Традыцыйна было прынята лічыць, што першай дзяржавай, куды ўваходзілі беларускія землі, была Кіеўская Русь. Але Жлобіншчына, як і ўвесь паўднёвы ўсход Беларусі, зведаў уладу і іншых дзяржаўных утварэнняў, пра якіх мала хто ведае, а большасць сучасных жыхароў Падняпроўя нават і не здагадваецца. Каб разабрацца, варта пагартаць мапы мінулых стагоддзяў.
Імперыя Атылы – першая дзяржава, у якую ўваходзілі землі Жлобіншчыны, як і іншых усходніх раёнаў сучаснай Гомельскай вобласці. Прынамсі, пра гэта гавораць сучасныя гістарычныя карты. Сапраўды, гуны на вяршыні сваёй магутнасці кантралявалі тэрыторыі сучасных Германіі, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі, Венгрыі, Румыніі, Сербіі, Украіны, паўднёвай Расіі і значнай частцы Беларусі. На мапах, дзе пазначаюць вялізную дзяржаву гунаў, паўночна-ўсходнія межы ахопліваюць і беларускія землі. Амаль заўжды тэрыторыю Брэсцкай і Гомельскай абласцей адносяць да імперыі Атылы, а паўночную мяжу кантролю гунаў праводзяць нават паміж Магілёвам і Оршай.
Імперыя гунаў
У V стагоддзі нашай эры пры цары Скіфіі і Германіі Атыле імперыя гунаў на роўных спаборнічала з самой Рымскай Імперыяй. Менавіта тады гэтае палітычнае ўтварэнне дасягнула найбольшых памераў. Цэнтр імперыі знаходзіўся ў Патагоніі – на тэрыторыі сучаснай Венгрыі.
Аты́ла (па-лацінску: Attila) – правадыр гунаў з 434 па 453 год, які аб’яднаў пад сваёй уладай варварскія плямёны ад Рэйну да Паўночнага Прычарнамор’я, уладар фактычна найбуйнейшай на той час дзяржавы ў Еўропе. Па звестках рымскіх аўтараў у пачатку V стагоддзя ў склад імперыі гунаў уваходзілі акацыры, роксаланы, анты, аланы, герулы, остготы і гепіды. Пад вяршэнствам Атылы ў яго імперыі былі аб'яднаны да 45 - 50 розных народаў. Пры Атыле імперыя распасціралася ад Балтыйскага мора да Каўказа, і ад Паўднёвай Германіі да Урала.
Хоць імперыя Атылы згінула разам з ім, ён стаў легендарнай постаццю ў гісторыі Еўропы, памяць пра правадыра гунаў захоўвалася на працягу стагоддзяў у вусным германскім эпасе і перайшла ў скандынаўскія сагі. У ранніх паданнях германцаў Атыла ставіўся на першае месца сярод легендарных германскіх каралёў.
Вельмі лёгка было б на падставе гістарычных карт і легендарных паведамленняў назваць тэрыторыю сучаснай Жлобіншчыны часткай імперыі славутага павадыра гунаў Атылы. Вось толькі праблема ў тым, што дакладныя паўночныя і ўсходнія межы яе вельмі цяжка вызначыць, яны вельмі ўмоўныя. Народы стагоддзямі рухаліся, а тым больш у IV – VII стагоддзях, калі ў Еўропе адбывалася вялікае перасяленне народаў. Таму прыналежнасць старажытных жыхароў Жлобінскага раёну да такога магутнага дзяржаўнага ўтварэння застаецца і найхутчэй застанецца і надалей толькі верагодным – прыгожай гіпотэзай.
Аварскі каганат у канцы VI – VII стагоддзі быў магутным дзяржаўным утварэннем, што спаборнічала з Візантыйскай імперыяй. Нашэсце авараў зрабіла 602 год чорным датай для падняпроўскіх паселішчаў. Пласт попелу ад пажару амаль на ўсіх даследаваных помніках у трэцяй чвэрці першага тысячагоддзя эры Хрыстовай дазваляе вучоным звязваць пажары на гарадзішчах з нападам ваяўнічых авараў на антаў. Як сведчаць візантыйскія хронікі, орды авараў літаральна спустошылі край.
Нават на поўнач ад Жлобіна ў Падняпроўі менавіта ў пачатку VII стагоддзя былі знішчаны гарадзішчы – Стары Шклоў, Нікадзімаўскае ля Горак і Пелагееўскае ў Магілёве. У іх попеле знаходзяць шматлікія аварскія трохлопасцевыя наканечнікі стрэл. Натуральна, што рухаліся авары са стэпаў на поўнач па даліне Дняпра праз тэрыторыю сучаснага Жлобінскага раёна. Але авары, відаць, так і не ўсталявалі сталага кантролю над беларускімі землямі. Але на некаторых мапах гісторыкі адносяць жлобінскае Падняпроўе да тэрыторыі Аварскага каганата.
Аварскі каганат
– адна з уплывовых дзяржаў эпохі вялікага перасялення народаў, на працягу кароткага часу кантралявала Ўсходнюю Еўропу, у тым ліку частку земляў пазнейшай Кіеўскай Русі.
Дзяржаву авар заснаваў каган Баян, яна існавала з 562 па 823 гады. У перыяд росквіту займала тэрыторыі (цалкам або часткова) сучасных Венгрыі, Аўстрыі, Славакіі, Баварыі, Польшчы, Украіны, Расіі, Румыніі, Харватыі, Сербіі.
