Уплыў войнаў Масквы і Літвы

Мірнаму жыццю насельніцтва ўсходняй Беларусі замінаў перманентны канфлікт Вялікага Княства Маскоўскага і Вялікага Княства Літоўскага за першынство ва Ўсходняй Еўропе. Пасля таго, як у 1480 годзе Масква вызвалілася ад ардынскай няволі, яна пачала перыяд няспынных войнаў з усімі суседзямі. З нашай дзяржавай маскоўцы ваявалі добрых два стагоддзі. Найперш ад гэтага канфлікту пакутавалі жыхары памежных да Маскоўскага княства рэгіёнаў. Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе зведала буйныя напады суседзяў у 1502, 1507, 1514, 1516, 1535, 1562, 1580, 1633 гадах.

Так, у 1535 годзе Рагачоў быў разбураны ў выніку вайны Маскоўскага княства з Вялікім Княствам Літоўскім. Прычым тутэйшае насельніцтва пакутвала не толькі ад маскоўскага войска, але і ад сваіх жаўнераў. Менавіта ў час гэтай вайны войскі вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста “ваявалі Гомель”, але ад іх пастояў моцна пакутавалі і жыхары Жлобіншчыны. Вялікія страты былі нанесены паселішчам краю.

Войны Масквы і Літвы
Гетман Сагайдачны і каралевіч Уладзіслаў у паходзе на Маскву

Ёсць звесткі, што ў 1562 годзе крымскія татары дайшлі да Рагачова. Гэта быў самы паўночны іх набег у гэтым рэгіёне. Татары рухаліся з поўдня, і ніяк не маглі абысці жлобінскія вёскі па шляху на Рагачоў. Татарская тактыка найперш заключалася не ў рабаванні маёмасці і захопе гарадоў, а ў паланенні людзей. Палонных вялі ў крымскую Кафу і прадавалі на нявольніцкіх рынках. Далёкія нашчадкі тых палонных жлобінцаў, якія прынялі іслам і былі праз гэта вызваленыя, і сёння, магчыма, пражываюць у краінах Блізкага Усходу.

Дваццаціпяцігадовая Лівонская вайна 1558-1583 гадоў таксама адмоўна адбілася на стане Падняпроўскіх гарадоў і мястэчак, хаця ваенныя дзеянні непасрэдна і не закранулі Жлобінскія землі. Так, Стрэшын часова заняпаў, і ў 1579 годзе капітул не атрымаў 1 629 грошаў, што яму належалі.

Магілёў, быў месцам збору беларускіх, літоўскіх, польскіх, украінскіх ваяроў і еўрапейскіх наёмнікаў. Адтуль і рушылі на маскоўскія землі вялікія войскі нашай дзяржавы ў 1534, 1609, 1618 гадах. Нямала нашых землякоў хадзілі на Маскву разам з І і ІІ Лжэдзмітрыямі.

Войны Масквы і Літвы
Лівонская вайна на карце

Войны прывялі да павышэння падатковага ціску на насельніцтва і прымушалі жыхароў гарадоў умацоўваць абарончыя збудаванні. Беларускія гарады ХVІ-ХVІІ стагоддзяў можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі: гарады Заходняй Беларусі (Гародня, Ваўкавыск, Слонім), што не мелі гарадскіх умацаванняў, і гарады цэнтральнай, паўночнай і ўсходняй частак краіны (Полацк, Слуцк, Нясвіж, Мір, Менск, Магілёў, Мсціслаў, Быхаў), што былі абнесены магутнымі землянымі валамі і мураванымі брамамі. Планіровачная структура гарадоў з умацаваннямі была падпарадкавана замку і лініям умацаванняў, што акружалі горад.

Няма нічога дзіўнага, што ў гэты час урад клапаціўся пра ўмацаванне дняпроўскіх замкаў у Рэчыцы, Горвалі (на Беразіне), Стрэшыне, Злобіне (Жлобіне), Рагачове, Быхаве, Магілёве, Шклове, Копысі, Оршы. Гарады мелі стратэгічнае значэнне і разам уваходзілі ў сістэму пагранічнай абароны па Дняпры. Як бачна, Стрэшынскі і Злобінскі замкі былі не проста апорнымі пунктамі вялікакняскай улады, але і часткай працяглай абарончай лініі Вялікага Княства Літоўскага. Яна цягнулася з поўначы на поўдзень і прыкрывала ўсе вялікія дарогі і пераправы праз Дняпро, што вялі з Масковіі ў глыб краіны.

