Культура, рэлігія, спорт і адпачынак у Жлобінскім раёне сёння

адпачынак у жлобінскім раёне

Спіс устаноў культуры на 2025 год такі:

  • Жлобінскі заапарк;
  • Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей;
  • Жлобінская дзіцячая школа мастацтваў;
  • раённая цэнтральная бібліятэка імя Крупскай;
  • раённая дзіцячая бібліятэка;
  • гарадская бібліятэка-філіял №1;
  • гарадская бібліятэка-філіял №2;
  • гарадская дзіцячая бібліятэка-філіял №3;
  • сельскія бібліятэкі-філіялы;
  • Жлобінская дзіцячая сямігадовая музычная школа;
  • Жлобінскі гарадскі Дом культуры; 

  • палац культуры металургаў;
  • гарадскі парк культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі»;
  • установа «Цэнтр алімпійскага рэзерву г. Жлобіна» (уключае аквапарк і лядовы комплекс, палац гульнявых відаў спорту).

Жлобінскі заапарк

заснаваны ў 1991 годзе як заалагічны парк. З 2001 года гэта – гарадскі заапарк. З 2008 года мае ўжо сучасную назву. Агульная плошча – 0,4 га. Гэта хіба што адзін з самых маленькіх заапаркаў Беларусі (калі не самы маленькі).

На 2024 год у заапарку было каля 400 відаў звяроў і птушак. На тэрыторыі размешчаны секцыі птушак, дробных грызуноў, капытных і драпежных жывёл. Тут ёсць штучны вадаём для вадаплаўных птушак. Сярод насельнікаў заапарку – алені, казулі, лісы, ваўкі, ламы, пясец, дзікабраз, камерунскі казёл, янот-паласкун, трусы, папугаі, буслы, паўліны, вялікая разнастайнасць курэй і качак, а таксама жывёл, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, – буры мядзведзь, арлан-белахвост, сярэднеазіяцкая і балотная чарапахі.

Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей

15 лютага 1992 года адкрыўся Жлобінскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей.

Як расказваюць тутэйшыя, спробы стварыць гісторыка-краязнаўчы музей у Жлобіне рабілі яшчэ ў 1970-х гг. Напрыклад, у 1971 годзе ў драўляным аднапавярховым будынку былога ваенкамата па вуліцы Першамайскай адкрылі музей народнай славы. Значны ўклад у ягонае стварэнне ўнёс краязнаўца Іван Фёдаравіч Талкачоў, ветэран Другой Сусветнай вайны і педагагічнай справы, былы дырэктар СШ № 1. Ён збіраў матэрыялы, экспанаты, фатаграфіі жыхароў горада, сустракаўся з людзьмі, запісваў іхнія успаміны. І ўсё гэта перадалі ў музей. Установа доўгі час працавала на грамадскіх пачатках.


Будынак каталіцкай капліцы, у якім знаходзіўся музей

У верасні 1989 года ўлады выдзелілі для музея новы будынак, дзе да рэвалюцыі 1917 года была каталіцкая капліца.


Сучасны выгляд будынку каталіцкай капліцы з памятным крыжом.

Першым дырэктарам музея стаў краязнаўца Яўген Васільевіч Карцаў, былы дырэктар швейнай фабрыкі. На момант адкрыцця ўстановы ў яе фондах было звыш 4 000 экспанатаў.


Супрацоўнікі Жлобінскага музея. Архіўнае фота.


Вытрымка з тагачаснай прэсы пра адрыццё Жлобінскага музея.

З цягам часу музею, дзе налічвалася ўжо звыш 20 000 экспанатаў, стала цесна ў невялікім будынку. Таму 7 лістапада 2020 года ўстанова пераехала ў суседні двухпавярховы будынак. Там зрабілі капітальны рамонт за бюджэтныя сродкі і грошы сабраныя мясцовымі жыхарамі. Цяпер у музеі 16 экспазіцыйных залаў, карцінная галерэя, лекцыйная зала, музычны салон. Музейныя залы можна падзяліць тэматычна: археалогія, прырода, беларуская самабытнасць, рэлігія, развіццё Жлобіна і чыгункі, рэвалюцыя, Другая Сусветная вайна і пасляваенны час. У зале археалогіі ёсць сапраўдныя косці маманта, да якіх можна нават дакрануцца.

