Новая хваля русіфікацыі краю

Палітыка русіфікацыі

Жлобінскае насельніцтва ў другой палове ХІХ стагоддзя патрапіла пад новую хвалю вялікадзяржаўнай палітыкі русіфікацыі краю. Паўстанні супраць расійскага самадзяржаўя сталі прыкладам гераічнага змагання за свабоду для адраджэнцаў XX стагоддзя. Аднак параза паўстання 1863 года выклікала новую хвалю русіфікацыі. У 1860 гады разгортваецца чарговая кампанія ўзмацнення палітыкі “русіфікацыі адукацыі” і “адраджэння рускай справы” з прыходам на пасаду генерал-губернатара М. Мураўёва.

Палітыка русіфікацыі

Палітыка русіфікацыі Беларусі

Палітыка русіфікацыі Беларусі – мэтанакіраваная палітыка свядомага адрыву беларускага народа ад гістарычных традыцый, роднай культуры і мовы шляхам насаджэння расійскай мовы і культуры. У шырокім спрошчаным кантэксце – працэс паглынання беларускага этнасу расійскім. Палітыка русіфікацыі Беларусі ажыццяўлялася ўладамі Расійскай імперыі і СССР.

Навукоўцы адрозніваюць натуральную і прымусовую асіміляцыю народаў. Так званая натуральная русіфікацыя звязана з пашырэннем кантактаў з большым па колькасці рускім этнасам, з міграцыяй насельніцтва, з уплывам афіцыйнай пануючай культуры і шэрагам іншых фактараў. Палітыка ж русіфікацыі была прымусовай, гвалтоўнай асіміляцыяй. Калі натуральная русіфікацыя закранала пераважна гарадское насельніцтва, то гвалтоўная русіфікацыя праводзілася і ў гарадах, і ў вёсках.

Русіфікацыя Беларусі ў ХІХ стагоддзі не была ацэначнай катэгорыяй палітыкі царскага ўрада на Беларусі, як яна з вышыні нашых дзён часам разумецца сёння. Тады гэта была афіцыйна зацверджаная праграма, што некалькі разоў удакладнялася, па пераўтварэнні мясцовага насельніцтва паўночна-заходніх губерняў у расіян, а беларусаў – у рускіх, ці дакладней – у велікаросаў. Неаднаразова мяняліся тактычныя кірункі ўвасаблення гэтай палітыкі, але ейны стратэгічны кірунак заставаўся нязменным з часоў Кацярыны ІІ – русіфікацыя краю. І менавіта “русіфікацыяй” гэтая палітыка называлася ў афіцыйных дакументах. Хаця сам тэрмін “русіфікацыя” і супярэчыў іншаму прапагандысцкаму пастулату пра далучэнне да Расіі спрадвеку рускага насельніцтва Беларусі. Для чаго трэба русіфікаваць рускіх – супярэчнасць, якую тагачасныя ідэолагі спрабавалі патлумачыць польскім уплывам на беларусаў у папярэднія пяць стагоддзяў асобнага ад Расіі жыцця насельніцтва Беларусі.

Палітыка русіфікацыі Беларусі складалася з шэрагу кампанентаў: русіфікацыя адукацыі, у тым ліку перавод яе на рускую мову навучання і выкладанне прадметаў праз парадыгмы расійскай ментальнасці; прыніжэнне ролі беларусаў у гісторыі Беларусі; падтрымка праваслаўя, што было звязана з Рускай праваслаўнай царквой; навязванне расійскай культуры; русіфікацыя беларускай архітэктуры; усталяванне помнікаў расійскім дзеячам; перайменаванне населеных пунктаў, вуліц і іншых геаграфічных аб'ектаў у гонар расійскіх дзеячаў альбо паводле расійскай традыцыі.

Царскі ўрад баяўся распаўсюджвання рэвалюцыйнай “заразы” ў краі, што менш, чым за стагоддзе тройчы ўздымаўся на паўстанні супраць расійскага панавання. Таму так і не наважыўся адкрыць вышэйшую навучальную ўстанову ні ў Магілёўскай губерні, ні ў Беларусі ўвогуле. Былі ліквідаваны дваранскія вучылішчы, дзе займаліся пераважна дзеці шляхты. Горы-Горацкі земляробчы інстытут, дзе з 1848 года вучыліся падняпроўскія маладыя людзі, у 1864 годзе перавялі ў С.-Пецярбург. Адкрываліся толькі рускія школы, а заснаванне польскіх і беларускіх школ забаранялася.

