Войны сярэдзіны XVІІ – пачатку XVІІІ стагоддзяў найперш вынішчалі гарадское насельніцтва Беларусі. Гэта ў сваю чаргу стала мацнейшым ударам па старабеларускай культуры. Аслабленне палітычнай і культурнай праваслаўнай эліты, антымаскоўскія настроі спрыялі пераходу праваслаўных ва ўніяцтва і каталіцтва. Пад канец XVIII стагоддзя 70 (75) % насельніцтва Беларусі належала да ўніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы, 15 % былі каталікамі, 7 % – іудзеямі і толькі каля 6 % – праваслаўнымі, сярод якіх на ўсходзе і поўначы краіны вылучаліся сваёй адметнасцю стараабрадцы. Землі Жлобіншчыны не былі выключэннем, тут назіралася моцная рэлігійная разнастайнасць.
Найбольшай рэлігійнай канфесіяй у беларускім Падняпроўі было ўніяцтва. І на гэта былі свае прычыны. На працягу XVІІ – XVІІІ стагоддзяў назіраўся працэс пераходу ва ўніяцтва беларускага вясковага насельніцтва. Гэтаму спрыяла захаванне ўніятамі традыцыйнай праваслаўнай абраднасці, шырокае выкарыстанне беларускай мовы ў царкоўных казаннях. Не дзіва, што беларусы паступова пераходзілі ва ўніяцтва, хаця палітыка кіруючых колаў Рэчы Паспалітай адносна ўніятаў мела неадназначны, супярэчлівы характар і неаднаразова мянялася ўслед за зменамі грамадска-палітычных абставін. Тым не менш, каля трох чвэрцяў насельніцтва Беларусі стала ўніятамі пад канец XVIII стагоддзя.
Суадносіны царкоўных будынкаў у павятовым Рагачове гэта пацвярждаюць. У 1777 годзе нават у павятовым горадзе была толькі адна грэчаская царква і адзін каталіцкі касёл, а вось уніяцкіх цэркваў было дзве. Вёска была яшчэ больш уніяцкай. У Свержыне таксама была ўніяцкая царква. Вясковае насельніцтва ўсходняй Беларусі ў XVІІІ стагоддзі, у тым ліку на Гомельшчыне, было пераважна ўніяцкім. У вёсцы Казімірава быў ўніяцкі манастыр ордэна базыльян.
Уніяцкая царква на Беларусі (Грэка-каталіцкая царква на Беларусі)
Уніяцкая царква на Беларусі ўзнікла ў выніку падпісання Брэсцкай уніі 1596 года, калі Праваслаўная Царква Беларусі і Украіны (Кіеўская мітраполія) аднавіла адзінства з Каталіцкай Царквой на ўмовах падпарадкавання Папе Рымскаму. Царква была аб’яднаннем ўніяцкіх епархій на Беларусі, што прынялі каталіцкае веравучэнне і кананічную дысцыпліну пры захаванні праваслаўнай абраднасці.
Свята-Мікалаеўская царква ў Брэсце, дзе была падпісана Берасцейская унія. Малюнак XVIII ст.
Уніяты карысталіся ў літургіі царкоўнаславянскай мовай, што ў XVII стагоддзі падверглася моцнай беларусізацыі, і беларускай (“рускай”) мовай. У 1636 годзе яе замацавалі як мову казанняў.
Пад канец XVIII стагоддзя каля трох чвэрцяў насельніцтва Беларусі было ўніятамі. Напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай уніяты мелі тут 8 епархій з 9 300 прыходамі, 10 300 святарамі, 4,5 млн вернікаў і 172 манастыры з 1 458 манахамі.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Расійскай імперыі Уніяцкая Царква спачатку захоўвала сваю маёмасць, правы і прывілеі, але пазбавілася дзяржаўнай падтрымкі. Улады садзейнічалі пераводу насельніцтва з уніяцтва ў праваслаўе. Паралельна, з канца XVIII ст. адбываліся пераходы з уніяцтва і ў лацінскі (каталіцкі) абрад.
