваенных паходах і бітвах, што вяла гэтая вялікая на той час еўрапейская дзяржава. Яны змагаліся з татарамі ў бітве на Сініх Водах у 1362 годзе і дапамаглі ўкраінцам вызваліцца ад ардынскага панавання, хадзілі тройчы на Маскву ў 1368, 1370 і 1372 гадах, дапамагалі біць тэўтонскіх рыцараў на Грунвальдскім полі ў 1410 годзе і на пяць стагоддзяў прыпынілі нямецкую агрэсію на ўсход.

Выбітныя бітвы і паходы войска ВКЛ у XІV-XV стагоддзях

Жлобін у складзе Вялікага Княства Літоўскага

У 1362 годзе Альгерд разбіў на берагах ракі Сінія воды трох татарскіх князёў, якія спрабавалі зноў падпарадкаваць сабе Падольскую зямлю, адваяваную ў іх бацькам Альгерда, Гедзімінам. Перамога Альгерда над Крымскай, Перакопскай і Ямбалуцкай ордамі татар у бітве на Сініх Водах падарвала магутнасць Залатой Арды і паклала пачатак вызваленню ўсходнеславянскіх народаў ад золатаардынскага ярма, спрыяла далучэнню ўкраінскіх зямель, у тым ліку Кіева да ВКЛ, падаравала надзею на незалежнасць маскоўскім землям, на доўгі час ліквідавала пагрозу набегаў качэўнікаў на паўднёвую частку дзяржавы.

Вялікі князь Альгерд

У 1368, 1370 і 1372 гадах на Маскву разам з вялікім князем Альгердам выпраўляліся жыхары ўсходняй Беларусі. ВКЛ тады тройчы хістала Маскоўскае княства.

Яно выступала на баку яго суперніка – Цвярскога княства. Гэтым паходам далі назву “Літоўшчына”.

Жлобін у складзе Вялікага Княства Літоўскага

Пасля Крэўскай уніі аб’яднаныя сілы Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў 1410 годзе ў вырашальнай бітве на грунвальдскім полі дашчэнту разбілі крыжацкія войскі Тэўтонскага ордэна. У крытычны момант бітвы выключную мужнасць паказалі воіны аршанскай, мсціслаўскай і смаленскай харугваў на чале з князем Сямёнам (Лугвенам) Альгердавічам. Яны не пахіснуліся нават тады, калі польскае войска апынуліся на мяжы разгрому. Іх трываласць стала адным з вырашальных фактараў перамогі. Разгром крыжакоў пад Грунвальдам на пяць стагоддзяў прыпыніў нямецкую агрэсію на ўсход.

Не толькі войны, але і голад, паморкі былі страшным ліхам тых часоў. Вялікі голад 1315-1317 гадоў нечакана абрынуўся на Еўропу ў пачатку XIV стагоддзя. Тры папярэднія стагоддзі наадварот панавала вельмі спрыяльнае надвор’е. Голад выклікаў мільёны смерцяў. Ён ахапіў амаль усю паўночную і цэнтральную Еўропу, але тэрыторыю на ўсход ад Польшчы, у тым ліку Падняпроўе, голад моцна не закрануў.

Вялікі голад 1315-1317 гадоў

Вялікі голад 1315-1317 гадоў (часам пазначаецца перыяд 1315-1322 гадоў) – першае ў чарзе буйнамаштабных бедстваў Позняга Сярэднявечча, што напаткалі Еўропу ў пачатку XIV стагоддзя. Вялікі голад выклікаў мільёны смерцяў (паводле ацэнак, памерла ад 10 да 25 % толькі гарадскога насельніцтва) і стаў канцом папярэдняга перыяду росту і росквіту XI-XIII стагоддзяў. Ён ахапіў амаль усю Паўночную Еўропу – цяперашнюю тэрыторыю Вялікабрытаніі, Францыю, Скандынавію, Нідэрланды, Германію і Польшчу.

Голад не закрануў Еўропу на поўдзень ад Альпаў і Пірэнеяў і на ўсход ад Польшчы. Кепскія ўмовы надвор’я вясны 1315 года, неўраджайныя 1316 і 1317 гады, сталі прычынай голаду. Недахоп харчавання адчуваўся да 1322 года. Надзвыйчай вырасла злачыннасць, пачаліся распаўсюджванне хвароб, масавыя смерці і канібалізм. Гэты перыяд меў сур’ёзныя наступствы для царквы, дзяржаў, еўрапейскага грамадства і будучых бедстваў XIV стагоддзя.

У сярэдзіне ХІV стагоддзя імунітэт людзей быў аслаблены вялікім голадам. Ён не змог супраціўляцца пандэміі чумы, што тады лютавала ў Еўропе. Гэта жахлівая эпідэмія каштавала жыцця кожнаму трэцямуеўрапейцу.

Не абышла чума і наш край. Найперш выміралі гараджане, частка якіх для паратунку збягала ў вёскі. Калі верыць летапісу, у блізкім да нас Смаленску пад час эпідэміі у жывых засталося 5 чалавек, якія “выйшлі і зачынілі горад, напоўнены трупамі”. Паморкі ў выглядзе чумы, воспы, грыпу і г.д. наведвалі абшары паміж Сожам і Беразіной і пазней. Вясковыя паселішчы таксама цярпелі ад эпідэмій, але шанцаў выжыць тут было больш. Пасля заканчэння “пошасці” выхадцы з вёскі складалі значную колькасць насельніцтва адроджаных гарадоў.

З канца ХІV стагоддзя у складзе ВКЛ была Рагачоўская воласць. Яна згадваецца у 1399 годзе ў даравальнай грамаце князя Вітаўта віленскім канонікам на Бярэзінскую зямлю паміж Стрэшынам і Рагачовым. Апошняя была вылучана з Рагачоўскай воласці і была вялізнай, уключала землі да Беразіны. У яе ўваходзілі большая частка або ўсе правабярэжныя жлобінскія зямлі. Але дакладных межаў воласці мы натуральна не ведаем.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.