Жлобін у складзе ССРБ і РСФСР падчас савецка-польскай вайны

Жлобін у складзе ССРБ і РСФСР

У час рэвалюцыйных пераўтварэнняў, што распачаў 1917 год, паселішчы сучаснай Жлобіншчыны некалькі разоў мянялі сваю прыналежнасць да самых розных адміністрацыйна-тэрытарыяльных і нават дзяржаўных ўтварэнняў. Яшчэ ў верасні 1917 года Магілёўская губерня разам са жлобінскімі землямі ўвайшла ў склад Заходняй вобласці, з сакавіка 1918 яна ўваходзіла ў склад абвешчанай БНР, са студзеня 1919 года – у БССР, а ўжо праз месяц, з лютага, – у РСФСР. За гэты час Магілёўскую губерню ліквідавалі, замест яе ўтварылася Гомельская.

Уздым беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, дзейнасць кіруючых органаў БНР, тэрытарыяльныя прэтэнзіі на землі Беларусі суседніх дзяржаў, падштурхнулі савецкі ўрад да прызнання права беларускага народа на нацыянальную дзяржаўнасць. 1 студзеня 1919 года ў Смаленску абвесцілі аб стварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, куды ўвайшла ўся тэрыторыя Міншчыны і Магілёўшчыны. Хоць ССРБ і была фармальна сувярэннай дзяржавай, але на практыцы яна была цалкам залежнай ад Масквы. Вось толькі і такая квазідзяржава праіснавала нядоўга – крыху болей за месяц.

Жлобін у складзе ССРБ і РСФСР

Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь (ССРБ) 

Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь была абвешчаная 1 студзеня 1919 года ў Смаленску. У склад увайшлі Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская, беларускія паветы Віленскай і Ковенскай, заходнія паветы Смаленскай губерняў. Ужо 16 студзеня 1919 года па рашэнні ЦК РКП(б) Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні адышлі да РСФСР. У лютым 1919 года астатнюю частку тэрыторыі ССРБ аб’ядналі з Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай Літвой у Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). Туды ўвайшлі Віленская, Мінская, частка тэрыторыі Гродзенскай і Ковенскай губерняў.

Літбел - Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка – буфернае, савецкае і марыянеткавае ў дачыненні да РСФСР дзяржаўнае ўтварэнне. Яно існавала з 27 лютага па 25 жніўня 1919 года з цэнтрам у Вільні. Найбуйнейшымі гарадамі былі Вільня, Мінск, Коўна. Афіцыйныя мовы: беларуская, літоўская мова, польская, ідыш і руская (на самай справе беларуская мова не мела такіх правоў, пераважала руская). Плошча складала 207 тыс.км². У 1919 годзе тут было 4 000 000 насельніцтва. Кіраўнікі: Старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта – Казімір Цыхоўскі, Старшыня Савета Народных Камісараў – Вінцас Міцкявічус-Капсукас. Аднак гэтае ўтварэнне міжнародная супольнасць не прызнала.


Вінцас Міцкявічус-Капсукас


Казімір Цыхоўскі

Вядучая роля належала Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (створаная ў сакавіку 1919 года), дазвалялася дзейнасць камуністычных і рабочых партый і груп, што прадстаўлялі яўрэйскае і польскае насельніцтва. Была абвешчана нацыяналізацыя прадпрыемстваў, прымусовая харчовая развёрстка, усеагульная працоўная павіннасць.

У красавіку-верасні 1919 года тры чвэрці Літбела занялі польскімі войскамі. Пасля гэтага органы ўлады Літбела згодна з рашэннем ЦК РКП(б) былі часткова ліквідаваныя.

Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой 12 ліпеня 1920 года і другога абвяшчэння незалежнасці ССРБ 31 ліпеня 1920 года Літбел юрыдычна спыніла існаванне.

Жлобін у складзе ССРБ і РСФСР

Калі паглядзець на мапу “Літ-Бел ССР”, то можна заўважыць, што Жлобін не ўваходзіў у склад гэтага ўтварэння – ён быў часткай РСФСР. Становішча ў горадзе вызначала тое, што фактычна гэта было прыфрантавое месца, да таго ж важны чыгуначны вузел.

