Падзеі кастрычніка 1917 года на Жлобіншчыне

25 кастрычніка 1917 года ў выніку бальшавісцкага перавароту ў Петраградзе Часовы ўрад адхілілі ад ўлады. У гэты ж дзень выканкам Мінскага савета выдаў загад №1 – там паведамлялася пра “сацыялістычную рэвалюцыю”, што “адбылася ў Петраградзе”. Адзначалася, што ўлада перайшла “у рукі Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў”.

Інфармацыя пра гэты загад трапіла ў Жлобін разам з газетай “Буревестник”. Яе даставіў паравозны машыніст Вагін – ён вярнуўся са службовай камандзіроўкі ў Мінск. Неўзабаве ў Жлобін прыбыў ўпаўнаважаны камісар Паўночна-Заходняга камітэта РСДРП (б) “таварыш Васільеў” з мэтай “аказання дапамогі ва ўстанаўленні савецкай улады ў мястэчку”. А з Гомеля ў Жлобін прыехаў прадстаўнік Палескага камітэта РСДРП (б) з такой жа задачай.

Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Жлобіне

Па ініцыятыве былых матросаў, брыгадзіра паравознага дэпо В. Кульбакова і М. Паўлава ў лістападзе арганізавалі баявую дружыну. Чырвонагвардзейцамі запісваліся чыгуначнікі, у тым ліку А. Карповіч (сын А.М. Карповіча, старшыні ВРК Жлобіна ў 1917-1918 гг.), а таксама М. Каліноўскі, С. Камякоў, Я. Свірыдаў, І. Івашкевіч, салдаты вайсковага поезда і вайсковых майстэрняў А. Кавалёў, М. Кучанаў, П. Чарняк. У складзе Жлобінскага атрада чырвонаармейцаў было да 200 чалавек.

Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Жлобіне
Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Жлобіне
Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Жлобіне

Рабочыя вагоннага дэпо Жлобіна і рабочыя Гомельскага паравознага дэпо змантавалі самадзейны “браняпоезд”: у прычэпленых вугляках прарэзалі адтуліны для кулямётаў, сцены унутры абклалі мяшкамі з пяском.

Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Жлобіне

17 лістапада 1917 года Гомельскі савет прыняў пастанову пра ўзмацненне “надзейнай аховы рэвалюцыйнага парадку”. У Жлобін прыбыў Сцяпан Іванавіч Талпінскі, машыніст дэпо Гомеля. Ён адразу ж усталяваў сувязь з чыгуначнікамі Жлобіна. Дружыну вузла прывялі ў стан баявой гатоўнасці і перавялі на казарменнае становішча. Яе задачамі былі: нясенне каравульнай службы ў дэпо і на вуліцах мястэчка, ахова важнейшых аб’ектаў, мастоў праз Дняпро і Дабасну. Адзначаліся сутычкі дружыны з бандытамі, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці.

Савецкая ўлада ў Жлобіне была абвешчаная 6 (19) лістапада 1917 года. Стварылі Ваенна-Рэвалюцыйны камітэт. У яго склад ўвайшлі: Лавецкі (старшыня), Леанід Калараджыо, Павел Вольскі, А. Карповіч, Мікалай Паўлаш, Васіль і Павел Кульбаковы, У. Печурыхін і іншыя “таварышы”. У яго стварэнні браў удзел і актыўны чалец Бабруйскага камітэта РСДРП, пазней чалец ЦК Кампартыі Беларусі П.М. Серабракоў. Затым стварылі Жлобінскую партыйную арганізацыю. Першымі яе чальцамі сталі рабочыя вагоннага ўчастка і паравознага дэпо – В. Кульбакоў, П. Вольскі, І. Карыбскі, Л. Калараджыо, Я. Карыбскі, М. Каліноўскі, С. Камякоў і іншыя.

Затым пачалося пераабранне Саветаў. У сярэдзіне лістапада іх перавыбралі ў Жлобіне і навакольных вёсках. Гэты працэс адбываўся пад кантролем бальшавікоў, каб у “Саветы былі дэлегіраваныя найбольш актыўныя ў грамадскім жыцці рабочыя і сяляне, салдаты”. У склад Жлобінскага савета накіравалі рабочых Сяліцкага і Кульбакова і сялян Пашкоўскага і Пышакова.

На III абласным з’ездзе саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, што праходзіў у Мінску 19-21 лістапада, прысутнічаў і дэлегат ад Жлобіна. Ён адзначыў, што “ўлада цалкам у руках Савета. Савет папулярны”.

Адной з першых важнейшых спраў Жлобінскага савета стала ажыццяўленне Дэкрэта аб зямлі, прынятага II Усерасійскім з’ездам саветаў, і іншыя мерапрыемствы па ўсталяванню савецкай улады на месцах. У выніку памешчыцкае землеўладанне на Жлобіншчыне цалкам ліквідавалі цягам трох тыдняў. Зямля і маёмасць памешчыкаў перайшлі ў распараджэнне сялянскіх саветаў і камітэтаў. Па даручэнні рэўсавета Жлобіна бальшавік С. Бондараў кіраваў справай размеркавання зямлі паміж тымі, хто раней парабкаваў на памешчыка.

Першы бой грамадзянскай вайны

20 лістапада 1917 года недалёка ад Жлобіна адбыўся бой паміж бальшавіцкім 60-м Сібірскім стралковым палком і 8-м Ударным батальёнам Заходняга фронту. Бой трываў ўвесь дзень. Ёсць меркаванне, што яго можна лічыць першым боем грамадзянскай вайны, што пачала разгортвацца ў выніку сацыяльна-палітычнага раскола, выкліканага кастрычніцкім пераваротам.

