Хлепень – старажытная назва Жлобіна?

Парадаксальна, але ні археалагічная знаходка, ні дзівосная легенда ці паданне сталі самай фантастычнай версіяй заснавання горада. Ёй стала сцвярджэнне пра тое, што Жлобін згадваецца ў 1492 годзе пад назвай Хлепень ці Хлепен. Доўгі час у краязнаўчых публікацыях упарта паўтаралася меркаванне, што першым іменем Жлобіна была назва “Хлепен”. Нібыта пісьмовая згадка пра гэта вядзе да 1492 года, калі вялікі князь маскоўскі Іван ІІІ патрабаваў у польскага караля і вялікага князя літоўскага Казіміра вярнуць гэтае мястэчка.

Вялікі князь маскоўскі Іван III. Гравюра з «Касмаграфіі» А. Тэве, 1575 год.

Вясной 1492 года ўзнік канфлікт паміж князямі Адаеўскімі. Старэйшы з братоў – Фёдар Іванавіч служыў Вялікаму князю літоўскаму Казіміру і валодаў паловай Адоева і Навасілем. А вось ягоныя стрыечныя браты служылі вялікаму князю маскоўскаму Івану ІІІ і валодалі паловай Адоева. Як толькі Фёдар ад’ехаў да Казіміра, ягоныя браты захапілі ўвесь удзел. Пачаліся дыпламатычныя спрэчкі паміж дзяржавамі. У лістападзе 1492 года дз’як Фёдар Курыцын па даручэнні Івана ІІІ заявіў літоўскім паслам: “Хлепен в старых докончаньех предков наших и в отца его королеве докончанье записан к нашему великому княжьству; а Рогачев – волость из старины нашие Тферские земли”. І выніку паходу маскоўскага войска былі ўзяты гарады Хлепень, што належаў Міхаілу Вяземскаму, і Рагачоў, на які прэтэндаваў Іван ІІІ.

У расійскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі атаясамленне Жлобіна і Хлепеня стала нормай. У розных выданнях яно паўтаралася аднымі і тымі ж словамі: “Жлобін належыць да ліку старажытных пасяленняў і быў вядомы пад імем Хлепен…”

Але сёння меркаванне, што старажытны Хлепен і ёсць сучасны Жлобін, прызналі памылковым. Імаверна, упершыню яно ўзнікла яшчэ ў канцы XIX стагоддзя ў артыкуле пра горад у знакамітым энцыклапедычным слоўніку Бракгаўза і Ефрона. Аўтары артыкула ў 12 томе 1894 года папросту пераблыталі беларускі горад Рагачоў (паблізу ад Жлобіна) з сялом Рагачова (у сучасным Дзмітраўскім раёне Маскоўскай вобласці). Яно знаходзілася на мяжы Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага Княства Маскоўскага ў XV стагоддзі. Недалёка ад сяла ёсць вёска Хлепень са старажытным гарадзішчам (Сычоўскі раён Смаленскай вобласці). Як бачыцца сёння, менавіта да яе і адносіцца згадка 1492 года.

Хлепень
Фота сучаснага расійскога паселішча пад назвай Хлепень

Каб разабрацца з датай заснавання горада Жлобіна мясцовыя ўлады звярнуліся па кансультацыю ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Спецыялісты інстытута ў сваім заключэнні пазначылі, што няма дакументаў пра тое, што ў Жлобіна калісьці была назва Хлепень. Сучасныя адмыслоўцы ўжо не спрачаюцца на гэты конт, і лічаць гэтую версію памылковай.

Фота краявідаў Дняпра каля Жлобіна

Спрэчкі гісторыкаў пра суаднясенне Хлепеня і Жлобіна

Інфармацыя пра Хлепень як старадаўнюю назву Жлобіна, што рэгулярна паўтаралася з канца ХІХ стагоддзя ў рознага роду папулярных выданнях, патрабавала праверкі. Таму быў накіраваны адпаведны запыт прафесійным гісторыкам у Акадэмію навук БССР.

У першай даведцы на запыт са Жлобіна ад 18.01.1989 года, што склалі супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН БССР М. Кошалеў і В. Менжынскі, дата 1492 год была пацверджана, і асобна адзначана, што Жлобін пад назвай Хлепень згадваецца ў “Хроніцы Быхаўца”.

На памылковасць суаднясення Хлепеня і Жлобіна ўказаў Міхась Ткачоў, а потым і іншыя навукоўцы. Таму гэтыя звесткі былі пераправераны тым жа Менжынскім. У даведцы таго ж Інстытута ад 10.03.1992 года ён ужо даказаў памылковасць атаясамлення Хлепеня і Жлобіна. Спецыялісты інстытута ў сваім заключэнні ўказалі на адсутнасць дакументаў пра тое, што ў Жлобіна калісьці была назва Хлепень.

Аўтарытэтны беларускі даследчык Віктар Цемушаў разглядаў месцазнаходжанне спрэчных зямель 1492 года, і ў яго таксама не паўстала пытанне пра тое, што старадаўні Хлепень – гэта сучасны Жлобін.

Такім чынам, на сёння пытанне лічыцца вырашаным: суаднясенне Хлепеня і Жлобіна – памылка.

Не пацвердзілі і меркаванне, што Жлобіну можа адпавядаць сяло Хлобін, што часова аддалі полацкім шляхцічам замест занятых рускімі войскамі маёнткаў ў 1563 годзе пад час Лівонскай вайны 1558-1583 гадоў з Рагачоўскай воласці. Аднак, акрамя падабенства назваў Жлобін і Хлобін, іншых пацверджанняў гэтаму таксама пакуль няма.

Такім чынам, адсутнасць пісьмовых паведамленняў пра Жлобін і археалагічная нявывучанасць старажытных помнікаў на тэрыторыі горада не дазваляюць пакуль састарыць Жлобін не толькі да ХІ-ХІІІ стагоддзяў, але і да XІV-ХVІ стагоддзяў.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.