Ва ўмовах вострых супярэчнасцей паўстанне казакоў на чале з Багданам Хмяльніцкім ва Ўкраіне стала штуршком да антыфеадальных выступленняў на Беларусі. Казацкія загоны былі тут падтрыманы сялянствам і гарадскімі нізамі. Паўстанцы змагаліся супраць феадальнага прыгнёту і свавольства адміністрацыі, за “паказачванне” сялян і да вынішчэння шляхты – крыніцы зла. У кастрычніку 1648 годзе казацкі атрад Крывашапкі заняў Чэрыкаў, адкуль рабіў набегі на шляхецкія маёнткі Мсціслаўскага ваяводства, а загон Паддубскага з падтрымкай гараджан авалодаў Бабруйскам. Як бачна, казацкія загоны з усіх бакоў акружалі жлобінскія паселішчы.
Супраць паўстанцаў выступала шляхецкае апалчэнне на чале з Янушам Радзівілам. У 1649 годзе каля Рагачова некаторы час размяшчаўся полк Гансеўскага для процідзеяння казацкім набегам. Ён ўваходзіў у войска Януша Радзівіла.
У пачатку 1649 года буйнейшыя цэнтры паўстання на Беларусі былі занятыя ўрадавымі войскамі. Абодва бакі не вызначаліся літасцю да пераможаных. Асабліва лютавалі казакі, якія шляхту і жыдоў высякалі “у пень”, не шкадуючы ні немаўлят, ні старых. Шляхецкія атрады пасля сваёй перамогі таксама бязлітасна каралі паўстанцаў. Узброеная грамадзянская барацьба працягвалася па 1651 год, калі паўстанне ахапіла раён Мсціслаўля – Прапойска. Яна прывяла да шматлікіх чалавечых ахвяр і завяршылася перамогай шляхты.
Унутраным аслабленнем Рэчы Паспалітай скарысталася Расія. Пад маркай абароны праваслаўя і беларусаў яна распачала ў 1654 годзе чарговую наступальную вайну. Ужо ў першы год маскоўскае войска занялі ўсе левабярэжжа Дняпра: Мсціслаў, Крычаў, Шклоў, Новы Быхаў. Здаўся на ўмовах захавання сваіх прывілеяў і Магілёў.
Поспеху маскавітаў спрыяла ідэалагічная апрацоўка беларускага насельніцтва, шматлікія царскія лісты, дзе абяцалі захаванне прывілеяў. Частка насельніцтва прыхільна сустрэла маскоўскае войска. Прыкладам, на пачатку вайны магілёўцы без супраціву адкрылі свае брамы і ўпусцілі маскоўскае войска.
Іншыя абарончыя замкі Падняпроўя аказалі захопнікам супраціў. У 1654 годзе казацкі гетман Іван Залатарэнка ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы і ў сваім данясенні паведаміў пра спаленне Рэчыцкага, Злобінскага (Жлобінскага), Стрэшынскага, Рагачоўскага і Горвальскага замкаў за тое, што “нам раней шкоду чынілі”.
Адначасова казакі рабавалі і навакольныя вёскі. У 1654 годзе на долю жыхароў Краснага Берагу выпалі жорсткія выпрабаванні. Навакольныя вёскі, у тым ліку і сам Красны Бераг, амаль зусім зніклі.
У 1655 годзе маскавіты выкарысталі наступ шведаў у Рэчы Паспалітай і занялі амаль усю Беларусь. Толькі гарнізон Старога Быхава трымаў шматлікія аблогі да 1659 года на ўсходзе. У 1657-1658 гадах прыйшла на Беларусь іншая бяда – эпідэмія, што выкасіла насельніцтва многіх паветаў.
У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654-1667 гадоў шэсць гадоў амаль усё беларускае Падняпроўе знаходзілася пад маскоўскай уладай. Нягледзячы на абяцанні цара захаваць у непарушнасці магдэбургскае права і нормы гарадскога кіравання, вайсковая адміністрацыя груба ўмешвалася ў гарадскія справы, імкнулася дыктаваць сваю волю магістрату. Маскоўскія стральцы, запарожскія казакі рабавалі насельніцтва. Нават царкоўную маёмасць вывозілі ў Маскву з праваслаўных храмаў. Так, Магілёўскую праваслаўную брацкую школу разрабавалі цалкам. Вывезлі кнігі, друкарскае абсталяванне, настаўнікаў.
