Хадкевічы і Жлобінскі край

У пачатку ХХІ стагоддзя пры абмеркаванні праектаў герба Жлобіна асноўнай ідэяй геральдыстаў напачатку была даць гораду і раёну варыянт герба магнацкага роду Хадкевічаў. На гэта меліся свае гістарычныя прычыны. Найперш варта нагадаць, што ў XV–XVI стагоддзях сапраўднымі ўладарамі рэгіёна былі магнаты Хадкевічы. Увогуле на XVI-XVII стагоддзі, калі Хадкевічы валодалі шматлікімі маёнткамі ў розных кутках Вялікага Княства Літоўскага і Польскім Каралеўстве, прыйшоўся росквіт магутнасці роду.

Хадкевічы
Родавы герб Хадкевічаў

Хадкевічы

- шляхецкі род Вялікага Княства Літоўскага беларускага паходжання герба “Касцеша”. Разам з тым асобныя прадстаўнікі роду карысталіся гербам “Грыф з мячом”. Хадкевічы з другой паловы XV стагоддзя адносіліся да катэгорыі магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, а пазней і Рэчы Паспалітай. Толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя яны перасталі адносіцца да латыфундыстаў. Даследчыкі выводзілі Хадкевічаў ад кіеўскіх або гродзенскіх праваслаўных (“рускіх”) баяр. У другой палове XVI стагоддзя Хадкевічы перайшлі з праваслаўя ў кальвінізм, а потым – у каталіцтва.

У XVI стагоддзі галоўнымі рэзідэнцыямі Хадкевічаў былі замкі ў ВКЛ (Быхаўскі замак, Ляхавіцкі замак, Шклоўскі замак і Копыскі замак) і палацы ў Вільні. Да валоданняў Хадкевічаў у розныя часы належалі вялізныя маёнткі ў Гарадзенскім павеце (Бераставіца, Вялікая Бераставіца, Гарадок, Рось, Супрасль, Заблудаў, Дойліды), у Ваўкавыскім павеце (Свіслач, Гнезна), у Новагародскім павеце (Ляхавічы, Мыш, частка Глускага маёнтка), у Аршанскім павеце (Быхаў, Шклоў, Копысь, Бобр), у Мазырскім павеце (Петрыкаў), у Жамойцкім староцтве (маёнткі Шаўкяны, Лідавяны, Відуклі, Шкуды, Крацінга, Грусце, Гондынга, Гінталішкі і інш.), у Кіеўскім ваяводстве (Чарнобыль) і інш.

Землі Хадкевічаў літаральна акружалі гістарычны жлобінскі рэгіён, а ў больш шырокім сэнсе – Панізоўе (міжрэччы Дняпра і Сажа, а часткова Беразіны і Прыпяці). На поўдзень ад Жлобіна Хадкевічам належалі абшары на Кіеўшчыне, дзе вылучаўся маёнтак Чарнобыль. На поўначы яны валодалі Быхаўскім і Шклоўскім замкамі, Копысю, на захадзе – Глускім маёнткам. Быхаў з 1561 г. перайшоў да Яна Ераміна Хадкевіча – “графа на Шклове, Быхаве, Глуску і Мышы”. Ёсць звесткі, што і Рагачоў у пачатку XVI стагоддзя належаў або кіраваўся Хадкевічамі.

Рака Добасна

Многія жлобінскія мясціны знаходзіліся непасрэдна ва ўладаннях Хадкевічаў. Так, недалёка ад Жлобіна і Краснага Берага знаходзіўся цэнтр значнага прыватнаўласніцкага маёнтка Добасна, што у ХVI стагоддзі належаў роду. Абшары буйных магнацкіх маёнткаў у тыя часы не абмяжоўваліся межамі сучасных вёсак і прылеглых да іх палеткаў. Наадварот, яны, як правіла, ўключалі лясы і сенажаці, рэкі і азёры наваколля. На іх часцяком месціліся шматлікія больш дробныя населеныя пункты: засценкі, аколіцы, слабоды, вёскі ці хутары.

Ян Караль Хадкевіч – прадстаўнік старэйшай прыдняпроўскай (быхаўскай) галіны слаўнага беларускага магнацкага роду быў вялікім палкаводцам XVІІ стагоддзя. Нашыя продкі, хутчэй за ўсё і з ліку тагачасных жыхароў жлобінскага краю, пад яго кіраўніцтвам неаднаразова разбівалі большыя па колькасці шведскія войскі. Неўміручую славу яны набылі ў бітве 1621 г. пад Хоціным, дзе 60 тыс ваяроў Рэчы Паспалітай месяц адбівалі атакі 150 тыс султанскай арміі. Упершыню пасля пачатку турэцкай агрэсіі ў Еўропе галоўныя сілы Асманскай імперыі не перамаглі.

Хадкевічы
«Бітва пад Хацінам» (Юзаф Брант, 1867)
Ян Караль Хадкевіч

Ян Караль Хадкевіч

Ян Караль Хадкевіч (1560 - 24 верасня 1621, Хоцін) – выбітны вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман вялікі літоўскі (1605), ваявода віленскі (1616). Прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Хадкевічаў, што паходзіў ад праваслаўных кіеўскіх, або гарадзенскіх баяраў. Ён належаў да найстарэйшай, быхаўскай, галіны роду, ад бацькі атрымаў у спадчыну тытул графа “на Шклове, Мышы і Быхаве”.

Ян Караль стаў адным з самых таленавітых вялікалітоўскіх палкаводцаў XVІІ стагоддзя. Як вайсковец, а потым і палкаводзец, удзельнічаў у шматлікіх ваенных кампаніях. У 1596 браў удзел у падаўленні паўстання Налівайкі (1595-1596). У вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600-1629) вызначыўся ў бітве пад Кокенгаўзенам (1601), Дорпатам (1603), Белым Каменем (1604) і асабліва ў бітве пад Кірхгольмам (1605), дзе перамог з меншымі сіламі. Камандаваў войскам у паходах 1611 на Маскву, прывозіў у 1611-1612 харчаванне і боепрыпасы для гарнізона ў Крамлі. У жніўні-верасні штурмаваў Маскву, але не прабіўся на дапамогу гарнізону. У 1617-1618 узначаліў войска, што пайшло з каралевічам Уладзіславам здабываць маскоўскі трон. У 1621 узначаліў беларуска-літоўскае, польскае і казацкае войска супраць туркаў і крымскіх татар. У час пераможнай для яго Хоцінскай бітвы памёр, але галоўныя сілы турэцкага войска не змаглі атрымаць перамогі і адступілі.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.