Нараджэнне масавай народнай школы

Адукацыя ў Жлобінскім краі

Большасць вясковых школ Жлобінскага раёна былі заснаваныя і пачалі навучаць маладых людзей у канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, яшчэ за царскім часам. Школы для народа называліся “народнымі”, а настаўнікі ў іх называліся “народнымі настаўнікамі”. Настаўніцкае жалаванне складала ад 250 да 360 рублёў у год і не лічылася высокім. Тым не менш, многія адукаваныя маладыя людзі з гонарам насілі гэтае званне, ішлі працаваць у школы, каб несці ў “цёмны” народ святло адукацыі і асвету.

Працэс развіцця школьнай адукацыі быў няпростым. Школьная рэформа 1860 гадоў праходзіла ў Беларусі пад асабліва строгім кантролем царскага ўрада. Гэта было звязана з рэакцыйнай палітыкай царызму ў краі пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Прагрэсіўнае для таго часу “Палажэнне аб пачатковых народных вучылішчах”, што зацвердзілі ў 1864 годзе, на губерні Беларусі не распаўсюджвалася. 23 сакавіка 1863 года для Віленскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў зацвердзілі “Часовыя правілы для народных школ”. Сістэма школьных устаноў была складанай і вельмі разнастайнай.

У 1865 годзе спынілі сваю працу дваранскія вучылішчы ў павятовых цэнтрах. Замест іх заснавалі павятовыя вучылішчы ў Магілёве, Чавусах, Быхаве, Чэрыкаве, Мсціславе, Клімавічах, Рагачове са зменамі для навучання дзяўчынак. Дваранскае вучылішча Бабруйска рэарганізавалі ў чатырохкласную прагімназію, ў Гомелі на базе трохкласнага дваранскага вучылішча адкрылася мужчынская прагімназія. Такім чынам, жлобінскім дзеткам, што мелі адносна заможных бацькоў, больш зручна было вучыцца ў рагачоўскім вучылішчы, або ў бабруйскай ці гомельскай прагімназіях.

У Рагачоўскім дваранскім павятовым вучылішчы ў 1865 годзе на момант рэарганізацыі вучыліся 64 навучэнцы, была бібліятэка на 1 458 тамоў кніг. Рагачоў стаў адным з дзевяці паветаў губерні, што меў падобнае павятовае вучылішча.

У 1872 годзе павятовыя вучылішчы ў адпаведнасці з новымі статутамі маглі пераўтварацца ў гарадскія вучылішчы, а рэальныя гімназіі – у рэальныя вучылішчы. У 1878 годзе Рагачоўскае павятовае вучылішча пераўтварылі ў гарадское трохкласнае вучылішча з больш прасунутай праграмай навучання. У студзені 1883 года пяць настаўнікаў навучалі ў ім 91 хлопчыка. Такіх было ўсяго чатыры на губерню: Аршанскае, Магілёўскае, Мсціслаўскае і Рагачоўскае.

Народныя вучылішчы, што ўтрымоўваліся за кошт казны і мясцовых збораў, давалі найбольш высокі ўзровень адукацыі дзецям “простых саслоўям”. Вучэбная праграма прадугледжвала вывучэнне Закона Божага, чытання і пісьма на рускай мове, першых чатырох дзеянняў арыфметыкі і царкоўных спеваў. Дзеці ішлі ў школу ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў. Адзін клас навучання мог быць разлічаны на два і нават на тры гады навучання. Дзеці вучыліся ў класе да таго часу, пакуль не засвояць праграму навучання або пакуль не пакінуць школу. Аднакласныя і двухкласныя вучылішчы падпарадкоўваліся Міністэрству народнай адукацыі.

Атрыманне пачатковай адукацыі таксама забяспечвалі царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, што з 1884 года знаходзіліся ў распараджэнні епархіяльнага савета. Яўрэйскія дзеці вучыліся ў хедэрах і ў прыватных настаўнікаў меламедаў, дзе атрымоўвалі не толькі рэлігійнае выхаванне, але і базавую адукацыю. Усяго ж у Рагачоўскім павеце напачатку 1880 гадоў дзейнічалі 36 прыхадскіх і пачатковых народных вучылішч.

