“Астэрман” (а зусім не “Жлобін”) – так мела называцца чыгуначная станцыя ў Жлобіне па першапачатковым плане 1870 гадоў. Прапанова такой назвы станцыі была невыпадковай, бо і сам род Астэрманаў, і іхні ўзорны маёнтак “Астэрманск” на Стрэшыншчыне, былі вельмі вядомымі ў канцы ХVIII-ХІХ стагоддзі. Яны былі ў пэўнай ступені візіткамі правабярэжнай часткі Падняпроўя, і невыпадкова першая назва чыгуначнай станцыі ў праектнай дакументацыі была менавіта “Астэрман”.
Стрэшын і воласць, што належалі Віленскаму капітулу ў Рэчы Паспалітай, былі секвестраваны і перададзены Кацярынай II расійскім чыноўнікам. Большую частку воласці, дзе пражывала больш за 4000 сялян, разам з Карпілаўкай і Стрэшыным 2 верасня 1793 года надалі віцэ-канцлеру графу Івану Андрэевічу Астэрману “за працу яго па дэпартаменце замежных спраў”.
Астэрманы (ням.: Osterman, Ostermann) – расійскі дваранскі род германскага паходжання. Заснавальнік роду быў Андрэй Іванавіч (Генрых Іаган Фрыдрых) Астэрман, які нарадзіўся ў Вестфаліі. На рускай службе з 1703 года ён стаў дзяржаўным дзеячам, дыпламатам, графам. Ягоныя сыны Фёдар і Іван былі вядомымі дзеячамі Расіі кацярыненскай эпохі.
Перадача воласці Івану Андрэевічу Астэрману была аформлена імянным найвышэйшым указам Кацярыны II. “За заслугі перад Айчынай яму былі ўзнагароджаны ў Магілёўскай губерні Рагачоўскага павета, вотчына – Стрэшынская з навакольнымі вёскамі (мужчынскай палу – 2 575 і жаночага – 2 307 душ).” Пасля ўступлення ў валоданне падарункам па воле ўладара заклалі фальварак Астэрманск (сёння вёска Адраджэнне) на паўночны захад ад Стрэшына.
Граф Іван Андрэевіч Астэрман
Іван Андрэевіч Астэрман – рускі дыпламат, дзяржаўны дзеяч. У 1796-1797 ён быў канцлерам Расіі, валодаў зямельнымі ўгоддзямі ў наваколлях Жлобіна і Стрэшына.
Службу пачаў у гвардыі, ў 1741 годзе быў капітанам лейб-гвардыі Праабражэнскага палка. Няміласць, што спасцігла яго бацьку з уступленнем на пасад імператрыцы Лізаветы, адбілася і на яго дзецях. Івана Андрэевіча перавялі з гвардыі ў войска, аднак адпусцілі за мяжу, калі стала вядома, што яго бацька паспеў перавесці свае капіталы ў галандскі банк з абавязковай умовай выдаць іх асабіста або яму самому, або сыну.
Іван Андрэевіч аб’ехаў амаль усю Еўропу, вывучыў некалькі моў і вярнуўся на службу. З 1760 па 1774 год займаў месца пры стакгольмскім двары, са званнем надзвычайнага пасланніка і паўнамоцнага міністра. З 1775 года служыў віцэ-канцлерам. З лістапада 1796 па красавік 1797 года ён – канцлер Расійскай імперыі. У 1784-1788 гадах узначальваў Вольнае эканамічнае таварыства.
У 1793 годзе яму падаравалі амаль усю Стрэшынскую воласць разам з Карпілаўкай і Стрэшыным, дзе пражывала больш за 4000 сялян. У 1807 годзе, верны праваслаўным традыцыям сваёй сям’і, Іван Андрэевіч пачаў будаваць ўнікальны каменны храм ў стылі класіцызму ў мястэчку Стрэшын у Магілёўскай губерні на месцы драўлянай царквы, што згарэла ў сярэдзіне ХVII стагоддзя.