У 1839 годзе Полацкі царкоўны сабор іерархаў Грэка-каталіцкай царквы Расійскай Імперыі скасаваў Брэсцкую царкоўную вунію 1596 года і прыняў рашэнне аб далучэнні грэка-католікаў (уніятаў) да Рускай Праваслаўнай Царквы. Толькі ў Галічыне пад уладай Аўстрыі Ўкраінская Грэка-каталіцкая Царква працягвала развівацца.
Ліквідацыя ўніі выклікала пратэсты ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі, пра што сведчаць судовыя справы аб ухіленні былых уніятаў ад праваслаўя. Частка ўніятаў здолела перайсці ў рыма-католікі. У 1840-1850 гады перавялі нават карныя аперацыі царскіх войскаў супраць уніятаў.
Захаванне схільнасці да ўніяцтва аж да 1860 гадоў на Беларусі выкарыстоўваў у рэвалюцыйнай агітацыі Кастусь Каліноўскі. Ён заклікаў да адраджэння ўніяцкай царквы, якую бачыў нацыянальнай царквой беларускага народа.
Не абмінуў працэс пераходу тутэйшага насельніцтва ва ўніяцтва і землі Жлобіншчыны. Тут дзейнічаў шэраг уніяцкіх храмаў і нават базыліянскіх (уніяцкіх) манастыроў.
Базыльяне, Базыляны (Ордэн Базыльян)
– агульная назва некалькіх каталіцкіх манаскіх ордэнаў Візантыйскага абраду, якія прытрымліваюцца статута, складзенага святым Васілём Вялікім.
Ордэн Базыльян дынамічна развіваўся ў XVII-XVIII стагоддзях. Пасля забароны дзейнасці Ордэна Езуітаў у Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII стагоддзя базыльяне пачалі кіраваць шматлікімі езуіцкімі школамі.
Базыльянскі Ордэн значна пацярпеў пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. На расійскай тэрыторыі ён быў цалкам і канчаткова скасаваны ў 1840 годзе, аднак, не без цяжкасцей, захаваўся ў Аўстра-Венгрыі.
Пасля I сусветнай вайны большасць базыльянскіх манастыроў апынуліся ў межах тагачаснай Польшчы.
У 1713 годзе Казімір Юдзіцкі у Казіміраве заснаваў ўніяцкі манастыр пад кіраваннем ордэна базыльян. Згодна з легендай, Юдзіцкі пабудаваў манастыр з пачуцця павагі і падзякі да цудадзейнай іконы Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён атрымаў яе ад сваіх продкаў. Яна дапамагла яму ў час вайны, у якой ён нечакана перамог. На ўтрыманні гэтага манастыра Казімір Юдзіцкі запісаў вёску Косагі, што складалася з 26 двароў сялян. Заснаванне ўніяцкага манастыра засведчыла працэс пераходу мноства праваслаўных прыходаў ва ўніяцтва.
Манастыр і мясцовая казіміраўская царква перажылі складаны перыяд пераходу ў праваслаўе, савецкіх рэпрэсій, закрыцця. Іх адрадзілі ў часы незалежнасці Беларусі. Сёння ў вёсцы Казімірава знаходзіцца Свята-Успенскі жаночы манастыр, царква з цудадзейнай іконай Маці Божай “Казіміраўская”.
Свято-Успенскі жаночы манастыр
Манастыр у вёсцы Казімірава мае даўнюю гісторыю. У 1713 годзе Казімір Юдзіцкі заснаваў ўніяцкі манастыр ордэна базыльян. У манастыры ўтрымліваліся ў розны час ад 2 да 8 манахаў. Манастыр утрымліваў, хоць і не стала, багадзельню, першыя гады меў школу, дзе шляхецкія дзеці вучылі пачатковыя прадметы.
