Беларускі металургічны завод

Беларускі металургічны завод

БМЗ быў пабудаваны фірмамі «Фест-Альпіне» (Аўстрыя) і «Даніэлі» (Італія). Першая плаўка, як і разліўка (СТАЛЬ 1 ГОСТ), правялі 15 кастрычніка 1984 года. Гэта дата стала днём заснавання завода. Першым дырэктарам БМЗ быў Дзярожант Лявонавіч Акопаў.

Беларускі металургічны завод
Закладанне падмуркаў БМЗ. 1982 год

Дзярожант Лявонавіч Акопаў

Будучы першы дырэктар Беларускага металургічнага завода Дерожант Акопаў нарадзіўся 15 красавіка 1940 года ў армянскай сям’і ў туркменскім горадзе Ташаўз (цяпер Дашагуз). Ягоная сям’я пераехала туды з Нагорнага Карабаха.

Вышэйшую адукацыю інжынера-металурга ён атрымаў на металургічным факультэце Чалябінскага політэхнічнага інстытута (1957–1962). Другую — эканамічную — завочна скончыў у Кузбаскім політэхнічным інстытуце ў Кемераве (1965–1967). Працоўны шлях пачынаў у Новакузнецку як падручны сталявара, пазней стаў намеснікам дырэктара завода мяккіх дахавых матэрыялаў у Кемераве.

У 1968 годзе яго накіравалі на працу ў Беларусь. У Асіповічах ён кіраваў будаўніцтвам картонна-рубероіднага завода, а затым стаў яго дырэктарам. У 1977–1978 гадах Акопаў быў генеральным дырэктарам вытворчага аб’яднання «Гомельбудматэрыялы». У 1979 годзе яго прызначылі намеснікам міністра прамысловасці будаўнічых матэрыялаў БССР.

У 1981 годзе Акопаў быў прызначаны дырэктарам металургічнага завода, які будаваўся ў Жлобіне. Першапачаткова планавалася назваць прадпрыемства «Жлобінскі металургічны завод», але дзякуючы настойлівасці і пераканальнасці Акопава яму далі назву «Беларускі металургічны завод», падкрэсліўшы яго важнасць для ўсёй краіны.

Завод будавалі не толькі беларускія і савецкія падрадчыкі, але і замежныя партнёры з Аўстрыі і Італіі. Адзін толькі кантракт з аўстрыйскай фірмай «Фест-Альпіне» складаў дзесяць тамоў. Дзякуючы намаганням Акопава здзелка адбылася.



Вялікую ўвагу ён надаваў будаўніцтву жылля і сацыяльнай інфраструктуры для працаўнікоў завода. Першапраходцы БМЗ атрымлівалі бясплатныя кватэры ўжо праз некалькі месяцаў пасля працаўладкавання. Завод ператварыўся ў горадаўтваральнае прадпрыемства, якое дало новы імпульс для развіцця Жлобіна.

У канцы 1985 года Акопава вызвалілі ад пасады дырэктара. Прычыны звальнення паспяховага кіраўніка так і засталіся невядомымі. Пасля ён працаваў у Мінску і Касцюковічах.

У ліпені 1993 года Дерожанта Левонавіча не стала — яму было ўсяго 53 гады. Пахавалі яго ў Жлобіне, які стаў для яго сапраўды родным. Замест жалобнага марша на пахаванні гучаў армянскі дудук.

У 2004 годзе на доме ў Жлобіне, дзе ён жыў, усталявалі памятную шыльду. Яго імя носіць адна з вуліц горада, а каля будынка заводакіравання ўсталяваны бюст у яго гонар.

Дзерожант Акопаў з сімвалічным ключом ад першай чаргі БМЗ. Зараз гэты ключ захоўваецца ў заводскім музеі.

Цікавы факт!

Аказваецца, на ўвесь Савецкі Саюз задумвалі пабудаваць 3 металургічных гіганты па тыпу БМЗ: у Малдове, у Камсамольску-на-Амуры і ў Беларусі. Выбралі Жлобін. Беларусь знаходзіцца ў центры Еўропы, а гэта разлік, што спрацаваў на будучыню. Завод будавалі замежныя фірмы, што выкарыстоўвалі самыя сучасныя на той час матэрыялы і тэхналогіі.

Беларускі металургічны завод
Рэгістрацыя Беларускага металургічнага завода. СССР, 1985 г.

БМЗ – экспартаарыентаванае прадпрыемства. Экспарт таварнай прадукцыі завода складае каля 85% ад агульнай вытворчасці. У 2018 годзе металапрадукцыя беларускай вытворчасці пастаўлялася ў 66 краін. У той час у структуры экспарту БМЗ на першым месцы былі краіны Еўропы (49,1%), СНД (24,2%) і Азія (11,9%). Доля краін Афрыкі і Амерыкі склала 8,7% і 6,1%. У ТОП-10 імпарцёраў прадукцыі завода уваходзілі Расія, Германія, Літва, Ізраіль, Украіна, Нідэрланды, Польшча, Егіпет, Італія і ЗША. У 2025 годзе экспарт пераважна арыентаваны на Расію з-за санкцый, што наклалі на прадпрыемства.