Паступова на Жлобіншчыне ўтварыўся ўзорны сельскагаспадарчы маёнтак “Астэрманск” з цэнтрам у Астэрманску з буйной вёскай Саланое.
У мястэчку Стрэшын новы ўладар паспрыяў пабудове новага праваслаўнага храма, што сёння ўражвае сваёй прыгажосцю і ўнікальнасцю. Намаганнямі пятага дзяржаўнага канцлера Расійскай імперыі ў адстаўцы замест трухлявай драўлянай царквы ў 1807 годзе пачалося будаўніцтва каменнага храма ў імя Покрыва Божай Маці. Гэты факт захаваўся на свінцовай пласціне, што знайшлі пры аднаўленні зняважанай святыні ў канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя:
Свінцовая пласціна з тэкстам ў ганар закладцы царквы ў Стрэшыне:
Тэкст на свінцовай пласціне, што знайшлі пры аднаўленні зняважанай стрэшынскай святыні ў канцы васьмідзесятых гадоў ХХ стагоддзя:
“Основася храм сей Божий Покрова Пресвятыя Богоматери при Державе Благословейшаго Самодержавнейшаго Великого Государя нашего императора Александра Павловича всея России при Супруге Его Благословейшей Государыни Императрице Марии Феодоровне и Благоверном Государе Цесаревиче и Великом Князе Константине Павловиче и Супруге Его Благоверной Государыне Великой Княгине Анне Феодоровне Благоверных Великих Князьях Николае Павловиче и Михаиле Павловиче Благоверной Государыне Великой Княжне Марии Павловне и Супруге Ея и Благоверных Государынях Великих Княжнах Екатерине Павловне и Анне Павловне. За Владением Канцлера Действительного Тайного Советника и Разных Орденов Кавалера Графа Ивана Андреевича Остермана по Собственные Его Сиятельства Воле Благословением Преосвященнаго Варлаама Епископа Могилевского и Витебскаго и Кавалера Чечерских Протоиеерем Герасимом в лето от Рождества Христова Тысяща Восем Сотъ Седьмого года десятого дня”.
Магчыма граф Іван Андрэевіч Астэрман браў прыклад са свайго старэйшага брата Фёдара Андрэевіча, які пабудаваў буйную цагляную царкву ў стылі класіцызму ў 1794 годзе на берагах Дона каля вёскі Стрэшнёва. Было сімвалічна, што назва данской вёскі Стрэшнёва сугучная назве дняпроўскага мястэчка Стрэшын.
Стрэшынская царква, якую асвяцілі ў 1811 годзе, рэдкая для Беларусі цэнтрычная пабудова ў стылі класіцызму. Храм пабудавалі ў форме крыжа. У цэлым, архітэктура стрэшынскага храма аскетычная, з мінімальным наборам дэкору. Агульнае ўражанне дасягаецца аб’ёмным рашэннем, пластыкай купала і паўсфер прыбудоў. Яна і сёння вельмі маляўнічая, а два стагоддзі таму проста захапляла тутэйшых прыхаджан і гасцей Астэрманаў.
Стрэшынская цэнтрычная царква – унікальны помнік храмавага дойлідства
Велічны храм заклалі ў 1807 годзе. Ён з’явіўся намаганнямі графа Івана Андрэевіча Астэрмана, якому мястэчка падаравала Кацярына II пасля канчатковых падзелаў Рэчы Паспалітай. Храм асвяцілі ў 1811 годзе. Адным з першых святароў у храм быў прызначаны іерэй Іаан Гашкевіч, бацька праведнага Іаана Кармянскага.
