Напачатку 1654-й год лічыўся датай першага згадвання Жлобіна ў пісьмовых крыніцах, затым 1649-й, потым 1645-й і нарэшце 1635-й састарыў горад.
Доўгі час было прынята лічыць, што ўпершыню Жлобін, які, як мяркуецца, тады зваўся Злобін, згадваецца ў дакументах упершыню толькі ў 1654 годзе, як замак на Дняпры. Увогуле, “Замак Злобін” у пісьмовых крыніцах згадваецца першы і адзіны раз у лісце наказнога гетмана Войска Запарожскага І.Н. Залатарэнкі ад 15 ліпеня (па сучасным календары) 1654 года гасудару, цару і вялікаму князю ўсея Русі Аляксею Міхайлавічу.
Ішла вайна 1654-1667 гг. паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай. Казацкі гетман Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у сваім лісце з гонарам паведаміў: “…А гарады, якія нам раней шкоду чынілі, спаліць загадалі, асобны замак Рэчыцкі, замак Злобін, замак Стрэшын, замак Рагачоў, замак Горваль спаленыя”. З ліста зразумела, што гарнізон замка ў Злобіне (Жлобіне) або ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, або замінаў маскавітам іх весці, таму замак і быў спалены.
Іншых ранейшых ці пазнейшых пісьмовых звестак пра замак “Злобін” няма. Затое мястэчка Злобін згадваецца ў шэрагу іншых дакументаў, што звязаны з ваеннымі дзеяннямі ў 1654-1655 гадах. Так, 14 кастрычніка 1654 года магілёўскі ваявода Міхаіл Ваейкаў даносіў цару, што з мястэчка Злобін прыходзіў пад Магілёў войт Пётр Мікулаеў. Частыя ж пісьмовыя звесткі пра Жлобін (Злобін) пачынаюць сустракацца ў дакументах толькі з 1790 гадоў.
Картаграфічныя крыніцы на жаль таксама не даюць адказу на пытанне пра месцазнаходжання старажытнага Злобіна ў 1654-1655 гадоў. І толькі ў XVIII стагоддзі Жлобін (Злобін) пазначаны на мапах 1772, 1776 і 1799 гадоў. Карты паказваюць існаванне Жлобіна на рацэ Дняпро, прычым у некалькіх месцах адначасова вышэй і ніжэй Рагачова. Старажытныя карты не дазваляюць лакалізаваць месцазнаходжанне гістарычнага Жлобіна, але яны пацвярджаюць яго існаванне ў той час.
Картаграфічныя крыніцы.
Злобін пазначаны на мапах 1772, 1776 і 1799 гадоў. На мапе 1772 года ёсць Вышні Жлобін і Ніжні Жлобін (Vysz. Zlobyn, Nis. Zlobyn). Прычым “Вышні”, што суадносіцца з сучасным Жлобіным, размешчаны ніжэй Рагачова, а “Ніжні” лакалізуецца вышэй за яго. Натуральна, што “Вышні” – верхні Злобін мусіць размяшчацца вышэй па плыні ракі, а “Ніжні” – ніжэй. Таму ўзнікае пытанне, а з чаго б гэта тут усё наадварот? Адказ просты – гэта памылка картографаў. Яна магла ўзнікнуць з прычыны друкавання мапы ў Парыжы.
Вышні Жлобін і Ніжні Жлобін ёсць і на картах 1776 і 1799 гадоў. Але на рацэ Беразіна, вышэй па плыні за Горваль (сучасная вёска Рэчыцкага раёна), размешчаны нейкі Жлобін (Zlobyn), што, магчыма, таксама памылка. Відаць, старажытныя карты не надта дапамагаюць у лакалізацыі месцазнаходжання гістарычнага Злобіна – Жлобіна. Але яны пацвярджаюць, што населены пункт з такой назвай, а можа і не адзін, насамрэч быў.
Такім чынам, навукоўцы і краязнаўцы доўгі час пагаджаліся, што трэба лічыць 1654 год першым бясспрэчным пісьмовым паведамленнем пра Жлобін (Злобін). Паколькі замак Злобін прынята суадносіць з тэрыторыяй сучаснага горада Жлобіна, то звесткі пра падзеі 1654 года і лічыліся першай пісьмовай згадкай пра Жлобін, а 15 ліпеня ўмоўнай датай нараджэння горада. Але браць за дату заснавання паведамленне пра спаленне населенага пункта неяк нелагічна. Да таго ж на падставе археалагічных матэрыялаў Міхась Ткачоў аднёс узнікненне Жлобіна на два стагоддзі раней – да XV стагоддзя. Таму і гэтая дата выклікае больш пытанняў, чым дае адказаў.
Сучасныя даследчыкі, у іх ліку Аляксандр Доўнар, знайшлі і іншыя ранейшыя па часе падзеі ці правы, у сувязі з якімі згадваецца Жлобін. Так, 10 ліпеня 1649 года палонны Андрэй паказаў, што быў узяты ў казакі казацкім атрадам, што паслалі ў дазор з Гомеля да Жлобіна.
Прывілей 1645 года даваў права на маставое мыта ў маёнтку Рудзенец гомельскай плябаніі на гасцінцах: з Белай Русі да Сівера; з Севершчызны і Гомля да Жлобіна і Стрэшына і да ракі Днепр; з Мінска, Слуцка, Капыля да Оршы, Стаўбцоў-порта.
Апошнім часам усё больш настойліва датай нараджэння прапануюць лічыць дату 1635 год. Кандыдат гістарычных навук з Гродна Наталля Сліж пры вывучэнні актавай кнігі Слонімскага земскага суда за 1668-1669 гады пераадкрыла год нараджэння горада Жлобіна.
У 1635 годзе ў Рэчыцкім земскім судзе разглядаўся тэстамент (завяшчанне) стражніка Вялікага Княства Літоўскага Уладзіслава Халецкага. Ён адпісваў сваёй жонцы Крысціне Стравінскай 10 тысяч залатых. Менавіта ў гэтым дакуменце і згадваецца ўпершыню Жлобін. Гэтая актавая кніга захоўваецца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.
Падсумуем: ні 1654, ні 1635 год не могуць лічыцца годам заснавання Жлобіна. Імі датуюцца толькі першыя згадкі горада ў дакументах. Тым больш, што археалагічныя раскопкі сведчаць, што Жлобін, як пасяленне дрыгавічоў, існаваў задоўга да першага згадвання пра яго ў XVІІ стагоддзі пад назвай Злобін.