Меры, прынятыя ў 1860 гадах расійскімі і мясцовымі ўладамі супраць панавання ў гімназіях Беларусі “польскага элемента”, шмат у чым дублявалі палітыку 1830 гадоў, толькі праводзіліся больш настойліва. Усе выкладанне павінна было весціся выключна на расійскай мове. Настаўнікі-каталікі ў 1864 годзе былі звольненыя, а на іх месца прызначаліся настаўнікі праваслаўнага веравызнання, якіх імкнуліся падбіраць з “унутраных (велікарускіх) губерняў”. З мэтай прыцягнення чыноўнікаў, духавенства і настаўнікаў з цэнтральнай Расіі для іх усталявалі розныя льготы, у тым ліку 50% грашовыя надбаўкі да акладаў. Нават мясцовыя праваслаўныя кандыдаты ў настаўнікі праходзілі дбайную праверку на добранадзейнасць.

Разам з тым царскі ўрад ігнараваў нацыянальныя інтарэсы не толькі польскамоўнага насельніцтва, але і беларускага народа. Міністэрства народнай асветы нават не разглядала пытанне аб вывучэнні беларускай мовы або выкладанне прадметаў на беларускай мове ў навучальных установах Беларусі, нягледзячы на тое, што беларуская мова была найбольш распаўсюджанай. У 60 гадах XIX стагоддзя расійскія ўлады пайшлі на некаторыя нязначныя саступкі “беларускай гаворцы” рэкамендаваўшы настаўнікам “пры тлумачэнні незразумелых слоў карыстацца роднай беларускай мовай народа”. Але галоўнай мэтай было навязванне рускай мовы. У студзені 1864 па распараджэнні міністэрства адукацыі ў сценах навучальных устаноў забаранялася размаўляць на родных мовах: беларускай, польскай, яўрэйскай і г.д, дазвалялася гаварыць, нават на перапынках, толькі на рускай мове. У 1867 годзе адмысловым указам забаранілі друкаванне кніжак на беларускай мове. Такая палітыка паслядоўна праводзілася доўгія гады. Толькі ў 1904 годзе адмянілі абмежаванні адносна “мясцовых” моў у дзевяці заходніх губернях Расіі, у тым ліку ў Магілёўскай, але праблемы стварэння беларускамоўнай школы царызм так і не вырашыў.

Палітыка русіфікацыі

Для яўрэйскага насельніцтва гарадоў пытанне даступнасці сярэдняй адукацыі таксама было даволі складаным. У сярэдзіне 80-х гадоў XIX стагоддзя ўвялі працэнтныя нормы для паступлення яўрэяў у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Так, у гімназіі не маглі прымаць яўрэяў звыш 15% ад агульнай колькасці вучняў. Абмежаванні працягвалі дзейнічаць у пачатку XX стагоддзя.

У краі быў усталяваны жорсткі паліцэйскі рэжым. У адпаведнасці з зацверджаным імператарам новым “Палажэннем аб Корпусе жандармаў” ад 9 верасня 1867 года мясцовы жандармскі апарат узмацнілі за кошт стварэння губернскага жандармскага ўпраўлення, у падпарадкаванне якому перайшлі павятовыя жандармскія ўпраўленні. У 1887 годзе апошнія ліквідавалі. Яны перадалі свае функцыі памочнікам начальніка губернскага жандармскага ўпраўлення, кожнаму з якіх у розны час была даручана пэўная колькасць паветаў. З мэтай умацавання паліцыі ў сельскай мясцовасці ў 1878 годзе ў кожным стане засноўвалася пасада паліцэйскага ўрадніка, які падпарадкоўваўся станавому прыставу.

Падтрымка, у тым ліку фінансавая, праваслаўнай царквы, паступова прывяла да яе панавання на Жлобіншчыне. Вонкава перавага праваслаўя выяўлялася найперш у пабудове праваслаўных храмаў. Іх рамонт і пабудова сталі неад’емнай часткай палітыкі русіфікацыі краю.

