У часы ледавіковага перыяду таўшчыня лёду над тэрыторыяй будучай Беларусі дасягала вышыні двух кіламетраў. Зверху на ледзяной шапцы за тысячы гадоў утвараліся азёры, па ёй нават цяклі рэкі. У перыяды адноснага пацяплення лёд адступаў, адклады рэк і азёраў асядалі і ўтваралі марэны – узгоркі рознай формы. Зямля адтайвала, на ёй вырастала расліннасць, яе засялялі жывёлы, але потым ледавік ізноў наступаў. Такая пульсацыя адбывалася некалькі разоў на працягу апошніх сотняў тысяч гадоў і закранула Жлобіншчыну.
Не дзіва, што некалькі разоў людзі найперш з’яўляліся у паўднёвай, больш цёплай частцы нашай краіны у часы пацяплення клімату і адступлення ледавіка на поўнач. Аднак новае наступленне ледавіка хавала сляды іх знаходжання, а потым, падчас чарговага пацяплення, адклады ледавіка засыпалі грунтам старажытныя стаянкі.
З археалагічных даследаванняў мы ведаем, што першыя людзі прыходзілі на тэрыторыю Беларусі яшчэ ў палеаліце – самым старажытным часе чалавечай гісторыі. З традыцыйных уяўленняў беларускай гісторыяграфіі людзі пачалі засяляць тэрыторыю Беларусі з паўднёвага ўсходу нашай краіны. Яны з’явіліся на тэрыторыі сучасных Гомельскай і поўдня Магілёўскай абласцей недзе 100-35 тыс гадоў назад, пра што сведчаць знаходкі прылад працы мусцьерскай эпохі – часу сярэдняга палеаліта. І сучасная Жлобіншчына аказалася ў арэале гэтых знаходак.
Сенсацыйная знаходка краязнаўцы Юрыя Селязнёва – архаічны каменны інвентар ў кар’еры каля вёскі Агова Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці – перакуліла афіцыйныя ўяўленні. Адкрыццё павялічыла час засялення Беларусі адразу на 300 тыс гадоў. Прылады працы, імаверна, адносяцца да ашэльскай культуры эпохі каменнага веку і маюць узрост каля 400 тыс гадоў.
Стаянка эпохі каменнага веку “Агова 1” Іванаўскага раёна
У кар’еры каля вёскі Агова Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе здабывалі пясок, на глыбіні каля 13 метраў мясцовы краязнаўца пад слоем пяску выявіў культурны слой з цікавымі крамянёвымі рэчамі, што раней не сустракаліся ў Беларусі, і звярнуўся да беларускіх і расійскіх археолагаў па кансультацыю. Напачатку археолагі датавалі ўзрост знаходак не ранейшым за 250 тыс гадоў. Але далейшыя даследаванні спецыялістаў Інстытута гісторыі АН Беларусі 2022-2023 гадоў дазваляюць меркаваць, што прылады працы з унікальнай стаянкі эпохі каменнага веку “Агова 1” у Іванаўскім раёне адносяцца да ашэльскай культуры і маюць узрост каля 400 тыс гадоў. Гэты помнік – найстаражытнейшы на тэрыторыі Беларусі і адзін з самых старажытных у межах Усходняй Еўропы. Ён маркіруе засяленне Беларусі данеандэртальскай эпохай.
Для Жлобіншчыны гэтае адкрыццё важнае тым, што падобныя прыкрытыя ледавіковымі адкладамі стаянкі старажытных людзей могуць знаходзіцца і на тэрыторыі Гомельскай вобласці, дзе геалагічныя умовы і гісторыя засялення былі шмат у чым падобныя на брэсцкія.
Лёгка ўявіць, што стаянка першабытных людзей Агова хутчэй за ўсё не была адзінкавым выключэннем. Падобныя помнікі, што сёння схаваныя пад шматмятровымі ледавіковымі адкладамі, існуюць не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і ў суседняй Гомельскай. Толькі час пакажа, ці праўдзівыя падобныя гіпатэтычныя развагі, і ці верне Падняпроўе званне першага заселенага чалавекам рэгіёну Беларусі?
