Жлобінскі замак і замкавае мястэчка

А што ж нам кажа археалогія пра старажытны Жлобін і ягоны замак?

Буйнамаштабныя мапы 1853, 1899 гадоў, фотаздымак пачатку ХХ стагоддзя паказалі, што гістарычная частка Жлобіна размяшчаецца ў асноўным паміж Свята-Троіцкім саборам, ракой Дняпро, ранейшым ручаём Чорначка (цяпер ён у калектары, ля ранейшага вусця захаваўся невялікі заліў ад Дняпра) і шляхам Рагачоў – Рэчыца (цяпер вул. Маркса). Да Другой Сусветнай вайны яна была забудавана пераважна аднапавярховымі дамамі. Вайна панішчыла прыватныя будынкі, і на іх месцы пабудавалі спартыўную школу і заклаў тут гарадскі парк культуры і адпачынку “Прыдняпроўскі”.

Фота Прыдняпроўскага парка ў Жлобіне

Будаваць замак у Жлобіне вырашылі таму, што да суседніх замкаў ў Рагачове і Стрэшыне была прыблізна аднолькавая адлегласць. Канкрэтна гэтае месца абралі таму, што гэта быў зручны ўчастак для арганізацыі прыстані, бо вышэй і ніжэй па плыні ракі ёсць працяглая забалочанасць.

Міхась Ткачоў стаў першым беларускім даследчыкам, хто сістэматычна даследаваў замкі Беларусі. У ходзе археалагічнай экспедыцыі 1983 года ён выявіў і даследаваў замчышча і селішча Жлобіна. Менавіта ён на месцы спартыўнай школы і школьнага стадыёна выявіў замчышча і лакалізаваў селішча паміж замчышчам і ракой Дняпро. Цяпер на месцы селішча размешчаны гарадскі парк.

Жлобінскі замак
Схема з працы Ткачова

На схеме па выніках абследавання 1983 года паказана, што пляцоўкі замчышча (як дзядзінца, так і ніжняй часткі – падзамка) узвышаюцца над навакольнай мясцовасцю, у тым ліку з заходняга боку. Паводле схемы, па ўсходнім і заходнім краі пляцоўкі падзамка былі ўзвышэнні, падобныя на валы. Паверхня падзамка мела нахіл ва ўсходні бок (у бок Дняпра). Жлобінскае замчышча прылягае заходнім бокам да старадаўняга шляху Рагачоў – Рэчыца (зараз вул. Маркса). Яно выцягнута з поўначы на поўдзень. Яшчэ да выяўлення замчышча (1983) у яго верхняй частцы – на замкавым дзядзінцы – узвялі будынак спартыўнай школы.

Жлобінскі замак
Фота спартыўнай школы ў Прыдняпроўскім

Такім чынам, Жлобінскі замак існаваў у XV-XVII стагоддзях на адлегласці 100 метраў ад упадзення ручая Чорначка ў раку Дняпро, побач з сучасным гарадскім паркам “Прыдняпроўскі”. Пляцоўка замка памерам 50 на 60 метраў узвышаецца над нізінай на 3-4 метры (цяпер тут знаходзіцца сучасны будынак – спартыўная школа). Пляцоўка падзамка памерам 130 на 60 метраў прымыкала да замка з поўдня, была выцягнута з поўначы на поўдзень. Яна ўзвышаецца над нізінай усяго на 2-3 метры (цяпер тут месціцца стадыён спартыўнай школы). Відаць, і замак, і падзамак былі абнесены землянымі валамі, што з часам знівеліраваліся. На валах былі традыцыйныя для таго часу драўляныя абарончыя ўмацаванні. Паблізу ёсць і першапачатковае месца неўмацаванай часткі паселішча – сярэднявечнае селішча. На ім размешчаецца парк “Прыдняпроўскі”.