Адукацыя ў Жлобінскім краі

Установы адукацыі Магілёўскай губерні другой паловы ХІХ стагоддзя

На 1 студзеня 1866 у Магілёўскай губерні было 33 штатных вучылішчы, у тым ліку адно жаночае ў Чэрыкаве і 49 другаразрадных. Было арганізаванае харчаванне дзяцей, аднолькавае для ўсіх. 1860-1890 гады сталі часам нараджэння мноства вясковых школ Магілёўшчыны. Навучанне ў пачатковых вучылішчах магло быць платным ці бясплатным, па меркаванні тых ведамстваў, таварыстваў і асоб, за кошт якіх вучылішча ўтрымліваліся. Збор з дзяржаўных сялян на ўтрыманне вучэльняў у Магілёўскай губерні ў 1868 годзе складаў ¾ капейкі з душы.

У 1870 гадах частка павятовых вучылішчаў пераўтварылі ў гарадскія вучылішчы. Яны былі школамі павышанага ўзроўню і давалі найбольш высокі ўзровень пачатковай адукацыі. У Магілёўскай губерні да 1887 было дзевяць павятовых вучылішчаў: Быхаўскае, Клімавіцкае, Магілёўскае, Мсціслаўскае, Аршанскае, Рагачоўскае, Сенненскае, Чэрыкаўскае і Чавускае. Гарадскімі з іх сталі толькі Магілёўскае, Мсціслаўскае, Аршанскае і Рагачоўскае. Магілёўскае гарадское вучылішча было чатырохкласным (класы маглі быць разлічаныя на два ці тры гады навучання). Пры ім у 1883 г. адкрылі рамесныя класы, дзе вучылі слясарнаму, кавальскаму, шавецкаму і башмачнаму майстэрству. Падобныя класы адкрылі і пры Магілёўскім прыходскім вучылішчы ў 1873 г.

У 1885 годзе ў губерні ў ведамстве дырэкцыі народных вучылішч ужо працавалі школы: Магілёў – 72, Магілёўскі павет – 30; Быхаў – 12, Быхаўскі павет – 36; Горкі – 16, Горацкі павет – 35; Клімавічы – 13, Клімавіцкі павет – 48; Мсціслаў – 15, Мсціслаўскі павет – 23; Чавусы – 12, Чавускі павет – 16; Чэрыкаў – 9, Чэрыкаўскі павет – 40.

З агляду Магілёўскай губерні за 1895 вынікае, што ў Магілёўскай губерні было 2 807 навучальных устаноў, дзе вучыліся 62 746 чалавек, у тым ліку 55 276 хлопчыкаў і 7 470 дзяўчынак.

З розных крыніц вядома, што аднакласныя і двухкласныя народныя вучылішчы існавалі ў мястэчках Жлобін і Стрэшын, вёсках Антонаўка, Бабоўка, Вялікія Рогі, Дзяніскавічы, Заводдзі, Затон, Зломнае, Істопкі, Калыбаўка, Кругавец, Лукі, Малевічы, Мормаль, Нівы, Пірэвічы, Папкі, Праскурні, Саланое. Святое, Селіванаўка, Скепня, Сцяпы, Цупер, Чацвярня. Дакументы, на жаль, фіксуюць пераважна сціслыя дадзеныя аб будаўніцтве і стане некаторых школ жлобінскага Падняпроўя. Многія крыніцы вельмі супярэчлівыя і не заўсёды дакладныя.

Адукацыя ў Жлобінскім краі

У Жлобіне, як сведчаць некаторые крыніцы, народнае вучылішча дзейнічала ўжо ў 1863 годзе, у 1864 годзе тут вучыліся 15 навучэнцаў. Аднак у “Памятнай кніжцы Віленскай навучальнай акругі” за 1880-1881 гады паведамлялася, што Жлобінскае народнае вучылішча Лукаўскай воласці, адкрылі ў 1868 годзе. Яно размяшчалася ў грамадскім будынку. Дзяржаўная казна штогод выдаткоўвала 205 рублёў на дзейнасць вучылішча, а яшчэ 145 рублёў выдаткоўвала мясцовае сялянскае таварыства. Вучылася ў ім 39 хлопчыкаў і 8 дзяўчынак. Аднак 13 траўня 1880 года за 2 гадзіны пажар знішчыў амаль усё мястэчка, царкву, пяць сінагог і… народнае вучылішча. Яго давялося аднаўляць. У 1889 годзе ў ім навучаліся ўжо 92 вучні.