 

На тэрыторыі горада і раёна размешчаны 131 аб’ект спадчыны: помнікі археалогіі, архітэктуры, мемарыяльныя і памятныя дошкі, брацкія магілы савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў.

На люты 2023 года ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь было уключана 48 матэрыяльных аб’ектаў спадчыны.

З 131 аб’екта спадчыны 105 аб’ектаў – помнікі вайны: 75 аб’ектаў – з пахаваннем, 30 аб’ектаў – без пахавання; 23 аб’екты археалогіі і 3 аб’екты архітэктуры.

А гэта – афіцыйныя звесткі аб колькасці рэлігійных агранізацый у Жлобінскім раёне ў 2024 годзе:

  • Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату – 13.
  • Рымска-каталіцкая царква – 1.
  • Евангеліскія хрысціяне-баптысты – 1.
  • Хрысціяне веры Евангельскай – 7.
  • Адвентысты Сёмага дня – 2
  • Сведкі Іеговы – 1.
Жлобінская Свята-Троіцкая царква ў пачатку ХХ ст.

Жлобінскі Свята-Троіцкі храм пабудавалі ў канцы XIX стагоддзя, пасля таго, як 13 мая 1880 года падчас вялікага пажару згарэла драўляная (Крыжаўзвіжанская) царква. Месца было выбрана самае высокае, на беразе Дняпра. Як сведчаць архівы, у пачатку XX ст. у Жлобіне пражывала 2030 мужчын і 2140 жанчын. З іх праваслаўе вызнавалі 422 мужчыны і 515 жанчын. Але прыхаджан у Свята-Троіцкай парафіі было значна больш – больш за 3700 чалавек (з улікам суседніх вёсак). Таму падчас богаслужэнняў у храме было шматлюдна. Дзейнічала царква да 1932 года, калі арыштавалі ейнага тагачаснага пробашча айца Адама Ждановіча. Пасля гэтага тут ужо не было каму служыць. Будынак пуставаў, і ўлады вырашылі выкарыстоўваць для захоўвання архіваў.

Айцец Адам Ждановіч 

Нарадзіўся ў 1889 годзе (паводле іншых звестак — у 1895-м) на Брэстчыне ў сям’і псаломшчыка. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, служыў у розных прыходах на Гомельшчыне. У 1929 годзе быў прызначаны настаяцелем Свята-Траецкага храма ў Жлобіне і благачынным Жлобінскай акругі.

У 1932 годзе быў арыштаваны. Абвінавачанні: «удзел у антысавецкай групоўцы, зрыў сяльганарыхтовак, распаўсюджванне правакацыйных чутак». 11 студзеня 1933 года прысуджаны да пяці гадоў лагераў. У 1941 годзе блаславіў дачок Надзею і Галіну, якія служылі на фронце.

Пасля вяртання Жлобіна пад кантроль савецкіх уладаў летам 1944 года вярнуўся ў горад разам з сям’ёй. Жыллё было знішчана падчас акупацыі, таму на пэўны час мусілі пасяліцца ў чужых дамах. Набажэнствы аднаўляліся паступова, пачыналіся ў доме на вуліцы Шчорса, 8 (належаў Надзеі Ермаленка). Дом захаваўся.

Дазвол на адкрыццё малітоўнага дома быў атрыманы толькі ў 1947 годзе. Улады выстаўлялі ўмовы: забарона на купалы і звоны. Гэтае абмежаванне дзейнічала да 1988 года.

У пачатку 1950-х гадоў быў запрошаны на служэнне ў Мінск. Неўзабаве пасля пераезду шпіталізаваны. Памёр у сталіцы, напярэдадні смерці сустрэўся з сынам Васілём.

У 1960 годзе рэабілітаваны.

Знішчаная царква ў Жлобіне

Летам 1941 года Свята-Троіцкі храм быў разбураны падчас баёў за горад. Яго купалы служылі арыенцірам для прыцэльнай нямецкай артылерыі. Таму камандаванне савецкіх падраздзяленняў, што абараняліся, вырашылі падарваць царкву. Але зрабіць гэта было не так проста. Жыхарка Жлобіна Анастасія Мікітоўна Вайцяхоўская (1911 года нараджэння), сведка тых трагічных падзей, узгадвала: “Царкоўная пабудова аказалася вельмі трывалай. Зарад прыйшлося закладваць тры разы. Але ўсё роўна сцены ў асноўным выстаялі. Паваліліся толькі купалы…Пасля вайны цэглу, што засталася, мясцовыя жыхары разабралі для асабістых гаспадарчых патрэб.”