Партыя бальшавікоў, што заявіла пра ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту, супрацьпаставіла рабочых і сялян маёмасным класам. Мерапрыемствы, што праводзіла савецкая улада, выклікалі вялікае супрацьдзеянне яе праціўнікаў. Яны паступова актывізоўваліся і стваралі арганізаваныя структуры супрацьдзеяння бальшавікам.

Цэнтрамі ў Беларусі, што арганізавалі антысавецкія выступленні, сталі Стаўка Вярхоўнага камандвання ў Магілеве, штаб Заходняга фронту і Франтавы камітэт. У Стаўцы сабраліся прадстаўнікі сацыяльных і палітычных сіл, мэты і задачы якіх разыходзіліся. Але іх аб’ядноўвала непрыняцце савецкай улады.

У лістападзе-снежні 1917 года ў гарадах і сельскай мясцовасці праходзілі выступленні, скіраваныя на байкот і сабатаж мерапрыемстваў савецкай улады. Шырыліся п’янства, спекуляцыя, рабаўніцтвы, непарадкі ў грамадскіх месцах, распаўсюджваліся фальшывыя чуткі, рабаваліся панскія маёнткі…

Каб прадухіліць дэзарганізацыю грамадскага парадку, ВРК Заходняга фронту санкцыяваў расстрэльваць без суда і следства пагромшчыкаў і марадзёраў, канфіскоўваць маёмасць у вырабнікоў самагону. Асобы, якія садзейнічалі самагонаварэнню, павінны былі сплаціць штрафы ад 50 да 3000 рублёў, а п’яных на вуліцы – арыштоўваць тэрмінам да паўгода і аддаваць пад суд.

Пра складанасць сітуацыі сведчыць і той факт, што загадам камандуючага Заходнім фронтам 30 лістапада ў Мінску аб’яўлялася ваеннае становішча. Уезд у горад дазваляўся толькі па пасведчаннях ВРК і іншых мясцовых органаў бальшавіцкай улады. У горадзе ўвялі ахову.

Як вядома, напачатку існавалі асобна Саветы рабочых і Саветы сялянскіх дэпутатаў, што стварала пэўныя нязручнасці для функцыянавання савецкай улады. Таму цягам студзеня 1918 года праходзіла аб’яднанне рабочых і сялянскіх саветаў, у тым ліку і на Жлобіншчыне.

На падзеі станаўлення савецкай улады на Жлобіншчыне непасрэдны ўплыў аказалі падзеі вакол Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандавання, што знаходзілася ў Магілеве. Яшчэ адным чыннікам, што ўплываў на становішча ў нашым рэгіёне, было знаходжанне ў Быхаўскай турме Л. Карнілава, кіраўніка ваеннага выступлення.

Мікалай Духонін

Вярхоўны галоўнакамандуючы Духонін адмовіўся выконваць распараджэнні новай улады. Рэвалюцыйны Петраград вырашыў прыняць захады па ліквідацыі “контррэвалюцыйнага ачага”, падаўленні сіл, што выступалі супраць рэвалюцыі. Ён паслаў у Магілеў свае сілы. Важную ролю ў гэтым адыграў Жлобін – праз яго накіравалі атрад з 500 байцоў, што стварыў Палескі камітэт РСДРП (б), а таксама атрад, што складаўся з 1-га рэвалюцыйнага палка імя Мінскага Савета, батальёна 6-га Сібірскага стралковага палка, браняпоезда, двух бранемашын, роты сапёраў (пра гэта больш падрабязна можна пачытаць у кнізе “Памяць. Жлобінскі раён” – артыкул “Браняпоезд ішоў з баямі”).

Пасля таго, як бальшавікі занялі Стаўку, частка духонінскіх сіл мела намер адступаць на Гомель. 2-8 снежня 1917 года ў баях пад Жлобінам, дзе ўдзельнічалі Гомельскі, Жлобінскі і Рэчыцкі атрады, гэтыя сілы былі канчаткова разгромленыя.

Цягам наступных дзён часці польскага корпусу неаднаразова атакавалі чырвонаармейцаў пад Жлобінам. 20 студзеня, пасля ўзяцця Бабруйска, легіянеры накіраваліся на Мінск і Віцебск.

З моманту абвяшчэння вайны ўся тэрыторыя, дзе знаходзіліся часткі корпуса, апынулася фактычна ў стане акупацыі. Тут ліквідоўвалі савецкую ўладу, а ейных кіраўнікоў арыштоўвалі і каралі смерцю. Мясцовае насельніцтва павінна было забяспечваць акупантаў пераважна харчаваннем і фуражом. Так, на тэрыторыі Быхаўскага павета жыхары павінны былі здаць: “… жыта – 3 000, аўса – 3 000, ячменю – 1 000, грэчкі – 4 000, бульбы – 5 000, сена – 1 000 пудоў, яек – 4 000 штук, а таксама 7 коней, 40 кароў…” і г. д.

Такое становішча было на ўсёй акупаванай тэрыторыі. Насельніцтва абклалі падаткамі на курэй, сабак, кошак, свойскую жывёлу. Людзі павінны былі працаваць па два дні на тыдні на мясцовых памешчыкаў. Вось як у кнізе “Памяць” апісваюць адносіны легіянераў корпуса да мясцовага беларускага насельніцтва ў наваколлі Жлобіна.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.