Царква ў Стрэшыне не проста рэдкая, а ўнікальная па сваёй планіроўцы і свецкасці яе будынка. Кампазіцыя царквы семітрычная: да чацверыка – кубападобнага асноўнага аб’ёма з усіх бакоў прымыкае раўнавялікія паўкруглыя прыбудовы, адна з якіх занята пад алтар. Царкву вянчаюць паўсферычны купал і вежы-ратонды ў цэнтры купала і па вуглах храма. У выніку атрымалася царква без ярка абазначаных традыцыйных апсід, з шырокімі вокнамі, трыма параднымі ўваходамі і лесвіцамі. Іх ўпрыгожваюць рады балясін – жэрдак або дошак, што аб’ядноўваюць балясы (точаныя фігурныя слупкі ў агароджы тэрас, балконаў. Яны служыць для апоры поручняў і ўпрыгожання). Усе гэтыя рысы надалі царкве свецкі характар.
У склад Стрэшынскага Свята-Пакроўскага прыхода ўваходзілі вёскі Жырхоўка, Затон, Зломнае, Касакоўка, Вышняя (Верхняя) Алба, Шыхаў. Сама ж парафія адносілася да 2-й Рагачоўскай благачыннай акругі. У 1900 годзе пры Стрэшынскай царкве было 48 дзесяцін і 228 квадратных сажань царкоўнай зямлі, а таксама памяшканне для псаломшчыка. Прыхаджан налічвалася 3 028 душ мужчынскага полу і 2 970 – жаночага.
У савецкі час у межах кампаніі па барацьбе з рэлігіяй храм зачынілі. Крыжы на купалах спілавалі, унутранае ўбранне разрабавалі. Па ўспамінах прыхаджанкі Марыі Ануфрыеўны Будніцкай, крыжы з царквы скідалі дырэктар мясцовай школы Сталяроў і вартаўнік школы Прохар Гузаў. Кропку ў гэтым пагроме паставілі ў 1932 годзе, калі царкву канчаткова закрылі.
Трагічна склаліся лёсы і мясцовага царкоўнага кліру. Яшчэ ў снежні 1931 года ў групе з іншымі святарамі і сялянамі арыштавалі бацюшак са Стрэшына – айца Андрэя Бялюсціна і айца Міхаіла Мігая. Айцец Андрэй памёр 7 сакавіка 1940 года ў БелБалтлазе, а айца Міхаіла у 1933 выслалі з сям’ёй на поўнач тэрмінам на тры гады.
У 1941 годзе па просьбе мясцовых жыхароў царкву адкрылі, але ў пасляваенны час ізноў зачынілі.
У розны час у храме размяшчаліся склад солі, стайня, клуб, рэстаран. Паколькі Пакроўскую царкву прызналі помнікам архітэктуры класіцызму, яна захавалася ў гады жорсткіх атэістычных ганенняў XX стагоддзя. Нягледзячы на рэстаўрацыйныя працы, ад першапачатковага ўнутранага ўбрання храма нічога не захавалася. Будынак знаходзіўся ў занядбанні.
У 1989 годзе храм вярнулі Царкве, пачалося яго аднаўленне. 28 ліпеня 1991 года адбылося асвячэнне храма з удзелам біскупа Гомельскага і Мазырскага Арыстарха. Рэстаўраваная святыня радуе вока сваімі скульптурнымі формамі. Царква ёсць адзінай дамінантай пасялення ў панараме месца.
Віленскі капітул відаць моцна пакутаваў ад гвалтоўнай страты Стрэшынскай воласці і маліўся пра яе вяртанне, бо новым уладарам няшчасціла працягваць свой род. Паколькі граф Іван Астэрман быў бяздзетным, то надалей маёмасць перайшла да расійскага военачальніка “Яго Сіяцельства Графа Аляксандра Іванавіча Астэрман-Талстога”. Свой тытул і ўсе маёнткі яшчэ пры жыцці браты Фёдар і Іван Астэрманы завяшчалі Аляксандру Іванавічу Талстому – унуку іх роднай сястры Ганны Андрэеўны Астэрман-Талстой з той умовай, што юны Аляксандр захавае радавое прозвішча Астэрман.