На ўтрыманні манастыра Юдыцкі запісаў вёску Касагі, што складалася з 26 двароў сялян. Маёнткам манастыр валодаў толькі да 1794 года. Надалей ён утрымліваўся за кошт грашовых дэпазітаў, што запісалі манастыру Казімір і Антоні Юдыцкія і іншыя дабрачынцы.
Уніяцкім манастыр дзейнічаў да 1832 года, калі манастыр быў скасаваны, а царкву пераўтварылі ў праваслаўны храм. У 1839 годзе ўзнікла праваслаўная парафія.
Знішчаная драўляная царква ў 1930-х гг ХХ ст.
Да 1930 гадоў ХХ стагоддзя ў храме ладзілі царкоўная службы, мясцовыя жыхары яшчэ маліліся перад абразом Найсвяцейшай Панны Марыі, але падчас рэпрэсіі і пераследу царкву знішчылі і разбурылі.
У 1996 годзе праваслаўны прыход аднавілі, і ён пачаў дзейнічаць у былым доме святара. Намаганнямі Жлобінскага пратаірэя Васіля Піліпенкі ў 2000 годзе парафію пераўтварылі ў жаночы Успенскі манастыр.
Цудам жыхарцы адной з суседніх вёсак удалося выратаваць і захаваць цудадзейны абраз у савецкі час. Перад смерцю жанчына вырашыла вярнуць ікону ў манастыр. Па апавяданнях мясцовых жыхароў, з гэтага моманту пачалося сапраўднае яго адраджэнне. Быў пабудаваны драўляны храм, яго асвяцілі 9 жніўня 2002 года. Сінод Беларускай праваслаўнай царквы 16 кастрычніка 2013 года ўстанавіў святкаванне іконы Маці Божай "Казіміраўская". У 2017 годзе ў манастыры жылі 9 жыхароў.
Ікона Маці Божая “Казіміраўская”
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) уніяты, у тым ліку жлобінскія, на далучаных да Расіі беларускіх землях заставаліся ў складзе Полацкай архіепархіі. А з 1795 года пасля трэцяга падзелу ўжо ўсе жлобінскія ўніяты падпарадкоўваліся Полацкай епархіі, паколькі іншыя ўніяцкія епархіі былі скасаваны ўказам Кацярыны II.
Царскія ўлады рабілі ўсё магчымае для “павароту ўніятаў да праваслаўнай грэчаскай царквы”. У канцы XVIII стагоддзя каля 1,5 мільёны украінцаў і беларусаў перавялі ў уніяцтва ў праваслаўе. Тыя ж уніяты, якія не жадалі гэтага, імкнуліся стаць каталікамі. У выніку адбываліся пераходы з уніяцтва і ў лацінскі абрад. Так, да 1803 года ў Полацкай архіепархіі ў лацінскі абрад перайшлі каля 100 тысяч чалавек (па іншых дадзеных – каля 200 тыс чал.). Такім чынам, ва ўніяцкай Полацкай епархіі, у тым ліку і ў жлобінскім Падняпроўі, у канцы стагоддзя мясцовыя ўніяты вагаліся паміж рознымі канфесіямі. Яны шукалі сваё новае месца ў зменлівых абставінах пераходнага перыяду ад адносна талерантнай Рэчы Паспалітай да праваслаўнай Расійскай імперыі.
З падпарадкаваннем жлобінскіх каталікоў сітуацыя была больш складанай. У 1764-1766 гадах у Рэчыцкі павет уваходзілі наступныя парафіі: Бабруйская, Гомельская, Прапойская, Рэчыцкая, Чачерская. Напачатку жлобінцы ўваходзілі ў Карпілаўскую парафію Бабруйскага дэканата Віленскай дыяцэзіі. Перад апошнімі падзеламі Рэчы Паспалітай у 1789-1791 гадах Карпілаўская парафію вылучылі Бабруйскага падпарадкавання, і яна стала самастойнай. Гэта сведчыла пра павелічэнне колькасці каталікоў у рэгіёне. Такім чынам, Жлобін, дзякуючы Карпілаўскай парафіі, ўпершыню ў сваёй гісторыі стаў адміністрацыйным, тым разам рэлігійным, цэнтрам.