Іншыя мястэчкі жлобінскага рэгіёна таксама намагаліся арганізаваць у сябе народныя школы. У 1870 годзе вучылішча з трохгадовым тэрмінам навучання адкрылі ў Стрэшыне. Напачатку яно было адзіным на ўсю воласць.

У мястэчку Шчадрын Бабруйскага павету ў 1885 годзе дзейнічалі 3 малітоўныя хаты і адна школа. Трэба улічваць пераважна яўрэйскі характар паселішча. Таму тут паралельна існавала свецкая і традыцыйная яўрэйская сістэма навучання.

Сялянскія таварыствы Жлобіншчыны дбалі пра будучыню для сваіх дзяцей і імкнуліся адкрываць народныя школы. У 1856 годзе ў наёмнай хаце адкрылі школу ў вёсцы Сцяпы. Паводле перапісу 1897 года ў паселішчы знаходзілася народнае вучылішча. З 1864 дзейнічала народнае вучылішча ў вёсцы Саланое ў 5 км на поўдзень ад Жлобіна. У 1889 годзе тут навучаўся 41 вучань.

У дзевяці кіламетрах на поўнач ад Жлобіна ў сяле Лукі ў 1875 годдзе (15 кастрычніка) адкрылі школу першапачатковых ведаў. Адпачатку ў школе вучыўся 21 хлопчык ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў. Навучанне было часткова платным. Частку плацілі бацькі, астатняе выдаткоўвалі земствы і казна. Мясцовае сялянскае таварыства ўносіла штогод 145 рублёў, казна – 250. Першаму настаўніку – выпускніку Магілёўскай духоўнай семінарыі Міхаілу Палікарповічу – выдаткоўвалі ў год 200 рублёў жалавання і кватэру ад таварыства. Навучальны год пачынаўся 15 кастрычніка і цягнуўся да Вялікадня. І толькі выпускны клас навучаўся на два тыдні даўжэй. У 1889 годзе тут вучыліся ўжо 44 вучні. Пры школе працавала бібліятэка. 1895 годзе вучылішча стала чатырохкласным. У 1903 годзе ў ім вучыліся 60, а ў 1906 – каля 100 дзяцей.

У 1883 годзе адкрылі народную вучэльню ў Пірэ́вічах. Гэта зрабілі на сродкі вясковай грамады з дапамогай ад казны. У 1889 годзе тут навучаліся 44 вучні. Паводле перапісу 1897 году народная школа працягвала працу. З 1911 года пры школе нават працавала бібліятэка.

У 1885 годзе ў вёсцы Старая Рудня дзейнічала народнае вучылішча. У 1889 годзе тут навучаліся 30 вучняў. З 1900 года працавала трохгадовая школа, пры якой была бібліятэка. У ёй працавалі тры настаўнікі. Напярэдадні Першай Сусветнай вайны яна стала называцца Стараруднянскім народным вучылішчам. У ім былі чатыры класы і меўся ўласны будынак. У вёсцы дзейнічала і царкоўнапрыходская школа. Усяго ў дзвюх школах навучалася каля 100 дзяцей.

У лістападзе 1896 года ў вёсцы Шапілава (цяпер вёска Майскае) адкрылі школу для навучання вясковых дзяцей.

Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы Акцябр (да 1936 года – Бухарына, Папкі) мелася школа.

У 1892 годзе пабудавалі школу ў вёсцы Праскурні, і ў ёй пачаліся заняткі.

У 1902 годзе пабудавалі школу ў вёсцы Мормаль. У 1907 годзе ў ёй навучаліся 64 вучні. Пры школе мелася бібліятэка.

У 1911 годзе ў Жлобіне адкрылі прыватную гімназію з бібліятэкай.