У пачатку 1990-х гадоў скончылася богаборчая эпоха. Пачалася адраджэнне духоўнага жыцця. У гэты працэс уключылася і Жлобінская Свята-Троіцкая парафія. У траўні 1992 года сюды прыйшоў новага настаяцель, протаіерэй Васіль Піліпенка, і вось тады пачалося сапраўднае адраджэнне. На той час яму было ўсяго 33 гады, але за яго плячыма былі суровае жыццёвае выпрабаванне ваеннымі дарогамі Афганістана і досвед па адраджэнні зняважаных храмаў, у тым ліку Стрэшынскай Свята-Пакроўскай царквы.

2 лістапада 1992 года пры збегу соцень вернікаў біскуп Гомельскі і Мазырскі Арыстарх (цяпер арцыбіскуп Гомельскі і Жлобінскі) асвяціў закладку першага каменя пад будаўніцтва новага белакаменнага храма ў Жлобіне. Будаўнічыя працы пачаліся амаль на тым месцы, дзе некалі стаяў такі ж белакаменны храм, разбураны ў 1941 годзе.

Пачатак 90-х гадоў быў цяжкім часам. Шмат чаго не хапала. Але задуманая на беразе Дняпра новабудоўля завяршылася ў рэкордны тэрмін – за тры гады. З большага гэта стала магчымым праз фінансавую і матэрыяльную падтрымку Беларускага металургічнага завода, аб’яднання па вытворчасці штучнага футра “БелФА”, будтрэста № 40. Былі і прыватныя ахвяраванні. Так, сямейная пара са Жлобіна – Людміла Дзмітрыеўна і Мікалай Іванавіч Каракуліны – ахвяравалі 1 000 рублёў. На той час гэта былі вялікія грошы.

 

14 кастрычніка 1995 года адбылося малое асвячэнне новага Свята-Троіцкага храма і першае богаслужэнне. А 21 кастрычніка – вялікае асвячэнне з удзелам Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Гэта не засталося па-за ўвагай Найсвяцейшага Патрыярха Аляксія II. Паводле яго благаславення, многіх удзельнікаў будаўніцтва прадставілі да высокіх царкоўных узнагарод. Протаіерэя Васіля Піліпенку (ён жа благачынны Жлобінскай акругі) узнагародзілі мітрай.

Сёння Жлобінская Свята-Троіцкая парафія жыве паўнавартасным духоўным жыццём. Амаль штодня праводзяцца набажэнствы, пры храме дзейнічае нядзельная школа, з 1992 года – школа духоўнага жывапісу, грамадская бібліятэка духоўнай літаратуры. Няспынна ўладкоўваюцца прылеглая да храма тэрыторыя і сам храм. За мінулыя гады з’явіліся новыя пабудовы, у тым ліку і надворная званіца .

З гэтых старонак чытачам вядомыя і іншыя, вельмі прыгожыя праваслаўныя храмы ў Стрэшыне і Пірэвічах. Яны адметныя па сваёй архітэктуры і маюць багатую гісторыю.

Гісторыя каталіцкіх храмаў у Жлобінскім краі не менш цікавая. Яна пачынаецца аж у XIV стагодззі. У 1399 годзе вялікі князь Вітаўт падараваў Віленскаму каталіцкаму біскупству маёнтак Стрэшын. Ён ўключаў у сябе “землю березынскую” паміж Рагачовам і Стрэшынам. Калі казаць пра ХХ ст., то як і ў выпадку з праваслаўнымі канфесіямі, каталіцкая таксама пацярпела ад савецкіх рэпрэсій. У 1923 годзе ксяндза Валынца прызначылі выконваючым абавязкі адміністратара чачэрскага касцёла (ён заставаўся і люшаўскім філіялістам), таму выконваючым абавязкі адміністратара жлобінскай капліцы стаў ксёндз Казімір Мустэйкіс, адміністратар антушаўскай парафіі. Акрамя Жлобіна і Антушаў, Мустэйкіс абслугоўваў і каталіцкія паселішчы Рэчыцкага павета. У справаздачы Палітбюро Гомельскага губкама за травень-жнівень 1924 года прыводзяцца словы аднаго з партыйных работнікаў, што датычаць дзейнасці ксяндза Мустэйкіса: “Уплыў ксяндзоў, па-мойму, падмацоўваецца рэпрэсіяміі, што ладзяць карныя органы. Напрыклад, ксёндз са Жлобіна, які аб’язджаў польскія вёскі Рэчыцкага павета, падняў свой аўтарыгэт тым, што адседзеў 3 месяцы ў турме, быў не асуджаны, але адпушчаны. Ясна, што такія легкадумныя арышты і наогул механічныя сродкі сапсуюць нам усю працу, бо, дзякуючы ім, ксяндзы ператвараюцца ў пакутнікаў не толькі за веру, але і за нацыянальнасць. З мэтай прадухілення апошняга, належыць арыштаваць ксяндзоў толькі пры наяўнасці фактычнага праверанага абвінаваўчага матэрыялу, каб справа скончылася адданнем пад суд”.