Да Карпілаўскай парафіі адносіліся такія населеныя пункты Жлобінскага раёна як Вірня, Жлобін, Лукі, Карпілаўка, Стрэшын і іншыя вёскі, што сведчыць пра пражыванне ў іх каталіцкага насельніцтва.
Карпілаўская парафія
У 1744 годзе ў Карпілаўскую парафію Бабруйскага дэканата Віленскай дыяцэзіі ўваходзілі наступныя населеныя пункты: Вірня, Высокае, Вярбічаў, Горваль, Дзяніскавічы, Жлобін, Забалоцце, Казловічы, Карпілаўка, Лукі, Любань, Плясавічы, Побалава, Рагачоў, Рогінь, Рудня, Святое, Сенажаткі, Слабодкі, Стралкоўшчына, Стрэнькі, Стрэшын, Царкоўе, Чарцяж, Шацілкі. У 1789-1791 гадах Карпілаўская парафія была вылучана з Бабруйскага падпарадкавання і стала самастойнай.
Карпілаўскай парафіі падпарадкоўваўся і базільянскі манастыр у Рагачове. Як бачна з прадстаўлення 1772 года Беларускага генерал-губернатара Чарнышова імператрыцы Кацярыне ІІ, яго будынак быў драўляны, у ім у служылі тры манахі, а вёскі ад княжны Вітаўтавай знаходзіліся цяпер за новапрызначанай мяжой Польшчы. На левабярэжжы Дняпра ў манастыра засталіся толькі лугі, з якіх і ад міласціны яны і харчуюцца.
У нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца фонд 3 203 Карпілаўскі парафіяльны касцёл Божага цела, сяло Карпілаўка, Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, з 1772 года – Рагачоўскі павет Магілёўскай губерні Расійскай імперыі.
У ХІХ стагоддзі касцѐл у Антушах (сёння Рагачоўскі раён) быў філіяльным у дачыненні да касцёла ў мястэчку Карпілаўка. У 1839 годзе Карпілаўскі касцѐл мусіў быць ліквідаваны. Праз захады пробашча Карпілаўскага касцёла Марціна Вашкевіча парафіяльным касцёлам стаў касцёл у Антушах. Урадавы Сенат 12 красавіка 1838 года даў міністру ўнутраных спраў такі дазвол. У 1843 годзе касцёл у Антушах стаў парафіяльным.
Цяпер былое мястэчка Карпілаўка знаходзіцца ў межах горада Жлобіна, дзе ёсьць раён “Карпілаўка” паміж гістарычным цэнтрам (замчышчам і селішчам ў Прыдняпроўскім парку) і вёскай Вялікія Рагі. Вуліцы Карпілаўская, Новакарпілаўскія і Карпілаўскі завулак нагадваюць пра гісторыю каталіцкай парафіі і пра былы касцёл Божага цела.
Карпілаўка
Карпілаўка – мястэчка ў XVІІІ-ХІХ стагоддзях.
Паводле вынікаў перапісу 1897 году ў мястэчку Карпілаўка быў 301 двор, мелася капліца, юдэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, чыгуначная вучэльня, 8 крупарушак, 4 заезныя двары, 2 карчмы. Паблізу размяшчаўся скарбовы завод прэсавання сена, што накіроўвалася ў розныя вайсковыя акругі Расіі.
Сёння на месцы былога мястэчка Карпілаўка ва ўсходняй частцы Жлобіна паміж гістарычным цэнтрам (замчышча і селішча ў Прыдняпроўскім парку) і вёскай Вялікія Рагі знаходзіцца гістарычны раён Карпілаўка.