Стрэшын
Памятны камень на месцы Стрэшынскага замчышча

Найбольш яскрава тагачасную сістэму абароны можна прасачыць на прыкладзе Магілёва, што ў канцы ХVІ – пачатку ХVІІ стагоддзяў стаў самым вялікім і багатым беларускім горадам. У 1526 годзе там пабудавалі новы Магілёўскі замак на месцы старога гарадзішча. Магутнае ўмацаванне мела плошчу каля двух гектараў, а ў плане выглядала як замкнёны пяцівугольнік з драўляных сцен – гародняў і васьмігранных трох-чатырохпавярховых вежаў. Каб засцерагчы замак ад пажару, вежы і гародні абмазвалі глінай. У першай палове ХVІІ стагоддзя Магілёў ужо меў тры паясы магутных умацаванняў.

У сапраўдную крэпасць пераўтварыліся напачатку драўляныя, а затым і мураваныя ўмацаванні Быхава. Ён жа ў 1561 годзе перайшоў да Яна Ераміна Хадкевіча – “графа на Шклове, Быхаве, Глуску і Мышы”. Прадстаўнік гэтага слаўнага беларускага магнацкага роду Ян Кароль Хадкевіч быў вялікім палкаводцам XVІІ стагоддзя.

Умацаванні Стрэшынскага і Злобінскага замкаў хаця і будаваліся па тых самых прынцыпах і тэхналогіях, як і астатнія замкі, але былі больш сціплымі, і пра іх мы пагаворым далей.

На плечы народа клаліся не толькі намаганні па будаўніцтве ўласных замкаў у барацьбе з “маскавітамі”, але і падаткі на будаўніцтва абарончых ліній супраць крымскіх татар. У 1561 годзе Рагачоў згадваецца ў сувязі са зборам сродкаў на будаўніцтва замка ў Кіеве, а ў лісце ад 1562 года паведамляецца, што Рагачоў дзеля гэтага павінен выдзеліць 15 коп грошаў і 30 чалавек. Натуральна, што падатак збіраўся не толькі з самаго Рагачова, але і з падуладных яму вёсак жлобінскага Падняпроўя.

Самі па сабе замкі не маглі забяспечыць надзейную абарону краіны. Для вядзення баявых дзеянняў неабходна было мець значнае войска. Права служыць у ім надавалася прадстаўнікам шляхецкіх радоў. Земскі перапіс за 12 жніўня 1567 года згадвае Мацея Скакоўскага з Дзяніскавіч (левабярэжная вёска Жлобінскага раёна) у шляхце з Рагачова. Ён мусіў мець наступную воінскую амуніцыю: конь, панцыр, прылбіца, сагайдак, шабля.

Жаўнер войска ВКЛ. Ілюстрацыйная выява, згенераваная ШІ

Не толькі войны, але і клімат стаў моцным выпрабаваннем для тагачасных жлобінцаў. Люты голад пачатку XVІІ стагоддзя закрануў не толькі большасць еўрапейскіх краін, Масковію, але і беларускія землі. Як сведчыць Баркулабаўскі летапіс, у 1601-1602 годзе голад распаўсюдзіўся ад Менска да Мсціслава. Насельніцтва, у тым ліку падняпроўскае, ратавалася ў нізоўях Дняпра. Многія паселішчы беларускага Падняпроўя апусцелі.

Прычынай сусветнай кліматычнай катастрофы стала вывяржэнне ў 1600 годзе вулкана Уайнапуціна ў Перу. Яно выклікала рэзкія кліматычныя змены ў свеце. Шэраг сусветных рэкордна халодных зімаў і падзення ўраджаю прывялі да голаду. Гэтым разам ён закрануў не толькі заходнюю і паўночную Еўропу, але і ўсходнееўрапейскія землі. Так, рускі голад 1601-1603 гадоў быў найгоршым у Расіі з пункту гледжання прапарцыйнага ўздзеяння на насельніцтва. Ён, імаверна, забіў два мільёны чалавек – каля 30% рускага народа. Шматлікія смерці сталі прычынай сацыяльнага разбурэння, а таксама падзення цара Барыса Гадунова і прыходу так званага “смутнага часу”.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.