Нямецкая інтэрвенцыя на Беларусі плаўна перайшла ў савецка-польскую вайну. Так атрымалася, што тэрыторыя нашай краіны па-ранейшаму была полем супрацьстаяння знешніх сіл. Цяпер тут ваявалі войскі Савецкай Расіі і Польшчы. Беларусь і насельніцтва не былі суб’ектамі гэтай барацьбы, за выключэннем Слуцкага збройнага чыну. Гэта быў найбуйнейшы чын, што выступіў самастойна за існаванне Беларускай Народнай Рэспублікі як нацыянальнай дзяржавы.

Слуцкі збройны чын

Слуцкі збройны чын — узброенае паўстанне беларусаў супраць бальшавікоў, якое адбылося ў лістападзе–снежні 1920 года на тэрыторыі Слуцкага павета.

Паўстанне пачалося 27 лістапада 1920 года пасля таго, як польскія войскі пакінулі рэгіён, перадаўшы яго пад кантроль бальшавікоў. Каб не дапусціць усталявання савецкай улады, беларускія дзеячы склікалі Слуцкі з’езд, які абвясціў пра вернасць Беларускай Народнай Рэспубліцы. Быў створаны штаб і сфармаваны два палкі (Грозаўскі і Старадарожскі), што склалі каля 1500–2000 байцоў.

Бойкі з Чырвонай арміяй цягнуліся да канца снежня. З-за недахопу амуніцыі і падтрымкі паўстанцы адступілі за лінію польскага фронту.

Слуцкі збройны чын стаў сімвалам змагання за незалежную Беларусь.

На працягу канца 1918 года-пачатка 1919 года следам за германскімі войскамі, што адступалі, на захад прасоўваліся атрады Чырвонай Арміі. Яны занялі не толькі Мінск, але і Маладзечна, Мазыр, Картуз-Бярозу, Сялец.

Насустрач чырвоным з канца лютага 1919 года наступалі войскі адроджанай “другой Рэчы Паспалітай” (так называюць Польшчу 1919-1939 гг.) двума групоўкамі з 11 дывізіямі ў напрамках: Вільня-Ліда-Маладзечна, Баранавічы-Мінск і Кобрын-Пінск. У сярэдзіне сакавіка яны акупавалі гарады: Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідаль, Шчучын, Пінск і адпаведныя паветы. Увесну наступленне аднавілі. У выніку крытычнасці сітуацыі кіруючыя органы Літоўска-Беларускай ССР правялі “партыйную, камсамольскую, прафсаюзную і агульную мабілізацую”. У выніку мабілізавалі каля 93 000 чалавек. Многіх з іх накіравалі на Заходні фронт. У сваю чаргу, краіны Антанты надавалі дзейсную фінансавую і ваенную дапамогу Польшчы.

Прымусовая мабілізацыя насельніцтва ў Чырвоную Армію і далейшае іх накіраванне на Усходні фронт, палітыка “ваеннага камунізму”, прывялі да шэрагу антыбальшавіцкіх паўстаняў на ўсходзе Беларусі. У Гомелі паўстанне падрыхтаваў падпольны паўстанцкі камітэт на чале з эсэрам М.М. Стракапытавым. 24 сакавіка 1919 года паўстанцы захапілі Гомель, а 26 – Рэчыцу. Паўстанне жорстка задушылі.

Паўстанне Стракапытава

Паўстанне Стракапытава — антыбальшавіцкае ўзброенае выступленне, якое адбылося ў сакавіку 1920 года ў Гомелі. Яго ўзначаліў Кузьма Стракапытаў, былы афіцэр царскай арміі і ўдзельнік Першай Сусветнай вайны.

Прычынай паўстання стала незадаволенасць палітыкай бальшавіцкай улады, гвалтам ЧК, эканамічнымі цяжкасцямі і агульным хаосам Грамадзянскай вайны. Стракапытаў заклікаў да звяржэння савецкай улады і абвясціў пачатак «паходу на Маскву». У Гомелі яго прыхільнікі захапілі некалькі стратэгічных аб’ектаў.

Паўстанне працягвалася нядоўга — улады хутка адрэагавалі, задзейнічаўшы войскі і спецслужбы. Стракапытаў быў забіты ў баі або расстраляны пасля затрымання (паводле розных звестак).

Паўстанне стала адным з найбольш вядомых антысавецкіх выступленняў на тэрыторыі Беларусі ў перыяд Грамадзянскай вайны.