Беларускае Падняпро́ўе
Падняпро́ўе – гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, частку Віцебскай і Гомельскай абласцей. На поўначы па водападзеле Дняпра і Заходняй Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на захадзе па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра – з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем.
Неаднароднасць культурных ландшафтаў дазваляе вылучыць у Падняпроўі некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) – левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён – з комплексам мясцовых этнакультурных прыкмет, уласцівым кожнаму з іх.
А вось наступная хваля людзей дакладна прыйшла з поўдня менавіта на Гомельшчыну. У эпоху мусцье – 100-35 тыс гадоў назад неандэртальцы засялялі вольныя ад лёду абшары Еўропы і часткова Азіі. Гэты асобны від людзей, што даўно вымер, і што мы сёння называем неандэртальцамі, рухаўся па далінах рэк услед за жывёламі. Грубыя прылады працы, што вырабіла рука неандэртальца, знойдзены на поўначы ад Жлобіна ў раёне вёсцы Абідавічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці, на паўночным ўсходзе каля вёскі Клеевічы Касцюковіцкага раёна, на ўсходзе каля вёсак Бердыж і Падлужжа Чачэрскага, а таксама Свяцілавічы Веткаўскага раёнаў. Знаходкі прылад працы неандэртальцаў фактычна акружаюць Жлобіншчыну амаль з усіх бакоў. Таму мы можам смела сцвярджаць, што нага неандэртальца ўжо ў тыя часы ступала на зямлю недзе ў наваколлі Жлобіна.
Аднак новае пахаладанне ізноў прывяло да наступлення лёду і сыходу людзей на поўдзень. І толькі ў верхнім палеаліце Гомельшчына другі раз была заселена людзьмі. Гэта былі краманьёнцы – продкі сучасных людзей. Пра іх жыццё сведчаць археалагічныя помнікі каля сучасных вёсак Бердыж (23 тыс год назад) Чачэрскага раёна і Юравічы (26 тыс год назад) Калінкавіцкага раёна. Стаянкі краманьёнцаў размяшчаліся каля рэк і складаліся з 5-8 буданоў юртавай канструкцыі. Каркас рабіўся з буйных касцей мамантаў, што звязваліся паміж сабой сухажыллямі. У той час клімат быў халодны, а расліннасць бедная, характэрная для арктычнай тундры. Першыя жыхары рэгіёна займаліся паляваннем і збіральніцтвам. Блізкасць месцаў пражывання старажытных краманьёнцаў да Жлобіна робіць імаверным іх знаходжанне на тэрыторыі сённяшняй Жлобіншчыны, але прамых доказаў гэтаму пакуль няма.
Толькі з трэцяй спробы, калі ледавік у чарговы раз адступіў, людзі канчаткова засялілі Падняпроўе. Недзе ХІ-Х тыс гадоў таму пачаўся сучасны геалагічны перыяд – галацэн. Паступова тундравую расліннасць замянілі дрымучыя лясы, па якіх блукалі зубры, туры, ласі, казулі. Рэкі і азёры, асноўныя рысы рэльефу, нават раслінны і жывёльны свет, набылі рысы, блізкія да сучасных.
Апошні сыход ледавіка прывёў да з’яўлення новых незаселеных тэрыторый, і адметнай рысай новага перыяду стала інтэнсіўнае асвойванне чалавекам гэтых вольных ад лёду зямель. Людзі рухаліся па рачных далінах з поўдня на поўнач. Першыя сталыя паселішчы на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна з’явіліся недзе 10 тыс гадоў таму на мяжы верхняга палеаліту і мезаліту. Краманьёнцы – людзі сучаснага тыпу – ізноў рассяліліся тутака. Людзі ў гэты час ужо прыручылі сабаку, пачалі карыстацца лукам і стрэламі, лодкамі, паступова пераходзілі да аселага ладу жыцця. Аж да з’яўлення агнястрэльнай зброі лук заставаўся асноўнай зброяй паляўнічага і воіна. З гэтага часу чалавек мог паляваць фактычна на ўсіх жывёл і птушак ужо дробнымі групамі і нават у адзіночку.
