Уся Еўропа ў XI-XIII стагоддзях перажывала перыяд росту і росквіту эканомікі. Гэтаму спрыялі вельмі спрыяльныя для вядзення сельскай гаспадаркі кліматычныя ўмовы.
Рост гарадоў, развіццё феадалізму, узмацненне асобных земляў і іх знаці, што імкнулася выйсці з-пад васальнай залежнасці ад кіеўскіх князёў, сталі прычынамі распаду Кіеўскай Русі. Полацк першым пачаў працэс аддзялення ад Кіева яшчэ ў першай чвэрці ХІ стагоддзя. Да сярэдзіны XII стагоддзя адзіная дзяржава фактычна распалася на паўтара дзясяткі самастойных протадзяржаўных утварэнняў. Ва ўсіх гэтых землях працягваўся працэс феадальнай раздробленасці. У XII стагоддзі значная частка беларускага Падняпроўя ўваходзіла ў Полацкую, Смаленскую, Тураўскую, Чарнігаўскую землі, што сёння часта называюць княствамі.
“Княствы” і “землі”
Варта разумець, што сам тэрмін “княства” не згадваецца ў старадаўніх летапісах у дачыненні да рускіх зямель. Гэтая назва ўзнікае на некалькі стагоддзяў пазней. У летапісах жа згадваюцца “землі”, куды запрашалі князя, або дзе ён княжыў. У гэтым сэнсе не існавалі Кіеўскае, Полацкае, Чарнігаўскае або Тураўскае княства. Затое былі Кіеўская, Полацкая, Чарнігаўская, Тураўская і іншыя землі. Паняцце “зямля” больш адпавядае сустнасці тых тэрытарыяльных аб’яднанняў, што ўтвараліся ў ІХ-ХІ стагоддзях. Землі былі яшчэ не дзяржавамі, а першымі протадзяржаўнымі ўтварэннямі. Тым не менш, не толькі ў вучэбнай, але і ў навуковай літаратуры замацавалася дэфініцыя “княства”, якой мы і будзем карыстацца час ад часу.
У Падняпроўе знаходзіліся важныя адміністрацыйныя і эканамічныя цэнтры: Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Кречут, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і іншыя. Напэўна, самым загадкавым старажытным градам на Дняпры, пра гісторыю якога дагэтуль спрачаюцца гісторыкі, быў жлобінскі Стрэшын.
Найвялікшая гістарычная загадка Стрэшына – ягоная сучасная назва і месцазнаходжанне. Стрэшын згадваецца ў пісьмовых крыніцах толькі з другой паловы XIV стагоддзя. Але вядомыя навукоўцы (Б. Рыбакоў, М. Ціхаміраў) атаясамлялі Стрэшын са старажытнарускім горадам Стрэжавам – цэнтрам удзельнага княства Полацкай зямлі ў XII стагоддзі.
Сапраўды, ускосныя прыкметы дазваляюць атаясамліваць Стрэшын са старажытным горадам Стрэжавам. Ён згадваецца ў Лаўрэнцьеўскім і Іпацьеўскім летапісах пад 1127/1128 і 1159 гадах. Першым разам праз яго рухалася кааліцыя паўднёварускіх князёў на Барысаў. А наступным разам Стрэжаў у 1159 годзе вылучылі ў асобны ўдзел. Але дагэтуль дакладнае месцазнаходжанне горада – прадмет навуковых спрэчак і спекуляцый.
Стрэжаў
– горад Полацкай зямлі з нявызначаным месцазнаходжаннем.
Першая згадка пра Стрэжаў узыходзіць да 1127-1128, калі кааліцыя паўднёварускіх князёў распачала кампанію супраць Полацкай зямлі. Падчас паходу агульных войскаў Стрэжаў мог быць адным з пунктаў, праз якія мусілі рухацца войскі. “…а Всеволоду Ольгавичу (чарнігаўскаму князю) повеле ити с своею братею на Стрежев к Борисову”. Хаця няма пэўнасці, ці знаходзіўся той Стрэжаў у межах Полацкай зямлі або быў паселішчам у іншым княстве, напрыклад, сучасным Стрэшыным каля Жлобіна, але лагічна ісці з Кіева па Дняпры на Барысаў менавіта праз Стрэшын.
Па звестках Іпацьеўскага летапісу Стрэжаў пасля 1159 года быў выдзелены ў асобны ўдзел – Стрэжаўскае княства. У 1160 гадах полацкі князь Рагвалод аддаў яго Усеваладу Глебавічу замест Ізяслаўля.
