Праз нявырашанасць разнастайных праблем і абвастрэння сацыяльных супярэчнасцяў распачаўся рост рэвалюцыйных настрояў. У расійскіх рэгіёнах узнікалі шматлікія нелегальныя рэвалюцыйныя гурткі, разнастайныя арганізацыі палітычнай накіраванасці, а затым і партыі.
Яшчэ ў сярэдзіне другой паловы XІX стагоддзя на Магілёўшчыне ўзніклі і актыўна дзейнічалі народніцкія арганізацыі. Цэнтрам пашырэння народніцкіх ідэй у горадзе была мужчынская гімназія, а адным з найбольш актыўных і папулярных народнікаў – гімназіст Забела, які дасканала ведаў беларускую мову. У 1870-1880 гады ў губернскім Магілёве дзейнічалі некалькі нелегальных гурткоў, куды ўваходзіла да 50 чалавек. Падобны гурток быў у Горках. Магілёўцы Р. Ісаеў, С. Кавалік сталі аднымі з самых актыўных і вядомых народнікаў Расіі. Ігнат Грынявіцкі, ураджэнец Клічаўскага раёна, 1 сакавіка 1881 года забіў імператара Расіі Аляксандра ІІ. Народнік Мікалай Судзілоўскі нарадзіўся ў Магілёве. Адсюль ён пачаў сваю кругасветную вандроўку даўжынёй у жыццё і па шляху стаў прэзідэнтам Гавайскіх астравоў.
А вось у Жлобіне, Стрэшыне і іншых мястэчках і вёсках рагачоўска-жлобінскага Падняпроўя не было навучальных устаноў высокага ўзроўню, выкладчыкі і вучні якіх мелі б высокі адукацыйны ўзрповень, маглі б самарганізавацца і стварыць падобныя арганізацыі. У падняпроўскіх вёсках члены магілёўскіх гурткоў толькі зрэдку вялі прапаганду і распаўсюджвалі нелегальную літаратуру.
У канцы ХІХ стагоддзя народніцкія арганізацыі перажывалі ідэйны і арганізацыйны крызіс. Праз гэта на іх базе ў 1902 годзе ўзнікла партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Яна адстойвала інтарэсы сялянства і пазней стала найбольш папулярнай у Падняпроўі рэвалюцыйнай партыяй. Яна адыграла важную ролю ў рэвалюцыйных падзеях.
Развіццё індустрыяльнай рынкавай гаспадаркі, ці, як пісалі савецкія вучоныя і публіцысты, – “капіталістычных адносін”, паспрыяла фарміраванню новай сацыяльнай групы, што назвалі рабочым класам. Рэкрутаваліся рабочыя найперш з сялянства. Дзве траціны рабочых Лібава-Роменскай чыгункі з’яўляліся былымі вяскоўцамі. Нямала работнікаў чыгуначнага вузла працягвалі жыць у навакольных вёсках, а працавалі ў Жлобіне.
Умовы працы і жыцця рабочых у транспартнай сферы, на першых фабрыках і заводах былі вельмі цяжкімі. А для былых вяскоўцаў – амаль невыноснымі, што прывяло да ўзнікнення забастовачнай барацьбы рабочых. Ужо ў чэрвені 1886 года пачалася забастоўка рабочых механічных майстэрняў Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі і Жлобіне. У ёй удзельнічалі, калі верыць успамінам рэвалюцыянераў, да 500 чалавек. На падаўленне бунта даслалі паліцыю і войскі. Патрабаванні забастоўшчыкаў часткова выканалі.
У 1890-я гады XІX стагоддзя на тэрыторыі Магілёўскай губерні з’явіліся першыя сацыял-дэмакратычныя гурткі. У 1891-1893 гадах гурткі сацыял-дэмакратычнай накіраванасці ўтварыліся ў Гомелі, Жлобіне і ў губернскім Магілёве. Першыя гурткі былі невялікімі – па 10-12 чалавек. Прадстаўнікі інтэлігенцыі займаліся адукацыяй і дыскутавалі з актыўнымі рабочымі.
У канцы ХІХ стагоддзя з гэтых гурткоў пачалі ўзнікаць першыя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі. У 1897 годзе падобная група ўтварылася ў Гомелі. У наступным годзе ў Жлобіне пачала дзейнічаць свая сацыял-дэмакратычная група. У Магілёве ўзнікла група, што ў 1899 годзе вырасла у арганізацыю, дзе было 80 чалавек.
Найбольш уплывовымі сярод сацыял-дэмакратычных былі арганізацыі БУНДа – усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза. Гэта адлюстроўвае факт пераважна яўрэйскага складу рабочага класа Магілёўшчыны. У Бабруйску, Магілёве дзейнічалі прафсаюзныя арганізацыі, што кантраляваліся БУНДам, а ў 1903 годзе ўзнік Магілёўскі сацыял-дэмакратычны камітэт БУНДа.