Гады савецкай улады сталі перыядам жорскага выпрабавання для ўсіх канфесій. У 1934 годзе жлобінскі касцёл закрылі. На кароткі тэрмін ён аднавіў сваю дзейнасць толькі падчас Другой сусветнай вайны, калі нямецкія ўлады дазволілі вернікам адчыняць святыні і ладзіць капліцы. Часта ў такіх культавых будынках католікі карысталіся з паслугаў вайсковых капеланаў акупацыйных войск. Так, Францыску і Стэфана Шацілаў са Жлобіна абвянчаў у ваенны час у жлобінскім касцёле італьянскі вайсковы капелан.

Надпіс і памятны крыж на месцы старой жлобінскай каталіцкай капліцы

Пасля вайны ўлады ў другі раз забралі ў вернікаў жлобінскую святыню і перарабілі яе ў дзіцячы садок. Тут у пачатку 1980 гадоў пасля капітальнага рамонту адкрылі гісторыка-краязнаўчы музей. Але час ад часу ў Жлобін прыязджаў са Слуцка ксёндз Мечыслаў Малыніч. 1990 год стаў годам адраджэння каталіцкага жыцця ў Жлобіне. А на Вербную нядзелю ў 1991 годзе сюды на сталую працу прыехаў ксёндз Ян Саламон (ён быў рэктарам Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску). 12 красавіка 1992 года каля трохсот парафіянаў разам з ксяндзом Янам маліліся каля сцен музея, каб ім вярнулі храм Божы. Пра гэта пісала мясцовая газета «Новы дзень». Просьбы аб вяртанні святыні вернікі накіроўвалі на імя старшыні Вярхоўнага Савета С. Шушкевіча. Улады, аднак, вырашалі перадаць католікам будынак крамы № 23 пасля таго, як для крамы пабудуюць новае памяшканне.

Архіўнае фота крамы №23, якая была перароблена ў каталіцкую капліцу
Сучасны выгляд капліцы Святога Казіміра ў Жлобіне

Актыўная праца па адраджэнні каталіцтва працягнулася з прызначэннем у 1996 годзе пробашча ксяндза Леанарда Акалатовіча.

23 чэрвеня 1996 года будынак крамы № 23 перайшоў ва ўласнасць парафіі і быў капітальна перабудаваны. Першы раз літургія тут цэлебравалася ў вігілію Нараджэння Пана 24 снежня 1996 года. А 13 верасня 1998 года жлобінскую парафію наведаў кардынал Казімір Свёнтэк. 24 снежня 2001 года тут упершыню загучаў касцёльны звон.

Цяпер жа у каталікоў Жлобіна ёсць яшчэ адна святыня – прыгожы нэагатычны касцёл Маці Божай недалёка ад берага Дняпра. Ён быў асвечаны пад набажэнствы 18 чэрвеня 2016 года. Вышыня званніцы касцёла дасягае 36 метраў!

Яўрэйская сінагога. Пачатак ХХ ст.

Калі мы гаворым пра канфесіі Жлобінскага раёна, трэба ўзгадаць і яўрэяў. Пасля страшэнных падзей першай паловы ХХ ст. на сёння іх засталося ня шмат, але іхняя спадчына ёсць неад’емнай часткай гісторыі Жлобінскай зямлі.

Крыніцы згадваюць аб наяўнасці яўрэяў на Жлобіншчыне з XVII стагоддзя. Вядома, што ў 1760-х у горадзе гайдамакі ўчынілі яўрэйскі пагром. У 1770-х тут пражывала больш за 200 яўрэяў.

