1921 год стаў першым годам мірнага жыцця з 1914-га года. Ён паставіў перад дзяржавай і грамадствам цяжкія задачы, бо ў краіне пасля пяці ваенных гадоў адбываўся эканамічны, гаспадарчы і палітычны крызіс.
Сярод наступстваў вайны былі:
- вялікія страты насельніцтва;
- разбураная гаспадарка;
- “пасечаны край папалам”;
- падзенне сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці;
- пагаршэнне ўмоў жыцця людзей;
- “палітыка ваеннага камунізму”;
- нявырашанасць нацыянальнага пытання.
Палітыка ваеннага камунізму
Ваенны камунізм – назва ўнутранай палітыкі Савецкай дзяржавы, што праводзілі ў 1918-1921 гадах ва ўмовах Грамадзянскай вайны. Яе характэрнымі рысамі былі крайняя цэнтралізацыя кіравання эканомікай, нацыяналізацыя буйной, сярэдняй і нават дробнай прамысловасці (часткова), дзяржаўная манаполія на многія прадукты сельскай гаспадаркі, харчразвёрстка, забарона прыватнага гандлю, згортванне таварна-грашовых адносін, раўнаванне ў размеркаванні матэрыяльных даброт, выкарыстанне арміі міліцыі ў народнай гаспадарцы. Такая палітыка засноўвалася на камуністычнай ідэалогіі, у якой ідэал планавай гаспадаркі бачыўся ў ператварэнні краіны ў адзіную фабрыку, галаўная «кантора» якой непасрэдна кіруе ўсімі гаспадарчымі працэсамі. У сакавіку 1919 года ў якасці партыйнай устаноўкі ва II Праграме на VIII з’ездзе РКП(б) была зафіксаваная ідэя аб неадкладнай пабудове беставарнага сацыялізму шляхам замены гандлю планамерным, арганізаваным у агульнадзяржаўным маштабе размеркаваннем прадуктаў.
Першая Сусветная і Грамадзянская войны, ваенныя інтэрвенцыі 1914-1920 гадоў дорага каштавалі беларускаму народу і канкрэтна падняпроўскаму рэгіёну. Рэзка скарацілася колькасць насельніцтва. Сельская гаспадарка была спустошанай, жыхары краю апынуліся на мяжы голаду, тысячы людзей сталі уцекачамі. Вялікую частку зарплаты ў гарадах выдавалі пайкамі. Прамысловая вытворчасць складала толькі пятую частку ад даваеннай. Напрыканцы 1920 года палітыка “ваеннага камунізму” дасягнула свайго апагею. Быў забаронены вольны гандаль, харчразвёрстка перасягнула ўсялякія разумныя межы, у сувязі з чым сяляне напалову скарацілі пасяўныя плошчы. У гарадах пад рэквізіцыі трапляла не толькі буржуазія, але і звычайныя мяшчане, у якіх меблю, прадметы хатняга начыння забіралі да межаў “самага неабходнага”.
Нягледзячы на тое, што жылося вельмі цяжка, жыхары Жлобінскага краю знаходзілі магчымасць дапамагаць іншым рэгіёнам, што трапілі ў бяду. Так, у 1921 годзе пачаўся голад у Паволжжы. УЦВК звярнуўся з Дэкрэтам па зборы сродкаў у дапамогу тым, хто галадаў. Запрацавала савецкая ідэалагічная сістэма. Ужо тады адпрацоўваўся механізм “добраахвотных збораў”. Дакумент, што цяпер захоўваецца ў Жлобінскім філіяле дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці, сведчыць: cход работнікаў культуры і асветы прыняў рэзалюцыю-зварот аб неабходнасці правядзення ў жыццё гэтага Дэкрэта. У выніку працоўныя Жлобіншчыны здавалі хлеб і асабістыя рэчы ў фонд дапамогі. Сабралі каля 1 000 000 рублёў. Пра гэта паведаміла ў сваім матэрыяле газета “Палеская праўда” 3 лістапада 1921 года.
Пераход эканамічнага, гаспадарчага крызісу ў палітычны, апагеем чаго было Кранштацкае паўстанне 1921 года з лозунгам “Уся ўлада Саветам без бальшавікоў!”, паставілі савецкую ўладу на мяжу катастрофы. Гэта стала перадумовай пачатку гэтак званай “Новай эканамічнай палітыкі”.
Новая эканамічная палітыка (НЭП)
Но́вая эканамі́чная палі́тыка (НЭП) – захады ўраду Расійскай СФСР 1921-1928 гадоў, зацверджаныя 10-м з’ездам Расйскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) 14 сакавіка 1921 года. Яна замяніла палітыку ваеннага камунізму, што ажыццяўлялі бальшавікі падчас Грамадзянскай вайны ў Расіі ў 1918-1921 гадах. Яна прадугледжвала: 1) увядзенне штогадовага харчовага падатку ў вёсцы замест харчразвёрсткі, 2) дазвол прыватнага гандлю, 3) дазвол замежных канцэсій для прыцягнення ўкладанняў, 4) ператварэнне рубля ў канвэрсаваную валюту цягам 1922-1924 гадоў, 5) дазвол прыватнага найму да 30 работнікаў.
