Прымусовае ўключэнне ў склад Расійскай імперыі мела для Жлобіншчыны (і для астатніх беларускіх зямель) як адмоўныя, так і станоўчыя наступствы. Але нават станоўчыя пераўтварэнні сталіся моцным стрэсам для краю, бо падняпроўскія землі ўжо чатыры з паловай стагоддзі жылі асобным жыццём. Яно шмат у чым прынцыпова адрознівалася ад жыцця на расійскіх землях. Расіяне ліквідавалі некаторыя дасягненні еўрапейскай цывілізацыі, і гэта мела відавочна негатыўны характар, вяло да адкату назад у развіцці краю.
З пачаткам расійскага панавання ў Падняпроўі быў усталяваны жорсткі ваенна-паліцэйскі рэжым. Цяпер Рагачоў быў месцам пастаяннай дыслакацыі гарнізоннага батальёна, што сфарміравалі 19 чэрвеня 1772 года. Ён называўся “Рагачоўскі гарнізонны палкоўніка Няклюдава батальён”. Ён кватэраваў не толькі ў Рагачове, але і ў навакольных пасяленнях. Батальён уваходзіў у склад памежнай брыгады, кіраванне якой знаходзілася ў мястэчку Талачын. Аналагічныя батальёны (тады іх яшчэ называлі пагранічнымі) дыслакаваліся па ўсёй мяжы Расійскай імперыі з Рэччу Паспалітай ад месца ўпадзення рэк Бярэзіна і Друць у Дняпро аж да Дынабурга (цяпер Даўгаўпілса ў Латвіі).
Пасля канчатковай ліквідацыі Рэчы Паспалітай і адсоўвання дзяржаўнай мяжы далёка на захад, 9 студзеня 1797 года батальён перавялі ў Магілёў на Дняпры. Пасля зыходу гарнізоннага батальёна ў Рагачове заставалася так званая “інвалідная каманда”.
Інвалідныя каманды
У канцы XVIII стагоддзя ў Расіі пры гарнізонных батальёнах утварылі інвалідныя роты. Яны атрымалі пэўную арганізацыю ў 1811 годзе. Усіх інвалідаў падзялілі на тры разрады: рухомых, служачых і няслужачых, або няздольных. Інваліды кожнага разраду ўтваралі адмысловыя каманды, што знаходзіліся ў падпарадкаванні камандзіраў батальёнаў унутранай варты.
Каманды служачых і няслужачых інвалідаў (апошніх ў 1823 годзе расфарміравалі) знаходзіліся ва ўсіх павятовых гарадах. Каманды рухомых інвалідных рот спачатку былі прызначаны для службы пры шпіталях, але пасля пачалі засноўвацца таксама ў ведамствах палацавым, правіянцкім, камісарыяцкім, горным і інш., у крэпасцях і пры акругах ваенных паселішчаў.
У 1864 года са скасаваннем корпуса ўнутранай варты прыбралі і інвалідныя каманды. Няздольных цяпер трэба было накіроўваць у спецыяльныя зборныя каманды пры некаторых губернскіх батальёнах. Зборныя каманды ў 1874 годзе таксама скасавалі.
З таго часу няздольныя да страявой службы пакідаюцца пры сваіх частках, але прызначаюцца на нестраявыя пасады, а тых, хто зрабіўся да службы непрыдатным – звальняюць.
Жыхары жлобінскага рэгіёна падпарадкоўваюцца расійскім органам ваеннай, цывільнай, паліцэйскай і судовай улады, якую ажыццяўлялі прысланыя ў край велікарускія чыноўнікі. Кіраўніком напачатку губерні, а затым намесніцтва, быў грамадзянскі губернатар. Ён ачольваў губернскую канцылярыю. Адміністрацыйна-паліцэйская ўлада ў паветах (уездах) замацоўвалася за павятовымі камісарскімі канцылярыямі на чале з камісарамі.
Судовая сістэма была наступнай: у Магілёве дзейнічаў губернскі земскі суд, а ў Рагачове правінцыйны земскі суд. У выпадку незадаволенасці іх рашэннямі жыхары жлобінскага Падняпроўя маглі звяртацца да генерал-губернатара або нават у Сенат Расійскай імперыі. І такія выпадкі не былі рэдкімі.
Жорсткая іерархічнасць сістэмы ўлады прыкрывала слабасць цэнтралізаванага кіравання. Гэтым карысталіся мясцовыя ўлады і чынілі беззаконні. Дасланыя ў Падняпроўе расійскія чыноўнікі адчувалі сябе царскімі намеснікамі, кім і былі афіцыйна па дакументах. Яны не ведалі мясцовых традыцый і парадкаў, не былі схільнымі ўлічваць інтарэсы тутэйшага люду. Так, першы магілёўскі губернатар генерал-маёр Міхаіл Кахоўскі 6 чэрвеня 1778 года за ўціск мясцовага дваранства быў зняты з пасады магілёўскага губернатара, а замест яго праз год быў прызначаны генерал-паручнік Пётр Пасек. У 1882 годзе ён стаў генерал-губернатарам. Злоўжыванняў з яго боку, як і скаргаў на Пасека, было даволі шмат. Уездныя кіраўнікі таксама адчувалі сябе мясцовымі царкамі.