Прыйшоў час мезаліту – сярэдняга каменнага веку, што доўжыўся з Х па V тыс. да нашай эры. У Беларусі выяўлена каля 100 мезалітычных стаянак. На тэрыторыі Жлобінскага раёна навукоўцы таксама знайшлі паселішчы са слядамі мезалітычнай культуры. Людзі мезаліту сяліліся ўздоўж рэк. Паселішчы існавалі, у прыватнасці, каля вёсак: Гарадок і Васілевічы на левым беразе ракі Беразіна, Шыхаў на правым беразе Дняпра. Тэрыторыю раёна тады абжывалі плямёны днепра-дзяснінскай мезалітычнай культуры. Людзі займаліся паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Менавіта ў гэты час з’яўляецца мікралітычная і ўкладышавая тэхніка вырабу крамянёвых прылад.
Найбольш раннім паселішчам эпохі мезаліту на тэрыторыі Жлобіншчыны лічыцца стаянка каля вёскі Шыхаў на правым беразе Дняпра. Тут знойдзена больш за 700 крамянёвых прадметаў.
Шыхаў
Стаянка днепра-дзяснінскай мезалітычнай культуры за 0,5 км на поўнач ад вёскі Шыхаў на другой надпоплаўнай тэрасе правага берага Дняпра. Вышыня над узроўнем вады 17 метраў. Плошча помніка каля 5 тыс кв метраў. Помнік выявілі ў 1966 годзе У.Ф. Ісаенка і І.М. Ціханенка. Даследаваў 50 кв метраў у 1977 годзе У.П. Ксяндзоў. Культурны пласт разбураны ветравой эрозіяй. Падчас абследавання знойдзены рэшткі двух агнішчаў, прылады з крэйдавага “сожскага” каменю, асіметрычныя наканечнікі стрэл, скрабкі, свердлы, пласціны, – усяго каля 700 крамянёвых прадметаў. Датуецца ІХ па VІІ тыс да нашай эры. Падставай для датавання стала адсутнасць трапецападобных і іншых геаметрычных мікралітаў – прылад, што былі распаўсюджаныя толькі ў канцы мезаліту.
Больш познюю мезалітычную стаянку выявілі каля вёскі Гарадок у пойме левага берага Беразіны непадалёк ад упадзення яе ў раку Днепр. “Гарадок 4” і магчыма звязаная з ім стаянка “Васілевічы 2” – трэці (познамезалітычны) этап развіцця днепра-дзяснінскай мезалітычнай культуры.
У V-III тыс да нашай эры на змену мезаліту прыйшла эпоха неаліту – новага каменнага веку. Прылады, як і раней, вырабляліся з крэменю, але доля мікралітаў падае, пашыраецца тэхніка двухбаковай апрацоўкі каменю. Вырабляліся прылады і рэчы з рагоў, косці, дрэва. У сувязі са з’яўленнем земляробства і жывёлагадоўлі шырока распаўсюджваецца гліняны посуд (кераміка).
Праз захаванне уласніцкай гаспадаркі (палявання, рыбалоўства і збіральніцтва) і з’яўленне больш прадуцыйнай, сельскагаспадарчай вытворчасці адбываецца неалітычная дэмаграфічная рэвалюцыя. Колькасць людзей і, адпаведна, месцаў іх пражывання рэзка павялічваецца. У Беларусі выяўлена ўжо больш за 1 000 неалітычных паселішчаў. Распаду мацярынска-радавых адносін у абшчынах тагачасных людзей спрыяў пераход да вытворчых галін гаспадаркі. З мацярынскай абшчыны вылучаюцца асобныя сем’і.
На тэрыторыі сучаснага Жлобінскага раёна ўжо ў час неаліту існавала мноства селішчаў, што час ад часу мянялі сваё месцазнаходжанне. Хаця паселішчаў ранняга неаліту на тэрыторыі раёна не выяўлена, але шырока прадстаўлена другая палова ІІІ тысячагоддзя да нашай эры.
У эпоху неаліту берагі Беразіны і Дняпра і іх прытокаў засялялі плямёны днепра-данецкай археалагічнай культуры. Неалітычныя паселішчы Жлобіншчыны былі ўскрайкам яе ўсходне-палескага варыянта. Тут вырабляліся шыракагорлыя вастрадонныя гаршкі вялікіх і сярэдніх памераў. Венчыкі посуду былі прамымі або злёгку атагнутымі вонкі. Верхняя частка посуду ўпрыгожвалася арнаментам, элементам якога былі адбіткі грэбеня, пракрэсленыя лініі і наколы. Крамянёвыя прылады прадстаўлены нажамі, наканечнікамі стрэл, скрабкамі і інш.
