Славяне з сярэдзіны першага тысячагоддзя нашай эры упарта рухаліся на захад, поўдзень і поўнач Еўропы. У лясной зоне Усходне-Еўрапейскай раўніны старажытныя славяне рассяліліся ў балцкіх і фіна-угорскіх землях. Часам на тэрыторыі Беларусі гэта была заваёва, пра што сведчаць сляды папялішчаў на балцкіх селішчах, часткова – асваенне слаба заселеных зямель, а таксама мірны сімбіёз з паступовай асіміляцыяй карэнных народаў.
Адкуль жа пайшлі славяне? Працэс утварэння народаў заўжды складанае пытанне. Вось і нашы продкі-славяне напачатку не так моцна адрозніваліся ад іншых індаеўрапейцаў. Найбольш блізкімі да славянскіх народаў лічацца германцы і балты. Варта адзначыць, што па археалагічных дадзеных адрозніць народы вельмі цяжка, часам немагчыма, а пісьмовасці на нашых землях яшчэ не было.
Прынятыя ў савецкай і постсавецкай расійскай і беларускай гістарыяграфіі версіі сцвярджаюць, што славяне найбольш імаверна ўзніклі або ў міжрэччы Віслы і Одэра, або арэал іхнага ўзнікнення (этнагенезу) распаўсюджаны быў і далей на ўсход – ад украінскага Прыкарпацця да сярэдняга Дняпра ў раёне Кіева.
А вось польскія даследчыкі лічаць крыху інакш. У школьных атласах, як дакладна вядомы факт, публікуюць карты рассялення славян, дзе бачна, што ў тэрыторыю іх паходжання ўваходзяць паўночнаўкраінскія землі, а таксама Брэсцкая, Гомельская і Магілёўская вобласці Беларусі.
Тут трэба адзначыць, што ў падручніках па гісторыі для школьнікаў найперш друкуюцца вывераныя, навукова абгрунтаваныя версіі і тэорыі тых ці іншых гістарычных школ. Гіпатэтычныя ж версіі так і адзначаюцца, як гіпотэзы. Таму тыя, хто ўсміхнуўся, прачытаўшы ва ўступе пра нараджэнне славян пад Жлобіным, хай паспрачаюцца з польскімі навукоўцамі. Яшчэ раз адзначым: на польскіх школьных картах сучасная тэрыторыя Жлобінскага раёна пазначана як частка прарадзімы славян, адкуль яны рассяліліся ва ўсе бакі.
Адкуль бы не паходзілі славяне, але на тэрыторыі Гомельшчыны яны паступова змянілі ці асімілявалі балцкія плямёны, што пражывалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У выніку складанага руху розных груп славян Падняпроўе стало межавай зонай, дзе па-суседску жылі розныя славянскія аб’яднанні: крывічы (паўночныя раёны Магілёўскай вобласці), дрыгавічы (басейн Беразіны) і радзімічы (Пасожжа). І першыя, і другія, і трэція былі продкамі сучасных беларусаў.
У наваколлі Жлобіна знойдзены шэраг славянскіх гарадзішчаў, селішчаў і курганных магільнікаў. Балцкія і славянскія могільнікі ў форме курганоў – яшчэ адзін тып археалагічных помнікаў, што дасталіся нам ад той эпохі.
Падняпроўскія курганы
Курганы – гэта земляныя насыпы над старажытнымі магіламі, звычайна круглыя ў плане, пярэчнікам пасярэдзіне 5-15 метраў, вышынёю 1-2 метры. Імаверна, протаіндаеўрапейцы паклалі пачатак гэтай традыцыі пахаванняў.
Курганы шырока распаўсюдзіліся ў бронзавым веку і сустракаюцца ад Алтая да Каўказа, Румыніі і Балгарыі. Іх насыпалі скіфы, сарматы, гуны і кіпчакі. У Казахстане некаторыя з іх перавышаюць 200 метраў у дыяметры і датуюцца першым тысячагоддзем да нашай эры.
У Беларусі курганы з’явіліся на мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў да нараджэння Хрыстова і былі вядомыя пераважна на Падняпроўі і Палессі. У другой палове 1-га тысячагоддзя і на пачатку 2-га тысячагоддзя па нараджэнні Хрыстовым пад кургановымі насыпамі хавала нябожчыкаў усё славянска-балцкае насельніцтва Беларусі. Кургановых могільнікаў у Беларусі захавалася блізу 6 тысяч.
