Паміж лютым і кастрычнікам. Жлобін у 1917 г.

У пачатку сакавіка 1917 года на Жлобіншчыну прыйшла навіна пра перамогу Лютаўскай рэвалюцыі, адрачэнне імператара ад пасады і пераход ўлады да Часовага ўраду. У горадзе стварылі афіцыйны орган новай улады – Камітэт грамадскай бяспекі. Аднак у канцы сакавіка паралельна яму, як і па ўсёй краіне, узнікла структура рэвалюцыйнай улады – Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З дапамогай Гомельскага савета такі ж орган да канца сакавіка ўзнік і ў Жлобіне.

Напачатку органы ўлады не канфліктавалі адно з адным і прыступілі да першых пераўтварэнняў: на ўсіх прадпрыемствах усталявалі 8-гадзінны працоўны дзень, аднавілі дзейнасць прафсаюзаў рабочых чыгуначнага вузла і фанернага завода ў пасёлку Ветка-Вір (імі кіравала цэнтральнае бюро прафсаюзаў Гомеля), дазволілі правядзенне мітынгаў і дэманстрацый. Так, напрыклад, услед за Гомелем, у Жлобіне прайшлі мітынгі супраць вайны і ў імя “выратавання сотняў мільёнаў працоўных, якія стаяць на краі гібелі ад голаду і гаспадарчай разрухі”.

Вясной і летам 1917 года па ўсёй імперыі ішла палітызацыя народных мас, фарміраваліся і пашыраліся рэвалюцыйныя арганізацыі і партыі. Не была выключэннем і Жлобіншчына. Тут ўзніклі радыкальныя групы бальшавікоў. Так, у траўні 1917 года у Жлобінскім савеце утварылася фракцыя рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Жлобін у 1917
Рэвалюцыйны Гомель, 1917 год

Падзеі Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Расійскай імперыі далі моцны імпульс развіццю нацыянальнага руха. Да сялян і мяшчан Жлобіншчыны ўсё часцей даходзілі звесткі пра фарміраванні шматлікіх беларускіх арганізацый. Адрадзіліся і сталі ўзнікаць новыя нацыянальныя палітычныя партыі і арганізацыі, што ў сваіх праграмах вылучалі задачы вырашэння культурных і сацыяльных праблем. Яны ўсё з большай настойлівасцю фармулявалі патрабаванні стварэння беларускай дзяржаўнасці.

Магілёўскі і Бабруйскі беларускія камітэты адносіліся да ліку такіх нацыянальных арганізацый, што непасрэдна ўплывалі на грамадскае жыццё жлобінскіх паселішчаў. Так, напрыклад, беларусы Магілёва рабілі захады па заснаванні сваіх філій у павятовых гарадах губерні, у тым ліку ў падняпроўскіх Быхаве і Рагачове. Беларусы Бабруйска праводзілі работу ў вёсках заходняй частцы сучаснага Жлобінскага раёна, што тады ўваходзілі ў Бабруйскі павет. На працягу лістапада 1917 года магілёўскі камітэт разаслаў па два асобнікі першай праграмы па гісторыі беларускага народа ў 78 навучальных устаноў Беларусі. Даслалі яе і ў Рагачоў.

Жлобін у 1917

Магілёўскі Беларускі Камітэт (МБК)

Сход “асоб, што прызнаюць сябе беларусамі” паклаў пачатак беларускай нацыянальнай арганізацыі ў Магілёве. Ён адбыўся 23 сакавіка 1917 года. З’езд усіх беларускіх нацыянальных арганізацый падштурхнуў і паскорыў аб’яднанне беларусаў Магілёва. Ён быў ў Мінску 25-27 сакавіка 1917 года. Паказальна, што адна з прывітальных тэлеграм з’езду была ад спадара М. Булгака з Магілёва. Акрамя магілёўцаў на з’ездзе прысутнічаў і дэлегат ад Бабруйскага беларускага гуртка – Кілчэўскі.

Сябры арганізацыі зрабілі камітэт уплывовай і адметнай не толькі гарадской, але і губернскай з’явай. Арганізацыя паспяхова спрабавала выйсці на агульнадзяржаўны ўзровень дзейнасці. Фарміраванне асобнага спісу ад беларусаў на выбарах ва Устаноўчы сход дазволіла беларускім арганізацыям Усходняй Беларусі гучна заявіць пра сябе.

Магілёўскі Беларускі Камітэт актыўна далучыўся да падрыхтоўкі першага агульнанацыянальнага форуму беларусаў – Усебеларускага з’езда, што склікалі ў снежні 1917 года. За час свайго існавання палітычныя погляды дзеячаў Магілёўскага Беларускага Камітэта эвалюцыянавалі ад ідэі дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дзяржавы да ўхвалення стварэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Драматычныя палітычныя падзеі таго часу: разгон бальшавікамі Першага Усебеларускага з’езда, Брэсцкі мір і акупацыя значнай часткі Беларусі германскімі войскамі канчаткова схілілі сяброў камітэта да падтрымкі ідэі стварэння незалежнай беларускай дзяржавы.

У 1918 годзе камітэт вітаў утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 года незалежнасці Беларусі. Ён арганізаваў падтрымку гэтай ідэі ў Магілёве.

Збег знешнепалітычных абставін і звязанае з імі ўступленне чырвоных атрадаў у Магілёў прымусіла кіраўніцтва МБК пакінуць Магілёў і перабрацца напачатку ў Мінск, а затым у Вільню.

