Жлобіншчына валасная ў пачатку ХХ стагоддзя

У пачатку ХХ стагоддзя землі сучаснай Жлобіншчыны па-ранейшаму ўваходзілі ў склад Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні і Рэчыцкага і Бабруйскага паветаў Мінскай губерні. Яны былі часткай пяці асобных валасцей, што на сёння па сваім адміністрацыйным функцыям умоўна адпавядаюць сённяшнім сельскім саветам. Сам сучасны Жлобін адначасова знаходзіўся ў дзвюх валасцях. У Лукаўскай воласці знаходзілася большая частка сучаснага горада ад чугуначнага вакзала і Дняпроўскага парка да Лядовага палаца і Лебядзеўкі. А вось раён за чыгуначным палатном – тагачасная Карпілаўка – адносіўся да Стрэшынскай воласці.

Большасць населеных пунктаў рэгіёна знаходзілася ў Рагачоўскім павеце, што ад 1900 да 1919 года падзяляўся на 14 валасцей і меў 9 мястэчак. Воласці былі такія: Гарадзецкая, Доўская, Дудзіцкая, Кармянская, Кашалёўская, Кісцянёўская, Лукаўская, Мяркулавіцкая, Нядойская, Расохская, Стараруднянская, Стрэшынская, Ціхініцкая, Чачэрская. Мястэчкі: Гарадзец, Жлобін, Карма, Карпілаўка, Свержань, Стрэшын, Ціхінічы, Чачэрск, Шэрсцін.

Цікавы факт!

Жлобін, Стрэшын, Карпілаўка на той час былі самымі вялікімі населенымі пунктамі на тэрыторыі сённяшняга Жлобінскага раёна, але толькі Стрэшын быў валасным цэнтрам. Вёскі і мястэчкі Жлобіншчыны пераважна ўваходзілі ў склад Лукаўскай, Стараруднянскай і Стрэшынскай валасцей Рагачоўскага павета.

Жлобіншчына валасная
Рагачоўскі павет. Пачатак ХХ ст.

Воласць

Воласць – ніжняя адзінка адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў Вялікім Княстве Літоўскім і ў Расійскай імперыі з канца XVIII стагоддзя ў сельскай мясцовасці. У Расіі ўзнікла ў 1797 годзе, першапачаткова для казённых сялян; пасля рэформы 1861 года воласці ўтварылі і для былых прыгонных і ўдзельных сялян.

Паводле сялянскай рэформы 1861 года воласць увялі для былых памешчыцкіх, з другой паловы 1860-х гадоў – для былых дзяржаўных сялян як найвышэйшую адзінку саслоўнага сялянскага самакіравання. Ягонымі органамі былі валасны сход, валасное праўленне, валасны суд.

Напачатку воласць падпарадкоўвалася міравому пасярэдніку, потым павятовым па сялянскіх справах установам, пазней – земскаму ўчастковаму начальніку. Ахоплівала некалькі паселішчаў, што звычайна належалі да аднаго царкоўнага прыходу.

Воласць уваходзіла ў адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку больш высокага рангу – павета (“уезда”). У сярэдзіне 1860-х гадоў у Беларусі былі 752 воласці, у другой палове 1870-х гадоў — 688.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, ў сувязі са стварэннем валасных земстваў, воласць фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання. У СССР воласці былі скасаваны ў час адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1923-1929 гадоў: павятова-валасны падзел быў заменены раённым, які дзяліўся на сельскія саветы.

Лукская (Лукаўская) воласць уключала 58 населеных пунктаў. Сярод іх было: 17 вёсак, 11 фальваркаў, 8 шляхецкіх аколіц і 8 сялянскіх хутароў, 6 сёл, 3 маёнткі, 2 пасёлкі, 1 двор, 1 слабада і мястэчка Жлобін. Большая частка былой воласці сёння знаходзіцца ў складзе Лукскага сельскага савета Жлобінскага раёна. А вось паўночныя вясковыя паселішчы воласці сёння адносяцца да Рагачоўскага раёна. Самы вялікім населеным пунктам Лукаўскай воласці натуральна быў Жлобін, побач з якім знаходзіўся маёнтак Жлобін. Самымі вялікімі паселішчамі вясковага тыпу былі сёлы: Забалацце, Лучын, Рэпкі (сёння знаходзяцца ў Рагачоўскім раёне), Малевічы, Царская Слабада (сёння – Красная Слабада) і валасны цэнтр Лукі знаходзяцца на тэрыторыі Жлобінскага раёна.

