Савецкая ўлада ў Магілёўскай губерні праіснавала нядоўга. 16 лютага 1918 года, пасля таго як Л. Троцкі сарваў мірныя перамовы, Германія паведаміла Савецкай Расіі пра сканчэнне перамір’я. А ўжо 18 лютага германская армія аднавіла ваенныя дзеянні. Немцы разам з хаўруснікамі пачалі наступленне па ўсім фронце ад Балтыкі да Карпат.
Германская інтэрвенцыя была сур’ёзнай пагрозай існаванню Савецкай дзяржавы. 21 лютага 1918 года У. Ульянаў (Ленін) ад імя СНК РСФСР звярнуўся з заклікам ”Сацыялістычная Айчына ў небяспецы!”, у якім раскрывалася ўся глыбіня пагрозы, што “навісла над Рэспублікай Саветаў”, і фармуляваўся канкрэтны план барацьбы з інтэрвентамі.
На шляху да Масквы знаходзілася Беларусь. Тут германскія войскі наступалі дзвюма групамі: 10-я армія рухалася ў напрамку Мінск-Смаленск-Масква, а 21-ы корпус – праз Жлобін на Гомель. Разам з нямецкімі войскамі выступалі ацалелыя часці польскага корпусу Доўбар-Мусніцкага, што рушылі з Бабруйска ў бок Мінска, а пазней кантралявалі тэрыторыю паміж Дняпром і Беразіной.
Германія мела намер вырашыць пэўныя задачы: ліквідаваць савецкую ўладу, рэстаўраваць ў той ці іншай форме палітычную “ўладу памешчыкаў і капіталістаў” і далучыць да Германіі тэрыторыі краін Балтыі, Беларусі і Украіны.
Новым чыннікам, што паўплываў на развіццё падзей, стала фармаванне Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Галоўнакамандуючы Заходнім фронтам А. Мяснікоў загадам №6 ад 23 лютага 1918 года прапанаваў “для перашкоды прасоўвання праціўніка за лінію Віцебск-Магілеў-Гомель назначыць Віцебскі, Аршанскі Магілеўскі атрады і 2-ю рэвалюцыйную армію”. У загадзе адзначалася, што для гэтага трэба “высунуць частку гэтых атрадаў да Полацка, Барысава, на Бабруйскі напрамак, да Жлобіна і Калінкавіч у выглядзе авангардаў…”.
Гэтыя фармаванні занялі свае пазіцыі каля Полацка, Барысава, Жлобіна, Бабруйска, Калінкавіч. А ў тыле нямецкай арміі пачалі ўзнікаць першыя партызанскія атрады. На чале 2-й рэвалюцыйнай арміі стаяў “таварыш Р. Берзін”.
Буда-Кашалёва, Калінкавічы, Жлобін і Рэчыца, станцыі, пераходзілі некалькі разоў з рук у рукі. Але захоп станцыі і Жлобіна так і не здарыўся. І толькі пасля вымушанага выхаду да Гомеля слаба ўзброеных воінскіх частак і чырвонагардзейскага атрада 2 сакавіка 1918 года нямецкія войскі занялі Жлобін. 3 сакавіка 1918 года у горадзе Брэст-Літоўск быў падпісаны мірны дагавор (гл. ніжэй), і нямецкае наступленне спынілася ў Беларусі на лініі Орша – Магілеў – Жлобін – Гомель.
“Сёння, у 12 гадзін 5 мін., Жлобін заняты немцамі пасля жорсткага бою пад Красным Берагам, які працягваўся дзень 26 лютага. Немцаў, палякаў выбыла са строю каля 400 салдат і шмат параненых. Мы страцілі браневікі і некалькі забітых”… “Састаў сіл праціўніка большы, чым у нас”. (З данясення Стаўкі з г. Арол).