Новы ўладар маёнтка Астэрман-Талстой стаў вядомым расійскім палкаводцам, вызначыўся ў 1812 годзе пад Астроўна і пры Барадзіне, за што атрымаў падарункі ад самога імператара. У царкве Стрэшына на “горным месцы” знаходзіўся вялікі абраз “Палажэнне Хрыста ў гроб”, які прыслаў былы ўладар мястэчка граф Астэрман-Талстой. Ён атрымаў ікону “за адзнаку на Барадзінскім полі” у падарунак ад імператара Аляксандра І.
Абраз "Палажэнне Госпада Ісуса Хрыста ў Труну". Знаходзіцца ў левым прыдзеле храма.
Аляксандр Іванавіч Астэрман-Талстой
Аляксандр Іванавіч Астэрман-Талстой (1770/1772 – 1857)
Астэрмана-Талстой – расійскі военачальнік, генерал ад інфантэрыі (1817), герой Айчыннай вайны 1812 года.
У 1796 годзе Кацярына II дазволіла маладому Аляксандру Талстому як унукаваму пляменніку прыняць тытул, прозвішча і герб роду графаў Астэрманаў ад яго бяздзетных стрыечных дзядоў – Фёдара і Івана Астэрманаў.
З пачаткам эпохі напалеонаўскіх войн Астэрман-Талстой апынуўся ў эпіцэнтры баталій. Ён удзельнічаў у бітве пры Аўстэрліцы (1805), Пуўтуску (1806), Прэйсіш-Эйлаў (1807). У гэтым баі Астэрман быў паранены ў нагу куляй навылёт.
Падчас Маскоўскай кампаніі з ліпеня 1812 года ён камандаваў 4-м пяхотным корпусам у 1-й Заходняй арміі Барклая-дэ-Толі, вызначыўся пад Астроўна і пры Барадзіне. У Барадзінскай бітве Астэрман-Талстой удзельнічаў у баях на батарэі Раеўскага, быў кантужаны, але праз некалькі дзён вярнуўся ў строй.
У кампанію 1813 года Аляксандр праславіў сваё імя 17 жніўня на чале 1-й Гвардзейскай пяхотнай дывізіі ў баі пад Кульмам (горад Хлумец у Багеміі ў Чэхіі), дзе быў цяжка паранены. Руку прыйшлося ампутаваць амаль па плячо проста на полі бою, хірургічным сталом служыў барабан.
Падчас падаўлення паўстання дзекабрыстаў у 1825 годзе некаторыя паўстанцы-афіцэры (Д. Завалішын, Н. Бястужаў і В. Кюхельбекер) схаваліся ў доме Астэрмана-Талстога на Англійскай набярэжнай. Сярод дзекабрыстаў апынуліся сваякі Астэрмана; ён клапаціўся за змякчэнне пакарання для іх, але беспаспяхова.
Пасля ўступлення на пасад Мікалая I Астэрман-Талстой з’ехаў у Італію, не зладзіўшы з новым імператарам. У 1831 годзе Астэрман-Талстой адправіўся ў трохгадовае падарожжа па Усходзе. Як ваенны кансультант кіраўніка Егіпта Ібрагім-пашы ўдзельнічаў у вайне супраць войскаў турэцкага султана.
Маладая ўдава, італьянская графіня Марыя Лепры, нарадзіла графу траіх дзяцей, якія насілі прозвішча Астэрфельд. Пазней Астэрман выдаў палюбоўніцу з багатым пасагам за яе суайчынніка, але дзяцей пакінуў сабе, даў ім добрае выхаванне і забяспечыў.
Са смерцю ў 1857 годзе Астэрмана-Талстога ў адсутнасць яго законных дзяцей зноў мог перапыніцца род Астэрманаў. Знакамітае прозвішча меў прыняць пляменнік графа, асуджаны дзекабрыст Валяр’ян Міхайлавіч Галіцын, але ён і ягоныя дзеці былі адноўлены ў правах толькі ў 1856 годзе. У 1863 годзе права ўспадкоўвання прозвішча, тытула і маёрата Астэрманаў “па найвышэйшым сцвярджэнні” атрымаў сын У.М. Галіцына – Мсціслаў, які стаў называцца “князь Галіцын граф Астэрман”.


1 Каментар