Быхаў і Рагачоў мелі для расіян важнае ваеннае значэнне, і ваенна-паліцэйская ўлада была сканцэнтравана ў руках каменданта і обер-каменданта. Яны ажыццяўлялі кантроль за яшчэ не зусім лаяльным мясцовым быхаўскім, рагачоўскім і жлобінскім насельніцтвам. Яны, як грамадзянскія кіраўнікі падпарадкоўваліся губернатару, а як начальнікі гарнізонаў – генерал-губернатару. Да ваенна-выканаўчых устаноў адносілася павятовая ваенная каманда Рагачова.
Паколькі зноў створаная ў 1802 годзе Магілёўская і Віцебская губерні па сваім становішчы вызначаліся як “памежныя”, то кіраванне імі ўскладалася на Беларускага ваеннага губернатара. Яму падпарадкоўваліся магілёўскі і віцебскі грамадзянскія губернатары, а таксама воінскія часці мясцовых войскаў і ваенныя ўстановы.
Пасля далучэння да Расіі фактычна ліквідавалі мясцовае самакіраванне, як шляхецкае, так і магдэбургскае права ў гарадах. Шляхта атрымала такія ж саслоўныя правы, як і расійскае дваранства, але яе пазбавілі шматлікіх палітычных правоў, у тым ліку права выбару ў сойм – парламент Рэчы Паспалітай, мясцовыя соймікі. Да таго ж ёй яшчэ трэба было даказаць сваё шляхецтва. Значная частка шляхты была паніжана ў сацыяльным статусе да аднадворцаў. Тая тутэйшая шляхта, якая вырашыла прысягнуць на вернасць расійскай імператрыцы, захавала свае маёнткі. Тыя, хто не прысягаў, павінны былі пакінуць межы краю. З іншага боку, пасля прыходу моцных расійскіх узброеных сіл скончыліся шляхецкія міжусобіцы.
Вялікую частку дзяржаўных і былых магнацкіх і царкоўных зямель на тэрыторыі Магілёўскай губерні царскім урадам была разам з сялянамі падаравалі або перадалі для карыстання расійскім дваранам. Імператрыца Кацярына ІІ за выдатныя перамогі ў вайне з Турцыяй падаравала “для забавы” генерал-фельдмаршалу Пятру Румянцаву Гомель, фаварытам графу Рыгору Пацёмкіну і графу Сямёну Зорычу дасталіся адпаведна Крычаўскае староцтва і Шклоў, князю Аляксандру Галіцыну – Прапойскае староцтва. У 1774 годзе ў Рагачоўскім павеце з Чачэрскага староцтва (яго падаравалі беларускаму генера-губернатару Захару Чарнышову) быў утвораны першы ў Расійскай імперыі маярат (радавое ўладанне старэйшага сына).
Стрэшын і воласць (29 вёсак), што належалі Віленскаму капітулу (калегіі), былі секвестраваны і перададзены Кацярынай II расійскім чыноўнікам. Напачатку фальварак Наспенскі і 845 чалавек быў нададзены на арэнду на 5 гадоў (прадоўжана да 20 чэрвеня 1787 года) надворнаму саветніку Башылаву Аляксандру Фёдаравічу – обер-пракурору 3-га дэпартамента сената. А 2 верасня 1793 года віцэ-канцлеру графу Івану Андрэевічу Астэрману было нададзена “за працу яго па дэпартаменце замежных спраў” больш за 4 000 душ сялян воласці разам з Карпілаўкай і Стрэшыным.
Расія была адной з самых адсталых у сацыяльна-эканамічным плане краін Еўропы. Пасля далучэння да яе на Беларусі ўзмацнілася прыгоннае права, большасць сялян Магілёўскай губерні паступова перавялі з аброку на больш цяжкую паншчыну. За першую палову ХІХ стагоддзя іхняя эксплуатацыя ўзрасла напалову – у 1,5 разы.
У гарадах Падняпроўя самакіраванне было практычна ліквідаванае. Шэраг мястэчак пераўтварылі ў вёскі, а іх мяшчане сталі сялянамі. З іншага боку, расійскія ўлады неўзабаве распачалі добраўпарадкаванне гарадоў губерні. Яго праводзілі ў адпаведнасці са сваімі ўяўленнямі аб ідэальнай планіроўцы ў стылі класіцызм. Рэгулярная перапланіроўка гарадоў закранула многія месцы, у тым ліку Гомель, Мсціслаў, Магілёў.