Брэсцкі мірны дагавор
3 сакавіка 1918 г. паміж Савецкай Расіяй і Германіяй быў падпісаны сепаратны мірны дагавор на навязаных Германіяй умовах. Згодна з дагаворам, землі Паўночна-Заходняй Беларусі перадаваліся Германіі. Усходняя частка захопленых Германіяй беларускіх земляў заставалася пад акупацыяй да выплаты Расіяй 6-мільярднай кантрыбуцыі. Савецкая Расія прызнавала незалежнасць Украінскай Народнай Рэспублікі і яе правы на Брэсткі, Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі і Гомельскі паветы. Германія абавязвалася не прызнаваць на тэрыторыі былой Расійскай імперыі ніякіх новых дзяржаў, абвешчаных пасля 3 сакавіка, г. зн. і беларускай.)
За кароткі час вялікая тэрыторыя Беларусі апынулася пад акупацыяй нямецкіх войск, што паўсюдна ліквідавалі савецкую ўладу. А на месцы вярнуліся “збеглыя ад рэвалюцыі, памешчыкі і капіталісты” – так адзначалася ў данясеннях.
Быў усталяваны акупацыйны рэжым. У людзей забіралі жывёлу, харчаванне, акупанты чынілі тэрор і беззаконне. За нязначныя правіннасці прадугледжваліся пабоі або нават расстрэлы. Паселішчы ізаляваліся адно ад аднаго. Вось што казалася ў адным з загадаў акупацыйных уладаў, выкананне якіх кантралявалі ваенныя патрулі:
“Усім жыхарам хадзіць з адной вёскі ў другую строга забараняецца. Жыхары адной вёскі могць свабодна хадзіць адзін да аднаго толькі днём… Усім жыхарам неабходна атрымаць пасведчанне асобы ў воласці, з унясеннем членаў сям’і і іх узросту. За невыкананне гэтага асобы будуць пакараны смерцю”.
Падпісанне Германіяй і Савецкай Расіяй Брэсцкага міру ў сакавіку 1918 года, па якому гэтыя краіны падзялялі Беларусь без згоды беларусаў, падштурхнула беларускую нацыянальную эліту да абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года незалежнай нацыянальнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
Беларуская Народная Рэспубліка (БНР)
Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная ў 1918 годзе Выканаўчым камітэтам рады Усебеларускага з'езда і Цэнтральнай беларускай ваеннай радай. Пасля падпісання Брэсцкага міру БНР была абвешчана свабоднай, а 25 сакавіка незалежнай дзяржавай.
Германскае камандаванне перадало ў кампетэнцыю народнага сакратарыята гандаль, прамысловасць, сацыяльную апеку, асвету і культуру. Сакратарыят БНР прыкладаў намаганні да арганізацыі нацыянальных інстытутаў, прыняў пастанову аб дзяржаўным статусе беларускай мовы.
У гэты перыяд працавала ад 150 да 350 беларускіх школ, у тым ліку гімназіі. Семінарыя і настаўніцкі інстытут рыхтавалі настаўнікаў. У планах урада БНР было адкрыццё сельскагаспадарчага і політэхнічнага інстытутаў. Бюро па падрыхтоўцы падручнікаў за 4 месяцы склала 16 кніг для навучэнцаў. На тэрыторыі БНР разгарнуўся масавы культурна-асветніцкі рух.
БНР не змагла рэалізаваць ідэю суверэнітэту ў складаных вайскова-палітычных умовах, але прадэманстравала волю беларускага народа да свабоды і незалежнасці.
На тэрыторыі рэспублікі разгарнуўся масавы культурна-асветніцкі рух. Фармальна Жлобіншчына ўваходзіла ў склад БНР, хаця абвешчаная рэспубліка не змагла ў складаных вайскова-палітычных умовах рэалізаваць ідэю суверэнітэту цалкам.
На неакупаванай тэрыторыі Магілёўшчыны на ўсход ад Дняпра ў 1918 годзе захоўвалася савецкая ўлада. У Мсціславе дзейнічаў часовы губернскі выканаўчы камітэт. Паміж Савецкай Расіяй і Германіяй была ўсталяваная дэмаркацыйная лінія па Дняпры.
