Ваколіцы Жлобіна і Рагачова ў пачатку 1918 года апынуліся пад кантролем першага польскага корпуса на чале з генералам Доўбар-Мусніцкім, які напачатку ўваходзіў у склад рускай арміі. Яго стварылі ўлетку 1917 года. Корпус дыслакаваўся на тэрыторыі Мінскай і Магілеўскай губерняў. У канцы 1917 года корпус налічваў 25 000 байцоў.
Цягам лістапада-снежня 1917 года часці корпуса неаднаразова праводзілі акцыі, скіраваныя супраць мясцовых органаў савецкай улады. Яны рабілі гэта пад выглядам аховы маёмасці памешчыкаў-палякаў. Напрыклад, у Быхаўскім павеце яны не дазвалялі зямельным камітэтам праводзіць улік памешчыцкіх зямель.
Юзаф Раманавіч Доўбар-Мусні́цкі
(польск.: Józef Dowbor-Muśnicki; 25 кастрычніка 1867 года, м. Гарбаў, Сандамірскі павет, Радамская губерня, Расійская імперыя (цяпер Польшча) — 26 кастрычніка 1937 года) – рускі і польскі ваенны дзеяч, генерал-лейтэнант рускай арміі (1917 год), генерал броні польскага войска; кіраўнік мяцяжу супраць савецкай улады на Беларусі ў 1918 годзе.
Род Доўбараў бярэ пачатак на тэрыторыі "карэннай Літвы", дзе каля літоўскага Кернава знаходзіцца мястэчка Муснікі (літ. Musninkai), адкуль прыдомак "Мусніцкі". Прадстаўнікі роду ад XVII стагоддзя аселі каля польскага Сандаміра. Юзаф культываваў сувязь ВКЛ з родам Доўбараў-Мусніцкіх, таму сыноў назваў як раннелітоўскіх князёў: Гедзімін (1906—1966 гг.) і Альгерд (1914—1938 гг.).
Скончыў Акадэмію генштаба (1902 год). Удзельнік руска-японскай вайны. Падчас Першай Сусветнай вайны быў камандзірам дывізій на Каўказскім і Паўночным франтах.
Юзаф Доўбар-Мусніцкі
У снежні 1916 годзе загадаў расстраляць без суда і следства 13 салдат, пасля чаго яго перавялі на Заходні фронт камандуючым 38-м армейскім корпусам 10-й арміі. У красавіку 1917 года яго вывелі са складу дэлегатаў з’езда арміі за манархічныя выступленні. У 1917 годзе са згоды вярхоўнага галоўнакамандуючага Л. Карнілава арганізаваў на Заходні фронт 1-ы польскі корпус.
12 (25) студзеня 1918 года ён аб’явіў вайну Савецкай Рэспубліцы (так званы “мяцеж Доўбар-Мусніцкага”). 3 канца 1918 года служыў у польскім войску. У 1919 годзе быў арганізатарам і камандуючым польскімі войскамі ў час антыгерманскага паўстання ў так званай “прускай” Польшчы.
У снежні 1917 года бальшавікі распусцілі Першы Усебеларускі з’езд і Усерасійскі Устаноўчы сход. 12 студзеня 1918 года Доўбар–Мусніцкі афіцыйна абвесціў вайну Савецкай Расіі. Праціўнікі генерала сцвярджалі, што ён паставіў на мэце звяржэнне савецкай улады ў Беларусі і далучэнне Мінскай і Магілеўскай губерняў да Польшчы.
Наступленне корпуса пачалося ў напрамку Жлобін-Бабруйск. Для генерала важным быў кантроль над чыгуначнымі артэрыямі, каб адрэзаць тэрыторыю Беларусі і Украіны ад цэнтральнай Расіі.
Ужо 12 студзеня часці корпусу захапілі Рагачоў, Бабруйск і падышлі да Жлобіна. Наступ праводзіўся з двух напрамкаў – Рагачова і Краснага Берага. Падзеі разгортваліся наступным чынам. На досвітку легіянеры 2-га палка 2-й дывізіі знішчылі чырвонагвардзейскую заставу, што знаходзілася каля дарогі Жлобін-Рагачоў, і рушылі наперад. Наступленне заўважыў начны патруль, але яму не ўдалося стрымаць пераўзыходзячыя сілы ворага. Хутка легіянеры ўжо ўвайшлі на ўскрайкі мястэчка. Жлобінская баявая дружына заняла абарону каля чыгуначнага пераезду непадалёк ад моста на Дняпры. Менавіта яго вораг імкнуўся захапіць і ўзарваць. Частка 6-га сібірскага палка сустрэла легіянераў, якія рухаліся з боку Краснага Берага.
Ужо а 7-й гадзіне раніцы два польскія палкі ўварваліся на тэрыторыю станцыі Жлобін. Чырвонаармейцы аказвалі ім упарты супраціў. Бой трываў цэлы дзень. Савецкія часці выкарыстоўвалі артылерыю і браневікі. Праціўнік трымаўся за кожны дом, упарта чапляўся за свой абарончы рубеж, але панёс цяжкія страты і быў вымушаны адысці са станцыі на 10 км. Чырвонаармейцы захапілі шмат палонных і ваенныя трафеі. Нягледзячы на контратакі, польскія часці адышлі і пакінулі нават некаторыя прымыкаючыя сельскія населеныя пункты. На дапамогу бальшавікам у Жлобін прыбыў атрад чырвонагвардзейцаў з Гомеля, браняпоезд пад кіраўніцтвам камісара Ольчака і атрад чырвонагвардзейцаў петраградскага завода “Чырвоны Леснер”. Аказаў дапамогу і атрад, што сфарміравалі ў Красным Беразе.