Светлагорскі археолаг Тэльман Маслюкоў абследаваў замчышча і селішча ў 2012 і 2013 гадах. На сёння, у параўнанні з дадзенымі 1983 года, на замчышчы ёсць пэўныя адрозненні. У выніку будаўніцтва сучаснай дарогі пляцоўка дзядзінца з заходняга боку цяпер знаходзіцца на адным узроўні з вуліцай, а пляцоўка падзамка апынулася ніжэй узроўня вуліцы. Пляцоўка падзамка цяпер нахілу не мае, на ёй размешчаны стадыён. Узвышэнняў ад валоў па краях пляцоўкі няма. У астатнім замчышча не змянілася і адпавядае звесткам, што прыведзены ў энцыклапедыях. На ўсходнім баку, дзе замчышча выходзіць да гарадскога парку культуры і адпачынку “Прыдняпроўскі”, а таксама на паўднёвым баку, захаваліся выразныя адхілы. Да ўсходняга адхілу прылягае ўзвышэнне, дзе пракладзены асфальтаваны праезд, – працяг сучаснай вуліцы Савецкай. Ён злучаецца з сучаснай вуліцай Маркса. Гэта ўзвышэнне можа быць рэшткамі вонкавага валу (меркаванне археолага Ігара Язэпенкі).

На замчышчы ў 2013 годзе Маслюковым выявілі моцна пацінізаваны фрагмент плоскага шкла таўшчынёй 3 мм; захаваўся закруглены ў профілі роўны край даўжынёй 37 мм. Па ім бачна, што шкло мела прамавугольную форму і было аконным. Такое шкло адносіцца да X–XIII стагоддзяў. Яго выраблялі ў Кіеве да 1240 года – часу нападу войска мангольскага палкаводца Батыя на горад. Знаходку гэтага часу выявілі ў Жлобіне ўпершыню.

Знаходкі з замчышча і селішча ў Жлобіне: 1 – 3 – фрагменты кафлі, 4 – фрагмент глінабітнага збудавання з адбіткам драўлянага каркасу, 5 – фрагмент ганчарнага посуду з ручкай, 6 – прасліца, 7 – падсвечнік.

Селішча знаходзілася паміж замчышчам і ракой Дняпро. З паўднёвага боку яно абмяжоўваецца прытокам Дняпра – ручаём Чорначка (ён пазначаны на схеме па выніках абследавання 1983). Ручай не мае назвы на мапах 1899, 1913 гадоў, ён выцякаў з балота, што было ў сучасным цэнтры горада. Верагодна, Чорначка была паўднёвай мяжой сярэдневяковага Жлобіна. Цяпер ручай працякае ў калектары. Месца ранейшага ручая ля сучаснага парку можна называць “Урочышча Чорначка”. У гэтым урочышчы замест вусця ручая існуе невялікая затока ад Дняпра. Ткачоў выявіў на селішчы культурны пласт таўшчыной да 1 метра з керамікай XIV-XVII стагоддзяў.

У 2012 годзе Маслюкоў даследаваў паверхню культурнага слою шырынёй 25-30 метраў уздоўж замчышча і далей на поўдзень па заходняй ускраіне парка ў паласе шырынёй 10 метраў. Агульная плошча абследаванага ўчастку склала каля 5 150 квадратных метраў.

Паверхневы матэрыял, што сабраў Маслюкоў, быў разнастайным. Знойдзеная ляпная кераміка сведчыць пра сляды жыцця балтаў на гэтай тэрыторыі каля 2 000 тысяч гадоў таму. Але найбольш часта на селішчы сустракаліся абломкі ганчарнай непаліванай керамікі XVI-XVIII стагоддзяў. Пераважалі абломкі кухоннага посуду цёмна-шэрага коляру, які атрымлівалі задымленнем. Сустракалася і паліваная кераміка, якая пакрывалася палівай па знешняй, або ўнутранай паверхні жоўтага, зялёнага, карычневага і шэрага коляру розных адценняў. На некаторых фрагментах маюцца белыя плямы – магчыма сляды ангабавання. Кераміка з празрыстай палівай і ангабаваннем адносяцца да XVI-XVII стагоддзяў, а непразрыстай палівай – да XVIІ – пач. ХХ стагоддзяў.