У даліне ракі Беразіна, каля вёсак Васілевічы і Заброддзе, знайшлі адразу па два паселішчы таго часу: Васілевічы 3 і Васілевічы 3А, Заброддзе 1 і Заброддзе 2.
Васілевічы 3 і Васілевічы 3А
Найбольш значнае паселішча позняга неаліту днепра-данецкай культуры размешчана праз 0,8 км на ўсход ад вёскі Васілевічы на левым беразе ракі Сінька пры ўпадзенні яе ў Беразіну. Помнік знаходзіцца на першай надпоплаўнай тэрасе на ўзроўні 2-2,5 метра над поплавам. Яго адкрыў У.П. Ксяндзоў, даследаваў І.М. Язэпенка ў 1990-1991 гадах. Магутнасць культурнага пласта складае 0,35-0,4 метра. Пад час раскопак знайшлі 1 205 артэфактаў крамянёвага інвентару, 1 764 абломкі ляпной неалітычнай керамікі. Помнік датуецца другой паловай ІІІ тыс да н.э.
Паселішча неаліту Васілевічы 3А размешчана ў 100 метрах на поўнач ад паселішча Васілевічы 3. Помнік адкрыў і даследаваў І.М. Язэпенка ў 1991 годзе. Магутнасць культурнага пласта – 0,25 метра. Пад час раскопак знайшлі 700 абломкаў ляпной неалітычнай керамікі, а таксама крамянёвыя прылады працы. Помнік датуецца другой паловай ІІІ тыс да н.э.
Заброддзе 1 і Заброддзе 2
Неалітычнае месцазнаходжанне размешчана праз 2 км на ўсход ад помніка Васілевічы 3 і праз 0,3 км на поўдзень ад жывёлаводчай фермы вёскі Заброддзе на краі першай надпоплаўнай тэрасы левага берага Беразіны. Помнік адкрыў і даследаваў І.М. Язэпенка ў 1991 годзе. Таўшчыня культурнага пласта 0,15 м. Падчас павярхнёвых збораў знайшлі 130 крамянёвых вырабаў, 26 керамічных абломкаў.
Месцазнаходжанне неаліту Заброддзе 2 размешчана праз 0,3 км на ўсход ад помніка Заброддзе 1 па краі першай надпоплаўнай тэрасы левага берага Беразіны. Помнік адкрыў і даследаваў І.М. Язэпенка ў 1991 годзе. Плошча помніка – 10 на 25 метраў.
Даліна Дняпра таксама была заселена неалітычным насельніцтвам. Рэшткі двух паселішчаў знайшлі каля вёскі Шчытнае на левым беразе ракі. Яшчэ па адным паселішчы выявілі каля вёсак Верхняя Алба і Шыхаў на правым беразе.
Верхняя Алба
Паселішча ўсходнепалескага варыянту днепра-данецкай культуры на 300 метраў на поўнач ад могілак вёскі Верхняя Алба на правым беразе Дняпра на ўзроўні другой надпоплаўнай тэрасы. Помнік адкрыў і даследаваў У.П. Ксяндзоў ў 1977 годзе. Падчас раскопак знайшлі крамянёвы інвентар, фрагменты грабеньчата-накольчатай керамікі.
Шчытнае 2 і Шчытнае 5
Рэшткі неалітычнага паселішча Шчытнае 2 размешчаны ва ўрочышчы Бярозавая Града (2,5-3 км на захад ад вёскі Шчытнае) на астанцы першай надпоплаўнай тэрасы левага берага Дняпра, у 0,25 км ад помніка Шчытнае 1. Помнік даследаваў У.П. Ксяндзоў ў 1977 годзе. Падчас павярхнёвых збораў знайшлі крамянёвыя вырабы, рэшткі неалітычнага посуду.
