Насельніцтва Жлобіна і раёна хутка разабралася ў сутнасці нацысцкага “новага парадку”. Паступова разгарнуўся масавы партызанскі і падпольны рух. Жлобінцы ўключыліся ў барацьбу супраць гітлераўскіх захопнікаў.
Падпольныя групы
Група камуніста Рыгора Піліпавіча Баранава пачала дзейнічаць адной з першых у горадзе. У яе склад увайшлі: М. Пачурухін, С. Асавіцкі, М. Котаў, Аўсяннікаў, М. Чарнагаловы, А. Каробкін і іншыя. Група падтрымлівала сувязь з падпольшчыкамі вёсак Кастрычнік, Затон і іншых. У вёсцы Саланое сувязнымі былі браты Анатоль і Аркадзь Вішнеўскія. Патрыёты мелі радыёпрымач, таму мелі інфармацыю пра становішча на франтах, распаўсюджвалі ўлёткі сярод насельніцтва. Праз Печарухіна, які ўладкаваўся вагонным кандуктарам, звесткі перадаваліся далёка за межы раёна. У 1942 годзе чальцы групы двойчы спрабавалі злучыцца з партызанамі, але беспаспяхова. Гітлераўцам удалося высачыць групу Баранава. Ноччу з 26 на 27 лістапада 1942 года арыштавалі амаль усіх падпольшчыкаў групы. Пасля цяжкіх катаванняў іх расстралялі. На месцы іхняй гібелі на старых гарадскіх могілках устанавілі абеліск.
У кастрычніку 1941 года ў паравозным дэпо пачала дзейнічаць група Ціта Пятровіча Мінянкова. Група мела радыёпрымач і інфармавала насельніцтва аб падзеях на фронце праз улёткі. Пазней чальцы групы П.Т. Малашкоў і Пугачоў сустрэліся з Паўлам Скварчэўскім, былым сакратаром камсамольскай арганізацыі чыгуначнага вузла. Яны атрымалі ад яго заданне збіраць зброю і боепрыпасы. У партызанскі атрад “Смерць фашызму”сабралі и перадалі 50 вінтовак, 5 кулямётаў, каля 200 мін, 2 трохцалевых гарматы.
У лютым 1942 года падпольшчыкі Ц. Мінянкова ўстанавілі сувязь з камсамольска-моладзевай групай М. Елісеева, што дзейнічала тады ў горадзе. Гэта дазволіла падпольшчыкам дзейнічаць больш эфектыўна. У верасні 1942 года Ц. Мінянкоў сустрэўся з Іовам Апанасавічам Крышнёвым, сакратаром Жлобінскага падпольнага райкама партыі. Ён прыбыў з-за лініі фронту для арганізацыі партызанскай барацьбы ў раёне.
У пачатку 1942 года ў склад групы ўліліся А.А. Міхееў, А.М. Кацеў, а затым М.Т. Пінчук і А.І. Трыфанаў. З дапамогай медыкаў А.Г.Лыжковай і П.М.Фігурнава падпольшчыкі здабывалі для атрада медыкаменты. Група Ц.П. Міненкова дзейнічала па кастрычнік 1943 года, а затым улілася ў партызанскі атрад брыгады “Жалязняк”.
З кастрычніка 1941 года да траўня 1942 гады ў горадзе дзейнічала група лейтэнанта М.П. Калеснічэнка. У жніўні 1941 года ён патрапіў у акружэнне, з якога выйшаў. Далей апынуўся ў Жлобіне і, каб змагацца з гітлераўцамі ў тыле, уладкаваўся ў друкарню і пачаў арганізоўваць групу для падпольнай барацьбы з акупантамі. У склад групы ўваходзілі: С. Горбач, Ямпольскі і ягоная дачка, гадзіннікавы майстар З. Булкін, С. Гарэлік, Г. Гарашка, К. Мікіткаў, Н.Д. Парфёнава. З друкарні таемна ўзялі шрыфт і схавалі на кватэры ў Г. Гарашкі. Арганізаваць выпуск улётак друкарскім спосабам падпольшчыкам не ўдалося. Акупанты арыштавалі іх і падвергнулі страшным катаванням. Затым пагрузілі ў вагон і адправілі ў Бабруйскае гестапа, дзе пасля зверскіх катаванняў Калеснічэнку павесілі, а членаў групы (С. Горбача, Г. Гарашку, С. Гарэліка, Ямпольскага з дачкой і З. Булкіна) расстралялі.
У верасні 1941 года ў Жлобіне пачала дзейнічаць падпольная група А. Канапляннікавай. У яе ўваходзілі: К.П. Мікалаева, З.П. Мікалаева, К.У. Шаптуноў, А.Л. Амельчанка. Зімой 1941 года група ўстанавіла сувязь з М.І. Елісеевым. Яны перапісвалі зводкі савецкага інфармбюро і забяспечвалі партызан адзеннем, збіралі зброю і медыкаменты. Група дзейнічала па верасень 1943 г.
У пачатку 1942 годзе была створана група з былых ваеннапалонных урачоў. Сюды ўваходзілі: Лабанаў, П.М. Фігурнаў, Л. Назараў, А.Н. Абнаўленскі. У сакавіку 1943 года група пайшла ў партызанскі атрад. Падпольныя групы дзейнічалі і ў сёлах Жлобінскага раёна. Сярод іх: у вёсцы Бабоўка падпольнай групай кіраваў М.А. Дражын, у вёсцы Антонаўка – А.І.Севасцьянчык, у вёсцы Эрштэрмай – Ф.Б. Кіраў, у вёсцы Святое – А.І. Карунчык, у вёсцы Сельнае – П.С. Дзегцяроў, у вёсцы Папаратнае групай кіраваў сакратар сельсавета В.З. Фамёнак, у вёсцы Кабанаўка падпольную групу арганізаваў М.Д. Антуськоў.