У сакавіку 1903 года зафіксавалі факт пратэсту: жлобінскія чыгуначнікі выйшлі на мітынг супраць расстрэлу царскімі войскамі рабочых уральскага Златавуста, дзе загінулі ад 45 да 69 чалавек, а сотні былі параненыя. У рэгіёне з’явіліся першыя экзэмпляры газеты сацыял-дэмакратаў “Искра”. Дакументы захавалі імёны першых тутэйшых рабочых актывістаў: машыніста паравоза А. Карповіча, абціршчыцы вагонаў Н. Камяковай, тэхніка вагоннага дэпо Р. Васільева.
Цікавы факт!
Златавуст – горад пабрацім Жлобіна
Паўстанне ў Златавусце адбылося ў чэрвені 1918 года на тэрыторыі Златавустоўскага павета (цяпер Чэлябінская вобласць, Расія). У ім удзельнічалі башкірскія вайсковыя часткі, уральскія казакі, марыйскія апалчэнцы і чэхаславацкі корпус.
Прычынай выступлення стала незадаволенасць палітыкай бальшавікоў і прымусовай мабілізацыяй у Чырвоную армію. Асабліва масавым было паўстанне ў Месягутаўскай воласці, дзе колькасць паўстанцаў дасягала 5 тысяч чалавек.
Паваротным момантам стаў захоп Саткінскага завода 18 чэрвеня. У ноч з 26 на 27 чэрвеня “чырвоныя” пад націскам былі вымушаныя пакінуць Златавуст.
Сусветны прамысловы крызіс 1900-1903 гадоў прывёў да закрыцця многіх дробных прадпрыемстваў, зрабіў становішча рабочых яшчэ больш цяжкім, а забастоўкі – часцейшымі. Нядзіўна, што чыгуначнікі і рабочыя Жлобіна, якія жылі ў такіх умовах і адчувалі грамадскія настроі, 1 траўня 1903 года правялі дэманстрацыю салідарнасці працоўных. Улады пачалі пераслед дэманстрантаў. Але рост рэвалюцыйных настрояў працягваўся.
Напярэдадні рэвалюцыі ў 1904 годзе палітычныя забастоўкі прайшлі ў Бабруйску, Шклове, Магілёве. У апошнім мітынг перарос у сутыкненні з паліцыяй. Арганізацыі і групы РСДРП дзейнічалі ў Быхаве, Горках, Гомелі, Жлобіне, Мсціславе, Шклове. Уплыў бальшавікоў там быў невялікім. У студзені 1904 года на базе сацыял-дэмакратычных груп Гомеля, Магілёва, Жлобіна, Клінцоў і іншых гарадоў стварылі Палескі камітэт РСДРП. Працаўнікі жлобінскага чыгуначнага вузла, якія схіляліся да сацыял-дэмакратычных пазіцый, найбольшыя сувязі падтрымлівалі з гомельскай чыгуначнай групай.
Міжнародны кантэкст
У пачатку стагоддзя ў свеце панавалі імперыі. Было ўсяго 55 асобных краін, з якіх 5 – паўкалоній і 5 – дамініёнаў. Увесь астатні свет падзялілі імперскія дзяржавы. Але іх час сыходзіў. Нацыянальныя рухі ўсё мацней патрабавалі культурнай і палітычнай аўтаноміі, а затым і незалежнасці. Паўсюдна ў Еўропе назіралася нацыянальнае абуджэнне, а на сцэну гісторыі, замест старых імперый, усё настойлівей імкнуліся выйсці нацыянальныя дзяржавы. Не была выключэннем і Расійская імперыя, дзе нацыянальны рух пашырыўся. У Падняпроўі дзейнічаў шэраг яўрэйскіх і беларускіх рэвалюцыйных арганізацый, у тым ліку Беларуская сацыялістычная грамада.
Калі гаварыць пра рэвалюцыйныя арганізацыі, і асабліва пра сацыял-дэмакратычныя групы, трэба ўлічваць што іх гісторыя пісалася пасля перамогі бальшавікоў і ўсталявання савецкай улады. Таму мясцовыя актывісты па ўсёй былой Расійскай імперыі, і на Магілёўшчыне ў прыватнасці, імкнуліся ў сваіх успамінах састарыць час узнікнення сваіх арганізацый, перабольшыць памеры сацыял-дэмакратычнага руху і ягоны ўплыў на народныя масы. Перабольшвалася таксама колькасць забастовак і іхнія памеры. Даволі падрабязна рэвалюцыйны і забастовачны рух апісваецца ў кнізе: “Памяць. Жлобін. Жлобінскі раён. 2000 г.”.