Стрэжаў ў канцы XIIІ стагоддзя патрапіў пад уладу ВКЛ. Знаходзячыся побач з Маскоўскімі межамі, у ходзе руска-літоўскіх войнаў ён неаднаразова разбураўся маскоўскім войскам і перастаў існаваць на працягу XVI стагоддзя.
Адна з версій такая: горад знаходзіўся на беразе возера Стрэжаў (Стрыжэў) у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці. Меркаванне, што Стрэжаў размяшчаўся на месцы вёскі Стрыжава Бешанковіцкага раёна, падаецца гістарычна апраўданым, але рэштак горада часоў Кіеўскай Русі там не выявілі.
Па іншай версіі старажытны Стрэжаў існаваў на месцы сучаснага Стрэшына ў Жлобінскім раёне. Але гэтае паселішча знаходзіцца далёка на поўдзень ад меж Полацкай зямлі, што робіць лакалізацыю сумнеўнай. Аднак пошукі Стрэжава ў іншых месцах не далі станоўчых вынікаў. У выніку старажытны Стрэжаў найчасцей лакалізуецца на тэрыторыі сучаснага Стрэшына.
У якое ж княства ўваходзілі жлобінскія землі? Пытанне няпростае. Справа ў тым, што сучасная Жлобіншчына знаходзілася тады на сутыку межаў цэлага шэрагу княстваў. Межы іх былі няўстойлівымі. Правабярэжныя землі раёна, магчыма, нейкі час належалі Полацкаму княству, пра што сведчыць гісторыя Стрэшына, але большасць гісторыкаў мяркуе, што яны ўваходзілі пераважна ў склад Тураўскага княства, як і Рагачоў. А вось левабярэжныя землі належалі то згаданым вышэй княствам, то Чарнігаўскаму ў ХІ стагоддзі, а пазней і Ноўгарад-Северскаму княству. Паўночныя землі радзімічаў з пачатку ХІІ стагоддзя ўваходзілі ў Смаленскае княства.
Знаходкі на тэрыторыі вобласці арабскіх і візантыйскіх манет уздоўж Дняпра сведчаць: нягледзячы на феадальныя войны, княствы гандлявалі і з бліжэйшымі суседзямі, і з далёкімі краінамі. Асноўнымі гандлёвымі шляхамі былі рэкі. Дняпро звязваў рэгіён з Балтыйскімі краінамі і рэгіёнам Чорнага мора. Купцы адпраўляліся ў Польшчу і Чэхію па Прыпяці. Футра, мёд, воск вывозілі з усходнеславянскіх княстваў, а шаўковыя тканіны, спецыі, шкляны і фаянсавы посуд імпартавалі з Візантыі і Блізкага Усходу.
Ад гэтага перыяду на Жлобіншчыне ў спадчыну нам засталіся бадай толькі гарадзішчы і курганныя могільнікі, але і яны могуць шмат расказаць пра сівую даўніну.
Адным з самых вядомых помнікаў, дзе яшчэ ў 1904 годзе Е.Р. Раманаў раскапаў 16 курганоў, з’яўляецца курганны могільнік Кардон на мяжы Жлобінскага і Буда-Кашалёўскага раёнаў. Могільнік знаходзіўся ў дрыгавіцка-радзіміцкім паграніччы і адносіцца да ХІІ-ХІІІ стагоддзяў. Ён цікавы для нас найперш тым, што мае парныя курганныя пахаванні жанчын з дзецьмі. Падобныя пахаванні зафіксавалі ў Панямонні, Паазер’і, Падняпроўі. Яны сведчаць, што ранейшыя ўяўленні пра досыць халоднае, не надта пяшчотнае стаўленне бацькоў да сваіх дзяцей у сярэднявеччы мусяць быць перагледжаны. На думку археолагаў, характар размяшчэння частак цел памерлых у падобных пахаваннях сведчыць пра наяўнасць бацькоўскай любові і ў старажытнасці. У кургане каля вёскі Саланое таксама выявілі труну з двума шкілетамі.
Кардон
Курганныя могільнік дрыгавічоў знаходзіцца каля прыстані Кардон Буда-Кашалёўскага раёна. У ім – каля 100 курганоў. У 1904 годзе 16 курганоў раскапаў Е.Р. Раманаў. Пахавальны абрад – трупапалажэнне галавой на захад у падкурганных ямах, часам на грунце і нават у насыпе. Пахаванні адзіночныя, але трапляюцца і парныя. У мужчынскіх пахаваннях рэчаў не было, а ў жаночых знаходзілі драцяныя і трохпацеркавыя скроневыя кольцы, бранзалеты, пярсцёнкі, падвескі. Могільнік знаходзіўся ў дрыгавіцка-радзіміцкім паграніччы.

