Самы яўрэйскі павет самай беларускай губерні

Яўрэі ў Жлобіне

Яўрэяў у Расійскай імперыі прымусова ссялялі ў гарады, ім забаранялі выезд у велікарускія губерні. У выніку да канца XІX стагоддзя яны ўжо складалі палову насельніцтва гарадоў Магілёўшчыны, а ў некаторых гарадах і мястэчках нават большую палову іх жыхароў.

“Вопыт апісання Магілёўскай губерні” пакінуў нашчадкам разгорнутую статыстыку. У гарадах і мястэчках губерні ў пачатку 1880 гадоў яўрэі складалі 53 % насельніцтва, у Рагачове пражывалі 1 677 яўрэяў з 4 437 жыхароў, што складала 38 %, а ў мястэчках павета – 5 638 яўрэяў з 9 213 жыхароў, што азначае: двое з трох жыхароў (61%) былі яўрэямі.

У мястэчку Жлобін у 1847 годзе пражывалі – 1 597 (верагодна) яўрэяў, 1869 – 1 991, 1880 – 1 617 (82,2 % ад усяго насельніцтва мястэчка), 1897 – 1 760 (52,4 %).

Як бачна, у тым самым няшчасным 1880 годзе, калі пажар знішчыў драўляныя пабудовы Жлобіна, у ім пражывалі 351 праваслаўных, а яўрэйскіх душ было 1 617. Гэта значыць, што яўрэяў пражывала ў 4,6 разоў болей за праваслаўных. І толькі будаўніцтва чыгункі выраўняла сітуацыю праз уладкаванне сялян прылеглых вёсак на чыгунку.

У 1844-54 гадах рабінам (духоўным лідарам яўрэяў) у Жлобіне быў Цві-Гершон Сміноўскі (1823–?). У 1865 годзе ў мястэчку дзейнічала сінагога, у 1869 годзе іх было ўжо пяць (у 1880 годзе іх знішчыў пажар). З 1890-х гадоў рабінам у Жлобіне быў Хаім Вільдэ (1857–?).

Яўрэі ў Жлобіне

У 1897 годзе ў Расійскай імперыі ўпершыню правялі першы і адзіны ўсерасійскі перапіс насельніцтва. Паводле яго тэрыторыя Магілёўскай губерні налічвала 42 134,6 квадратных вёрст з насельніцтвам 1 686 764 чалавек. Населеных месцаў было 10 608, гарадоў 13, а мястэчак 70. У агульным насельніцтве гарадскія жыхары складалі 8,7%, а 91,3% пражывалі ў паветах.

У саслоўным разрэзе насельніцтва губерні мела наступны склад: дваран – 27 681 чал., духавенства – 6 403 чал., купцоў – 3 496 чал., мяшчан – 291 824 чал., сялян было больш за ўсіх – 1 351 533 чал., замежных падданых – 707 чал, прадстаўнікоў іншых саслоўяў – 5 120 чал.

Па канфесійнай прыкмеце насельніцтва падзялялася на праваслаўных і аднаверцаў – 1 402 161 чал. (83,13%), стараабраднікаў – 23 349 чал. (1,39%), католікаў – 50 159 чал. (2,98%), пратэстантаў (лютэран і кальвіністаў) – 6 923 чал. (0,41%), іўдзеяў – 203 958 (12,09%), мусульман – 184 чал.

Этнічны склад вызначаўся па роднай мове і быў такім: беларусы – 82,38%; яўрэі – 12,09%; велікаросы – 3,44%; палякі – 1,4%. Па доле беларусаў сярод насельніцтва губерня апераджала ўсе астатнія губерні Паўночна-Заходняга краю. Падняпроўе апынулася самым беларускім рэгіёнам.

На 1 000 мужчын прыходзілася 1 038 жанчын, прычым у сельскім насельніцтве нават 1 045 жанчын; у гарадах жа колькасць мужчын была вышэйшая за колькасць жанчын.

У Рагачоўскім павеце ў 1897 годзе пражывалі 224 652 чалавек (у Рагачове – 9 038). Па канфесіянальным складзе: праваслаўных было 193 003, католікаў – 7 779, старавераў – 1 751, пратэстантаў – 160.

У павеце было 195 296 (86,92%) беларусаў, што на 4% больш чым у сярэднім па губерні. Яўрэяў было 21 867 (9,73%), што было крыху ніжэй сярэднегубернскіх лічбаў. Вызначана гэта было вялікай агульнай колькасцю яўрэяў у Магілёве і Гомеле. Сярод астатніх этнасаў вылучаліся рускія – 4 427 (1,97%), палякі – 2 383 (1,1%).