Гаспадарка каганата засноўвалася на качавой жывёлагадоўлі. Частка насельніцтва (у асноўным нашчадкі рымлян, сарматаў і славян) займалася і земляробствам. Лічыцца, што інстытут рабства ў авараў не быў развіты, выкарыстоўваліся толькі хатнія рабы з палонных або збяднелых мясцовых. Самі авары манеты не чаканілі, але з сярэдзіны VI стагоддзя візантыйцы выплачвалі каганату даніну золатам.
У пачатку VII стагоддзя ў адказ на напад рамераў (візантыйцаў) авары выправіліся на землі іх саюзнікаў антаў і знішчалі іх найбуйнейшыя цэнтры. Але ўжо ў 626 годзе авары падтрымалі Персію ў ірана-візантыйскай вайне і на чале славянскіх войскаў аблажылі Канстанцінопаль. У выніку загадкавай гібелі славянскіх суднаў візантыйцы нанеслі аварам паражэнне, і разгневаны каган стаў забіваць славян, якія з гэтай прычыны пакінулі месца дыслакацыі. Авары ж не маглі без славянскай пяхоты і штурмавых лодак узяць добра ўмацаваны Канстанцінопаль. Параза аб'яднаных войскаў Аварскага каганата ля сцен Канстанцінопаля падарвала магутнасць дзяржавы і спыніла аварскую экспансію.
Інтэнсіўнае жыццё славян на тэрыторыі раёна не выклікае сумненняў. Але якія канкрэтна славянскія аб’яднанні жылі менавіта тут і дзе праходзіла мяжа паміж імі? Археолагі пішуць, што рэгіён знаходзіўся на дрыгавіцка-радзіміцкім сумежжы.
Дасягненні навукі дазваляюць сцвярджаць, што пераважна на ўсход ад Дняпра пражывалі радзімічы, якіх па летапісных звестках прывёў на гэтыя землі павадыр Радзім. Але паколькі межы тады былі нестабільнымі, а групы славян увесь час знаходзіліся ў стане ўзаемапранікнення, то некалькі радзіміцкіх пасяленняў знаходзіліся і на правым беразе Дняпра. Прычым магчыма правабярэжныя помнікі і былі самымі старажытнымі селішчамі радзімічаў.
Напрыканцы першага тысячагоддзя ад нараджэння Хрыстова славяне на тэрыторыі Беларусі ў сваім развіцці нарэшце дасягнулі ўзроўню цывілізацыі. У іх з’явіліся гарады, дзяржавы і пісьмовасць. Яшчэ ў VІІІ-ІХ стагоддзях некаторыя племянныя саюзы ўсходніх славян сталі своеасаблівымі протадзяржаўнымі ўтварэннямі – княжаннямі з гарадамі – цэнтрамі. У крывічаў такімі цэнтрамі сталі Полацк і Смаленск, у дрыгавічоў – Тураў. Насельніцтва асобных частак Беларусі цягнулася да бліжэйшых цэнтраў.
Лёс радзімічаў быў іншым. Яны трапілі ў сферу ўплыву новай вялізнай стэпавай дзяржавы Усходняй Еўропы – Хазарскага каганату – і плацілі яму даніну. Так атрымалася, што продкі жыхароў левабярэжжа Дняпра на тэрыторыі сучаснага Жлобінскага раёна жылі пад уладай легендарных хазараў. А магчыма, што пад уладай далёкіх захопнікаў былі і жыхары правабярэжжа Дняпра да Беразіны, прынамсі, такую карціну малююць рэканструктары далёкага мінулага ў Еўропе на гістарычных мапах.
Хазарскі каганат
вылучыўся з Заходне-Цюркскага каганата ў 650-969 гадах, стаў магутнай дзяржавай усходняй Еўропы і адным з самых даўгавечных качавых аб'яднанняў у гэтым рэгіёне. У дзесяцігоддзі свайго росквіту ён кантраляваў тэрыторыю Перадкаўказзя, Ніжняга і Сярэдняга Паволжа, сучаснага паўночна-заходняга Казахстана, Прыазоўя, ўсходнюю частку Крыма, а таксама стэпы і лесастэпы Усходняй Еўропы да Дняпра.
Качавы цюркамоўны народ – хазары – падпарадкаваў і частку славянскіх плямёнаў. Не толькі кіеўскія паляне, але і радзімічы, як і вяцічы, пэўны час плацілі хазарам даніну і фармальна ўваходзілі ў гэтую дзяржаву, якую еўрапейцы называлі не каганатам, а каралеўствам.
Хазарскі каганат быў шматнацыянальнай і шматканфесійнай дзяржавай, эліта якой прыняла іўдаізм. Да таго ж гэта была пераважна стэпавая дзяржава – па тыпу гаспадаркі яна моцна адрознівалася ад гаспадарчага ўкладу народаў, што пражывалі ў лясной зоне.
Наўрадці нашы продкі лічылі Хазарскі каганат сваёй Бацькаўшчынай. А неабходнасць плаціць даніну чужым уладарам, найхутчэй, не ўспрымалася станоўча славянскімі плямёнамі, што яшчэ нядаўна былі абсалютна свабоднымі і незалежнымі. Нездарма, рускі паэт Аляксандр Пушкін праз стагоддзі напіша: “Как ныне сбирается вещий Олег отмстить неразумным хазарам, их сёлы и нивы за буйный набег обрек он мечам и пожарам…” Гэтая гістарычная помста будзе адбывацца напрыканцы гісторыі каганата.