Пашыралася рэвалюцыйная работа ўсіх палітычных сіл сярод сялянства. У прыдняпроўскіх вёсках актыўна распаўсюджваліся думкі пра неабходнасць перадзелу памешчыцкіх зямель. Сяляне не чакалі афіцыйных рашэнняў, яны пачалі ад словаў пераходзіць да справы. Акрамя выпадкаў самастойнага захопу сялянамі памешчыцкіх зямель, былі выпадкі высечкі прыватных лясоў, дзяльба лугоў і сенажацяў, адхіленне кіраўнікоў маёнткаў. Для разбору гэтых падзей у некаторыя населеныя пункты накіравалі дзяржаўных служачых. Так, у сярэдзіне чэрвеня, калі суддзя прыцягнуў сялян вёскі Салтанаўка да адказнасці за самавольны захоп памешчыцкай зямлі, то сяляне арыштавалі і адправілі крыўдзіцеля ў Гомельскі савет.

Памешчыкі Рагачоўскага павета скардзіліся міністру земляробства: “Сяляне пад уплывам прамоў прыехаўшых з Пертаграда дэпутатаў Усерасійскага сялянскага Саюза сякуць лясы прыватнага карыстання, захопліваюць і дзеляць лугі і сенакосы, знімаюць рабочых і адхіляюць упраўляючых маёнткамі”.

Па ініцыятыве Палескага камітэта РСДРП (б) у Гомелі ў канцы чэрвеня прайшла нарада прадстаўнікоў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў саветаў, дзе прысутнічаў і прадстаўнік са Жлобіна. Неўзабаве ў Жлобін прыехаў прадстаўнік Мінскага рэвалюцыйнага камітэта з мэтай арганізацыі кантролю за перакідваннем войск і вядзеннем рэвалюцыйнай работы. У выніку атрымалася ўсталяваць рабочы кантроль над чыгуначным вузлом.

Салдаты былі спрыяльным асяроддзем для бальшавіцкай прапаганды. Вядома, што да сярэдзіны 1917 года ў Гомелі, Рагачове, Рэчыцы, Жлобіне, Мазыры і іншых населеных пунктах прыфрантавой паласы знаходзілася шмат войсковых частак.

Жлобін у 1917
Салдаты на чыгуначным вакзале ў Гомелі, 1917 год

Так, 8 чэрвеня ў Гомелі па ініцыятыве Палескага камітэта РСДРП (б) правялі мітынг. На ім прынялі рэзалюцыю, дзе адзначалася: “У імя міра, у імя выратавання соцень мільёнаў працоўных, якія стаяць на краю гібелі ад голаду і гаспадарчага разбурэння, у імя захавання вялікіх рэвалюцыйных заваёў народа ўся ўлада ў краіне павінна неадкладна перайсці ў рукі самога народа ў асобе ў асобе яго рэвалюцыйных органаў – Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў”.

Такую ж рэзалюцыю 25 чэрвеня прынялі і ў Жлобіне. Рабочыя-чыгуначнікі выступілі супраць “неапраўданай гібелі і калецтва тысяч людзей” і выйшлі на вуліцы мястэчка пад лозунгамі: “Далоў вайну!”, “Уся улада – Саветам!”.

Такія ідэі прапагандаваліся шматлікімі агітатарамі на заводах, у акопах і ў дэпо. З гэтага вынікае, што вялася актыўная работа бальшавіцкіх “таварышаў” з Пецярбургу, што трапляла ў спрыяльную сацыяльную глебу.

Абвастрэнне палітычнай барацьбы, рост рэвалюцыйных настрояў і выхад сітуацыі з-пад кантролю Часовага ўрада, выклікалі імкненне вайсковых вярхоў навесці парадак у краіне праз увядзенне ваеннай дыктатуры. Цэнтрам падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту стаў Магілёў, дзе знаходзілася Стаўка Вярхоўнага камандавання рускай арміі. Там жа быў і кандыдат у “дыктатары Расеі” – галоўнакамандуючы генерал Л. Карнілаў.

Лаўр Карнілаў

Для барацьбы з выступленнем Л. Карнілава ў жніўні 1917 г. у Магілеў, Оршу, Віцебск, Жлобін, Бабруйск і інш. месцы Мінскім камітэтам РСДРП (б) накіравалі прадстаўнікоў гэтага органа. Іх задача: узначаліць рэвалюцыйныя сілы на месцах, ускладніўшы перакідку карнілаўскіх частак па чыгуначнай лініі Гомель-Жлобін.

Пад уплывам бальшавіцкай агітацыі ў сярэдзіне верасня 1917 года насельніцтва мястэчка брала актыўны ўдзел у розных палітычных акцыях. Так, агранізуюцца забастоўкі на чыгуначных станцыях Гомель і Жлобін, у механічных майстэрнях Лібава-Роменскай дарогі, склікаюцца мітынгі, паўсюль дзейнічаюць агітатары. Сітуацыя накалялася паўсюль. Толькі за 6 дзён на ўчастку Гомель-Жлобін чыгуначнікі спынілі 25 эшалонаў урадавых войск. У Жлобін прыбыла “сацыялістычная рота”, што была створаная Рэчыцкім саветам (150 чалавек). Яна змагалася з “мяцежнікамі”.

Ліквідацыя “карнілаўшчыны” адбылася бяскроўна. Пасля ейнага зрыву актывізавалася дзейнасць бальшавікоў. Амаль адкрыта яны сталі рыхтаваць ўзброенае паўстанне супраць Часовага ўрада.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.