Неалітычнае месцазнаходжанне Шчытнае 5 у 1977 годзе адкрыў У.П. Ксяндзоў. Гэта было ва ўрочышчы Бярозавая Града (2,5-3 км на захад ад вёскі Шчытнае) на астанцы першай надпоплаўнай тэрасы левага берага Дняпра, у 0,35 км ад помніка Шчытнае 4. Тут знайшлі крамянёвыя вырабы, дробныя абломкі ляпной керамікі.
Нарэшце, на мяжы ІІІ-ІІ тыс да н.э. пачалася эпоха металу – людзі навучыліся вырабляць бронзу, і шматлікія плямёны качэўнікаў-жывёлаводаў засялілі абшары Еўропы. Так, у край прыйшлі нашы далёкія продкі індаеўрапейцы. Асноўнымі формамі гаспадаркі сталі жывёлагадоўля і земляробства. На змену матрыярхату прыйшоў патрыярхат. Паколькі радовішчы медзі і волава знаходзіліся далёка ад Беларусі, то асноўныя прылады па-ранейшаму выраблялі з крэменю, рога і косці. У гэты час распаўсюджваюцца свідраваныя матыкі і сякеры. Больш паспяхова, чым раней, выкарыстоўваецца шліфаванне і паліраванне камянёў. Керамічны посуд становіцца больш дробным і разнастайным, ягоная рыса – пласкадоннасць.
Культуру бронзавага веку, што распаўсюдзілася ў Падняпроўі, называюць сярэднедняпроўскай. Яна роднасная шырокаму кругу культур шнуравой керамікі і баявых сякер, што ў старажытнасці ахоплівалі прасторы ад Фінляндыі і Швецыі на поўначы да Карпат на поўдні, ад Прыўралья на ўсходзе да Рэйна на захадзе. Насельніцтва гэтых культур – продкі славян, балтаў, германцаў і іншых народаў.
Сярэднедняпроўцы жылі ў нашым краі амаль тысячагоддзе. Іх невялікія паселішчы размяшчаліся па краях надпоплаўных тэрас, часцяком на месцы ранейшых неалітычных селішчаў. Жылі яны ў наземных, магчыма, драўляных пабудовах з вогнішчамі.
Найбольшая колькасць паселішчаў эпохі неаліту і бронзавага веку (II-е – пачатак I-га тысячагоддзя да н.э.) выявілі каля вёскі Гарадок у пойме левага берага Беразіны. Тут знайшлі адразу тры паселішчы гэтай эпохі.
Буйное паселішча позняга неаліту і ранняга бронзавага веку знайшлі каля вёскі Таўстыкі. Падобнае мелася і каля самога Жлобіна – ля вёсак Малыя Рогі, Праскурні і Саланое.
Таўстыкі 1
Паселішча позняга неаліту і ранняга перыяду бронзавага веку размешчана ў 1,5 км на поўдзень ад вёскі Таўстыкі, ва ўрочышчы Багданава Гара на першай надпоплаўнай тэрасе левага берага Беразіны. Помнік адкрыла і даследавала Н.М. Дубіцкая ў 1979 годзе.
Помнік даследаваў І.М. Язэпенка у 1990-1991 гадах. Падчас раскопак (200 кв м) знайшлі 87 крамянёвых вырабаў, 1 200 фрагментаў ляпной керамікі эпохі неаліту і бронзавага веку. Асноўная частка матэрыялаў датуецца канцом ІІІ – пачаткам ІІ тыс да н.э. і адносіцца да ўсходнепалескага варыянта днепра-данецкай культуры.
Малыя Рогі
Паселішча позняга неаліту і бронзавага веку знаходзіцца на ўсход ад вёскі Малыя Рогі на мысе пры ўпадзенні ракі Добасна ў Дняпро. Помнік выявілі К.М. Палікарповіч і С.С. Шутаў у 1927 годзе. У 1958 годзе І.І. Арцёменка раскапаў 36 кв. метраў ва ўсходняй частцы мыса.
Таўшчыня культурнага пласта 0,15 метра. Знойдзены крамянёвых прылады працы, 30 абломкаў ляпной керамікі, 16 з якіх належалі аднаму пласкадоннаму сасуду слоікавай формы, што аднеслі да сярэднедняпроўскай культуры ранняга перыяду бронзавага веку. А вось астатняя частка керамікі – неалетычная. Яна арнаментавана грабеньчатым, наразным элементамі.