Жлобіншчына валасная

Лукі

Лукі – вёска у Лукскім сельсавеце Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. На захадзе ёсць меліярацыйныя каналы і створаная з іх штучная рака Беліца (мясц. – Магістралка, Казённая канава, Казённы канал), прыток ракі Добысна. На ўсходзе – пойма ракі Дняпро і яго старыцы.

З пісьмовых крыніц Лукі вядомыя з XVI стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай яна ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. З 1792 года тут дзейнічала Георгіеўская царква. У 1876 годзе адкрылі народнае вучылішча (у 1889 годзе тут былі 44 вучні). У 1880 годзе працаваў хлебазапасны магазін.

Сяло было цэнтрам Лукскай воласці да 9 траўня 1923 года. У 1890 годзе ў ейны склад ўваходзілі 56 населеных пунктаў (1 579 двароў), у тым ліку і цяперашні раённы цэнтр Жлобін.

Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы былі царква, 4 вятракі, піцейны дом, крупадрабілка. У 1909 годзе – 2 374 дзесяцін зямлі. Пры школе працавала бібліятэка. Дзейнічала паштовае аддзяленне.

У выніку землеўпарадкавання ў 1912 годзе былі 32 населеныя пункты, а ў 1924 годзе на землях вёскі Лукі ўзнілі пасёлкі Чырвоны Рог, Новыя Лукі, Зорка, Новае Жыццё, Лісіцын Лог, Надзея, Леніна і хутар Лагута. Цяпер яны, акрамя пасёлка Новыя Лукі, не існуюць або зліліся з ім.

З 20 жніўня 1924 года да 24 лістапада 1983 года Лукі – цэнтр Лукскага сельсавета Жлобінскага раёна (да 26 ліпеня 1930 года – Бабруйскай акругі, з 20 лютага 1938 года – Гомельскай вобласці).

У 1929 годзе ў паселішчы арганізавалі калгасы імя П. Войкава і “Рэкта”, з 1927 года працавалі торфаздабыўная арцель (пасля – торфабрыкетны завод) і 2 кузні.

У час Другой Сусветнай вайны акупанты стварылі ў вёсцы свой апорны пункт, што ў жніўні 1943 года разграмілі партызаны. У адказ карнікі спалілі 56 двароў і забілі 5 жыхароў. 14 жніўня 1943 года вёску напаткалі савецкія масіраваная авіяцыйныя бамбардыроўкі. У баях за вёску і наваколле ў 1944 годзе загінулі 217 савецкіх салдат (яны пахаваныя ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі і ў брацкай магіле пас. Новыя Лукі). 94 жыхара загінулі на фронце.

У 1966 годзе да вёскі далучылі пасёлкі Лукі і Чырвоны Рог. Цэнтр падсобнай гаспадаркі раённага вытворчага аб'яднання "Сельгасхімія". Працавалі сярэдняя школа з музеем, клуб, яслі-сад, аддзяленне сувязі, крама.

У цяперашні час органы мясцовага кіравання і аб'екты сацыяльнай сферы перамясцілі ў больш населеныя суседнія пасёлкі Лукскі і Новыя Лукі.

Стрэшынская воласць уключала каля 30 населеных пунктаў. Сярод іх было: 15 вёсак, 8 сялянскіх хутароў, 3 фальваркі, 2 сяла і 2 мястэчкі. Тэрыторыя ўсёй воласці сёння знаходзіцца ў складзе Жлобінскага раёна. Самым вялікім населеным пунктам воласці натуральна быў валасны цэнтр Стрэшын, а самымі вялікімі паселішчамі вясковага тыпу былі сёлы Мормаль і Саланое. Населеных пунктаў у воласці было менш, чым у іншых, затое былі два мястэчкі – Стрэшын і Карпілаўка. Цікава, што Карпілаўка межавала са Жлобіным, сёння з’яўляецца ягонай часткай, а тады – падпарадкоўвалася Стрэшыну.