Шлак металаапрацоўкі

“Цікавы факт!”

На жлобінскім селішчы маецца шлак, што можа сведчыць пра мясцовую металургічную вытворчасць. Звычайна выплаўка жалеза рабілася па-за межамі паселішчаў, часцяком побач з месцам здабычы сыравіны. Верагодна, вытворчасць жалеза была на месцы старажытнага Жлобіна яшчэ да ўзнікнення тут селішча, да таго часу калі тут склалася забудова – не пазней XV – XVI стагоддзяў. Праз стагоддзі ў Жлобіне пабудуюць Беларускі металургічны завод, што працягвае працу сярэднявечных металургаў і кавалёў.

У 2013 годзе на паўночным беразе затокі Маслюковым зрабілі шурф плошчай 1 кв. метр. Глыбіня культурнага слоя ў гэтым месцы – 1,30 метра, у верхніх пластах грунт перакапаны. У шурфе знайшлі фрагменты ганчарнага задымленага і паліванага посуду XVI – XVIII стагоддзяў, а таксама фрагмент кафлі з зялёнай глазурай.

Абследаваны таксама ўчастак траншэі, што была пракладзена для правядзення кабеля. Траншэя прайшла ўздоўж замчышча па ўзвышэнню, што папярэдне вызначылі як знешні вал, а таксама па селішчу. Шырыня траншэі складала 40 см, глыбіня 60 см, даўжыня абследаванага ўчастку – 138 метры. Насупраць сярэдзіны замчышча ў траншэі было зроблена заглыбленне для вызначэння глыбіні культурнага слою. Ягоная глыбіня ў гэтым месцы складае больш за 2 метры, уверсе ёсць пясчана-гліністыя пласты. Да паўднёвага ўскрайку замчышча глыбіня культурнага слоя змяншаецца да 40 см, а адразу на поўдзень ад замчышча культурны слой знікае. Аднак на ўсход ад замчышча, у бок Дняпра, глыбіня культурнага слоя пасярэдзіне селішча больш за 1 метр. Гэта заўважылі ў месцы правядзення будаўнічых работ.

У траншэі і на адвале сабралі археалагічны матэрыял. Як і пры абследаванні 2012 года, самыя раннія знаходкі – ляпная кераміка адносіцца да канца І тыс да н. э. – пачатку І тыс н. э., у тым ліку са штрыхоўкай. Знайшлі гліняную прасніцу бачонкавіднай формы, цёмна-карычневага колеру, дыяметр – 30 мм, таўшчыня – 18 мм, дыяметр адтуліны – 10 мм. Гліняныя прасніцы вырабляліся вельмі працяглы час. Калі ўзяць пад увагу, што больш ранняй была біканічная форма прасніц, то жлобінская адносіцца, імаверна, да VIII – X стагоддзяў. Прасніцу знайшлі на селішчы, але ў непасрэднай блізкасці ад замчышча.

Найбольш масавыя знаходкі – фрагменты ганчарнага посуду рознай формы – гаршкі, міскі, у асноўным цёмна-шэрага (задымленага) колеру. Знайшлі фрагменты венцаў з розным арнаментам, што наносіўся спосабам штампоўкі, і з хвалістым краем; ёсць ручкі посуду. Ёсць таксама паліваная кераміка з жоўтай і зялёнай глазурай, фрагменты мецца-маёлікавага і фаянсавага посуду.

Маслюкоў параўнаў знаходкі ганчарнага і паліванага посуду з матэрыяламі Археалагічнага музея ў горада Гданьску (Паморскае ваяводства, Польшча). Ганчарны непаліваны посуд з археалагічных раскопак у Гданьску быў такога самага тыпу, як у Жлобіне, і з падобным арнаментам. У Гданьску яго адносяць да ХV – XVI стагоддзяў. Паліваны гданьскі посуд з жоўтай глазурай адносіцца да ХVI стагоддзя, з зялёнай глазурай – да XVII стагоддзя. Верагодна, датаваць кераміку ў Жлобіне можна прыблізна тым жа часам (альбо пазнейшым у межах паўстагоддзя).