Карпілаўская вуліца ў Жлобіне пачынаецца адразу за чыгункай і цягнецца ўздоўж Дняпра паралельна вуліцы Савецкай, з якой яе злучае Карпілаўскі завулак. Яна мае больш за 80 прыватных дамоў.
У сярэдзіне вуліцы на поўдзень ад шасэйнай вуліцы знаходзіцца сквер, як памятка пра існаванне тут парафіяльнага касцёла Божага цела. Побач стаіць помнік загінулым лётчыкам.
Вуліца Новакарпілаўская пачынаецца ад сквера, цягнецца на поўдзень паміж вуліцай Савецкай і Карпілаўскай. На ёй стаяць 58 дамоў.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Магілёў стаў цэнтрам усіх рыма-каталікоў вялізнай Расійскай імперыі. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч ачольваў найбуйнейшую на планеце па плошчы епархію. У 1798 годзе зацвердзілі існаванне Магілёўскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі. Яна ўключала тэрыторыі Беларускай і Кіеўскай губерняў, а таксама ўсе рымска-каталіцкія цэрквы па ўсёй імперыі. Архіепіскап Магілёўскі Станіслаў-Іаан Богуш-Сестранцэвіч атрымаў тытул мітрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх цэркваў у Расійскай імперыі з прызначэннем яму трох біскупаў-суфраганаў – Магілёўскага, Полацкага і Кіеўскага. Натуральна, што каталікі жлобінскага левабярэжжа Дняпра таксама падпарадкоўваліся Магілёўскай епархіі. У склад Магілёўскай мітраполіі ўваходзілі касцёлы ад Бялыніч, Рагачова да Сахаліна, ад Друці і Дняпра да Ціхага акіяну. Ёй падпарадкоўваліся ўсе католікі ўсходняй Беларусі ад мяжы Расійскай імперыі з Рэчу Паспалітай да мяжы Расіі з Канадай, бо Аляска яшчэ была расійскай.
Не ўсе праваслаўныя вернікі ў XVІІ – XVІІІ стагоддзях перайшлі ва ўніяцтва ці каталіцызм. Так, жыхары многіх раёнаў Палесся даволі працяглы час трымаліся праваслаўя. А найбуйнейшым праваслаўным горадам краіны быў Магілёў. Нездарма ён стаў цэнтрам адзінай на гэты час на Беларусі праваслаўнай епархіі. Праваслаўныя жыхары жлобінскага рэгіёну падпарадкоўваліся епіскапу Магілёўскаму (Беларускаму). Выбітны праваслаўны свяціцель Георгій Каніскі быў з 1755 па 1795 гады Архіпастырам Магілёўскай епархіі.
Магілёўская (Беларуская) епархія
Магілёўская епархія – епархія Беларускага экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы. Яе заснавалі 1 лістапада 1632 года шляхам вылучэннем з Полацкай епархіі. З 1632 па 1688 гады знаходзілася ў складзе Кіеўскай Мітраполіі Канстанцінопальскага Патрыярхату. З 1688 года па сёння знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Рускай Праваслаўнай Царквы. Яна была адзінай праваслаўнай епархіяй на беларускіх землях да канца XVIII стагоддзя. 3 кастрычніка 1783 года – архіепіскапства.
Рагачоўская правінцыя – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Беларусі ў складзе Магілёўскай губерні ў 1772-1776 гадах. Цэнтр – город Рагачоў. Паводле ўказа ад 2 жніўня 1773 года падзялялася на Рагачоўскі, Гомельскі і Чачэрскі паветы. Плошча каля 1 426 тыс. дзесяцін, 105 сёл, 473 вёскі (у 1774 – 114 420 чалавек), 11 мястэчак (4 747 чалавек). На тэрыторыі правінцыі былі 23 староствы з 50 547 сялянамі мужчынскага полу, буйнейшыя з іх – Гомельскае (2 553 дымы, 23 504 чалавек, 250 982 дзесяцін зямлі) і Чачэрскае (1 057 дымоў, 9 181 чалавек, 96 535 дзесяцін зямлі).