Жлобін адыграў важную ролю ў барацьбе за савецкую ўладу. Так, напачатку сакавіка 1919 года атрад з 200 чырвонаармейцаў-жлобінцаў удзельнічаў у падаўленні выступлення 10-га пагранічнага палка. А 24 сакавіка, у час стракапытаўскага выступлення ВРК Жлобіна прыняў рашэнне аб тэрміновым фармаванні атрада для ўдзелу ў “падаўленні мяцяжу ў Гомелі”. Для гэтага ў паравозным дэпо Жлобіна асобны вагон, што паслалі з атрадам у Гомель, абсталявалі чатырма кулямётамі. Ужо 29 сакавіка жлобінцы былі на месцы. У выніку бою на вуліцы Гусеўскай захапілі скарбонку паўстанцаў і некалькі штабістаў, пасля чаго іх накіравалі праз Жлобін у Магілеў, а адтуль – у Маскву.

Падаўленне выступлення Стракапытава супала па часе з утварэннем Гомельскай губерні, у склад якой увайшла і Жлобіншчына. 11 ліпеня 1919 года Магілёўская губерня была скасаваная, 9 ейных паветаў увайшлі ў новаўтвораную Гомельскую губерню, Мсціслаўскі павет перадалі Смаленскай, а Сенненскі – Віцебскай губерні. Гомельская губерня ўвайшла ў склад РСФСР.

Фота-факт. 1919 год. На станцыі Жлобін перад прысутнымі выступае Міхаіл Калінін

Гомельская губерня 

Гомельская губерня ў складзе РСФСР была ўтвораная 20 красавіка 1919 года. У яе ўвашлі 9 паветаў ліквідаванай Магілёўскай губерні, у тым ліку і Рагачоўскі, а таксама Рэчыцкі павет Мінской губерні, 5 паветаў Чарнігаўскай губерні. Са жніўня 1919 года па жнівень 1920 года ў Гомельскую губерню ўвашлі Мозырскі, часткі Бабруйскага, Барасаўскага, Ігуменскага паветаў.

У сакавіку 1924 года Быхаўскі, Клімавіці, Магілёўскі, Рагачоўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, частка Рэчыцкага паветаў вярнулі БССР. У снежні 1926 года Гомельскую губерню ліквідавалі.

Польскае наступленне працягвалася. Чырвоная Армія пакінула Мінск, Слуцк, Барысаў, Бабруйск, Рагачоў і Рэчыцу. Становішча ў рэгіёне і на Жлобіншчыне па-ранейшаму было складаным. З захада набліжаліся польскія часці, а з поўдня наступала армія Дзянікіна. У канцы жніўня 1919 года польскія войскі фарсавалі Бярэзіну і пачалі рух у бок Рагачова і Жлобіна. Жлобінскі рэўкам эвакуяваўся ў Красны Бераг, дзе пачаў фармаванне партызанскага атрада. Сваё баявое хрышчэнне ён атрымаў у студзені 1920 года ў жорсткім баі каля Шацілак (сёння Светлагорск). Фронт стабілізаваўся восенню 1919 года па лініі Полацк, рэкаў Бярэзіна і Днепр. Так фронт пратрымаўся да вясны 1920 года.

Становішча беларусаў і Беларусі ва ўмовах польскага акупацыйнага рэжыму

Для кіраўніцтва захопленай тэрыторыі Беларусі, названай “усходнімі крэсамі”, стварылі Дэпартамент па справах польскіх усходніх зямель на чале з Е. Асмалоўскім.


Е.Асмалоўскі

Акупаваную тэрыторыю падзялілі на 2 акругі – Віленскую і Мінскую, акругі – на паветы. Адміністрацыя складалася ў сваёй большасці з ліку польскіх афіцэраў. Беларусаў у адміністрацыйныя органы не дапускалі. Органы мясцовага самакіравання, створаныя раней як бальшавікамі, так і Радай БНР, ліквідавалі, а іх актывістаў жорстка пераследавалі. Армія праводзіла непамерныя рэквізіцыі, чыніла рабаўніцтва і гвалт. У культурным жыцці праводзілася палітыка паланізацыі. Дзяржаўнай мовай была абвешчана польская. Закрылі Будслаўскую гімназію, Нясвіжскую і Барысаўскую настаўніцкую семінарыі. Са 150 беларускіх школ, што дзейнічалі ва ўмовах нямецкай акупацыі, да восені 1919 года засталося каля 20. Абяцанне насельніцтву даць магчымасць без гвалту вырашаць свае ўнутраныя нацыянальныя справы, што даў Ю. Пілсудскі 28 красавіка 1919 года, аказалася звычайнай дэмагогіяй.

Беларускі рух ва ўмовах польскай акупацыі.

