Жлобін на рэгіянальным разломе XVI-XVIІІ стагоддзяў

Землі сучаснага Жлобінскага раёна ў XVI-XVIІІ стагоддзях знаходзілася на самым разломе трох рэгіёнаў Беларусі: Літвы, Белай Русі і Палесся. Так было і ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях, толькі тады землі жлобінскага Падняпроўя знаходзіліся на лініі межаў розных феадальных княстваў.

На старажытных картах, у дакументах XVI-XVIІІ стагоддзяў тэрыторыю сучаснай Беларусі і сучаснай Літвы часта называлі агульным палітонімам “Літва”. На ўвазе мелі прыналежнасць тэрыторый або грамадзян да Вялікага Княства Літоўскага. Літва ў гэтым сэнсе была палітонімам – палітычным іменем. У той жа час часцяком паралельна або асобна падарожнікі і картографы ўжываюць тэрмін “Літва” у рэгіянальным значэнні, як і іншыя назвы рэгіёнаў: “Белая Русь”, “Палессе”, “Падляшша”. З гістарычнага пункту гледжання кожная з назваў чатырох рэгіёнаў мела патэнцыял стаць назвай краіны. Адначасова ва ўкраінскім і беларускім Падняпроўі тады былі так званыя “Рускія землі” і жыла “Руская нацыя”, што адрознівала сябе ад маскоўцаў, маскавітаў. А яшчэ час ад часу фігуравалі назвы “Чорная Русь”, “Панізоўе” і інш. Відавочна, карціна была вельмі стракатая і зменлівая.

Сапе́гі – старажытны шляхецкі род герба “Ліс” беларускага паходжання. У канцы XVI стагоддзя род увайшоў у лік магнатаў ВКЛ. Сапегаў у XVІ-XVIII стагоддзях прынята лічыць другім паводле значнасці магнацкім родам ВКЛ пасля Радзівілаў. Першапачаткова яны былі праваслаўнымі, аднак ужо ў канцы стагоддзя ўсе Сапегі перайшлі ў каталіцтва.

Узвышэнне роду звязваюць з дзейнасцю Льва Сапегі. На працягу свайго жыцця ён займаў ледзь не ўсе вышэйшыя пасады ў дзяржаве. Леў далучыў да сваіх уладанняў шматлікія землі, у іх ліку падняпроўскія Бялынічы, Цяцерын і Круглае ў Аршанскім павеце. У валоданні Льва Сапегі знаходзіліся і дзяржаўнае староцтва Магілёў. Пазней Сапегі на Дняпры набылі і Быхаў. 

Жлобін у Вялікім Княстве Літоўскім

Да якога з гэтых рэгіёнаў адносілася акруга вакол Жлобіна? Адказ на гэтае пытанне зусім не просты, бо ў Вялікім Княстве Літоўскім рэгіёны нібыта “рухаліся”. Ад пачатку сама дзяржава была шматэтнічнай, у ёй пражывалі і балты, і славяне, і нават білінгвы.

Эвалюцыя рэгіянальных назваў беларускіх зямель

Да XVI стагоддзя Белай Русі фактычна не існавала, а ў дакументах, што тычыліся славянскіх зямель Падняпроўя, фігуравала назва “Рускія землі”, дзе пражывалі “русіны”. А назву “Беларусь” ці “Белая Русь”, напрыклад, яшчэ ў гэтым стагоддзі, можна было знайсці не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і каля Ноўгарада, і каля Пскова. Складанасць і зменлівасць рэгіёнімаў (рэгіянальных назваў) робяць тапанімічную сітуацыю краіны ў тыя стагоддзі вельмі супярэчлівай і складанай.

Калі глядзець на рэгіянальную сітуацыю спрошчана, то ў XVІI-XVIІІ стагоддзях на тэрыторыі будучай Беларусі нарэшце сфарміравалася чатыры асноўных рэгіёны. Тагачасная Літва ахоплівала тэрыторыю сучаснай усходняй Літвы і заходняй, а часткова і цэнтральнай Беларусі. Падляшша было рэгіёнам, большасць тэрыторыі якога сёння знаходзіцца ў Польшчы, але невялікая частка маецца і ў Беларусі. Абодва рэгіёна былі занадта далёка ад Падняпроўя.

Даволі ўстойлівым быў рэгіён “Палессе”. Нярэдка Палескім ваяводствам называлі Берасцейскае ваяводства. Назва рухалася на ўсход, а затым паступова ахапіла і ўсходняе Палессе да Дняпра, потым рушыла і далей на ўсход да Браншчыны. Жлобінскія землі межавалі з гэтым рэгіёнам. У фізіка-геграфічным сэнсе землі жлобінскага рэгіёна знаходзяцца на Палессі, бо ляжаць у Палескай нізіне.

У XVII стагоддзі адбылася і канкрэтная лакалізацыя Белай Русі ва ўсходняй частцы сучаснай Беларусі – паміж Полацкам, Віцебскам, Магілёвам і Гомелем. Мяжу паміж Літвой і Белай Руссю сёння навукоўцы вызначаюць прыблізна па рацэ Беразіна. Важна і тое, што назва “Беларусь” напоўнілася палітычным сэнсам менавіта ў XVII стагоддзі, як унутры краіны, так і ў дыпламатычнай перапісцы розных дзяржаў.