Стараруднянская воласць уключала каля 60 населеных пунктаў. Сярод іх было: 17 сялянскіх хутароў, 14 вёсак, 12 фальваркаў, 8 шляхецкіх аколіц, 4 сяла, 3 маёнткі, 1 пасёлак, 1 двор. Па іншых звестках у 1910 годзе у ейны склад ўваходзіла 85 паселішчаў з 1 547 дварамі. Большая частка воласці сёння знаходзіцца ў складзе Жлобінскага раёна. Толькі самыя ўсходнія вясковыя паселішчы былой воласці сёння адносяцца да Буда-Кашалёўскага раёна. Самымі населенымі паселішчамі былі сёлы: Лугавая Вірня, Пірэвічы, Скепня і валасны цэнтр Старая Рудня.

Старая Рудня

Старая Рудня – вёска і чыгуначная станцыя на лініі Жлобін-Гомель у Жлобінскім раёне. Стаіць на рацэ Окра (прыток ракі Дняпро). Вёска – адміністрацыйны цэнтр Стараруднянскага сельсавета.

З пісьмовых крыніц вядомая з XVIII стагоддзя як вёска ў Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні. Паводле рэвізіі 1816 года былі вёскі Старая Рудня і Новая Рудня. Пазней гэтыя вёскі былі аб'ядналі і, паводле рэвізіі 1858 года, знаходзіліся ва ўладанні Антонавых-Жукоўскіх. Праз вёску праходзіла паштовая дарога з Гомеля ў Жлобін.

Мясцовыя майстры славіліся вышыўкай, у тым ліку расшыўкай жаночых галаўных убораў бісерам і дробнымі пацеркамі. Дваране Сеняжэцкія валодалі ў 1861 годзе 8 106 дзесяцінамі зямлі, карчмой, вадзяным млыном, сукнавальняй і дзягцярным заводам.

З уводам у эксплуатацыю ў лістападзе 1873 года чыгункі Бабруйск-Гомель пачала працаваць чыгуначная станцыя. Дзейнічалі Мікалаеўская царква (перабудавалі ў 1854 годзе), хлебазапасны магазін і народнае вучылішча (у 1889 годзе тут было 30 вучняў)


Новы будынак чыгуначнай станцыі ў Старай Рудні

Да 9 траўня 1923 года гэта – цэнтр Стараруднянскай воласці, куды у 1890 годзе ўваходзілі 39 вёсак з агульнай колькасцю 947 двароў, у 1910 годзе – 85 паселішчаў з 1 547 дварамі.

З 1892 года працаваў бровар. Паводле перапісу 1897 года тут знаходзіліся медычны пункт, 4 вятракі, гамарня, маслабойня, крама. З 1900 года працавала 3-гадовая школа з бібліятэкай. У 1909 годзе тут працаваў вінны магазін. У аднайменным фальварку 70 жыхароў, 4 300 дзесяцін зямлі. У 1912 годзе стварылі спажывецкае таварыства. Дзейнічаў рэктыфікацыйны завод (у 1913 годзе тут працаваў 41 чалавек).

З 20 жніўня 1924 года да 26 ліпеня 1930 года гэта – цэнтр Стараруднянскага сельсавета Жлобінскага раёна Бабруйскай акругі, з 20 лютага 1938 года – Гомельскай вобласці. У 1929 годзе арганізавалі калгас “Чырвоная Рудня”. Тут працавалі 2 кузні і вятрак.

Падчас Другой Сусветнай вайны быў створаны атрад народнага апалчэння. З 1942 года дзейнічала падпольная група (кіраўнікі А. Капусцін і М. Маршын). Акупанты спалілі 49 двароў і забілі 17 жыхароў. Вёску вызвалілі 4 снежня 1943 года. У лютым 1944 года ў вёсцы размяшчаўся палявы шпіталь савецкіх войск. У баях каля вёскі ў 1941 і 1944 гадах загінуў 121 савецкі салдат. Яны пахаваныя ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі. Сярод пахаваных – генерал-лейтэнант Л. Пятроўскі, які ў жніўні 1941 года загінуў у баі каля вёскі Рудзянка. Ягоным імем назвалі вуліцу і сярэднюю школу ў вёсцы, вуліцу ў Жлобіне. 178 жыхароў загінулі на фронце.