На беразе Дняпра ў межах Жлобіна таксама знайшлі сляды паселішчаў перыяду неаліту і бронзавага веку. Дарэвалюцыйныя выданні паведамлялі пра знаходкі каменных прылад працы каля мястэчка Карпілаўка (сёння паўднёва-усходняя ўскраіна Жлобіна). У энцыклапедычнай серыі “Россия, Полное географическое описание нашего Отечества. Верхнее Поднепровье, Белоруссия. т. 9 /СПб., 1905/” паведамлялася пра знаходкі ўрнаў з попелам пры правядзенні земляных прац у самім Жлобіну. У 1970 годзе насупраць цагельнага завода (сёння непадалёк ад палаца гульнявых відаў спорта) на ўсходнім беразе старыцы Дняпра была абследавана стаянка старажытных людзей, аднесеная да перыяду неаліту і бронзавага веку.
А вось каля вёскі Ніжняя Алба маецца помнік бронзавага і адначасова жалезнага вякоў.
Ніжняя Алба
Паселішча бронзавага і жалезнага вякоў за 150 метраў на паўднёвы захад ад вёскі Ніжняя Алба на першай надпоплаўнай тэрасе правага берага Дняпра, каля могілак. Помнік адкрыў і даследаваў У.П. Ксяндзоў ў 1977 годзе. Падчас раскопак знайшлі крамянёвы інвентар, фрагменты грабеньчата-накольчатай керамікі. Таўшчыня культурнага пласта, разбуранага ворывам, 0,2 метра.
У VIII-VII стагоддзях да нашай эры на тэрыторыі сучаснай Жлобіншчыны людзі пачалі авалодваць тэхналогіяй вырабу жалеза. Распачаўся жалезны век. З пераходам да вырабу жалеза тагачаснае насельніцтва рэгіёна апынулася ў больш спрыяльных умовах для атрымання ўласнага металу. У супрацьлегласць медным і алавяным рудам, што адсутнічалі ў Падняпроўі, наваколле было багатае на бурыя жалязнякі, балотныя, азёрныя і лугавыя руды. Яны былі прыдатныя для апрацоўкі першабытным спосабам.
Сляды апрацоўкі металу ў выглядзе шлаку, крыцы, прыстасаванняў для плаўкі і разліву металу ў ліцейныя формы засталіся на старажытных гарадзішчах і паселішчах і каля іх, у тым ліку ў старажытным цэнтры Жлобіна. Рэшткі сырадутных горнаў сведчаць аб мясцовым характары металургічнай вытворчасці.
Выраслі прадукцыйнасць працы і дабрабыт людзей. Жалеза стала асноўным матэрыялам і для якаснай зброі. Жалезнымі сякерамі нашы продкі ачышчалі ад лесу значныя ўчасткі для падсечна-агнявога земляробства. Дрэвы падсякаліся, потым спальваліся, што давала значную колькасць попелу, – ён павышаў урадлівасць зямлі. Некалькі гадоў ачышчаныя ўчасткі давалі вельмі высокія для тутэйшых геаграфічных умоў ураджаі збожжавых культур, найперш жыта.
Гарадзішчы з’явіліся тут, як і ў іншых рэгіёнах Усходняй Еўропы, у сувязі з назапашваннем маёмасці першабытных плямёнаў, на якую квапіліся суседзі, і якую трэба было ахоўваць. Як правіла, яны размяшчаліся на ўзнёслых мысах ці ўзвышшах і мелі выгляд невялікіх крэпасцяў з простымі ўмацаваннямі: за ровам на валу ладзіўся частакол ці драўляныя сцены. Пад час вайсковых нападаў у гарадзішчах хаваліся мясцовыя жыхары. У небяспечны час тут маглі збірацца рамеснікі і гандляры. А калі ў ім сяліўся князь са сваёй дружынай, то шанц на тое, што гарадзішча паступова стане горадам, быў дастаткова вялікі.
Паселішчы жалезнага веку былі распаўсюджаны яшчэ больш шчыльна. Сляды гарадзішчаў і селішчаў (умацаваных і неўмацаваных паселішчаў), магільнікі з пахаваннямі ў адпаведнасці з цырымоніяй спальвання сустракаюцца ўздоўж берагоў вялікіх і малых рэк рэгіёна. У наваколлі Жлобіна захаваліся рэшткі селішчаў і некалькіх гарадзішчаў – умацаваных паселішчаў гэтай эпохі.
