Жлобін пасля вайны. Кароткі нарыс гісторыі

Жлобін пасля вайны

Першыя пасляваенныя гады былі вельмі цяжкімі і напружанымі для Жлобінскага краю. Тысячы людзей жылі ў зямлянках, не ставала самага неабходнага рыштунку. Тутэйшыя ўзгадваюць, што горад практычна быў разбураны. Харчовая сітуацыя ў 1945-1947 гг. была нават горшай за гады акупацыі, бо баявыя дзеянні 1944 года пагоршылі стан сельскай гаспадаркі. Пасля вайны ў Жлобіне і раёне засталося крыху больш за 3 000 чалавек. Напярэдадні вайны было звыш 19 000 чалавек. Ужо ў 1959 годзе тут зноўку налічвалася 19 200 чалавек.

Жлобін пасля вайны
Помнік Леніну на Прывакзальнай плошчы ў Жлобіне ўсталяваны ў 1949 годзе

1946-1950 гг. увайшлі ў гісторыю як “пяцігодка аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі”. Галоўная задача чацьвёртай пяцігодкі: “Аднаўленне народнай гаспадаркі ў межах даваеннага ўзроўню і яе далейшае развіццё”. У “народную гаспадарку” планавалі ўкласці 6,9 млрд. рублёў (больш, чым за 3 даваенныя пяцігодкі, разам узятыя). Характэрнай рысай было развіццё галін прамысловасці – аўтамабільнай, трактарнай і інш. Больш хуткія тэмпы прамысловай вытворчасці планавалі ў заходніх абласцях рэспублікі.

Жлобін пасля вайны
Адзін са старэйшых будынкаў Жлобіна, які дагэтуль захаваўся. Раней СШ №1, цяпер “Эўрыка”

24 кастрычніка 1946 года Жлобінскі гарадскі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне «О пятилетнем плане восстановления и развития народного хозяйства Жлобинского района на 1946-1950 гг».

Жлобін пасля вайны
Даваенныя будынкі, якія захаваліся ў Жлобіне па вуліцы Пятроўскага

У Жлобіне інтэнсіўна ішлі рамонтна-аднаўленчыя работы: разбіраліся завалы, пачалі працаваць даваенныя заводы, транспартныя і камунальныя службы. Рабочых рук не хапала, але многія нашы землякі ўключыліся ў справу аднаўлення.

Жлобін пасля вайны
Будынак чыгуначнага вакзалу г. Жлобіна. 1949 г.

Найперш аднавілі працу чыгуначнага вузла – сэрца тагачаснага Жлобіна. Многія старажылы ўзгадвалі, як па чыгунцы перавозілі нямецкіх ваеннапалонных, якія ўдзельнічалі ў аднаўленчых работах. За два пасляваенныя гады ў Жлобіне на чыгуначным вузле аднавілі прыёмна-адправачныя пуці, майстэрні па рамонце вагонаў і паравозаў. У 1949 годзе вялікую групу рабочых Жлобінскага чыгуначнага вузла ўзнагародзілі ордэнамі Леніна, Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга і Знака Пашаны.

Будынак камсамолу па вуліцы Баталава, які быў пабудаваны ў 50-х гг. ХХ ст.
У 50-х гг. ХХ ст. на цэнтральнай плошчы Жлобіна знаходзіўся помнік Сталіну
Пасля помнік Сталіну быў знесены, а замест яго з’явілася стэла ў гонар контрнаступу Л.Пятроўскага
Раней вуліца Баталава не была пешаходнай

У снежні 1947 года адмянілі карткавую сістэму і правялі грашовую рэформу. Рэальныя даходы людзей выраслі, аднак узровень заробкаў не дасягнуў даваеннага перыяду, а цэны практычна былі вышэй ранейшых.

Паступова аднаўлялі сваю дзейнасць установы адукацыі, медыцыны, культуры. Ужо да 1949 года цалкам аднавілі сетку медыцынскіх устаноў, яны пачалі напаўняцца неабходным медыцынскім абсталяваннем. У 1957 годзе адкрылася Жлобінская раённая бальніца.

Будынак бальніцы ў Жлобіне ў 50-х гг. ХХ ст.
Першая старонка арыгіналу дакумента 1946 г.

Успаміны былога вучня школы № 2.

“Будынкі доўгі час не ацяпляліся. Кніжак не хапала. Добра, калі была адна кніга на клас, звычайна гэта былі даваенныя падручнікі. Сшыткаў практычна не было: пісалі самаробнымі чарніламі (з разведзенай сажы) на газетах, дзе было можна пісаць. Вучыліся дзеці розных узростаў, бо ім давялося прапусціць некалькі гадоў у вучобе з-за вайны. Частка настаўнікаў былі былымі франтавікамі. Але, нягледзячы ні на што, мы і нашы бацькі радаваліся міру і жыццю і верылі, што ўсе цяжкасці хутка будуць пераадоленыя. Усе хацелі скончыць школу і вывучыцца на розных спецыялістаў, бо вайна многіх пазабівала і не хапала людзей розных спецыяльнасцей ці проста рабочых, бо разбудоўваць давядзецца яшчэ вельмі і вельмі шмат. Наш горад быў моцна разбураны, як і ўся наша рэспубліка. Але мы хацелі быць карыснымі. Вось такі тады быў настрой.”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.