Таямніца нараджэння Жлобіна

У Жлобіна, як і ў шматлікіх іншых беларускіх гарадоў, што размешчаюцца на берагах вялікіх рэк, досыць старадаўняя гісторыя. Яна настолькі старадаўняя, што, як пісалі раней турыстычныя даведнікі, “дату заснавання гэтага выдатнага мястэчка вызначыць не атрымліваецца”. Так, археолаг Тэльман Маслюкоў яшчэ ў 2013 годзе пісаў пра тое, што ранняя гісторыя Жлобіна застаецца маладаследаванай, і “дагэтуль невядомы час яго заснавання”.

Гарады траплялі ў летапісы праз дзейнасць князёў ці з нагоды здарэння нечага надзвычайнага. Не “пашчасціла” Жлобіну быць спаленым, як Менску ў 1067 годзе, або мець моцную княжацкую дынастыю, як Полацаку, таму ён і не мае дакладнай даты нараджэння. Не дзіва, што пра дату заснавання Жлобіна навукоўцы выказалі самыя розныя меркаванні.

Археалагічныя звесткі, як ужо пазначалі, дазваляюць датаваць першыя паселішчы на тэрыторыі горада яшчэ жалезным, і, магчыма, яшчэ больш ранейшым бронзавым векам. Але сам Жлобін, безумоўна, не вядзе сваю гісторыю ад тых першых селішчаў. Як горад ён ўтварыўся значна пазней.

Найбольш імаверная версія – Рагачоў, Стрэшын, Рэчыца і шэраг іншых беларускіх гарадоў на Дняпры былі заснаваны як умацаваныя грады на гандлёвым шляху з Балтыкі ў Чорнае мора, або зручныя славянскія гарадзішчы былі прыстасаваны для гэтага. Так, вядомы шведскі гісторык расійскага паходжання Андрэй Катлярчук выказаў думку пра заснаванне такіх градаў Полацкім княствам яшчэ ў ХІ стагоддзі. Рабілася гэта дакладна так жа, як у заходнім накірунку гэтага шляху, на рацэ Заходняя Дзвіна, існавалі полацкія грады Герцыке і Кукенойс.

Найбліжэйшы да Жлобіна горад Рагачоў знаходзіцца ў 20 км на поўнач на Дняпры. Паводле пісьмовых крыніцаў град вядомы з 1142 года, калі вялікі князь кіеўскі Усевалад Ольгавіч аддаў яго свайму брату Ігару. Рагачоў, які напачатку адносіўся да Тураўскага, тады ўваходзіў у Чарнігаўскае княства. Другі раз горад згадваецца ў летапісе пад 1188 годзе пры апісанні аблогі Святаславам Усеваладавічам горада Друцка.

Заснаванне Жлобіна
Рагачоў у складзе Чарнігава-Сіверскай зямлі ў XIII ст.

На поўдзень ад Жлобіна значным градам была Рэчыца. У ХІ-ХІІІ стагоддзях Рэчыца была ва ўладанні кіеўскіх і чарнігаўскіх князёў. Існуе меркаванне, што яна ўпершыню згадваецца ў 1079 годзе у паданні пра Уваскрасенскую царкву. Аднак энцыклапэдычныя даведнікі датуюць першы ўспамін 1213 год, калі паселішча згадваецца ў Густынскім летапісе як горад Чарнігаўскага княства.

Тэарэтычна можна дапусціць, што і Жлобін быў заснаваны адначасова з суседнімі градамі ў тыя даўнія часы. Але пісьмовых крыніц, што пацвярджалі б існаванне Жлобіна ў ХІ ці ХІІ стагоддзях, альбо не захавалася, альбо іх пакуль не знайшлі. Пакуль нам давядзецца з гэтым жыць і разбірацца ў больш рэалістычных хітраспляценнях заснавання горада.

Археалагічныя крыніцы таксама не даюць рады гіпотэзы заснавання горада ў ХІ-ХІІІ стагоддзях. Прамых доказаў існавання горада Жлобін няма. Але праблема тут крыху іншага характару. На вялікі жаль, культурны слой на замчышчы фактычна знішчаны пры будаўніцтве спартовай школы. Тым не менш, археолагі выявілі прасліцу і фрагмент аконнага шкла з акругленым краем. Гэта можа ўказваць на існаванне тут паселішча і ў VІІІ-Х ці ХІ-XІІІ стагоддзях. Знаходкі шкла выявілі ўпершыню, і гэта сведчыць, што грунтоўныя раскопкі на селішчы могуць і павялічыць узрост горада. Справа ў тым, што падобнае шкло ў той час магло выкарыстоўвацца толькі ў пабудовах важнага значэння, найчасцей у паселішчах гарадскога ці протагарадскога тыпу. Безумоўна, малая колькасць матэрыялу пакуль не дазваляе адназначна казаць пра існаванне гэтага паселішча ў ХІ-XІІІ стагоддзях, а тым больш выявіць сувязь паміж ім і знаходкамі XV стагоддзя. Толькі тады, калі ў будучыні правядуць раскопкі і знойдуць комплекс падобных “гарадскіх” прадметаў, можна будзе ставіць пытанне пра павелічэнне ўзросту Жлобіна.

Заснаванне Жлобіна
Замчышча ў Жлобіне, выгляд з паўднёва-усходняга боку

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.