Сялян у павеце жыло 181 830, мяшчан – 37 544, шляхты – 3 895, духавенства – 582, купцоў – 177.

Паводле перапісу 1897 года ў Магілёўскай губерні пражывалі 203 947 яўрэяў (12,1% ад агульнага насялення). Яны складалі ў сельскай мясцовасці толькі 3,4% агульнага насельніцтва, у мястэчках – 57,2%; а ў гарадах больш паловы – 52,6%. Яўрэі размяркоўваліся наступным чынам: з кожных 10 000 яўрэяў – 3 795 пражывалі у гарадах, 3 899 – у мястэчках, 2 306 – ў сельскай мясцовасці. Сярод іх у гарадах і мястэчках колькасць жанчын была большай – на 1 000 мужчын прыходзілася 1 090 жанчын.

Яўрэйскае насельніцтва найперш пражывала ў гарадах і мястэчках краю. Усяго ў Магілёўскай губерні былі прапісаныя 203 947 яўрэяў. 77 394З з іх жылі ў гарадах. Астатнія 126 553 пражывалі ў мястэчках і часткова ў сельскай мясцовасці.

У Рагачоўскім павеце было 16 833 яўрэяў. Гэта больш, чым у другім па доле яўрэяў Аршанскім і трэцім Магілёўскім паветах і значна больш чым у астатніх. А яшчэ 5 046 яўрэяў пражывалі ў Рагачове.

Дзе ж у Рагачоўскім павеце пражывалі яўрэі?

Табліца мястэчак, дзе пражывала больш за 500 яўрэяў паказвае, што ў Жлобіне з 3 356 жыхароў пражывалі 1 760 (52,4%) яўрэяў. У Карпілаўцы жылі 1 027 (47,2%) яўрэяў з 2 174 жыхароў, а ў Стрэшыне амаль дзве трэці іўдзеяў – 1 179 (60,6%) з 1 946. Разам гэта складала 3 966 чалавек. Разам з тым у межы павета ўваходзілі мястэчкі Пасожжа. Сёння яны – райцэнтры Гомельскай вобласці: Карма (1 328 яўрэяў), Чачэрск (1 760) і іншыя. Вось найперш дзякуючы Жлобіну, Карпілаўцы і Стрэшыну і пасожскім мястэчкам, яўрэйскія кагалы складалі значны працэнт насельніцтва. Рагачоўскі павет і быў самым яўрэйскім у губерні.

Яўрэі ў Жлобіне

У сярэдзіне і напрыканцы ХІХ стагоддзя сітуацыя з заняткамі насельніцтва ў гарадах заставалася ранейшай, хоць канкрэтныя лічбы па розных паветах губерні крыху вагаліся. У 1897 годзе з агульнай колькасці ўсіх мяшчан губерні яўрэі складалі 2/3. Хоць купцоў-яўрэяў было толькі 2,77% ад яўрэйскага насельніцтва, але з усёй колькасці купцоў губерні яўрэі складалі 9/10. Гэтыя лічбы паказваюць рэзкае адрозненне ў размеркаванні па занятках і па месцы жыхарства паміж яўрэйскім і хрысціянскім насельніцтвам.

Самымі буйнымі населенымі пунктамі сучаснага Жлобінскага раёна ў канцы стагоддзя былі Жлобін, Стрэшын і Карпілаўка.

Паводле вынікаў перапісу 1897 году ў Жлобіне пражывалі 3 228 чалавек, з якіх 1 760 (52,4 %) былі яўрэямі. Мястэчка значна вырасла, бо ў 1880 годзе тут пражывалі ўсяго 1 970 жыхароў, з якіх 1 617 (82,2 % ад усяго насельніцтва мястэчка) былі яўрэямі.

У канцы стагоддзя ў Жлобіне было 725 двароў, 2 царквы, 2 каталіцкія капліцы, 4 іўдзэйскія малітоўныя дамы (сінагогі), народная вучэльня, хлебазапасны магазін, гандлёвыя дамы, гатэль, карчма, тры млына; цагельнае, гарбарнае, крупадзёрні; штогод тут ладзілі кірмашы.

У мястэчку Карпілаўка, што пазней увайшла ў склад Жлобіна, быў 301 двор. Яна пачала значна адставаць ад Жлобіна па колькасці жыхароў. У ёй былі каталіцкая капліца, іўдзейскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, чыгуначная вучэльня, 8 крупарушак, 4 заезныя двары, 2 карчмы. Паблізу размяшчаўся скарбовы завод прэсавання сена, што накіроўвалі ў вайсковыя акругі.