Фрагменты кафлі з пярэдняй пласцінай, у тым ліку паліваныя, знайшлі ў Жлобіне ўпершыню. У адным з буйных фрагментаў захаваўся поўны профіль вырабу, што мае каробкавую форму таўшчынёй 6,5 см і безрамачную непаліваную пярэднюю пласціну. Іншыя фрагменты, у тым ліку з карнізным выступам, маюць безрэльефную пярэднюю паверхню з зялёнай глазурай. Кафля з непаліванай і безрэльефнай зялёнай паверхняй характэрная для першай паловы ХVI стагоддзя. Такім чынам, яна можа адносіцца непасрэдна да замку.

На селішчы ў 2012 годзе знайшлі і фрагменты глінабітных канструкцый. У іх з аднаго боку гладкая паверхня без слядоў апрацоўкі, а ў тоўшчы ёсць шматлікія сляды саломы, якую дамешвалі для трываласці канструкцыі. А з унутранага боку ёсць сляды абпальвання. Верагодна, гэтыя фрагменты адносяцца да глінабітных печаў. Падобныя глінабітныя печы ў жылых будынках рабіліся да першай паловы ХІХ стагоддзя. У 2013 годзе таксама знайшлі фрагменты глінабітных збудаванняў таўшчынёй да 2,5 см, у тым ліку з адбіткамі драўлянага каркаса.

Сярод знаходак ёсць і рэшткі глінянай абмазкі сцен. Падобная абмазка знойдзена і ў Гомельскай вобласці пры раскопках Турава. З пісьмовых крыніц так абмазвалі драўляныя замкі Гомеля, Рэчыцы, Стрэшына. У жлобінскай абмазцы гладкая паверхня з абодвух бакоў, без слядоў абпальвання і дамешак саломы.

Сярод знаходак 2012 года ёсць фрагмент кафлі, цэглы, вырабаў з жалеза і шкла. На схілах замчышча знайшлі каваны цвік-ухналь даўжынёй 2,5 сантыметра. Сярод знаходак 2013 года: гліняны падсвечнік, аранжава-карычневага колеру, даўжынёй 4,5 см (аснаванне не захавалася), дыяметр уверсе 33 мм, дыяметр адтуліны ад 1,5 см уверсе да 0,5 см у глыбіні, глыбіня адтуліны 18 мм – выкарыстоўваўся для лёгкіх свечак, магчыма, царкоўных. Знойдзены таксама жаночы бронзавы пярсцёнак ХVIII – XIX стст. З жалезных вырабаў знайшлі лязо нажа XVII – XVIII ст. даўжынёй 14 см, а таксама мноства каваных цвікоў рознай даўжыні і захаванасці. Сабраныя матэрыялы перадалі ў Жлобінскі краязнаўчы музей.

Жлобінскі краязнаўца Г. Пархоменка выявіў на дне Дняпра побач з селішчам дубовы кол, які мог быць элементам абарончых збудаванняў. Кол вырабілі з жэрдкі. Яго ўзрост паводле табліц укладае ад 280-ці да 570-ці гадоў, што дае магчымасць аднесці яго да XV- XVIІ стагоддзяў. Магчыма, ён быў часткай берагавой агароджы “двара”. Імаверна, ён быў злучаны з замкам. Падобны двор, паводле пісьмовых крыніц, быў у суседнім Стрэшыне. Ён быў аднесены агароджай, а ад Дняпра аддзяляўся дубовымі вострымі каламі.

Такім чынам, беларускія археолагі пацвердзілі гістарыяграфічныя дадзеныя пра існаванне замчышча і селішча ў Жлобіне. З меркавання Міхася Ткачова найбольш раннія знаходкі адносяцца да XIV стагоддзя. Падчас археалагічных абследаванняў ён знайшоў матэрыялы і пазнейшых XV-XVIII стагоддзяў.