З умацаваннем хрысціянства звычай насыпання курганоў сярод гараджан знікае ў ХІ стагоддзі, у сельскай мясцовасці падобны тып пахаванняў сустракаецца яшчэ і ў ХІІІ-ХІV стагоддзях. Паводле дахрысціянскіх веранняў курганы былі дамоўкамі памерлых. Нябожчыкам “на той свет” ставілі посуд з рытуальнай ежай, клалі прылады працы і зброю.
У народзе курганы часцей называюць капцамі або валатоўкамі. Часам іх памылкова лічаць татарскімі, французскімі ці шведскімі магіламі. А яшчэ ў шмат якіх паданнях гавораць, што ў курганах схаваныя скарбы, што не ёсць праўдай.
Курганы сустракаюцца пераважна скапленнямі. Напрыклад, вакол пасёлка Эрд Шчадрынскага сельсавета выявілі адразу тры вялікіх курганных могільнікі, што акружаюць яго з усіх бакоў. Толькі захаваных курганоў тут 198.
Курганныя могільнікі Эрд
Курганны могільнік 1 размешчаны за 250 метраў на захад ад пасёлка ва ўрочышчы Курганне. Маецца 116 насыпаў вышынёй 0,5 – 3 метры, дыяметрам 5-18 метраў. Помнік адкрыла і даследавала Н.М. Дубіцкая ў 1981 годзе.
Курганны могільнік 2 размешчаны за 1,5-2 кіламетры на паўночны ўсход ад пасёлка. Мясцовая назва Напалеонаўскія Капцы. Захавалася 27 насыпаў вышынёй 0,5 – 3 метры, дыяметрам 6-14 метраў. Помнік адкрыла і даследавала Н.М. Дубіцкая ў 1981 годзе.
Курганны могільнік 3 размешчаны за 250 метраў 1,5 кіламетры на паўднёвы ўсход ад пасёлка. Маецца 55 насыпаў вышынёй 0,5 – 3 метры, дыяметрам 5-18 метраў. Помнік адкрыла і даследавала Н.М. Дубіцкая ў 1981 годзе.
Селішча за 0,4 км на паўднёвы ўсход ад вёскі на правым беразе Дняпра. Плошча 50 на 150 метраў. Даследавалі А.І. Драбушэўскі і А.І. Штэменка ў 1994-1995 гадах. Выяўлены паўземлянкі з пячамі-каменкамі, славянская кераміка VI-VII і VIIІ- ХІII стагоддзяў.
Інтэнсіўнае жыццё славян на тэрыторыі раёна не выклікае сумненняў. Але якія канкрэтна славянскія аб’яднанні жылі менавіта тут і дзе праходзіла мяжа паміж імі? Археолагі пішуць, што рэгіён знаходзіўся на дрыгавіцка-радзіміцкім сумежжы.
Дасягненні навукі дазваляюць сцвярджаць, што пераважна на ўсход ад Дняпра пражывалі радзімічы, якіх па летапісных звестках прывёў на гэтыя землі павадыр Радзім. Але паколькі межы тады былі нестабільнымі, а групы славян увесь час знаходзіліся ў стане ўзаемапранікнення, то некалькі радзіміцкіх пасяленняў знаходзіліся і на правым беразе Дняпра. Прычым магчыма правабярэжныя помнікі і былі самымі старажытнымі селішчамі радзімічаў.
Курганы радзімічаў выяўлены каля вёсак Курганне, Праскурні і інш. У іх знаходзяць характэрныя сяміпрамянёвыя і пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы радзіміцкіх жанчын. Радзімічы нейкі час плацілі даніну хазарам, а потым – кіеўскім князям. Апошні раз радзімічы згадваюцца ў летапісах пад 1169 годам.
А вось на захадзе – на правабярэжжы Дняпра пачыналіся землі дрыгавічоў, якія рассяліліся ў моцна забалочаных землях – у дрыгве, ад чаго часам і выводзяць назву іх племяннога аб’яднання. Дрыгавічы, як запісана ў Густынскім летапісу, рассяліліся на землях паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіной. У летапісе зафіксавана ўсходняя мяжа дрыгавічоў, што ішла ад упадзення Прыпяці ў Днепр на поўнач па яго левым беразе. У канцы першага тысячагоддзя было створана племянное аб’яднанне з цэнтрам у Тураве. Першым легендарным павадыром дрыгавічоў быў Тур. На поўнач ад Жлобіна дрыгавіцкім горадам лічыўся Рагачоў. Апошні раз дрыгавічы згадваюцца ў летапісах пад 1149 годам. Такім чынам, асноўная частка правабярэжных зямель Жлобінскага раёна адносілася да Тураўскага княства.