На Жлобіншчыне ёсць помнікі вядомых мілаградскай і зарубенецкай археалагічных культур. Мілаградская культура – археалагічная культура VII-I стагоддзяў да н. э. у Паўднёвай Беларусі і Паўночнай Украіне. Названа па вёсцы Мілаград суседняга Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Умацаваныя паселішчы мілаградцаў выявілі каля вёсак Акцябр, Атрубы, Гарадок, Чырвоная Горка. Асноўным тыпам жытла былі паўземлянкі. Кераміка прадстаўлена кругладоннымі ляпнымі пасудзінамі з шарападобнымі і яйкападобнымі тулавамі.
Акцябр
Гарадзішча жалезнага веку мілаградскай і зарубенецкай культур на 3 км на паўднёвы захад ад вёскі Акцябр на беразе возера Гораўна. Пляцоўка мае памер 95 на 90 метраў. Паўночная частка абмежавана ярам, а з іншых бакоў – валам вышынёй каля 5 метраў. Выявіў помнік Е.Р. Раманаў у 1900 годзе, шэраг археолагаў яго даследаваў.
Гарадзішча жалезнага веку мілаградскай і зарубенецкай культур за 500 метраў на паўночны захад ад вёскі Атрубы на левым карэнным беразе Беразіны. Трапецападобная пляцоўка мае памер 100 на 55 метраў. З боку поля яна ўмацавана валам. Помнік адкрыў У.П. Ксяндзоў ў 1977 годзе, раскопвала яго Н.М. Дубіцкая ў 1983 годдзе. Таўшчыня культурнага пласта 0,6 метра. Пад час раскопак знойдзены шлакі, фрагменты керамікі.
Гарадок
Гарадзішча жалезнага веку мілаградскай культур за 250 метраў на паўднёвы ўсход ад вёскі ва ўрочышчы талерка на левым беразе безназоўнага прытока ракі Беразіна. Трапецападобная пляцоўка мае памер 100 на 55 метраў. З боку поля яна ўмацавана валам. Помнік выявіў У.П. Ксяндзоў у 1977 годзе, даследавала Н.М. Дубіцкая. Таўшчыня культурнага пласта 0,7 метра. Пад час раскопак знойдзены фрагменты керамічнага посуду.
Зарубінецкая культура – археалагічная культура эпохі ранняга жалезнага веку (III / II ст. да н. э. – II ст. н. э.), распаўсюджаная ў Верхнім і Сярэднім Падняпроўі, Прыпяцкім Палессе да Бярэзіны на поўначы. На тэррыторыі раёна сляды паселішчаў маюцца каля вёсак Акцябр, Атрубы, Чырвоная Горка.
На тэрыторыі гарадскога парка культуры і адпачынку “Прыдняпроўскі” у Жлобіне выявілі сляды селішча перыяду жалезнага веку, што існавала ў канцы I тысячагоддзя да н. э. – пачатку I тыс н. э. Светлагорскі археолаг Тэльман Маслюкоў даследаваў жлобінскае замчышча і селішча ў 2012-2013 гадах. Упершыню на тэрыторыі горада ён знайшоў ляпную кераміку са слядамі паралельных расчосак па ўсёй паверхні. Падобны арнамент характэрны для культуры штрыхаванай керамікі – археалагічнай культуры балцкіх плямён, што насялялі тэрыторыю сярэдняй Беларусі і ўсходняй Літвы ў 7-6 стагоддзях да нашай эры – 4-5 стагоддзях нашай эры. Такая кераміка сустракаецца і ў некаторых іншых культурах жалезнага веку.
Знаходкі артэфактаў у Жлобіне пацвярджаюць высновы вучоных, што да сярэдзіны І тыс нашай эры амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі пражывалі балцкія (будучыя лета-літоўскія) плямёны. Гэтыя знаходкі сведчаць пра сляды жыцця балтаў на гэтай тэрыторыі каля двух тысяч гадоў таму і яшчэ раз нагадваюць, што старажытныя балцкія плямёны – адны з нашых продкаў.

