Надоўга захаваліся ў народнай памяці ўяўленні, звязаныя з міфалагічным персанажам – вядзьмаркай. Адной з вызначальных рыс вядзьмаркі была яе здольнасць да пераўвасаблення: часцей за ўсё яна магла набываць аблічча коткі («Прыходзіла ў хлеў у выглядзе коткі і даіла кароў» (вёска Верхняя Алба), свінні («Людзі кладуцца спаць, а ведзьмы становяцца свіннямі і ідуць у хлеў пакасці рабіць» (вёска Верхняя Алба), жабы (вёска Радуша).
Мясцовыя жыхары абараняліся ад ведзьм у першую чаргу агнём, крапівой: «На Купалу хадзілі з агнём, са свечкай і развешвалі на варотах крапіву, каб нічога карове не нашкодзіць, палівалі ўсё асвячонай вадой, каб ніякія вешчуны не маглі ім нашкодзіць» (Верхняя Алба). Каб выйшаў ведзьмін праклён, трэба 3 разы падмесці вакол дома, а смецце вынесці на скрыжаванні і закапаць апоўначы (Жлобін).
У Жлобінскім раёне дастаткова распаўсюджаны народныя павер’і, звязаныя з хлеўнікам. Гэтая міфалагічная істота жыла ў хляве. Адносна з’яўлення хлеўніка ў народнай памяці захаваліся супярэчлівыя сведчанні: з аднаго боку, гэтая істота прымае аблічча чалавека, а з другога – нячыстая сіла. Для гэтага персанажа характэрны дзеянні ў адносінах да скаціны. У розных мясцовых традыцыях раёна можна назіраць варыяцыі ягоных дзеянняў: хлеўнік “любіць на конях ездзіць, а яшчэ палохае жывёлу – кароў, свіней”; “Хлеўнік каня казыча, а конь па хляве бегае”; “Хлеўнік у кароў можа выдаіць малако”.
Па народных павер’ях, каб абараніць свойскіх жывёл ад хлеўніка “у свіран прыводзяць казла, каб хлеўнік знік” (вёска Пірэвічы); “трэба было па сонцы са свечкай абысці свіран, хрысціцца правай рукой і чытаць малітвы” (Жлобін).
Лясун па павер’ях – гэта дзядок з калматай барадой, увесь у гузах і ў моху (вёска Скепня). Як і іншыя міфалагічныя персанажы, лясун можа як нашкодзіць чалавеку, так і дапамагчы. “Лясун можа дапамагчы чалавеку ў лесе, а можа, наадварот, увесці яго ў зман, напалохаць” (вёска Салтанаўка). Асабліва здзекуецца лясун над тымі людзьмі, якія “крыўдзяць дрэвы і пакідаюць вогнішчы” (вёска Касакоўка).
Паводле шматлікіх міфалагічных паданняў, Вадзянік мае антрапаморфную знешнасць: “Стары дзед невялікага росту з доўгай барадой і доўгімі косамі. Ён пузаты, валасаты і брыдкі” (Верхняя Алба). Часам ў ягонай знешнасці спалучаюцца антрапаморфныя і аморфныя рысы: “Гэта стары з доўгай-доўгай барадой і валасамі на галаве. Усё цела яго, казалі, было пакрыта не валасамі, а травой, а паміж пальцамі рук і ног – перапонкі, зусім як у жабы” (вёска Кірава). Вадзянік можа і дапамагаць людзям, і шкодзіць. Напрыклад, “вадзянік палохае рыбу, ірве сеткі рыбакам, любіць жанчын тапіць” (Верхняя Алба), але можа і чалавека на дарогу вывесці, калі той заблукаў (Скепня). Добрае стаўленне гэтага міфалагічнага персанажа залежыць ад характару саміх людзей: “Дзе людзі добрыя жывуць, і вада добрая” (Скепня).
Адным з важных міфічных персанажаў быў дамавік. Якім быў дамавік, залежала ад самога гаспадара: “Калі гаспадар быў добры, то і дамавік рабіў дабро. А калі гаспадар быў дрэнны, прагны, то і дамавік быў такі самы” (Скепня). Каб не дапусціць сітуацыі, калі “добры дамавік можа стаць злым” (Кірава), яго трэба заўсёды нечым частаваць.