Разам з тым, пад уплывам красавіцкай заявы Пілсудскага шэраг беларускіх дзеячоў пайшоў на супрацоўніцтва з палякамі. Яны спадзяваліся ажыццявіць ідэю незалежнасці з іх дапамогай.


Алесь Гарун


Усевалад Ігнатоўскі

Пасля акупацыі палякамі Мінска тут стварылі Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт (ЧБНК) на чале з А. Прушынскім (А. Гарун) і яго намеснікам У. Ігнатоўскім. Камітэт імкнуўся згуртаваць усе арганізацыі Міншчыны дзеля павышэння нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Камітэт не адхіляў ідэі канфедэрацыі Беларусі з Польшчай і дабіваўся папярэдняга прызнання БНР і аднаўлення дзейнасці ейнай Рады. Да канца 1919 года уся работа ЧБНК, пераважна культурна-асветніцкая, абмяжоўвалася Мінскім паветам. У канцы снежня 1919 года ЧБНК стварыў Беларускую школьную раду на чале з С. Рак-Міхайлоўскім, адкрыў каля 300 беларускіх нацыянальных школ, беларускія гімназіі ў Вільні і Мінску.

Польскія ўлады дазволілі склікаць 12 снежня 1919 года Раду БНР. Яны разлічвалі, што яна адобрыць далучэнне Беларусі да Польшчы. Але фракцыя беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР) дабілася перавыбараў прэзідыума Рады і замены складу Савета Міністраў. Быў выказаны недавер старшыні Рады Язэпу Лёсіку і кіраўніку ўрада Антону Луцкевічу. Замест іх Раду БНР узначаліў Пётр Крачэўскі, а ўрад – Вацлаў Ластоўскі.


Пётр Крачэўскі


Вацлаў Ластоўскі

Новы склад кіраўніцтва Рады выказаў пратэст супраць гаспадарання палякаў на Беларусі, за што быў падвергнуты рэпрэсіям. Пасля расколу 12 снежня 1919 года прыхільнікі польскай арыентацыі Я. Лёсік, А. Смоліч, У. Серада, С. Рак-Міхайлоўскі, В. Іваноўскі, К. Цярэшчанка, стварылі Найвышэйшую Раду. 24 сакавіка 1920 года гэтая арганізацыя заключыла дагавор з Пілсудскім, у адпаведнасці з якім пасля заканчэння вайны Беларусь павінна была стаць часткай Рэчы Паспалітай.


Язэп Лёсік. Старшыня Найвышэйшай Рады БНР

У пачатку сакавіка 1920 года польскія войскі пачалі наступленне на Палессі і 5-6 сакавіка захапілі Рэчыцу, Мазыр, Калінкавічы. З пачатку сакавіка 1920 года пачалося новае наступленне польскіх войск на Жлобін. Вялося яно па некалькіх напрамках: ад Рагачова да Жлобіна, ад Бабруйска на Плясавічы. Палякі прарвалі фронт ля Радушы, занялі Казіміраў і сталі пагражаць Жлобіну. Жорсткія баі не прынеслі праціўніку поспеху. 72-гі стралковы полк, што абараняў Жлобін, а таксама мост праз Добасну, нанёс вялікія страты ворагу. Палякі атрымалі паразу пад Туркамі і сталі паступова адыходзіць на захад. У іхні тыл скіравалі партызанскі атрад у складзе 100 чалавек. Партызаны зрабілі палякам засаду каля вёскі Радуша. Тады адбыўся жорсткі бой, а выйграць яго і выцесніць праціўніка дапамаглі часткі Чырвонай Арміі, што сваечасова падышлі на дапамогу.

Старонкі савецка-польскай вайны на Дняпры ў раёне Жлобіна 

На Жлобіншчыне дзейнічалі часткі 10-й і 57-й стралковых дывізій Чырвонай Арміі супраць польскіх. Наземныя часткі падтрымліваліся агнём Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Яе кананерскія лодкі “Грамавы”, “Гарачы” ды “Гучны” і бранякатар № 4, з 28 красавіка 1920 года знаходзіліся пад камандваннем начальніка 2-га дывізіёна ваеннага марака Барыса Іванавіча Дзядлоўскага. З 10 траўня яны курсавалі ў раёне вёсак Верхняя і Ніжняя Алба і наносілі артылерыйскія ўдары па пераправах і праціўніку, што наступаў і намагаўся захапіць Жлобін і Рагачоў. Знаходжанне караблёў на фронце ў адрыве ад баз забеспячэння рабілася небяспечным. Таму такой базай вырашылі зрабіць Рагачоў. Да таго ж, на выпадак магчымай абароны горада караблі мусілі стаць трывалай заслонай ад палякаў. Тым больш, што вышэй Рагачова судны з-за меляў не мелі магчымасці падняцца.