Георгій Каніскі
З 1755 года яе ўзначальваў епіскап Георгій Каніскі (кананізаваны ў 1993). Ён самааддана змагаўся за захаванне і адраджэнне праваслаўя ў Беларусі. Нягледзячы на жорсткія ўмовы, у многіх храмах ладзілі богаслужэнні, дзейнічалі манастыры.
У 1937 годзе епархію скасавалі, а 6 ліпеня 1989 года аднавілі. У 1990 годзе з яе складу вылучылі Гомельскую епархію разам са Жлобінскім раёнам, пасля чаго епархія абмяжоўвалася тэрыторыяй Магілёўскай вобласці. 24 снежня 2004 года адбылося вылучэнне з яе Бабруйскай епархіі.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе левабярэжжа Жлобіншчыны падпарадкоўвалася, як і раней, Магілёўскай епархіі. А пасля другога падзелу ў 1793 годзе Свяшчэнны Сінод заснаваў Мінскую епархію – 33-ю па ліку ў Расійскай дзяржаве. Ёй падпарадкоўвалася тая частка жлобінскага рэгіёна на правым беразе Дняпра, што была ў складзе Мінскай губерні.
Улады пачалі рабіць усё магчымае для пераводу насельніцтва з уніяцтва ў праваслаўе. Будаваліся праваслаўныя цэрквы. З 1771 (па іншых звестках з 1792) года ў Жлобіне дзейнічала Крыжаўздвіжанская царква. У вёсцы Сцяпы з 1769 года дзейнічала Свята-Троіцкая царква, а ў сяле Лукі з 1792 года – Георгіеўская царква.
Замкнёна жылі праваслаўныя стараверы (стараабрадцы) у слабадзе Зміеўка Сцепскай воласці Бабруйскага павета. Для ўладаў яны былі праваслаўнымі другога гатунку, бо не належалі да афіцыйнай праваслаўнай царквы Расійскай імперыі.
Іўдзеі складалі тады неад’емную частку гарадскога жыцця ВКЛ. Натуральна, што ў Жлобіне яўрэі таксама жылі здаўна. Першая летапісная згадка пра іх адносіцца да апошняй чвэрці XVII ст. У 1768 годзе яўрэйская абшчына Жлобіна пацярпела ад нападу гайдамакаў (удзельнікаў нацыянальнага руху супраць Польшчы на правабярэжнай Украіне).
XVIIІ стагоддзе пакінула больш інфармацыі пра яўрэяў. Да яўрэйскага кагалу 1773 годзе адносіліся наступныя населеныя пункты: сам Жлобін, вёскі Лебядзеўка, Лукі, Малевічы, Навікі, Рудня. У сувязі з першым падзелам Рэчы Паспалітай 1772 года мяжа праходзіла па Дняпры. Ад рагачоўскага кагалу да жлобінскага былі перададзены яўрэі правабярэжных вёсак: Заполле, Забалоцце, Задруцце, Лучын. І наадварот у рагачоўскі кагал былі перададзены левабярэжныя вёскі: Гарадзец, Вірня, Лугавая Вірня, Дзяніскавічы, Рудня і іншыя. Вядома, што ў 1776 г. у мястэчку Жлобін пражывала 268 яўрэяў.
Суадносіны паміж габрэйскім і хрысціянскім гандлёва-прамысловым класам у Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні ў канцы XVIII стагоддзя (1784) выяўляюцца ў наступных лічбах: купцоў хрысціянскага вераспавядання было 16, а іўдзеяў у дзевяць разоў больш – 148; мяшчан хрысціян было 256, а іўдзеяў у чатыры разы болей – 1 042.