Цікавы факт!

За 40-гадовую гісторыю прадпрыемства агульная геаграфія экспарту БМЗ налічвае каля 118 краін. Металапрадукцыя, выпушчаная на прадпрыемстве, выкарыстоўвалася пры будаўніцтве і рэканструкцыях такіх вядомых аб'ектаў як Храм Хрыста Збавіцеля, алімпійскія аб'екты ў Лондане і Сочы, хвалярэзы Панамскага канала, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, міжнародны дзелавы цэнтр Масква-Сіці, Нацыянальны стадыён (Варшава). З металапрадукцыі завода будуюць аб’екты ва ўсіх частках свету, нават у Антарктыдзе. Вось нядаўні прыклад. Спецыялісты з Расіі ўвялі ў доследную эксплуатацыю новы зімовачны комплекс на антарктычнай навуковай станцыі "Усход". На будаўніцтве выкарыстоўваліся трубы Беларускага металургічнага завода. Толькі ўявіце: плошча Беларускага металургічнага завода 257 га – гэта больш, чым тэрыторыя Княства Манака.

Станцыя “Усход”
Нацыянальны стадыён у Варшаве

Згодна з праграмай развіцця завода на 2011–2015 гг., на БМЗ правялі самую маштабную за яго гісторыю мадэрнізацыю. Ключавым праектам гэтай праграмы стала будаўніцтва дробнагатункова-драцянога стану. Яго ўвялі ў эксплуатацыю ў верасні 2015 года. У лістападзе 2016 года новы цэх выйшаў на праектную магутнасць.

Нягледзячы на аб’ёмы і маштабы вытворчасці, вялізныя сродкі, патрачаныя на мадэрнізацыю, эфектыўнасць прадпрыемства з пункту гледжання эканомікі – супярэчлівая. БМЗ – адно з буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь, але ў той жа час моцна залежнае ад дзяржаўнага крэдытавання.

Санкцыі адмоўна ўплываюць на эканамічны стан завода. Пасля грамадска-палітычных падзей у Беларусі ў 2020 годзе і пачатку вайны Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе, БМЗ стала складана шукаць пакупнікоў прадукцыі ў Заходняй Еўропе і ЗША. 12 мая 2023 года санкцыі супраць БМЗ ўвяла Украіна. У жніўні 2023 года завод трапіў пад санкцыі Еўрапейскага саюза. У тым жа месяцы да гэтых санкцый далучыліся Швейцарыя, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Албанія, Украіна, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія. Са жніўня 2023 года БМЗ, генеральны дырэктар завода Дзмітрый Корчык і звязаная з заводам кампанія BEL-KAP-STEEL знаходзяцца ў санкцыйным спісе ЗША.

Афіцыйны пункт гледжання на стан спраў (2024 год). «За апошнія 12-14 гадоў укладзеныя вельмі сур’ёзныя інвестыцыі ў прадпрыемства – больш за мільярд даляраў. Пабудаваны дзве новыя вытворчасці. За мінулы год доля інавацыйнай прадукцыі складае 41%. Гэта значыць, тыя санкцыі, што былі ўведзеныя, стымулююць нас рухацца далей у развіцці новай прадукцыі, новых тэхналогій і гэтак далей. Сёння прадпрыемства працуе дастаткова эфектыўна. У 2023 годзе мы прыраслі ў вытворчасці сталі дзесьці на 250 тысяч тон – прырост 12%. Што да экспарту, па пракаце чорных металаў мы прыраслі дзесьці на 17%, гэта значыць экспартавалі 1,6 мільёна тон пракату чорных металаў. Спрацавалі са станоўчай рэнтабельнасцю продажаў, што дазволіла ў 2023 годзе павышаць заработную плату, у тым ліку выплаціць да Новага года і 13-ю зарплату», – расказаў генеральны дырэктар Беларускага металургічнага завода Дзмітрый Корчык.

Цікавы факт!

У 2015 годзе літоўскі партнёр БМЗ у знак павагі да поспехаў і працоўных дасягненняў калектыву вырашыў зрабіць беларускаму прадпрыемству падарунак. І адну з зорак у сузор’і Арыён назвалі ў гонар Беларускага металургічнага завода. Адпаведны запіс афіцыйна занеслі ў Міжнародны каталог нябесных цел. Дарэчы, само сузор'е змяшчае больш за 200 зорак, бачных воку. Адлегласць ад БМЗ да аднайменнай зоркі роўная 650-ці светлавым гадам. Гэта значыць святлу, што мы бачым ад гэтай зоркі, неабходна 650 гадоў, каб дабрацца да нас. Для параўнання, ад Зямлі да Сонца нейкіх 8 светлавых хвілін. Дробязі.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.