Гарадзецкая, Лукаўская і Стараруднянская воласці адносіліся да Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. 26 красавіка 1919 года яны ўвайшлі ў склад Гомельскай губерні, якая адносілася да РСФСР.
9 траўня 1923 года Лукаўскую і Стараруднянскую воласці ліквідавалі, а іхняя тэрыторыя размяркоўвалася паміж Жлобінскай, Кашалёўскай і Рагачоўскай валасцямі.
Жлобінскую воласць Рагачоўскага павета заснавалі 9 траўня 1923 года з частак тэрыторый Гарадзецкай, Лукаўскай, Стараруднянскай і Стрэшынскай валасцей.
Стрэшынская воласць уваходзіла ў склад Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, а з 26 красавіка – Гомельскай губерні. 9 траўня 1923 года да яе далучылі тэрыторыю Якімава-Слабодскай воласці Рэчыцкага павета (Забярэзінскі ўчастак).
З 3 сакавіка 1924 года ўсе воласці на Жлобіншчыне ўвайшлі ў склад БССР (гэтак званае “першае ўзбуйненне БССР”). 17 красавіка 1924 года іх ліквідавалі, а іхнюю тэрыторыю аднеслі да Бабруйскай акругі. Праз тры месяцы пасля ліквідацыі валасцей, 17 ліпеня 1924 года былі ўтвораны Жлобінскі і Стрэшынскі раёны. Нарэшце, 20 жніўня 1924 года раёны падзялілі на сельсаветы:
-
Жлобінскі на 14 – Бабоўскі, Бухарынскі, Казіміраўскі, Кароткавіцкі, Лукскі, Малевіцкі, Пірэвіцкі, Радушскі, Сенажаткаўскі, Скепнянскі, Салонаўскі, Стараруднянскі, Чацвярнянскі, Шапілаўскі;
-
Стрэшынскі на 7 – Верхне-Албянскі (Вышне-Албянскі), Дабрагашчанскі, Кабанаўскі, Мормальскі, Папаратнянскі, Стрэшынскі, Шыхаўскі. У канцы 1924 года ў Стрэшынскім раёне ўтвораны Новамаркавіцкі сельсавет.
Так, з тэрыторыі Жлобінскай і часткі Стрэшынскай валасцей стварылі Жлобінскі адміністрацыйны раён. 3 ліпеня 1925 года, Жлобін атрымаў статус горада.
Стрэшынскі раён скасавалі 4 жніўня 1927 года, а ягоная тэрыторыя ўвайшла ў склад Жлобінскага раёна. З 26 ліпеня 1930 года раён уваходзіў у 4-ы занальна-эканамічны Гомельска-Магілеўска-Крычаўскі або Ўсходні падраён.
У 1938 года ў БССР правялі адміністрацыйную рэформу. Узніклі 5 абласцей, у тым ліку Гомельская з цэнтрам у горадзе Гомель. У сувязі з утварэннем абласнога адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення Жлобінскі раён з 20 лютага 1938 года знаходзіўся ў яе складзе.
Паўторна Стрэшынскі раён стварылі на базе ранейшых сельсаветаў 28 чэрвеня 1939 года ў складзе Гомельскай вобласці. Са Жлобінскага раёна яму дадаткова перадалі Кароткавіцкі і Скепнянскі сельсаветы. 17 снежня 1956 года Стрэшынскі раён скасавалі, а ягоную тэрыторыю ізноў перадалі Жлобінскаму раёну.

