Праскурні (руск.: Проскурни) – вёска ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці. Знаходзіцца за 13 км у напрамку на поўдзень ад горада Жлобін і чыгуначнай станцыі Жлобін каля правага берага ракі Дняпро і аўтамабільнай дарогі Жлобін – Стрэшын.
Археолагі выявілі каля вёскі гарадзішчы, селішчы і бескурганны могільнік мілаградскай і ранняга этапу зарубінецкай культур.
З пісьмовых крыніц вёска вядомая з XVI стагоддзя як паселішча ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, ва ўладанні каталіцкай царквы.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай знаходзілася у Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні. Згодна з рэвізіяй 1858 года перайшла ва ўладанне князя Л. Галіцына. У 1880 годзе тут працавала збожжазапасная крама. У 1892 годзе ў вёсцы пабудавалі школу, і ў ёй пачаліся заняткі. У выніку пажару 14 траўня 1893 года згарэлі 112 двароў і царква. Паводле перапісу 1897 года знаходзіліся школа, 2 ветракі, кузня. У 1909 годзе вёска займала 2 209 дзесяцін зямлі, цагельня. Вёска ўваходзіла ў склад Стрэшынскай воласці.
У 1929 годзе арганізавалі калгас “12 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі”, тут працаваў вятрак. У час Другой Сусветнай вайны ў студзені 1944 года нямецкія акупанты спалілі 216 двароў і забілі 230 жыхароў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 108 жыхароў, у памяць аб загінулых у 1969 годзе ў цэнтры вёскі ўстанавілі скульптуру салдата.
У 1931-1954 гадах гэта – цэнтр Затонскага сельсавета, да 8 снежня 1966 года вёска знаходзілася ў адміністрацыйным падпарадкаванні Стрэшынскага пасялковага савета. Цяпер уваходзіць у склад Акцябрскага сельсавета.
Была цэнтрам калгаса “50 гадоў БССР”. У вёсцы знаходзілася сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, 2 магазіны, аддзяленне сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад.
У 2000 годзе ў вёсцы меліся 266 двароў і пражывалі 596 жыхароў.