Як знешне выглядаў дамавік? Ва ўсіх вёсках Жлобінскага раёна склалася ўяўленне пра яго як пра “старога” (Скепня, Малевічы), “дзядка з барадой” (Салтанаўка), “мужыка” (Кірава). Згодна з павер’ямі, дамавік любіць ахайных гаспадароў: “Калі гаспадар ахаваны і асцярожны, то ён дапамагае. А калі лянуецца, тады не дапамагае” (Касакоўка). Па многіх павер’ях дамавік “дапамагае дзецям хутка заснуць, спявае ім калыханкі. ніколі не пусціць у хату злога чалавека” (Кірава), “вартуе кватэру” (Кірава), “наглядае за скацінай, прыбірае ў хаце” (Пірэвічы), “падтрымлівае парадак у хаце” (Малевічы).
З раслінным светам таксама звязаны міфалагічныя уяўленні. У народных павер’ях узгадваюць розныя дрэвы. Сярод іх – асіна (яе баяліся саджаць каля дома), дуб (“калі на дубе шмат жалудоў, то год будзе неўраджайны”, Пірэвічы), бяроза (“пасадзіць бярозу – шчасце набыць”, Пірэвічы).
Існавалі народныя прыметы і адносна прадметаў. Па народным павер’і, нож “адганяе цёмныя сілы, што прыходзяць да дзіцяці, асабліва калі яно няхрышчанае”. Каб дзіця супакоілася і не плакала па начах, раілі пад дзяцячую падушку пакласці ножык або рукаяць нажа”. Нельга пакідаць нож на стале, а то будзе сварка. У гэтыя прыкметы верылі жыхары вёскі Кірава.
Што да сякеры, то “ўбітую сякеру ў дрэва не пакідаць – гэта да злосці” (Кірава). Сякера выкарыстоўвалі як атрыбут, звязаны з ахоўнай магіяй. Калі карову ўпершыню выганялі ў поле, трэба было, каб карова пераступіла праз яе. Гэта рабілі для таго, “каб карову ніхто не злавіў” (вёска Скепня). Цяжарнай жанчыне забаранялася пераступаць праз сякеру, бо думалі, што дзіця народзіцца мёртвым. У доме, дзе жыла цяжарная, пазбягалі біць сякерай, бо баяліся, што гэта будзе прычынай нараджэння “дзіцяці з заячай губой” (Скепня).
Захаваліся і традыцыйныя народныя павер’і, звязаныя з люстэркам: “нельга глядзець у разбітае люстэрка, таму што страціш сваё шчасце”, “разбітыя люстэркі – значыць, у сям’і здарыцца нешта нядобрае” (Жлобін); з валасамі і пазногцямі (“калі пазногці стрыжэш, не выкідвай, а то птушкі збяруць іх у гняздо і будуць хваробы” (Кірава), “валасы лепш спаліць, каб галава не хварэла” (Жлобін).
Парог адыгрываў надзвычай важную ролю ў паўсядзённым і святочным жыцці сялянскай сям’і. Па народным павер’і, сустрэча сватоў на парозе азначала няўдачу ў рашэнні пытання аб згодзе нявесты на шлюб. Жаніх мусіў перанесці нявесту цераз парог. “Нельга вітацца праз парог, перадаваць нешта, класці праз парог смецце, доўга стаяць у дзвярах, не заходзячы ў хату, усё гэта да бяды, няшчасця”, – казалі жыхары вёскі Скепня.
У Жлобінскім краі праводзілі шматлікія абрады для абароны агародаў ад засухі: “аралі дарогу плугам, падвешвалі жабу на асіну” (вёска Радуша), “ламалі платы тым, хто будуецца на Благавешчанне” (вёска Мормаль). Асноўнымі “сродкамі абароны ад маланак і навальніц” былі асвечаныя ў царкве галінкі клёну, што захоўвалі на працягу года і затым спальваліся (вёска Кіцін), а таксама вымаўленне ў становішчы “схіліўшы калені пад вялікім дрэвам” малітоўную слоўную формулу: “Дрэва крані, а мяне не чапай” (вёска Касакоўка).