Нягледзячы на мірную ўгоду з Германіяй бальшавікі садзейнічалі разгортванню партызанскага руху ў тыле ворага. Вось што адзначаецца ў аператыўнай сводцы ваеннага камісарыята Маскоўскай вобласці ад 16 сакавіка 1918 года:
“У тыле немцаў узмоцнена дзейнічаюць нашы партызаны. Атрыманы паведамленні, што паміж Гомелем і Жлобінам узарваны нямецкі браніраваны поезд. Сяляне да немцаў настроены варожа і да сябе ў вёску без супраціўлення не пускаюць. Партызаны затрымліваюць саставы з хлебам, выводзяць са строю паравозы, арганізоўваюць дыверсіі на чыгунцы і іншых аб’ектах”.
Увесну 1918 года ў Жлобіне стварылі падпольны камітэт РКП (б), а ў траўні-чэрвені – рэўком. Яны каардынавалі работу па стварэнні буйных падпольных баявых атрадаў на Жлобіншчыне. Але гэтыя атрады ў адкрытую дзейнічаць не маглі – адчувалася перавага сіл праціўніка.
У Жлобіне падпольную барацьбу ўзначалілі Г. Тамкоў, М. Паўлаў, П. Кульбакоў. Падпольшчыкі ладзілі дыверсіі на чыгуначным вузле, узрывалі пуці і стрэлкі, зацягвалі рамонт паравозаў, затрымлівалі адпраўку нямецкіх эшалонаў. А.М. Карповіч па даручэнні партыйнага кіраўніцтва выехаў з часткай “таварышаў” у Оршу. У той час там праходзіла дэмаркацыйная лінія.
Аб атмасферы тэрору і пагромаў з боку кайзераўцаў у мястэчку расказваецца ў кнізе “Памяць” (ст. 68). Так, чырвонаармейца Ф. Сімухіна моцна катавалі: выкалалі яму вочы, паламалі рукі і ногі. Калі ад яго нічога не даведаліся – растралялі. Тут трэба ўлічваць тагачасныя ўмовы жыцця нашых замлякоў: калі пашыраўся гвалт і раскол у грамадстве, стымулявалася і нянавісць да адзін аднаго. Падагравалі гэта ўсё як прыхадні з захаду (немцы), так і савецка-расійскі элемент, што распальваў полымя класавай барацьбы і грамадзянскага супрацьстаяння. І ў гэтым агні апынуліся жыхары Жлобіншчыны, якія не былі самастойнымі гаспадарамі нашага краю: імі гулялі з Масквы ды Берліну, а таксама Варшавы.
Захаваўся ліст Бабруйскай павятовай беларускай рады за подпісам Успенскага да камандзіра 1-га Польскага корпуса ад 25 траўня 1918 года. Ён характаразуе сітуацыю, што склалася вакол Бабруйска, у тым ліку на Жлобіншчыне. У ім прадстаўнікоў “аднаплямённага з намі славянскага народа”, што “быў пастаўлены ў сілу абставін у цяжкае становішча”, што “ўбогі беларускі народ” карміў на працягу 4-х месяцаў, просяць справядліва вярнуць хаця б малую частку выдаткаў, што панесла мясцовае беларускае насельніцтва. Палякам прапаноўвалася праз Бабруйскую земскую ўправу вярнуць “бессістэмна рэквізаваных у сялян коней, кароў і іншую скаціну, а таксама… машыны, калёсы, рыдлёўкі, сякеры, бялізну, адзенне і многае іншае, што ўзята са складоў і майстэрань розных устаноў”. Бабруйская Беларуская Рада выказвала спадзяванні, што такім чынам “польскі корпус можа змякчыць тую злобу і нянавісць у мясцовага беларускага насельніцтва, якую ён выклікаў за час свайго нядоўгага гаспадарання ў краі, каб насельніцтва не перанесла сваё незадавальненне корпусам на ўвесь польскі народ і ў асаблівасці тут на ягоных асобных прадстаўнікоў”.
Дэлегацыя Народнага Сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі шмат разоў пісала звароты ў тэлеграмах на імя германскага канцлера і польскай рады ў Варшаве. У іх было абурэнне знаходжаннем корпуса Доўбар-Мусніцкага ў трох паветах Магілёўскай губерні (Бабруйскім, Рагачоўскім і Магілёўскім). Дэлегацыя Сакратырыята пратэставала супраць ганебных паводзін жаўнераў корпуса і патрабавала, каб “польскі” корпус Доўбар-Мусніцкага быў неадкладна выведзены з межаў БНР.
