Улада варажска-рускай Кіеўскай Русі

Кіеўская Русь стала першай адзінай дзяржавай на тэрыторыі рассялення славян ва ўсходняй Еўропе. Яе ўтварэнню паспрыяла з’яўленне тут варагаў у другой палове ІX стагоддзя. У перыяд найбуйнейшага росквіту дзяржаўнае ўтварэнне раскінулася ад Прычарнаморскіх стэпаў да Балтыкі і Ладагі. Яна кантралявала гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”.

Жлобін у Кіеўскай Русі

З самага пачатку ўтварэння рачнога гандлёвага шляху са Скандынавіі ў Візантыю гомельскае Падняпроўе мела важнае транспартнае значэнне і натуральна ўвайшло ў склад Кіеўскай Русі. У 885 годзе кіеўскі князь Алег вызваліў радзімічаў, якія залежалі ад хазараў, і сам абклаў іх данінай. У Х стагоддзі разам з іншымі племяннымі ўтварэннямі яны ўдзельнічалі ў ваенных паходах кіеўскіх князёў на Канстанцінопаль – сталіцу магутнай візантыйскай імперыі. Так, у 907 годзе ў складзе войска кіеўскага князя Алега радзімічы ўдзельнічалі ў легендарным паходзе на Візантыю. Вельмі імаверна, што нехта з продкаў сучасных жыхароў жлобінскага рэгіёна калісьці стаяў каля сцен самага вялікага і славутага еўрапейскага горада таго часу.

Жлобін у Кіеўскай Русі

У 970 гадах радзімічы не пажадалі плаціць даніну і вызваліліся з-пад улады кіеўскіх князёў, але ўжо пры Ўладзіміры Святаславічы канчаткова ўвайшлі ў новую дзяржаву. У 984 годзе князь пайшоў у паход на радзімічаў. Перадавы атрад княскага войска на чале з ваяводам з характэрным паганскім іменем Воўчы Хвост разбіў войска радзімічаў у бітве на рацэ Пяшчань (найхутчэй недзе каля Слаўгарада). 

Большасць насельніцтва ўсходняй Беларусі займалася тады земляробствам і жывёлагадоўляй. Сяляне займаліся натуральнай гаспадаркай і забяспечвалі найперш уласныя патрэбы, аднак яны таксама прадавалі ў гарадах лішкі харчовых прадуктаў, самаробныя тканіны, дровы, сена і набывалі прамысловыя тавары. У Х стагоддзі на тэрыторыі верхняга Падняпроўя з’яўляецца ганчарнае кола, што стала тэхналагічнай рэвалюцыяй у керамічнай вытворчасці. 

Сяляне былі свабоднымі абшчыннікамі, якія ў час палюддзя раз на год плацілі князю даніну. У Х-ХІ стагоддзях на тэрыторыі Гомельшчыны, як і ўсёй Беларусі, з’яўляюцца элементы феадальнага грамадства. Працэс феадалізацыі паскараецца ў наступныя два стагоддзі. Паступова ўтвараецца вотчына, заснаваная на ўласнасці на зямлю феадала. 

І зімой, і асабліва летам рэкі тады былі па сутнасці адзінымі надзейнымі дарогамі ў лясной зоне. А Дняпро быў найважнейшым з гэтых шляхоў. Па яго рэчышчы купцы – яны ж ваяры – везлі свае тавары з далёкіх паўднёвых краін у Паўночную Еўропу і вярталіся назад. Не дзіва, што жлобінскія берагі Дняпра бачылі многіх легендарных гістарычных асобаў, якія са Скандынавіі і з Ноўгарада па Дняпры рухаліся ў Кіеў і далей у Канстантынопаль, а потым назад вярталіся па гэтай рачной дарозе. Пералік толькі вядомых рускіх князёў заняў бы больш старонкі тэксту. Дастаткова назваць вешчага Алега, князя Ігара і княгіню Вольгу, Святаслава, Уладзіміра, Яраслава Мудрага, Уладзіміра Манамаха. Хадзілі гэтай ракой і іх шматлікія дзеці, унукі, праўнукі і прапраўнукі. Усе яны бачылі жлобінскія берагі Дняпра.