У 1966 годзе да вёскі далучылі пасёлкі Верны, Зарэчча, Талстоўскі. Вёска стала цэнтрам калгаса імя С. М. Кірава. Тут працавалі сярэдняя школа, Палац культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі, 2 магазіны.

Да 1966 года ў склад Стараруднянскага сельсавета ўваходзілі пасёлкі Верны, Зарэчча, Талстоўскі (цяпер не існуюць).

У 1986 годзе тут пабудавалі цагляныя дамы на 50 кватэр, дзе размясціліся перасяленцы з вёскі Акопы і іншых населеных пунктаў Нараўлянскага раёна, якія пацярпелі ад радыяцыйнага забруджвання пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

 

Пірэвічы

Пірэвічы – вёска на рацэ Рудзянка (прыток ракі Окра) за 27 км на паўднёвы ўсход ад Жлобіна, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Салтанаўка (на лініі Жлобін –Гомель), цэнтр Пірэвіцкага сельсавета.

Назва паводле народнай версіі паходзіць ад слова “пір”, бо тутэйшы люд любіў піры ладзіць. Але этымолагі сцвярджаюць, што назва паходзіць ад імя бацькі заснавальніка паселішча – Пярэя.

Паводле пісьмовых крыніцаў Пірэвічы вядомы з XVI стагоддзя як сяло ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1525 годзе яно пазначанае ў матэрыялах пра спрэчныя землі паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ як сяло Пірэвічы ў Стрэшынскай воласці. У 1924 годзе ў вёсцы знайшлі два скарбы 1624 года з 12 срэбнымі кортамі (манэты Рэчы Паспалітай і Нідэрландаў. Яны сведчаць пра дзейнасць чалавека ў гэтых мясцінах у XVІI стагоддзі. У 1961 годзе новы скарб падарыў свету 89 срэбных кортаў і талераў. У 1740 гады паводле інвентара Гомельскага староства Пірэвічы – сяло на 6 дымоў.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (у 1772 годзе) Пірэвічы знаходзіліся ў складзе Расейскай імперыі. У 1796 годзе цар Павел І падарыў Пірэвічы обер-пракурору Аляксандру Башылаву. Адзін з яго нашчадкаў Міхал Башылаў вучыўся маляваць у Пірэвічах і затым стаў знакамітым мастаком ХІХ стагоддзя.


Міхаіл Башылаў

У 1859 годзе дваране Солтаны-Перасветавы валодалі 8 102 дзесяцінамі зямлі ў вёсцы і наваколлі, броварам, 3 млынамі, цагельняй. З 1880 года дзейнічала хлебазапасная крама. Пірэвічы былі адносна невялікім паселішчам у Стараруднянскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі. Па звестках на 1885 год у сяле былі 93 двары, дзе пражывалі 570 чалавек, дзейнічалі бровар і вадзяны млын. У 1888 годзе тут адкрылі аднакласнае народнае вучылішча (у 1889 годзе тут было 44 вучні).

Паводле перапісу 1897 года ў Пірэвічах былі 164 двары, 1 130 жыхароў, народная вучэльня, хлебазапасны магазін, 2 вятракі, 2 крупадрабільні, крама, піцейны дом. У аднайменным фальварку, што знаходзіўся побач, былі 2 двары і 22 жыхары, крама. З 1911 года пры школе працавала бібліятэка.

У чэрвені 1899 годзе маёнтак Пірэвічы становіцца ўласнасцю ўдавы тайнага саветніка Аляксандры Аляксееўны Раговіч. У 1902 году адкрылі Ўсесьвяцкую царкву (цагляная, помнік архітэктуры нэарускага стылю). Храм асвяцілі 6 чэрвеня 1903 года. Асноўныя выдаткі па будаўніцтве храма ўзяла на сябе мясцовая памешчыца Раговіч. Асноўная нагрузка па арганізацыі будаўніцтва выпала на Леаніда Аляксеевіча Спыткова, які разам са сваёй жонкай М.П. Спытковай (дваранкай) з 1911 года стаў уладальнікам Пірэвічаў.