У канцы траўня польскі корпус расфарміравалі немцы. Вайскоўцаў Даўбор-Мусніцкага ў Магілёве, Бабруйску, Рагачове і астатніх падняпроўскіх гарадах і мястэчках замянілі войскі кайзераўскай Германіі, што знаходзіліся тут да канца кастрычніка 1918 года.
Акупацыйныя ўлады ўвесь час намагаліся скончыць з рэвалюцыйным падполлем. Так, у траўні 1918 года яны паспрабавалі выйсці на след падпольшчыкаў. Вайскоўцы акружылі тэрыторыю жлобінскага паравознага дэпо і вытворчыя аб’екты, што прымыкалі да яго. Усіх рабочых сабралі каля паваротнага круга. За сталлом размясцілася некалькі нямецкіх афіцэраў, з імі – начальнік паравознага дэпо – Штабе. Гэтым часам жаўнеры абшуквалі ўсе закуткі цэхаў, аглядалі тэндары, топкі, дымавыя каробкі, паравозы, што стаялі на рамонце. Яны спрабавалі адшукаць падпольшчыкаў, што займаліся прапагандай у калектыве. Затым правялі праверку (зверку) прозвішчаў кожнага рабочага. Некаторыя рабочыя моцна рызыкавалі, калі называлі прыдуманыя прозвішчы. Калі ж такога прозвішча ў спісе не было, адзін з нямецкіх афіцэраў звяртаўся да Штабе. Той яшчэ да рэвалюцыі працаваў начальнікам дэпо, добра ведаў рабочых, але, тым не менш, нікога не выдаў. Так многім удалося пазбезнуць арышту.
У адказ жлобінскія падпольшчыкі ладзілі дыверсіі на чыгунцы, запавольвалі прасоўванне войск, адмаўляліся перавозіць нарабаванае дабро. Па іх уплывам рабочыя і служачыя вузла адмаўляліся ад працы і ладзілі забастоўкі.
Вельмі заўважнай стала забастоўка, што пачалася 15 ліпеня 1918 года і трывала каля месяца. Жлобінскія чыгуначнікі далучыліся да ініцыятывы чыгуначнікаў Гомелю, якія выступілі ў салідарнасць з рабочымі Корастыню. У выніку быў спынены рух на лініях Жлобін-Бахмач-Калінкавічы-Унеча. Удзельнікі забастоўкі патрабавалі аднавіць норму выпрацоўкі і стаўкі заработкаў, што былі ўсталяваныя СНК, стварыць рабочы харчовы камітэт, які б забяспечваў рабочых прадуктамі, знізіць цэны, увесці 8-гадзінны рабочы дзень, вызваліць 12 закладнікаў, арыштаваных пры аблаве, зацвердзіць статут прафсаюзу чыгуначнікаў, забяспечыць свабоду прафсаюзаў. Быў створаны партызанскі атрад для барацьбы з акупантамі.
Разам з тым ваенныя ўлады працягвалі рабаваць насельніцтва. Так, са Жлобіна ў Кіеў адправілі 4 баржы з яблыкамі, што канфіскавалі ў насельніцтва. Немцы расплочваліся за яблыкі маркамі, што мясцовыя жыхары прымалі неахвотна. А тых, хто спрабаваў супрацьстаяць гэтай “аперацыі”, арыштоўвалі.
Сітуацыя ў рэгіёне стала мяняцца пасля таго, як у Германіі здарылася рэвалюцыя. Нямецкія часткі пачалі адыход з Беларусі. 13 лістапада 1918 года Савецкая Расія анулявала ўмовы Брэсцкага міру ад 3 сакавіка 1918 года. Неўзабаве быў вызвалены Гомель, а Жлобін немцы пакінулі 24 лістапада 1918 года, пасля акупацыі тут засталося 105 паравозаў.
Начальнік Аператыўнага ўпраўлення Заходняй арміі адзначаў, што “белагвардзейцы” спрабавалі ўзарваць мост праз Бярэзіну. У выніку таго, што па пашкоджаным шляху былі накіраваныя чырвоныя часткі, Жлобін стаў цэнтрам назапашвання сіл. Яны прасоўваліся ўслед за немцамі, што адступалі, і месцам, дзе праходзілі перамовы з нямецкімі салдацкімі камітэтамі па ўсіх пытаннях прасоўвання часцей Чырвонай Арміі. Разам з імі прасоўвалася і дэмаркацыйная лінія.