Старая драўляная Крыжазвіжанская царква са званіцай у Жлобіне існавала з 1771 года. Нягледзячы на рамонт 1811 года, будынак паступова прыйшоў у заняпад. Таму ў 1863 годзе на адбудову царквы ў Жлобіне з казны выдаткавалі 3 333 рублі. Немалыя на той час грошы. Прыхаджанамі царквы былі 630 сялян (110 дамоў), 12 дваравых, 11 дваран і 18 мяшчан мястэчка Жлобін і 245 сялян (29 дамоў) суседняй вёскі Лебядзёўка.

У сяле Саланое памешчыцы княжны Галіцынай у 5 кіламетрах на поўдзень ад Жлобіна таксама дзейнічала праваслаўная царква. Захавалася апісанне храма 1862 года, і яно сведчыць пра не вельмі прывабны стан правінцыйных праваслаўных цэркваў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Храм Маці Божай патрабаваў рамонту або пабудовы новага будынку. У выніку ўлады абмежаваліся яе рэстаўрацыяй. Вёска Саланое была часткай маёнтка Астэрманск, а прыхаджанамі царквы Раства Багародзіцы былі каля 2 500 памешчыцкіх сялян і 150 прыхаджан іншых саслоўяў васьмі вёсак і мястэчка Карпілаўка.

Царква Раства Багародзіцы вёсцы Саланое

У 1815 годзе (па іншых звестках 1805) замест састарэлай пабудавалі новую драўляную царкву Раства Багародзіцы вёсцы Саланое. У ёй захоўваліся метрычныя кнігі з 1796 года, спавядальныя роспісы з 1823 года. Царква рэстаўравалася ў 1823 і 1862 гадах.

Намаганнямі “Яго Сіяцельства Графа Аляксандра Іванавіча Астэрман-Талстога” царкву пабудавалі ў 1815 годзе. За палову стагоддзя драўляны будынак са званіцай заняпаў, што патрабавала пабудовы новай царквы. У ёй меўся халодны прастол у імя Раства Багародзіцы, пасрэднае начынне, прыхода-расходная кніга, царкоўныя сумы ў 58 рублёў 73 капеек, з якіх у білеце прыказа грамадскага апекавання 31 рубель, а астатнія ў наяўнасці. Пры царкве было 36 дзесяцін зямлі.

Прычту (кліру) па штату належала: свяшчэннік, дыякан, дзяк і прасвірня (жанчына, якая займаецца выпечкай просвір). На ўтрыманне Свяшчэнных і царкоўных служак належала 324 рублёў у год срэбрам. Грошы ішлі ад прыхаджан.

Прыхаджанамі былі памешчыцкія сяляне мястэчка Карпілаўка (56 душ), вёсак Мормаль (337), Папкі (321), Папаратнае (320), Праскурні (401), Саланое (387), Малыя Рогі (102), Нівы (216), Істобкі (145), Яшчыцы (126). Усяго да прыхода былі прыпісаны 2 476 (1 175 мужчын і 1 301 жанчына) памешчыцкіх сялян, 27 дваран і мяшчан, 134 ваенных. Умяшчальнасць царквы ацэньвалася ў душ 300.

Па акце новая царква была прынятая 14 студзеня 1864 года ў падрадчыка Мацвея Андрэева. Свяшчэннікам служыў Якаў Варапаеў, дыяканам – Міна Храмцоў.

У 1993 годзе адкрылі і асвяцілі новы храм Нараджэння Багародзіцы.

Падняпроўе, як і ў мінулым стагоддзі, заставалася рэлігійна разнастайным рэгіёнам, але сама рэлігійная палітыка царскіх улад стала яшчэ больш жорсткай у дачыненне да каталікоў, іўдзеяў і старавераў. Каталікамі былі пераважна мясцовая шляхта і некаторыя чыноўнікі. Улада апрыёры падазравала іх у дзяржаўнай нелаяльнасці. Яўрэі жылі сваім кагальным жыццём. Яшчэ больш замкнёна жылі праваслаўныя стараверы ў слабадзе Змяёўка Сцепскай воласці Бабруйскага павета.

Нягледзячы на настойлівыя спробы русіфікаваць край, у канцы XIX стагоддзя ў грамадстве пачынае распаўсюджвацца погляд на Беларусь як на асобную нацыю з уласнай гісторыяй.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.