Вынікі абследаванняў Маслюкова 2012-2013 гадоў далі магчымасць яшчэ лепш зразумець сітуацыю. Знаходкі ляпной керамікі ля адхілу замчышча (у тым ліку на месцы вонкавага вала) пацвярджаюць, што паселішча ў гэтым месцы існавала ўжо ў жалезным веку – прыблізна ў канцы І тыс да нашай эры – І тыс нашэй эры. Магчыма, на ўзвышэнні спачатку было гарадзішча жалезнага веку. У сярэдневяковы час тут, імаверна, таксама існавала паселішча – верагодна, умацаваная баярская сядзіба ці ранні замак. Пра гэта сведчыць знаходка шкла Х-ХІІІ стст., якое ў той час магло выкарыстоўвацца толькі ў пабудовах важнага значэння. Пакуль немагчыма ўпэўнена сцвярджаць наяўнасць сувязі паміж паселішчам Х-ХІІІ стагоддзяў і Жлобінам (хаця ў матэрыялах М.І. Ткачова была кераміка XIV стагоддзя). Больш познімі знаходкамі пацвярджаецца існаванне Жлобіна ў ХV-ХVI стагоддзяў. Неўмацаваная частка сярэдневяковага пасялення (замкавы двор альбо пасад) узнікла ля замка і затым развівалася ў накірунку Дняпра і ручая Чорначка. Знаходкі кафлі пацвярджаюць значэнне Жлобіна як сярэдневяковага замкавага мястэчка, што мела важнае значэнне ў сістэме абарончых умацаванняў беларускага Падняпроўя.

Археалагічныя знаходкі дазваляюць рабіць пэўныя высновы пра рамёствы і заняткі жыхароў старажытнага Жлобіна. Найперш відавочна, што яны займаліся апрацоўкай жалеза для патрэб замка. Артэфакты сведчаць таксама пра прадзенне, ткацтва і ганчарства. А знаходкі аконнага шкла і пярсцёнка могуць сведчыць пра значны ўзровень матэрыяльнага дабрабыту яго асобных жыхароў.

Пашырыць звесткі аб ранняй гісторыі Жлобіна можна ў выніку далейшых абследаванняў, а таксама раскопак. Пакуль жа даведнікі абыходзяцца сціслымі згадкамі пра тое, што замак быў умацаваны земляным валам і драўлянымі сценамі-гароднямі з вежамі і брамай. Падобнае апісанне падыходзіць да любога драўлянага замка той эпохі ў лясной зоне Ўсходняй Еўропы. Паколькі апісання Жлобінскага замку ў нас няма, то дастаткова рэальна ўявіць сабе яго нам дапаможа Стрэшынскі замак.

Калі параўноўваць жлобінскі замак са стрэшынскім, варта памятаць пра агульныя будаўнічыя і планіровачныя прынцыпы, навыкі майстроў таго часу, з чаго і вынікае іх падабенства, і пра асаблівасці. Вядомы гісторык Міхась Ткачоў, які найбольш грунтоўна вывучаў замкі Беларусі, пісаў, што тапаграфія замка Злобін адрознівалася ад тапаграфіі іншых паселішчаў, што ўзніклі на Дняпры ў той час. Іншыя замкі, амаль заўжды займалі ўзвышаныя ўчасткі берага. А тут усё было наадварот. Умацаванні Злобіна стаялі ў 100 метрах ад вады на невысокім узгорку. А каля падножжа замка размяшчаліся жылыя кварталы, што спускаліся да ракі. Гэта магло выклікаць непадабенства жлобінскага замка на іншыя, але апісання замку няма. Нам застаецца арыентавацца на іншыя суседнія фартэцыі, якім больш пашчасціла з захаванымі дакументамі.

Казакі Залатарэнкі, якія выступалі на баку Маскоўскай дзяржавы, у ліпені 1654 года ўзялі штурмам і спалілі Жлобінскі замак. Пазней звесткі пра замак у Жлобіне не сустракаюцца.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.