Цягам наступных дзён часці польскага корпусу неаднаразова атакавалі чырвонаармейцаў пад Жлобінам. 20 студзеня, пасля ўзяцця Бабруйска, легіянеры накіраваліся на Мінск і Віцебск.
З моманту абвяшчэння вайны ўся тэрыторыя, дзе знаходзіліся часткі корпуса, апынулася фактычна ў стане акупацыі. Тут ліквідоўвалі савецкую ўладу, а ейных кіраўнікоў арыштоўвалі і каралі смерцю. Мясцовае насельніцтва павінна было забяспечваць акупантаў пераважна харчаваннем і фуражом. Так, на тэрыторыі Быхаўскага павета жыхары павінны былі здаць: “… жыта – 3 000, аўса – 3 000, ячменю – 1 000, грэчкі – 4 000, бульбы – 5 000, сена – 1 000 пудоў, яек – 4 000 штук, а таксама 7 коней, 40 кароў…” і г. д.
Такое становішча было на ўсёй акупаванай тэрыторыі. Насельніцтва абклалі падаткамі на курэй, сабак, кошак, свойскую жывёлу. Людзі павінны былі працаваць па два дні на тыдні на мясцовых памешчыкаў. Вось як у кнізе “Памяць” апісваюць адносіны легіянераў корпуса да мясцовага беларускага насельніцтва ў наваколлі Жлобіна.
21 студзеня 1918 года А. Мяснікоў, галоўнакамандуючы Заходнім фронтам, выдаў загад расфарміраваць 1-шы польскі корпус. Салдат і афіцэраў, хто хацеў уступіць у РСЧА, скіроўвалі ў распараджэнне мясцовых саветаў. Кіраўнік корпусу абвяшчаўся “ворагам рэвалюцыі і па-за законам”, а афіцэры, што не прызнавалі савецкую ўладу, падлягалі арышту. Сялянам Магілеўскай губерні дазвалялі прымаць меры самастойна ў дачыненні да гвалтаўнікоў. Рашучыя баявыя дзеянні супраць часцей корпусу разгарнуліся ў канцы студзеня-пачатку лютага 1918 года ў баях пад Жлобінам, Рагачовам, Бабруйскам, Рэчыцай, Доўскам і іншых мясцовасцях.
31 студзеня 1918 года пад Рагачовам і Жлобінам быў вырашальны бой. Пра абарону Жлобіна пісалі ў выпуску газеце “Салдацкая праўда” за 31 студзеня 1918 года:
“Жорсткі бой ідзе каля станцыі Жлобін. Бой ішоў каля кожнага дома ручнымі гранатамі на працягу 7 гадзін. Гарматны агонь працягваўся 50 гадзін, выпушчана шмат тысяч снарадаў. Перамаглі савецкія войскі. Жлобін заняты. Страты палякаў жудасныя… частка польскіх легіянераў далучылася да савецкіх войск. Становішча адступадчых легіянераў цяжкае”.
Апошні бой каля Жлобіна быў 7 лютага. У баі загінуў чырвонаармеец, слесар паравознага дэпо Уладзімір Печурыхін. 13 лютага польскія часткі канчаткова выйшлі з мястэчка. Корпус Доўбар-Мусніцкага пачаў адыход у бок Бабруйска. Рэшткі былога корпуса ўліліся ў германскае войска.
Жлобінцы – удзельнікі рэвалюцыі
Каліноўскі Мікалай Георгіевіч. Нарадзіўся ў 1902 годзе ў Жлобіне. З 1917 года працаваў рабочым паравознага дэпо, быў падпольшчыкам. Удзельнік грамадзянскай вайны. 1937-1938 гг. – рэпрасаваны. У час вайны з Германіяй быў байцом знішчальнага батальёна, потым быў на фронце. У 1944 годзе яго накіравалі аднаўляць чыгунку. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і іншымі медалямі.
Жураўлёў Міхаіл Пятровіч. Нарадзіўся ў 1898 годзе у вёсцы Кіцін. Служыў матросам на караблі “Петрапаўлаўск”. Удзельнічаў у падзеях Кастрычніцкага перавароту 1917 года. Быў арганізатарам і старшынёй камун у вёсках Старыя Сцяпы і Бяльчо. Загінуў у 1944 годзе ў Польшчы.
Калараджыо Леанід Сцяпанавіч. Нарадзіўся ў 1891 годзе. Быў рабочым. Вёў вялікую арганізацыйную работу па ўсталяванні савецкай улады ў Жлобіне.
Калараджыо Сцяпан. Балгарын. Рабочы на станцыі Жлобін. Адзін з кіраўнікоў забастоўкі чыгуначнікаў у снежні 1905 года.
Карповіч Адам Мікалаевіч (1860 – 1937 гг.). Машыніст паравоза, удзельнік рэвалюцыйных падзей 1905 года ў Пецярбургу, першы старшыня рэвалюцыйнага камітэту і партыйнай арганізацыі РКП (б) у лобіне (1918 – 1920 гг.). Пахаваны ў Гомелі.
Карповіч Адольф Адамавіч. Нарадзіўся ў 1901 годзе. Слесар-меднік, чырвонагвардзеец, камісар чыгуначнай Надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй, з 1919 года быў на фронце, потым працаваў машыністам паравоза. Памёр у лютым 1946 года ў Днепрапятроўску.