Кірмаш у Пірэвічах. 1918 год

У пачатку 1920 года ў фальварку стварылі калгас “Праца”. З 20 жніўня 1924 года гэта – цэнтр Пірэвіцкага сельсавета Жлобінскага раёна Бабруйскай (да 26 ліпеня 1930 году) акругі, з 20 лютага 1938 года – Гомельскай вобласці. У 1929 годзе арганізавалі саўгас “Пірэвічы”, працавалі спіртовы завод (вырабляў спірт-сырэц, які затым перапрацоўваўся на рэктыфікацыйным заводзе ў вёсцы Старая Рудня), нафтавы млын, торфаздабыўная, шавецкая і кравецкая арцелі.

Падчас Другой Сусветнай вайны ў Пірэвічах стварылі атрад народнага апалчэння. Абсталяванне спіртзавода эвакуявалі ў Пензу. Акупанты часткова спалілі вёску і забілі 17 жыхароў. У баях каля вёскі ў 1943-1944 гг. загінулі 139 савецкіх салдат і 6 партызан (пахаваныя ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). Вёску вызвалілі 2 снежня 1943 года. У снежні 1943-ліпені 1944 гг. у вёсцы размяшчаўся палявы шпіталь савецкіх войск. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 446 жыхароў Пірэвіцкага сельсавета. У памяць пра загінулых у 1976 годзе ў парку ўсталяваны помнік з імёнамі загінулых.

Да 1962 года ў склад Пірэвіцкага сельсавета ўваходзілі паселішчы Паросля, да 1966 года – вёскі Кастрычнік (да 1962 года – Бязбожнік), Гуцішча, Літвінаўка, Маладняк, Заранка, Машок, Мікольскі, Першамайскі, Сазонаўка, Селянін, Узлессе, пасёлак спіртзавода, да 1986 года – Нясоеў Барок, да 1996 года – Зялёны Рог (усе вёскі ў наш час не існуюць).

У 1966 годзе да вёскі далучылі паселішчы Літвінаўка, Мікольскі, Машок, Маладняк, Сазонаўка, Селянін, пасёлак спіртзавода. З траўня 1998 года выходзіла саўгасная шматтыражка “Пірэвіцкія весткі”. Цэнтр саўгаса “Пірэвічы”. Працавалі спіртзавод, швейная і шавецкая майстэрні, сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, бібліятэка, лякарня, аптэка, яслі-сад, аддзяленне сувязі, сталовая, 2 крамы.

У 2004 годзе тут былі 492 гаспадаркі і пражывалі 1 283 жыхары.

Частка вясковых паселішчаў Жлобінскага раёна з канца XVІІІ стагоддзя ўваходзіла ў Мінскую губерню. Мяжа паміж Магілёўскай і Мінскай губэрнямі з 1795 года па 1919 год праходзіла па рацэ Добысна (прыток ракі Дняпро), затым ніжэй Казімірава спускалася да вёскі Мормаль, а толькі потым ішла на ўсход, а затым ізноў на поўдзень да Беразіны.

Жлобіншчына валасная

Сцяпы

Сцяпы – вёска ў Шчадрынскім сельсавеце Жлобінскага раёна за 42 км на захад ад Жлобіна.

З пісьмовых крыніц вядомая з XVI стагоддзя як вёска ў Бабруйскай воласці Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Першая згадка пра вёску адносіцца да 1526 года як да шляхціцкай уласнасці. З 1769 года тут дзейнічала Свята-Троіцкая царква.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (у 1793 годзе) яна знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі. У 1856 годзе ў наёмнай хаце адкрылі школу, а ў 1924 годзе для яе ўзвялі будынак. У 1871 годзе пабудавалі новую драўляную царкву замест старой. У 1879 годзе 941 дзесяціна зямлі ў Сцяпах належала Марыі Іванаўне Малашыцкай, жонцы палкоўніка.