Да сярэдзіны XIX стагоддзя ў Жлобінскім краі пражывала 1 500 яўрэяў. Да 1880-х гадоў габрэйскае насельніцтва Жлобіна дасягнула піка. Габрэі валодалі больш за 50% дамоў у горадзе. Яны складалі 82,2% ўсяго насельніцтва. У горадзе працавалі 5 сінагог.

Увесну 1885 года Жлобін пацярпеў ад пажару. Згарэлі ўсе сінагогі і 194 з 205 дамоў, што належалі яўрэям. Да канца XIX стагоддзя колькасць яўрэйскага насельніцтва горада склала 1 700 чалавек ці 52,4% ад агульнай кольскасці гараджан. Габрэі займаліся рамеснай вытворчасцю. Ім належалі жывёлабойня, свячны завод, млын і крупадзёрня.

У пачатку ХХ стагоддзя ў горадзе працавалі яўрэйскія пазыкова-крэдытнае таварыства, кнігарня і друкарня.

У 1920-х гадах, нягледзячы на ​​абмежаванні, што ўводзілі камуністычныя улады, у горадзе працягвалася рэлігійнае жыццё, дзейнічала нелегальная ешыва. Да 1930-х жлобінскія габрэі пяклі мацу і карысталіся паслугамі шойхэта.

Маца 

Маца (іўр.: מַצָּה, ідыш: מצה) — гэта тонкі прэсны хлеб з пшанічнай мукі і вады, які традыцыйна выпякаецца яўрэямі на Песах. Ён не ўтрымлівае дрожджаў і не праходзіць заквашвання, таму што паводле рэлігійных прадпісанняў на свята Песах забаронена ўжываць квашаныя вырабы (хамец).

Рэцэпт мацы:

  • 2 шклянкі пшанічнай мукі
  • каля ½ шклянкі вады
  • (па жаданні: дробка солі)

Маца можа захоўвацца доўга і з’яўляецца не толькі часткай абраду, але і сімвалам пакоры і памяці пра выхад з Егіпта.

Да 1939 года яўрэі былі другой пасля беларусаў этнічнай групай у горадзе. Іх колькасць складала 3 700 чалавек – гэта 19,9% ад насельніцтва Жлобіна.

У гады Халакосту яўрэйская абшчына горада моцна пацярпела. Нацысты, калі акупавалі горад, стварылі два гета. Пасля вызвалення Жлобіна ў ім уцалелі толькі 4 вязні гета. Пасля вайны мясцовы райкам Камуністычнай партыі перашкаджаў аднаўленню гісторыі Халакосту. Так, напрыклад, у адной з сярэдніх школ настаўнік вырашыў стварыць дошку памяці загінулых выпускнікоў. У 1930-х школа была габрэйскай, і сярод загінулых было шмат габрэйскіх імёнаў. Аднак кіраўніцтва загадала спыніць працу, назваўшы яе “злачыннай вылазкай сіяністаў”. Пасля вайны яўрэі на ўласныя грошы пабудавалі драўляны будынак, што выконваў функцыі сінагогі. Праз некаторы час улады рэквізавалі будынак і аддалі яго пад райкам камсамола.

У 1948 годзе мясцовыя яўрэі спрабавалі дабіцца ад улад рэгістрацыі рэлігійнай абшчыны. У 1950-х гадах у горадзе рэгулярна збіраліся два міньяны. Згодна з перапісам 2009 года яўрэі ў горадзе складалі 0,07% ад насельніцтва. Іх было 56 чалавек.

Жлобінскі край заўжды быў краем рэк. Не дзіўна, што асноўныя прыродныя адметнасці нашага раёна звязаныя з ракой Днепр і ракой Бярэзіна. Натуральна, азёры і лясы – таксама неад’емныя часткі нашай прыроднай спадчыны.

На тэрыторыі Жлобінскага раёна ёсць Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Смычок”. У ім – 485 відаў раслін, 5 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама 140 відаў жывёл. “Смычок” раскінуўся на тэрыторыі не толькі Жлобінскага і Рэчыцкага раёнаў (ахоплівае рэкі Днепр і Бярэзіна, а таксама месца, дзе яны зліваюцца). На тэрыторыі заказніка ёсць адмысловы экалагічны маршрут “Барвінка” даўжынёй ад 3 да 5 кіламетраў.