Насельніцтва Беларусі ўцягнулі ў шматлікія войны Расіі. Былі ўведзены рэкруцкія наборы, якіх раней не было ў Рэчы Паспалітай. Рэкрутаў пастаўлялі падатныя саслоўі, найперш дзяржаўныя і прыватныя сяляне, а таксама мяшчане. З канца ХVІІІ і да сярэдзіны ХІХ стагоддзяў сотні тысяч мужчын падатковых саслоўяў (сярод іх і жлобінцы) забралі ў рэкруты. Шляхта таксама магла служыць на карысць амбіцыям імперыі, але ў больш высокім афіцэрскім званні. А вось будаўніцтва найперш у ваенных мэтах дарог і расійскія ваенныя заказы спрыялі развіццю вотчыннай мануфактуры і гандлю.
Напачатку адноснай талерантнасцю вызначалася рэлігійная палітыка. Фармальна пацвердзілі правы прадстаўнікоў іншых рэлігійных канфесій на тэрыторыях, далучаных да Расіі. Аднак на практыцы пачаўся працэс ўзмацнення праваслаўя. Галоўнай ахвярай рэлігійнага ціску стала ўніяцтва.
Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай указ ад 22. 04. 1794 “Аб устараненні ўсялякіх перашкод для павароту ўніятаў да праваслаўнай грэчаскай царквы” садзейнічаў пераводу насельніцтва з уніяцтва ў праваслаўе. На тэрыторыі Магілёўскай праваслаўнай епархіі былі пераведзены 105 цэркваў, 35 святароў і каля 120 000 чалавек. Усяго, паводле звестак гісторыка Г. Кіпрыяновіча, са жніўня 1794 года да сакавіка 1795 года да праваслаўя далучылі каля паўтара мільёна ўкраінцаў і беларусаў. Указам Кацярыны II у 1795 годзе скасавалі ўсе ўніяцкія епархіі, акрамя Полацкай.
З канца XVIII стагоддзя паралельна адбываліся пераходы ўніятаў у лацінскі (каталіцкі) абрад. Так, у 1803 годзе ў Полацкай архіепархіі ў лацінскі абрад перайшло 100 000 чалавек (з іншых дадзеных – каля 200 000 чалавек)
Указ ад 28 жніўня 1797 года забараняў уніяцкім святарам праводзіць агітацыю сярод праваслаўнага насельніцтва. Тым не менш, быў значны адток назад з праваслаўя ва ўніяцтва. Фармальна ў 1807 годзе ізноў пацвердзілі ўсе ўказы, што зберагалі цэласнасць Уніяцкай Царквы. У 1809 годзе стварылі новая Віленская епархія. Базыльянскія кляштары падпарадкоўваліся епархіяльным архірэям.
Пасля ўвядзення мяжы яўрэйскай аселасці ў 1794 годзе яўрэям забаранялі выезд у велікарускія губерні. Час ад часу пачыналіся хвалі прымусовага ссялення іх у гарады. Як вынік – у гарадскім насельніцтве значна вырасла доля яўрэяў і іхняга уплыву на гарадскую гаспадарку. Так, купцоў і мяшчан–іўдзеяў было ў Рагачоўскім павеце ў канцы XVIII стагоддзя адпаведна ў дзевяць і чатыры разы болей, чым хрысціян.
Пасля далучэння Вялікага Княства Літоўскага да Расійскай імперыі распачаўся новы этап у развіцці паштовай службы і будаўніцтва дарог, што мела пэўнае значэнне і для развіцця Жлобіна. Першы беларускі генерал-губернатар (1772-1782) Захар Чарнышоў разгарнуў актыўнае будаўніцтва паштовага тракта Санкт-Пецярбург – Магілёў. Ужо ў 1773 годзе ўпершыню ў Расійскай імперыі па ім пачалі перавозіць газеты па падпісцы. А вось далей на поўдзень шлях вёў па правым беразе Дняпра і ўздоўж Сожа праз Кіеў. Правабярэжны дняпроўскі шлях ішоў праз Быхаў і Рагачоў на Жлобін і далей на поўдзень.
Такім чынам, у Падняпроўі над жыхарамі была выбудавана іерархічная ваенна-паліцэйская сістэма кіравання. Нягледзячы на вонкавую стройнасць, яна была недастаткова эфектыўнай. Многія мерапрыемствы праводзіліся непаслядоўна, рэформы і контррэформы змянялі адна адну. І гэта было неабавязкова наўмысным шкодніцтвам ці сваволлем. Гэта, калі казаць сучаснай мовай, быў “кепскі менежэмэнт”. Чыноўнікі на месцах не разумелі тутэйшых традыцый. Яны гаспадарылі нібыта ў Тульскай ці Яраслаўскай губерні і зусім не ўлічвалі мясцовую спецыфіку. Да таго ж яны проста кепска кіравалі рэгіёнам. І нарэшце, вялікарускіх чыноўнікаў было банальна мала, а мясцовыя эліты былі схільныя да іншых метадаў кіравання.
Далучэнне да Расійскай імперыі беларускага Падняпроўя мела для краю неадназначныя наступствы. Штосьці спрыяла развіццю рэгіёна, але многае тармазіла і нават адкідала яго назад. Расія не была развітай краінай сярод еўрапейскіх, многія еўрапейскія парадкі і навацыі папросту не ўспрымаліся прадстаўнікамі расійскай улады.