У 1925 годзе большасць галінаў сельскай гаспадаркі СССР дасягнула ўзроўню даваеннага 1913 года ў Расейскай імпэрыі. У 1926 годзе кошт валавай вытворчасці ў СССР ў цэнах даваеннага 1913 года перавысіў сярэднегадавыя паказчыкі 1911-1913 гадоў на 9,8% і склаў 384 800 000 залатых рублёў. Да 1927 года узровень прамысловай вытворчасці аднавіўся да даваеннага 1913 года. Вызначальным чыннікам гаспадарання стаўся рынак. Грашовая рэформа ў СССР 1922-1924 гадоў дазволіла пераадолець гіперінфляцыю. У 1921-1927 гадах скасавалі працоўную павіннасць і натуральную аплату працы, правялі адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу.
У канцы 1920-х гадоў палітыка НЭПа была фактычна скасаваная, бо супярэчыла дыктатуры партыі і палітыцы бюракратызацыі і цэнтралізацыі, узмацненню таталітарных тэндэнцый у грамадстве. Партыйнай эліце і многім у грамадстве яна здавалася толькі “часовай мерай, дробнай саступкай буржуазіі”.
Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі, што была заснаваная 30 снежня 1918 года ў Смаленску (Заходняя вобласць, Расійская СФСР) у складзе РКП(б), праводзіла НЭП у Беларускай ССР. Адпаведныя захады ажыццяўляліся ў Закаўказскай СФСР і Украінскай ССР. Разам з Беларускай ССР і Расійскай СФСР 30 снежня 1922 года яны ўтварылі СССР.
Адной з галоўных задач, што ставіў савецкі ўрад, было аднаўленне гаспадаркі і гаспадарчае будаўніцтва. Трэба было прыпыніць спад вытворчасці і “палепшыць умовы жыцця працоўных”. Разам з тым вырашылі пачаць будаўніцтва новага сацыялістычнага грамадства.
Ёсць думка, што вялікую ролю ў аднаўленні гаспадаркі адыграў “энтузіязм працоўных мас”, што з вялікай ахвотай уключыліся ў “стваральную мірную працу” (у двукоссі мы ўзялі выразы тых часоў і цытуем іх, каб чытачу была зразумелай афіцыйная ідэйная стылістыка партыйных і дзяржаўных органаў).
На станцыі Жлобін рамантавалі і выводзілі на лініі вагоны і паравозы. Грузаабарот станцыі павялічыўся. У мястэчках паступова адраджаліся саматужныя невялікія прадпрыемствы. На вёсцы расла плошча засеваў, адпаведна, павышалася ўраджайнасць. Павялічвалася вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Нагадаем, што Жлобін у 1924 года атрымаў статус раённага цэнтра, а ў 1925 годзе – горада. Гэта стварала дадатковыя спрыяльныя ўмовы для паскоранага гаспадарчага развіцця рэгіёна.
У 1920-я гады на Жлобіншчыне паступова аднаўляюцца і развіваюцца дробныя і сярэднія прамысловыя прадпрыемствы. Ва ўмовах НЭПу для гэтага быў даволі спрыяльны час. Так, дзейнічала мэблевая майстэрня арцелі “Чырвоны мебельшчык”. Яна выпускала ў год 95 матрацаў, 28 шафаў, 26 канап. У 1927 годзе запрацавала абутковая майстэрня арцелі “Чырвоны Кастрычнік”, што выпусціла 1 293 пары абутку, а адрамантавала 13 743 пары. У 1929 годзе пачынае дзейнічаць металарамонтная майстэрня артэлі “Чырвоны металіст” і кравецкая – арцелі “Аб’яднаная праца”. 1930 годзе цагельны завод пачынае вытворчасць да 525 000 цаглін у год. У 1930 годзе выходзіць першая прадукцыя кавальскай майстэрні артэлі “Аб’яднаны металіст” і вытворчасць артэлі “Аб’яднаны харчавік” (першая: 952 сякеры, 334 сярпы, 2 000 цвікоў; другая: 13 тон кандытарскіх вырабаў, 410 тон хлеба, 11 970 дэкалітраў фруктовай вады.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года вялікія змены адбыліся ў галіне культуры. Новая ўлада з рэвалюцыйнай смеласцю ламала старыя і ўводзіла новыя формы, установы культуры пад лозунгам набліжэння яе да народу. Ужо ў гады Грамадзянскай вайны пашыралася сетка школ, адчыняюцца першыя дашкольныя ўстановы, у былых сядзібах памешчыкаў летам працавалі дзіцячыя летнікі. З’яўляецца вялікая колькасць тэатральных гурткоў, калектываў мастацкай самадзейнасці. Для ліквідацыі непісьменнасці дарослых ствараюць разнастайныя курсы.
1920-я гады сталі яшчэ больш плённымі ў нацыянальна-культурным развіцці Беларусі. Пасля вяртання ўсходнебеларускіх зямель, на якіх да 1924 года па сутнасці працягваўся царскі курс на русіфікацыю беларусаў, у БССР пачалі праводзіць палітыку “беларусізацыі”. У выніку яе рэалізацыі напрыканцы 1920-х гадоў ужо каля 90% навучэнцаў Падняпроўя вучылася ў беларускіх школах, 95% выданняў газет і часопісаў друкавалі на беларускай мове. Справаводства дзяржаўных устаноў пераводзілі на беларускую мову, што замацавалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, у тым ліку і ў беларускіх тэрытарыяльных вайсковых фарміраваннях.
Разам з беларускай культурай развівалася і культура нацыянальных меншасцей Беларусі. Статус дзяржаўных пры першынстве беларускай мелі таксама польская, руская і яўрэйская (ідыш) мовы. На ўсіх чатырох мовах выдаваліся газеты і часопісы. Побач з беларускімі ствараліся нацыянальныя школы і культурна-асветніцкія ўстановы іншых народаў.

