Своеасаблівай воссю, вакол якой ладзілася жыццё краю, стагоддзямі быў сівы Дняпро. Рака была галоўнай дарогай – бо іншых у лясной зоне не існавала – і карміліцай. Яна злучала Жлобіншчыну праз Рагачоў, Магілёў, Оршу з балтыйскімі краінамі, а праз Рэчыцу, Кіеў – з Прычарнамор’ем. Па ёй хадзілі рачныя караваны, а прышлыя людзі расказвалі розныя гісторыі, перадавалі важную гаспадарчую і палітычную інфармацыю. Менавіта гэтая рака паспрыяла ўзнікненню Стрэшына і Жлобіна. Не дзіва, што галоўным элементам герба Жлобіна пасля доўгіх абмеркаванняў стала выява старажытнай ладдзі – сярэднявечнага судна з невялікім уляганнем, з вёсламі і ветразем.
Афіцыйны геральдычны сімвал горада Жлобіна – срэбрана-чорная ладдзя ў блакітным полі іспанскага шчыта – зарэгістравана ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 28 студзеня 2002 г. пад № 80. Іншыя паведамленні на сайце гарвыканкама кажуць, што было гэта 25 студзеня.
У апісанні герба даецца наступнае тлумачэнне: карабель, ладдзя – сімвал падарожжа, а ў пераносным сэнсе – руху па жыцці. Паколькі Жлобін стаіць на высокім беразе Дняпра, на гістарычным гандлёвым шляху з “вараг у грэкі”, то ладдзя на гарадскім гербе і сцягу не толькі напамін пра гістарычнае мінулае, але і нібыта накіраванне з мінулага ў будучыню.
Геральдычныя сімвалы зацверджаны рашэннем № 962 ад 25.01.2002 г. Жлобінскага гарвыканкама. Герб унесены ў Гербавы Матрыкул Рэспублікі Беларусь 25.01.2002 г. пад № 80. Апісанне: на блакітным полі «варажскага» шчыта сярэбраная ладдзя з разгорнутым ветразем.
Афіцыйны сцяг горада Жлобіна
Апісанне: блакітнае палотнішча з адносінамі шырыні і даўжыні як 1:2, пасярэдзіне вонкавага боку якога малюнак белай ладдзі з разгорнутым ветразем.
Але выбар ладдзі быў не такім простым, як бачыцца сёння. Гэта цяпер яна стала звычайным, нават натуральным, сімвалам горада, а напачатку на этапе абмеркавання было мноства іншых прапаноў.
Два гады на мяжы 2000-х праект герба Жлобіна абмяркоўвалі прадстаўнікі органаў улады і шырокае кола краязнаўцаў і грамадскіх актывістаў. Гарадскі савет дэпутатаў абвясціў конкурс на эскіз праекта герба Жлобіна, што праходзіў у некалькі этапаў. Для падвядзення вынікаў стварылі адмысловую камісію. У друку разгарнулася абмеркаванне таго, якім павінен быць жлобінскі герб. Усіх гараджан запрашалі прыняць удзел у стварэнні і абмеркаванні праекта новага герба раённага цэнтра. Улады абяцалі узяць за аснову адзін з варыянтаў для стварэння герба горада.
У выніку пардставілі дзясяткі праектаў і ідэй герба Жлобіна. Яны ў той ці іншай ступені адпавядалі густам стваральнікаў, адлюстроўвалі гісторыю горада, яго сучасны стан, прыродныя асаблівасці краю і заняткі жыхароў. Досыць часта гараджане, якія не ведалі правіл геральдыкі, прапаноўвалі адлюстраваць важнасць суднаходства, чыгуначнага вузла або металургічнага камбіната для развіцця горада. У некаторых выпадках усе яны аб’ядноўваліся ў складаныя цяжкаватыя для ўспрымання фігуры.
Напачатку лідарам абмеркавання быў праект, што прадставілі супрацоўнікі Камітэта па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Адмыслоўцы прапанавалі герб з выявай легендарнай фігуры – грыфона з мячом. Асноўным аргументам быў гістарычны факт, што ў часы Вялікага Княства Літоўскага землямі каля Жлобіна валодалі прадстаўнікі магнацкага роду Хадкевічаў. З пункту гледжання геральдычных традыцый герб выглядаў практычна бездакорна.
Праблема была ў тым, што вялікая частка сённяшніў жлобінцаў па шэрагу прычынаў не атаясамлівалі сваю гісторыю і сённяшні стан горада з часамі ВКЛ і, у прыватнасці, з родам Хадкевічаў. У выніку абмеркавання камісія па распрацоўцы герба, на чале са старшынёй гарвыканкама У. К. Ерафеевым, адхіліла гэты праект. Яны палічылі, што для жыхароў горада такі геральдычны сімвал будзе малазразумелым.
Правялі экспертызу вялікай колькасці іншых прапанаваных праектаў, часцяком вельмі аматарскага ўзроўню. Мастацкі густ стваральнікаў натуральна быў розны. Некаторыя праекты герба былі выкананы ў рэалістычным стылі, іншыя – у абстрактным ці сімвалічным. Адны былі вельмі маляўнічыя, другія занадта простыя ці наадварот складаныя, іншыя былі графічнымі малюнкамі.
У пачатку снежня 2001 года на галасаванне гараджан вынеслі найлепшыя прапановы, што прайшлі папярэдняе абмеркаванне.
Менавіта на апошнім этапе конкурса ўзнікла ідэя размясціць на гербе Жлобіна ладдзю. У апошнім праекце корпус судна развярнулі на ¾. У выніку выява на гербавым полі атрымалася аб’ёмнаю, што ёсць рэдкім выключэннем у геральдыцы. Ладдзя нібыта злучае сённяшні Жлобін з яго сівой даўніной. Але ж менавіта той даўні перыяд жлобінскай гісторыі – найменш даследаваны і нават гіпатэтычны. Тым не менш, менавіта гэты праект і стаў пераможцам.