Жлобін у Кіеўскай Русі

Звычайна падарожнікі днём сплаўляліся, а на ноч размяшчаліся ва ўмацаваных паселішчах, што былі дастаткова паслядоўна размешчаны на берагах Дняпра. Пасля дня пераходу была неабходна бяспечная ўмацаваная стаянка. Рабілася гэта з мэтамі адпачынку і бяспекі. Таму Дуброўна, Орша, Копысь, Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін (?), Стрэшын, Рэчыца і г.д. размяшчаліся на адлегласці аднадзённага пераходу па рацэ. 

Відавочна, што ніжэй Рагачова, паміж ім і Рэчыцай, меўся быць такі самы ўмацаваны пункт. Але найхутчэй Жлобін тады не стаў ім з-за Стрэшына. Менавіта там і знаходзіцца чарговае ўмацаванае гарадзішча, што калісьці дазваляла прыпыняцца судам купцоў і княскім дружынам. Жлобін жа знаходзіўся занадта блізка да Рагачова. Таму падарожнікі, у тым ліку і згаданыя вышэй князі, выходзілі на Дняпроўскія берагі і начавалі ніжэй па плыні Дняпра, найхутчэй у Стрэшыне, а ўзгорак паселішча ў Жлобіне  міналі. 

Дапамагчы разгадаць загадку магла б археалогія. Старажытнае гарадзішча ў Стрэшыне размешчана на мысе правага берага Дняпра, яго акружаў роў і вал шырынёй да 12 метраў. Культурны пласт паселішча глыбінёй да 1 метра 60 сантыметраў сведчыць аб працяглым засяленні месца, а выяўленыя прадметы дазваляюць датаваць час узнікнення гарадзішча ХІІ стагоддзем. Але паколькі даследавана пакуль невялікая плошча мястэчка, магчыма, далейшыя раскопкі дазволяць павялічыць узрост паселішча. 

Стрэшынскае гарадзішча

У Стрэшыне ёсць два гістарычных раёны, вядомыя як Стары і Новы Гарадок. Стары Гарадок захаваў прыкметы старажытнага гарадзішча. Старажытнае гарадзішча ў Стрэшыне размешчана на мысе правага высокага берага Дняпра ў паўднёва-ўсходняй ускраіне паселішча. Глыбокі роў аддзяляе яго ад карэннага берага Дняпра, дзе знаходзіцца Новы Гарадок. 

Даследаванні археолага Эдварда Загарульскага, які ў 1966 годзе ўскрыў 100 квадратных метраў культурнага слою, дапамаглі выявіць памеры гарадзішча і ўявіць ягоны знешні выгляд. 

Гарадзішча – пляцоўка 75 на 30 метраў няправільнай формы, выцягнутая ўздоўж ракі. Відавочна яна мела магутныя земляныя ўмацаванні, што, на жаль, не захаваліся. Гарадзішча акружалі роў і вал шырынёй 10-12 метраў. На падобных валах заўсёды былі драўляныя ўмацаванні. А побач з замкам пад яго аховай знаходзілася неўмацаванае паселішча. 

Культурны пласт паселішча мае глыбіню да 1 метра 60 сантыметраў, што сведчыць аб працяглым засяленні месца і дастаткова інтэнсіўнай гаспадарчай дзейнасці на ім. Тутака знайшлі жалезныя наканечнікі стрэл, сашнікі, сланцавыя прасліцы, шкляныя бранзалеты (любімае ўпрыгожванне гараджанак у ХІІ - першай паловы ХІІІ стагоддзяў), што найчасцей уласцівыя паселішчам гарадскога тыпу. 

Выяўленыя прадметы дазваляюць археалагічна датаваць час узнікнення гарадзішча ХІІ стагоддзем. Стрэшын узнік, як невялікі феадальны замак. Але пакуль даследавалі невялікую плошча мястэчка, і, магчыма, далейшыя раскопкі павялічаць археалагічны ўзрост паселішча. 

На месцы драўлянага замка ХІІ стагоддза ў часы ВКЛ быў пабудаваны новы замак, што праіснаваў да XVIII стагоддзя. 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.