Сваімі дзеяннямі падпольшчыкі наносілі значны ўрон акупацыйным войскам. Яны тармазілі перамяшчэнне воінскіх часцей да фронту, узрывалі эшалоны і чыгуначныя пуці, знішчалі матэрыяльныя каштоўнасці і склады фашыстаў. Яны аказвалі неацэнную дапамогу разведвальнай групе: збіралі дакладныя звесткі аб працы чыгуначнага вузла, склалі карту ўмацаванняў суперніка і перадалі разведгрупе, а тыя па радыё – у цэнтр. Звесткі са Жлобіна звычайна ішлі за подпісамі М.Ю. і М.Л. (Мельнікава Юлія і Міронава Лідзія). Усяго за гады акупацыі на тэрыторыі горада і раёна дзейнічалі больш за 20 падпольных груп (22). Яны спрыялі актыўнай дзейнасці партызан, якія наносілі адчувальныя ўдары па акупантах.
Партызанская барацьба ў раёне
Партызанская барацьба ў раёне – адна з самых важных і цікавых старонак часоў вайны. Сістэматычнай і найбольш эфектыўнай яна стала з верасня 1942 года, калі на Жлобіншчыну прыбылі 2 групы. Яны былі спецыяльна падрыхтаваныя для барацьбы ў тыле ворага. Першую ўзначаліў І. Крышнёў, другую – Д. Шыбінскі. У групу Крышнёва ўваходзілі: лейтэнант Г.П. Завадзеўкін, лейтэнант медслужбы К.В. Шульга, байцы-падрыўнікі А.С. Смолкін, М.Ф. Юрскі. У групу Шыбінскага уваходзілі С.А. Каваленка, Махнач. Яны сталі арганізатарамі партызанскага атрада “Смерць фашызму”. Ягоным камандзірам стаў І.А. Крышнёў, камісарам – Д.Т. Шыбінскі. Складнікам гэтага атрада стала група з ліку вайскоўцаў пад камандаваннем афіцэра В.І. Шаруда. Атрад хутка рос за кошт насельніцтва горада, раёна і байцоў Чырвонай Арміі, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі. Да пачатку лістапада 1942 года у атрадзе было 178 добра ўзброеных партызан. Ён пераўтварыўся ў грозную сілу.
У маі 1943 года атрад “Смерць фашызму” падзялілі на 2 самастойныя адзінкі. Атрад “Смерць фашызму” стаў дзейнічаць у Стрэшынскім раёне (камандзір атрада Д.Т. Шыбінскі, камісар А.І. Севасцьянчык) і атрад імя Жалезняка – у Жлобінскім раёне (камандзір атрада В.І. Шаруда, камісар Т.В. Злыноў). Пазней, у верасні 1943 года на базе атрада “Смерць фашызму” стварылі партызанскую брыгаду імя П.К. Панамарэнкі (камандзірам быў прызначаны Іван Іванавіч Бандарэнка, камісарам – Яўген Рыгоравіч Садовай, начальнікам штаба – Ніжнікоў Канстанцін Васільевіч). У склад брыгады ўваходзілі 3 атрады – “Смерць фашызму”, імя Г.К. Жукава, імя М.І. Калініна. Агулам там было каля 1000 чалавек.
На базе партызанскага атрада “Жалезняк” загадам па Гомельскім партызанскім злучэнні ад 10 верасня 1943 года была разгорнута брыгада “Жалезняк”. Да канца 1944 года яна складалася з атрадаў № 116, 117, 119. Камандзірам брыгады прызначылі Шаруду Васіля Ільіча, камісарам – Злынава Георгія Васільевіча. Начальнікам штаба стаў Завадзеўкін Рыгор Піменавіч.
Акрамя гэтых брыгад на тэрыторыі Жлобінскага раёна дзейнічаў партызанскі атрад № 266 імя М.В. Фрунзэ (камандзір – Паўлаў Уладзімір Барысавіч, камісар – Дубінін Уладзімір Іванавіч, начальнік штаба – Панкоў Лаўрэнцій (Аўрамавіч) і імя Катоўскага. У раёне было звыш 2 500 партызан.
З 7 траўня па 25 лістапада 1943 года партызаны брыгады “Жалязняк” падарвалі 36 шашэйных мастоў, 68 аўтамашын. Яны разграмілі Стрэшынскі, Радушскі, Мормальскі, Папаратнянскі паліцэйскія ўчасткі.
Адметнай падзеяй стала аперацыя «Рэйкавая вайна». Яе правялі партызаны Жлобіншчыны ўлетку 1943 года. У ноч з 3 на 4 жніўня 1943 года атрад «Смерць фашызму» падарваў каля 200, а брыгада “Жалезняк” звыш 1000 рэек. Гэта паралізавала рух на Жлобінскім участку чыгункі на 6 дзён, што значна абмежавала дастаўку папаўнення ворагу.
Жлобінскія партызаны не давалі спакою гітлераўцам. Толькі з чэрвеня па лістапад 1943 года яны захапілі 29 варожых вазоў з харчаваннем, абмундзіраваннем і рыштункам, спалілі 2 склада нарыхтаванага для фашыстаў хлеба, знішчылі дызель-рухавік у г. Шацілкі (зараз – Светлагорск). 27 верасня 1943 года разграмілі паліцэйскі ўчастак у Стрэшыне.
Паспяховае выступленне Савецкай Арміі ўлетку 1943 года яшчэ больш узняла дух партызанаў.


2 Каментары