Вылучаліся сваімі памерамі і цэнтры валасцей.

У Стрэшыне пражывалі 2 106 жыхароў. Паводле перапісу 1897 года тут былі 2 малітоўныя дамы, паравы млын, 10 магазінаў, 2 гарбарныя майстэрні, карчма, 2 разы на год тут ладзілі кірмашы. Працавала паштовае аддзяленне.

У валасным цэнтры Лукі было 187 двароў і 1 447 жыхароў.

Цэнтр воласці Старая Рудня меў138 двароў і 924 жыхароў.

Дастаткова вялікімі былі і некаторыя іншыя вёскі. Мормаль у 1897 годзе меў 101 двор з 821 жыхарамі. Паводле перапісу у ім былі 2 ветракі, кузня, піцейны дом.

У Мінскай губерні таксама былі значныя вясковыя паселішчы. У Красным Беразе, напрыклад, жыло 362 жыхары.

А самым вялікім яўрэйскім мястэчкам быў Шчадрын. У мястэчку было 429 двароў, дзе пражывалі 4 022 яўрэя, пры агульнай колькасці 4 234 жыхары. А ў сядзібе Шчадрын было яшчэ 27 двароў з 255 жыхарамі. Побач, яшчэ ў 1842 годзе ўзнікла яўрэйская земляробчая калонія Сяліба. У 1898 годзе каланісты (274 сям’і, 1 558 чалавек) валодалі 1 700 дзесяцінамі зямлі.

Вуліца Шчэдрына

Шчадрын

Шчадры́н – вёска, цэнтр Шчадрынскага сельсавета Жлобінскага раёну Гомельскай вобласці. Насельніцтва складае 620 чалавек (2010 г.), знаходзіцца за 38 км на захад ад Жлобіна, за 18 км ад чыгуначнай станцыі Красны Бераг (лінія Бабруйск — Жлобін). На поўначы і ўсходзе цячэ Шчадрынскі канал.

Шчадрын вядомы з XVIII стагоддзя як вёска ў Бабруйскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Гэта вынікае з пісьмовых крыніц. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) ён быў у складзе Сцепскай воласці Бабруйскага павету Расійскай імперыі.

У адпаведнасці з рашэннямі 1804 і 1844 гадоў, “Положением о евреях” (1835 г.), яўрэям дазволілі набываць зямлю для стварэння сельскагаспадарчых паселішчаў. Для перасяленцаў устанавілі пэўныя льготы. У прыватнасці, яўрэйскія сем’і, якія сталі земляробамі, вызваляліся ад пастаўкі рэкрутаў. Але яўрэі і на новым месцы засталіся верныя сабе. Праца на зямлі іх асабліва не цікавіла. І калі ў Расіі ў другой палове XIX стагоддзя адносна хуткімі тэмпамі пачалі развівацца капіталістычныя адносіны, яўрэі з мястэчка Шчадрын праявілі сябе як гандляры лесам.

У 1885 годзе тут былі 3 малітоўныя дамы, школа, 3 крамы. У выніку пажару 17 ліпеня 1896 года згарэла 129 двароў, а 17 жніўня 1909 года – 37 двароў. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы было ўжо 8 яўрэйскіх малітоўных дамоў, 50 крам, аптэка, цагельня, заезны двор. Побач знаходзілася аднайменная сядзіба, у ёй функцыянавалі крама, яўрэйскі малітоўны дом, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, дзейнічала школа. На мяжы XIX і XX стагоддзяў у Шчадрыне працавала 71 крама, а таксама – аптэка і заезны дом.

Хутка расло і насельніцтва Шчадрына. Калі ў 1897 годзе тут пражывалі 4234 жыхары, з іх 4 022 яўрэя, дык ў 1909-м – ужо 5 600. Але хутка яўрэйская моладзь у масавым парадку пачала эміграваць у Амерыку. Самы яскравы прыклад – гісторыя Розы Блюмкін, якая была родам з мястэчка. Яна эмігравала ў ЗША, пабудавала паспяховы бізнэс і стала міліянерам.

На фота: Роза Блюмкін у маладосці

У 1926 годзе габрэйскае насельніцтва Шчадрына ўсё яшчэ складала вялікую частку жыхароў (91,1%). А паводле перапісу 1931 года ў мястэчку засталося трохі больш за 2 000 жыхароў.