Курганы дрыгавічоў з крэмацыяй памерлых выяўлены каля пасёлка Колас, вёсак Акцябр, Старая Рудня. Па язычніцкіх уяўленнях агонь валодаў свяшчэннай ачышчальнай сілай, таму памерлых спальвалі разам з рэчамі, якімі карыстаўся нябожчык, бо яны спатрэбяцца яму ў замагільным жыцці. Пасля прыняцця хрысціянства ў канцы Х стагоддзя абрад трупаспалення паступова выцясняецца абрадам трупапалажэння. Курганы з абрадам трупапалажэння на тэрыторыі раёна выяўлены ля вёсак Адраджэнне, Дзяніскавічы, Курганне, Праскурні, Саланое, Новая Каменка. На мапе бачна, што многія з іх знаходзяцца паміж Жлобіным і Стрэшынам.
Раскопы паказалі, што дрыгавічанкі насілі так званыя зярнёныя пацеркі. Падобныя пацеркі зверху аздаблялі напаянымі дробнымі срэбнымі шарыкамі – зерню. Двума–трыма падобнымі пацеркамі ўпрыгожваліся скроневыя кольцы дрыгавіцкіх жанчын. Падобныя скроневыя кольцы знайшлі ў курганах каля вёсак Курганне, Праскурні, Саланое.
Саланое
Курганныя могільнік дрыгавічоў за 1 км на поўдзень ад вёскі Саланое. Захаваліся 2 курганы: адзін 1,5 метраў вышынёй і дыяметрам 8 метраў, а другі адпаведна 1,8 і 10 метраў. 10 курганоў раскапаў Е.Р. Раманаў у 1905 годзе. Багамольнікаў даследаваў у 1976 годзе.
Пахавальны абрад – трупапалажэнне на спіне галавой на захад. Пахаванні адзіночныя, але ў адным кургане парнае. У жаночых пахаваннях знаходзілі пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, бурназярністыя металічныя і шкляныя пацеркі, пярсцёнкі, падвескі, срэбная манета 10 стагоддзя (кёльнская), гаршчок з арнаментам у выглядзе ёлачкі. Могільнік датуецца ХІ стагоддзем і належаў дрыгавічам.
Пра сімбіёз двух славянскіх груп – дрыгавічоў і радзімічаў на Жлобіншчыне сведчаць знаходкі на археалагічных помніках. Гомелькі археолаг Уладзімір Багамольнікаў плённа даследаваў курганныя могільнікі каля Жлобіна, у тым ліку Дзяніскавічы і Курганне Жлобінскага раёна. Так, пры раскопах каля вёсцы Курганне яго экспедыцыя знайшла ўпрыгожанні, якія насілі як дрыгавічы, так і радзімічы.
Курганны могільнік Курганне
Могільнік каля вёскі з красамоўнай назвай Курганне, што месціцца на захад ад Жлобіна, складаецца з трох курганных могільнікаў і складаецца агулам з 93 курганоў, з якіх 35 даследаваў Багамольнікаў. Ён знайшоў мноства артэфактаў, і сярод іх былі так характэрныя для дрыгавічанак скроневыя кольцы. Але адначасова адшукалі і ўласцівыя радзімічанкам сяміпрамянёвыя кольцы. Сам помнік адносяць да спадчыны дрыгавічоў, але відавочна, што тут пражывалі і радзімічанкі. Імаверна, іх аддавалі замуж за суседзяў, магчыма кралі, але, відавочна, што тут сыходзіліся межы гэтых двух сваяцкіх славянскіх груп.
Знаходкі розных рэчаў і іх фрагментаў на тэрыторыі Гомельшчыны сведчыць пра тое, што славяне мелі гандлёвыя адносіны з кельтамі – насельніцтвам Цэнтральнай Еўропы, са скіфамі – плямёнамі паўночнага ўзбярэжжа Чорнага мора, старажытнагрэчаскімі і рымскімі гарадамі. Так, са старажытнагрэчаскіх гарадоў па Дняпры імпартаваліся ювелірныя вырабы з каштоўных металаў, шкляныя пацеркі, гліняны посуд (амфары) і тканіны.