адпачынак у жлобінскім раёне

Разам са Светлагорскім раёнам, наш край дзеліць ландшафтны заказнік “Выдрыца”. Тут можна знайсці 670 відаў раслін, сярод іх 12 унесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Таксама тут можна пабачыць да 200 відаў жывёлаў, 17 з іх таксама унесеныя ў Чырвоную кнігу.

адпачынак у жлобінскім раёне

Варта ўзгадаць і гарадскі парк “Прыдняпроўскі”, што раскінуўся ў горадзе Жлобіне, у ягонай гістарычнай частцы. На месцы парка калісьці знаходзіўся старажытны Жлобінскі замак, а таксама адны з першых паселішчаў. Гэтае месца – адно з самых старажытных у горадзе. Сёння тут знаходзяцца парк атракцыёнаў, спартовыя пляцоўкі, гарадскі пляж, а таксама месца для пешых прагулак.

адпачынак у жлобінскім раёне

Для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы функцыянуюць: ЦАР па хакеі з шайбай і плаванні (уключае ў сябе лядовы палац, плавальны басейн, аквапарк, універсальную залу для гульнявых відаў спорту), стадыён «Лакаматыў», ФАК ААТ БМЗ, ФАК ААТ СМТ № 40, 2 плавальных басейна, 9 міні-басейнаў у ДДУ, 190 плоскасцевых збудаванняў, 70 спартыўных залаў. Працуюць 3 ДЮСШ і 1 СДЮШАР

Стадыён “Лакаматыў” у Жлобіне

Вяслярную базу ўвялі ў эксплуатацыю ў снежні 2012 года. Тут праводзяцца вучэбна-трэніровачныя заняткі па акадэмічным веславанні, веславанні на байдарках і каноэ. Лыжаролерную трасу адкрылі ў 2011 годзе. Даўжыня трасы – 2 500 м, мае асфальтабетоннае пакрыццё. Прызначана для трэніровачных заняткаў спартсменаў і масавага катання на лыжах, лыжаролерах і ролікавых каньках.

адпачынак у жлобінскім раёне
Вяслярная база ў Жлобіне

У горадзе ёсць прафесійныя спартыўныя каманды:

-хакейны клуб “Металург-Жлобін”;

-валейбольны клуб “Іскра”;

-футбольны клуб “Жлобін”.

Хакейны клуб “Металург” 

29 траўня 2006 года – афіцыйная дата ўзнікнення клуба “Металург”.

Лядовы палац «Металург» – спартыўны комплекс у Жлобіне. У эксплуатацыю яго ўвялі 29 снежня 2006 года. Тут ладзяць матчы па хакеі, спаборніцтвы па фігурным катанні, шорт-трэку і іншых лядовых відах спорту.

«Металург» чатыры разы станавіўся чэмпіёнам Беларусі: у 2012, 2022, 2023 і 2024 гадах. Акрамя таго, клуб заваяваў сярэбраныя медалі ў 2013 годзе і бронзавыя — у 2009 і 2011 гадах.

У 2011 годзе «Металург» стаў уладальнікам Кубка Беларусі (Кубка Салея), а таксама выходзіў у фінал гэтага турніру ў 2010, 2012 і 2013 гадах.

На міжнароднай арэне жлобінскі клуб таксама дэманструе добрыя вынікі. У 2013 годзе ён стаў фіналістам Кантынентальнага кубка, у 2022 — фіналістам Кубка Саюза, а ў сезоне 2023/2024 заваяваў бронзу Еўра-Азіяцкага Кубка Сяброўства. У наступным сезоне 2024/2025 «Металург» дайшоў да фіналу гэтага турніру.

У індывідуальным заліку таксама ёсць поспехі. У сезоне 2024/2025 некалькі гульцоў «Металурга» былі адзначаны:

– Андрэй Герашчанка — як найлепшы абаронца і абаронца-бамбардзір чэмпіянату,

– Міхаіл Сцяфановіч — як найлепшы снайпер,

– Ілля Іваноў — як самы карысны гулец Вышэйшай лігі.

Гэтыя дасягненні падкрэсліваюць стабільны рост, высокі ўзровень падрыхтоўкі і прафесійнае развіццё клуба. ХК «Металург» застаецца адным з найбольш моцных і ўплывовых клубаў Беларусі.

1 Каментар

  • […] Ждановіча быў трывала звязаны з горадам Жлобінам, дзе ён стаў настаяцелем Свята-Троіцкага храма. Гэта быў час жорсткіх бязбожных ганенняў і масавых […]

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.