На фота: старыя габрэйскія могілкі ў Шчадрыне

Тыя, хто застаўся ў БССР, шчыра віталі савецкую ўладу. У 1919 годзе тут адкрылася чатырохкласная школа, дзе заняткі вялі на ідышы. Гэта была адна з першых падобных школ на Беларусі. А ў 1929 у Шчадрыне адным з першых у Беларусі арганізавалі яўрэйскі калгас “Сацыялістычны шлях”. Тут працавалі кузня, шавецкая, кравецкая майстэрні, валюшня, паравы млын, ваўначасальня, пільня, конная крупадрабілка, 4 ветракі. У 1933 стварылі МТС, якая ў 1941 годзе мела 44 трактары.

З 20 жніўня 1924 мястэчка было цэнтрам Шчадрынскага сельсавету Парыцкага раёну Бабруйскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года), з 20 лютага 1938 – Палескай, з 8 студзеня 1954 – Гомельскай вобласці. З 15 ліпеня 1935 яно стала пасёлкам, а з 27 верасня 1938 мястэчка аднеслі да вясковых селішчаў.

Падчас Другой Сусветнай вайны тут дзейнічала падпольная патрыятычная група (кіраўніца – Л.М. Жураўлёва). Жыццё шчадрынскага гета доўжылася каля васьмі месяцаў. Акупацыйныя нямецкія войскі спалілі 100 двароў, а 8 сакавіка 1942 фашысты вывелі застаўшыхся шчадрынцаў да могілак. Тут ужо быў выкапаны роў, куды заганялі людзей, расстрэльвалі і засыпалі зямлёй. Усяго забілі 1 200 жыхароў (яны пахаваныя ў магіле ахвяр фашызму, за 400 метраў на паўднёвы ўсход ад вёскі). Так знікла з Зямлі яўрэйская земляробчая калонія Шчадрын.

Шчадрын вызвалілі 27 чэрвеня 1944 года. У баях каля вёскі ў чэрвені 1944 загінулі 40 савецкіх салдатаў і партызан. Іх пахавалі ў брацкай магіле каля будынка выканкама сельсавета. 98 жыхароў вёскі загінулі на фронце. У чэрвені 1944 года ў вёсцы размяшчаўся шпіталь савецкіх войскаў.

У часы акупацыі працавала каталіцкая капліца, якую пасля вайны закрылі савецкія ўлады. Рэшткі алтара капліцы прадалі касцёлу ў 1991 годзе.

Паводле перапісу 1959 года, Шчадрын – цэнтр калгасу імя К. Варашылава. Тут працавалі малочны і цагельны заводы, камбінат бытавога абслугоўваньня, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, лякарня, аптэка, аддзяленне сувязі, вэтэрынарны ўчастак, сталовая, 5 крам.

У 2004 засталося 288 гаспадарак, 760 жыхароў, а ў 2010 – 620 жыхароў.

У 1981 годзе летапіс мястэчка “Сто гадоў існавання яўрэйскага мястэчка Шчадрына” надрукаваў Майсей Ляхавіцкі.

Фота М.Ляхавіцкага

Ляхавіцкі Майсей Шапшалевіч

Майсей Шапшалевіч Ляхавіцкі (1893–1991) – вядомы яўрэйскі савецкі пісьменнік, ураджэнец Жлобіншчыны.

Ён нарадзіўся ў мястэчку Шчадрын. Адсюль ён з’ехаў у Екацерынаслаў ва Украіне. Тут у 1917 годзе Майсей Ляхавіцкі экстэрнам прайшоў курс гімназіі. Уцягнуўся ў палітыку, быў членам партыі “Паалей Цыён”, што прытрымлівалася сацыял-дэмакратычных пазіцый.

У савецкі перыяд Ляхавіцкі адышоў ад палітыкі. У 1921 годзе пераехаў у Маскву з мэтай атрымаць вышэйшую адукацыю. Стаў інжынерам-энергетыкам, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Таксама зарэгістраваў шматлікія вынаходніцтвы, за што нашага земляка ўзнагародзілі ордэнам Леніна.

Пісаць Майсей Ляхавіцкі пачаў пасля таго, як пайшоў на пенсію, у 78 гадоў. Пісаў на ідыш. Друкаваўся ў часопісе “Саветыш Геймланд”. Напісаў чатыры аповесці, збіраў фальклор. Найбольшую цікавасць выклікае ягоны летапіс пра малую радзіму – “Сто гадоў існавання яўрэйскага мястэчка Шчадрына”. Упершыню яго надрукавалі у 1982 годзе на ідышы на старонках “Саветыш Геймланд”, потым – у рускамoўнай яўрэйскай газеце “Родник” (1993).

Перапіс насельніцтва 1897 года даў даследчыкам багатую, статыстычна вывераную інфармацыю пра жыццё насельніцтва Жлобіншчыны.

1 Каментар

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.