У 1885 годзе ў склад Сцяпаўской воласці ўваходзілі 18 паселішчаў з 399 дварамі. Да 17 ліпеня 1924 года вёска была ейным цэнтрам. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы былі народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, заезная хата. Побач быў аднайменны фальварак, гаспадар якога валодаў 196 дзесяцінамі зямлі.

У 1925 годзе тут былі сяло Сцёпск, хутар Сцёпы, пасёлак Новыя Сцёпы, вадзяны млын, школа. З 20 жніўня 1924 года да 16 ліпеня 1954 года і з 18 студзеня 1965 года да снежня 1993 года вёска была цэнтрам Сцяпаўскога сельсавета Парыцкага раёна.

Дзейнічалі сельскагаспадарчыя таварыствы, а ў 1929 годзе арганізавалі калгас "Новае жыццё", працавала гамарня.

У час Другой Сусветнай вайны акупанты стварылі тут свой апорны пункт, што ў 1943 годзе разграмілі партызаны. Карнікі часткова спалілі вёску. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 122 жыхары з вёсак Сцяпоўскага сельсавета. У 1974 годзе ў цэнтры вёскі ўстанавілі 2 стэлы і мемарыяльную сцяна памяці загінулых.

Паводле перапісу 1959 года вёска была цэнтрам калгаса "Прагрэс". Працавалі сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, 2 магазіны.

У 2004 годзе тут было 140 гаспадарак і пражывала 403 жыхара.

А вось паўднёва-заходні кут Жлобінскага раёна ўваходзіў у Рэчыцкі павет Мінскай губерні. З 1870 года па 1917 год адміністрацыйны падзел Рэчыцкага павета не мяняўся і налічваў 23 воласці. Якімава-Слабадская воласць уключала вёскі (цяпер жлобінскія): Атрубы, Васілевічы, Дабрагошча, Ляды, Таўстыкі. Каб дабрацца з іх у Якімава-Слабаду або ў Рэчыцу, трэба было пераправіцца праз раку Беразіна, або сплаўляцца па ёй у Днепр.

Якімава-Слабада

Паселішча, якое вядома яшчэ з часоў неаліту. У мястэчку меліся замчышчы. З пісьмовых краніцаў вядома з 18 стагоддзя, як мястэчка ў Вялікім княстве Літоўскім. У часы Расійская Імперыі мелася паромная пераправа, паштовая станцыя.

У 1924—1928 гадах цэнтр Якімава-Слабадскога сельсавета. Да 10 сакавіка 1960 года вёска ўваходзіла ў склад Шацілкаўскага сельсавета, пасля — у адміністрацыйным падпарадкаванні Светлагорскага гарсавета. З 1963 года ў складзе Баравікоўскага сельсавета.

Статыстычныя звесткі сведчаць пра тое, што ў пачатку ХХ стагоддзя Жлобіншчына была дастаткова шчыльна заселеным краем. Людзі жылі ў самых розных населеных пунктах. Большасць паселішчаў адносілася да сялянскіх вёсак. Сярод іх былі і буйныя сёлы, але шмат было і больш дробных. І колькасць апошніх у пэўны час пачынала расці. Сяляне перасяляліся на хутары. Шляхта традыцыйна імкнулася жыць адасоблена ад мужыкоў і ўтварала аколіцы, фальваркі, маёнткі. Былі таксама слабоды, двары і пасёлкі.

Населеныя пункты Жлобіншчыны ў пачатку ХХ стагоддзя былі часткай пяці асобных валасцей: Лукаўскай, Стараруднянскай і Стрэшынскай валасцей Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, Сцяпской воласці Бабруйскага павета і Якімава-Слабадской воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Адміністрацыйнымі валаснымі цэнтрамі ў чатырох выпадках з пяці былі вясковыя паселішчы – сёлы Лукі, Старая Рудня, Сцяпы, Якімава-Слабада. Толькі мястэчка Стрэшын з’яўлялася валасным цэнтрам. Пры тым, што мястэчак у акрузе хапала: Жлобін, Казімірава, Карпілаўка, Шчадрын. Як бачым, на нізавым узроўні вёска дамінавала над горадам не толькі колькасна, але і адміністрацыйна.

10 Каментары

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.