Стаянка ж у Рагачове не была пастаяннай. 19 траўня канлодка “Гарачы” з запасам снарадаў, паліва і харчавання, скіравалася да суднаў “Арол”, “Беркут” і “Літвінка” (судна сувязі). А 20 траўня па загадзе камандзіра 29-й стралковай брыгады канлодка “Гарачы” вяла артылерыйскі абстрэл пазіцый праціўніка, што знаходзіліся ля дарогі Шыхаў-Ніжняя Алба. Але ў час бою ў выніку інтэнсіўная стральбы на кармавой гармаце трэснуў ствол, працягваць абстрэл было немагчыма, і судна вярнулася ў Рагачоў. Камандзірам “Гарачага” быў марак-чарнаморац Іван Мацвеевіч Іваноў, камісарам – марак-балтыец Іван Якаўлевіч Сарапульцаў.

Тым ня менш, у выніку праціўніку быў нанесены істотны ўрон. А з 18 па 23 траўня стаянка караблёў у Рагачове не адзін раз падвяргалася авіяўдарам праціўніка. Аднак зенітная артылерыя “Гарачага” паспяхова адбівала ўдары аэрапланаў палякаў. А 25 траўня “Гарачы” і “Гучны” адбілі спробу праціўніка заняць вёску Ніжняя Алба. 30 траўня караблі трапілі ў засаду праціўніка, але ў выніку трохгадзіннага бою паспяхова вырваліся з пасткі.

Гарачае і сухое лета не дазволіла караблям выйсці са стаянкі ў Рагачове і адправіцца на фронт. Вось што пісаў аб тагачаснай абстаноўцы на караблях Б. Дандрэ ў сваім рапарце ад 26 чэрвеня: “На суднах у Рагачове праводзяцца практычныя заняткі па артылерыі: разборка і зборка замкоў, гармат, кулямётаў, штодзённыя заняткі з сігнальшчыкамі, практычная стральба з вінтовак і кулямётаў. Чытаюцца лекцыі па тактыцы. Фарватар ад Рагачова да Жлобіна праходны, але з цяжкасцю. У цяперашні час мной арганізавана дастаўка дроў у Рагачоў, Жлобін, Стрэшын.”

З 10 па 19 чэрвеня судны дывізіёна ўдзельнічалі ў баях каля Жлобіна, Ніжняй і Верхняй Альбы, Горваля і Стрэшына.

7 ліпеня 1920 года камандуючы 16-й арміі загадаў караблям 2-га дывізіёна флатыліі адправіцца з Дняпра на Прыпяць, дзе яны ўдзельнічалі ў баях супраць польскіх войск, што адступалі на захад

25 красавіка разгарнулася наступленне ва Украіне, у выніку якога польскія войскі захапілі значную частку краіны. Менавіта тады, у красавіку-траўні 1920 года, адбыліся самыя жорсткія баі за Жлобін, калі польскія войскі падыйшлі ўшчыльную да горада. Паводле распараджэння Гомельскага губернскага рэўкаму ўсё працаздольнае насельніцтва мабілізавалі або ў армію, або на будаўніцтва ўмацаванняў. На подступах да мястэчка, каля Якімавай Слабады, адбыліся баі з удзелам авіяцыі з абодвух бакоў. У выніку атрымалася не толькі адстаяць Жлобін, але і прадухіліць рух праціўніка на Гомель.

У гэтых умовах 28 красавіка 1920 года палітбюро ЦК РКП(б) зацвердзіла план вядзення ваенных дзеянняў супраць Польшчы, у адпаведнасці з якім 14 траўня 1920 года Заходні фронт перайшоў у наступленне, што, праўда, не мела поспеху. 18 чэрвеня 1920 года, умацаваўшыся, Заходні фронт пачаў новае наступленне. У выніку яго Чырвоная Армія заняла Ігумен (Чэрвень), 11 ліпеня 1920 года – Мінск. З гэтага моманту ініцыятыва перайшла да Чырвонай Арміі, і ўжо 14 ліпеня яна заняла Вільню, а 19 ліпеня – Гродна. У чэрвені войскі Чырвонай Арміі выцеснілі палякаў не толькі са Жлобіншчыны, але і са ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.