Жлобін у Вялікім Княстве Літоўскім

”Руская” нацыя, што існавала ў Вялікім Княстве і Кароне Польскай, у XVII стагоддзі падзяляецца. Фарміруецца ўкраінскі гетманат, казаччына становіцца вельмі важным фактарам жыцця. Філолагі мяркуюць, што і “руская” мова, што раней была адзінаю для беларусаў і ўкраінцаў, таксама пачынае падзяляцца.

Усе прыкметы нацыянальнай ідэнтыфікацыі назіраюцца і на беларускіх землях. У 1632 годзе была ізноў легалізавана праваслаўная царква. У выніку ў краіне з'явілася адзіная легальная праваслаўная епархія, якая пачынае называцца беларускай. Прычым самі праваслаўныя святары называлі яе беларускай. Кальвіністы свой дыстрыкт (адміністрацыйна – тэрытарыяльную адзінку) паміж Полацкам і Віцебскам таксама называлі беларускім.

Беларусь ад самага пачатку мела найлепшыя шанцы ў спаборніцтва за права стаць назвай усёй краіны. Замацаванне назвы Белая Русь за ўсходняй часткай сучаснай Беларусі аказалася ўстойлівым. Яно ўзмацнілася ў час знаходжання гэтай тэрыторыі ў складзе Расійскай імперыі, паколькі Віцебскую і Магілёўскую губерні афіцыйна адносілі да беларускіх губерняў. Адзначым, што да канца ХІХ стагоддзя рэгіён “Беларусь” пашырыў свае межы і паступова ахапіў усю тэрыторыю краіны і пераўтварыўся ў этнонім (этнічнае імя), а ў наступным стагоддзі канчаткова стаў і палітонімам (палітычным імем). У пачатку XX стагоддзя назва “Беларусь” дамінуе пры пазначэнні нашай краіны.

Калі разглядаць сітуацыю на ўсходзе Беларусі гістарычна, а значыць паслядоўна, то працэс змены рэгіянальных назваў выглядае наступным чынам.

Назва “Літва” мела як палітычнае, так і рэгіянальнае значэнне. У палітычным сэнсе Літвой маглі называць усе абшары ВКЛ, а як рэгіянальная назва яна ахоплівала тэрыторыю сучаснай усходняй Літвы і заходняй, а часткова і цэнтральнай Беларусі, у XV-XVI стагоддзях. А вось украінскае і беларускае Падняпроўе называлася “Рускія землі”. Цяперашняя Жлобіншчына адносілася менавіта да апошніх.

З пачатку і да сярэдзіны ХVII стагоддзя ў дакументах часцяком сустракаецца назва “Панізоўе” – гістарычны рэгіён на паўднёвым усходзе Беларусі ў міжрэччы Дняпра і Сожа, а часткова Беразіны і Прыпяці. Жлобін адназначна туды ўваходзіць.

Нарэшце, у сярэдзіне ХVII стагоддзя адбываецца выбуховае павелічэнне выкарыстання назваў “Белая Русь” у адносінах да ўсходняй частцы сучаснай Беларусі паміж Полацкам, Віцебскам, Магілёвам і Гомелем, а “беларусцы”, “беларусы” у адносінах да насельніцтва, што тут пражывала. З большага гэта было выклікана неабходнасцю больш выразна адрозніваць “руСкія” (беларускія) землі Падняпроўя і Падзвіння ад “руССкіх” (расійскіх) маскоўскіх зямель.

Рака Беразіна была ўмоўнай мяжой паміж Літвой і Белай Руссю. На ўсход ад яе знаходзіліся беларускія, а на захад – літоўскія (ліцвінскія) землі. Сказаць адназначна вельмі цяжка, якая частка жлобінскіх зямель куды адносілася ў XVII стагоддзі. Гэтую тэрыторыю называлі то “рускай”, то “Панізоўем”, то “Белай Руссю”. Левы бераг Дняпра каля Жлобіна ў канцы стагоддзя быў дакладна беларускім, а правы ў дакументах мог адносіцца як да Літвы, так і да Белай Русі.

Жлобін у Вялікім Княстве Літоўскім

З утварэннем Магілёўскай губерні ў 1772 годзе амаль увесь сучасны Жлобінскі раён ужо адносіцца да рэгіёна Беларусь. А вось вёскі яго заходняй частцы, што ўваходзілі ў Мінскую губерню разам з абшарамі вакол Краснага Берага, называліся літоўскімі. Але ўжо з сярэдзіны ХІХ стагоддзя Мінскую губерню таксама ўсё часцей і настойлівей пачынаюць называць у дакументах беларускай. Таму ўся Жлобіншчына пачынае адносіцца да Беларусі.

Паколькі жлобінскія землі ў фізіка-геаграфічным сэнсе знаходзяцца на Палескай нізіне, то зрэдку іх адносілі і да Палесся.

Спрошчаны экскурс у гісторыю эвалюцыі рэгіянальных імёнаў падняпроўскіх зямель паказвае, што трэба быць асцярожнымі з вызначэннем прыналежнасці жлобінскіх паселішчаў да таго ці іншага рэгіёна у пэўныя часы. Трэба глядзець кантэкст дакументаў, падыходзіць гістарычна, уважліва разглядаць гістарычную эпоху, пра якую ідзе гаворка, улічваць палітычныя і адміністрацыйныя межы.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.