Паступова марадзёрства, няспраўджаныя чаканні, цяжар вайны змянілі настрой насельніцтва на антымаскоўскі і выклікалі шляхецка-сялянскі партызанскі рух. Абурэнне вольналюбівых гараджан прывяло да паўстанняў, самым вядомым з якіх стала магілёўскае паўстанне 1 лютага 1661 года. Тады за некалькі гадзін двухтысячны маскоўскі гарнізон быў знішчаны амаль дарэшты, ацалела толькі некалькі чалавек. Пасля Магілёўскага адбыліся паўстанні і ў іншых гарадах усходу Беларусі. Быў пакладзены пачатак вызваленню краіны.
Ваеннае ліхалецце прынясло “вялікае спусташэнне” Рэчыцкаму павету, куды ўваходзілі землі вакол Жлобіна, Краснага Берагу і Стрэшына. У XVII стагоддзі колькасць насельніцтва павету была адной з найменшых сярод паветаў Вялікага Княства Літоўскага. Панізоўе, куды геаграфічна ўваходзілі жлобінскія населеныя пункты, значна пацярпела ад казацкіх рэйдаў (1648-1649), што ўчынілі вялізную шкоду і спусташэнне. У сярэдзіне XVII стагоддзя ў павеце было 4 342 дамы. Калі да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654-1667) колькасьць насельніцтва павета паводле сучасных падлікаў складала каля 35 тыс чал., то па вайне яно скарацілася да 12 тыс чал. (1,8 тыс дымоў).
Панізоўе
(літаральна “мясцовасць, якая ляжыць у ніжняй плыні ракі”) - гістарычны рэгіён на паўднёвым усходзе Беларусі ў міжрэччы Дняпра і Сажа, а часткова Беразіны і Прыпяці – усход і цэнтр цяперашняй Гомельскай вобласці і паўднёвы ўсход Магілёўскай. Рэгіён уключаў месты Гомель, Жлобін, Крычаў, Прапойск, Рагачоў, Рэчыцу, Чачэрск, а таксама Асцёр і Любеч, што цяпер знаходзяцца ў Чарнігаўскай вобласці Ўкраіны.
Мяркуецца, што сам рэгіён “Панізоўе” склаўся і існаваў задоўга да ўзнікнення гэтай назвы і ў пачатку ХVII стагоддзя гэты рэгіён называўся менавіта так. Назва не была шырока вядомай і не выкарыстоўвалася працяглы час.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) і далучэнні ўсходняй Беларусі да Расійскай імперыі, землі Панізоўя сталі асацыявацца з “Белай Руссю”. Адбылося гэта праз тое, што большая частка былога Панізоўя ўвайшла ў склад Магілёўскай (Беларускай) губерні.
Назва “Панізоўе” мае і геаграфічнае напаўненне, бо географы вылучаюць “Дняпроўскую нізіну (раўніну)”, як асобны геаграфічны рэгіён.
Вайна 1654-1667 гадоў стала адным з самых трагічных перыядаў нашай гісторыі. У выніку ваенных дзеянняў, недароду, голаду і эпідэмій насельніцтва Беларусі скарацілася напалову. Мноства беларусаў прымусова вывезлі ў Расію. Асабліва моцна пацярпелі ўсходнія раёны Беларусі. Сойм 1661 года характарызаваў і ўвесь стан Мінскага ваяводства як “цалкам спустошаны маскоўскім непрыяцелем”. У суседнім Мсціслаўскім ваяводстве насельніцтва зменшылася на 71%, у Аршанскім павеце – на 69%. Страты насельніцтва Рэчыцкага павета былі не нашмат меншымі – 66%.
З гэтага часу знішчанае, памерлае ці збеглае пераважна беларускае насельніцтва беларускіх гарадоў пачынае паступова замяшчацца яўрэйскім насельніцтва. На тое было шмат прычын. Гэты працэс яшчэ больш узмацніцца ў час знаходжання беларускіх зямель у Расійскай імперыі.