А. Сазонаў, ваенком 3-й брыгады 17-й стралковай дывізіі, паведамляў ў палітаддзел, што “па прыбыцці эшалонаў і штаба брыгады на станцыю Жлобін, разам з Бабруйскім ваенным саветам быў арганізаваны мітынг чырвонаармейцаў 151-га і 153-га стралковых палкоў і 7-й батарэі на тэму: “Чырвоная Армія і Савецкая ўлада”. На мітынгу было шмат тутэйшых жыхароў… Менавіта тады і пазней нямала жыхароў Жлобіна і навакольных населеных пунктаў добраахвотна папоўнілі баявыя падраздзяленні 17-й стралковай дывізіі, што квартаравала ў мястэчку і на станцыі.
Камендантам станцыі прызначылі І. Івашкевіча. Стварылі баявую рабочую дружыну (120 чалавек), яна перайшла на казарменны стан, несла каравульную службу, навучалася вайсковай справе.
З вяртаннем улады бальшавікоў актыўную дзейнасць пачала Надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй, сабатажам і спекуляцыяй. Яна камплектавалася з асяроддзя рабочых-камуністаў. У яе склад ўвайшлі С. Камякоў, П. Кульбакоў, А. Карповіч, М. Каліноўскі, Н. Корабаў і іншыя.
Пасля анулявання Брэсцкага міру германская армія апынулася паміж двух агнёў: часцямі Чырвонай Арміі, што наступалі, і партызанамі, якія грамілі тылы акупантаў.
Ужо 21 лістапада 1918 нямецкія войскі адышлі за Бярэзіну. 22 лістапада чырвонаармейцы занялі Полацк, а 28 лістапада – Бабруйск, у канцы лістапада – заходнюю частку былой Магілеўскай губерні. Яны рухаліся ў напрамку Мінска. 28 лістапада Бабруйск занялі байцы 17-й стралковай дывізіі, дзе захапілі шмат добрых таварных вагонаў, 110 аўтамабіляў, 50 пантонаў, 4 000 пудоў дроту.
З прадстаўнікоў партыі эсэраў, меншавікоў, Бунда, бальшавікоў і іншых стварылі Савет органаў земскага і гарадскога самакіравання краю, а 11 лістапада – выканкам Савета. Ужо 12 лістапада выканкам Савета накіраваў Савету салдацкіх дэпутатаў 10-й германскай арміі (ён знаходзіўся ў Мінску), мемарандум аб перадачы яму грамадзянскай ўлады ў Беларусі. 10 снежня савецкая ўлада ў Мінску была адноўленая. Спробы прадстаўнікоў іншых партый і арганізацый ўсталяваць сваю ўладу праваліліся.
У гэтых складаных умовах нямецкае камандаванне разам з пятлюраўскай дырэкторыяй, створанай ва Украіне, спрабавала ўсімі сіламі захаваць Гомель. 20 кастрычніка арыштавалі чальцоў Гомельскага ВРК. У адказ на гэта чыгуначнікі Гомеля абвесцілі забастоўку, іх падтрымалі многія рабочыя іншых прадпрыемстваў Гомеля і павета. Разам з гэтым пачалося наступленне Чырвонай Арміі. 6 студзеня 1919 года чырвонаармейцы занялі Гомель, а ў першай палове студзеня – і ўсё Палессе. Савецкая ўлада ў рэгіёне была адноўленая.
Такім чынам, Жлобіншчына адыграла актыўную ролю ў падзеях, звязаных з кайзераўскім акупыцыйным рэжымам. Праз Жлобін праходзілі важныя камунікацыі, што актыўна выкарыстоўваліся падчас ваенных дзеянняў. Разам з тым мясцовае насельніцтва проста разрывалася паміж тым, што рабілі немцы і бальшавікі. Абедзьве ўлады дзейнічалі ў сваіх інтарэсах па законах ваеннага часу, а не на карысць беларусаў.