Адукацыя ў Жлобінскім краі

Продкі жыхароў сучаснага Жлобінскага раёна паступалі ў Магілёўскую і Мінскую губернскія мужчынскія гімназіі, у гімназіі і школы сваіх паветаў. Самымі блізкімі гарадамі былі Бабруйск і Рагачоў.

Бабруйскую мужчынскую гімназію заснавалі ў 1823 годзе як трохкласную павятовую вучэльню. У 1865 годзе яна стала чатырохкласнай прагімназіяй, а з 1902 па 1920 гады была паўнавартаснай Бабруйскай мужчынскай васьмікласнай гімназіяй. У 1906 годзе ў Рагачове адкрылі жаночую прагімназію. У 1909 годзе яна стала гімназіяй.

Гімназіі Магілёўскай губерні

Выпускнікамі найстарэйшай Магілёўскай мужчынскай гімназіі, адкрытай у 1809 годзе, былі асобы, якія сталі вядомымі навукоўцамі, лекарамі, вайскоўцамі. Міхаіл Урончанка – вядомы географ, які адкрыў еўрапейцам Малую Азію; М. С. Кутарга – гісторык, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта; Д. І. Дубяга – астраном, рэктар Казанскага ўніверсітэта; браты Гранат – выдаўцы энцыклапедычнага слоўніка; І. П. Лазарэвіч – буйны вучоны, прафесар Харкаўскага ўніверсітэта; Е. В. Касценіч – афтальмолаг, які зрабіў аперацыю і выратаваў Д. І. Мендзялееву зрок. У гімназіі вучыўся палярны даследчык, матэматык, астраном О. Ю. Шміт – акадэмік, доктар навук, Герой Сацыялістычнай працы.

Бабруйскую мужчынскую гімназію заснавалі ў 1823 годзе як трохкласную павятовую вучэльню. У 1865 годзе яна стала чатырохкласнай прагімназіяй. А з 1902 па 1920 гады установа была мужчынскай васьмікласнай гімназіяй. Мужчынскую прыватную гімназію ў Бабруйску адкрылі ў 1900 годзе.


Аршанская жаночая гімназія

З 1903 года працавала Аршанская жаночая гімназія. У 1906 годзе адкрылі жаночую прагімназію ў Рагачове і мужчынскую гімназію ў Мсціславе. У верасні 1908 адкрылі прагімназію ў Клімавічах. У Быхаве ў 1914 г. адкрываецца мужчынская грамадская гімназія, а з 1915 года тут працуе і жаночая гімназія. У 1916 годзе пачынаюць працаваць гімназіі ў Глуску і ў м. Свіслач (Асіповіцкі раён).


Рэчыцкая гімназія А. Гаўрылавай

Рагачоўская жаночая гімназія

Рагачоўскую гімназію заснавалі ў 1882 годзе як прыватны жаночы пансіён Марыі Васільеўны Анісімавай. Першапачаткова працавалі падрыхтоўчы, першы і другі класы. У 1906 годзе пансіён пераўтварылі ў жаночую чатырохкласную прагімназію, у 1909 годзе – у гімназію. З 28 верасня 1911 года гімназія стала паўнапраўнай гімназіяй.

Гімназія размяшчалася ў наёмных памяшканнях; яе ўтрыманне ажыццяўлялася за кошт платы навучэнцаў, дапамогі праз гарадскі і земскі бюджэты, дапамогі дзяржавы і ахвяраванняў гараджан.

У Рагачоўскай гімназіі навучалася больш за 400 дзяўчат (1917), штогод 25-30 дзяўчат атрымлівалі атэстаты сталасці. Навучанне вялося на працягу 9 гадоў. Выпускніцы гімназіі атрымлівалі сярэднюю адукацыю, а тыя дзяўчаты, хто скончыў восьмы, дадатковы педагагічны клас, атрымлівалі права працаваць настаўніцай пачатковай школы.

Старшынёй педагагічнай рады гімназіі доўгія гады працаваў Д.А. Сцяпура - выдатны беларускі педагог, першы дырэктар Мінскага настаўніцкага інстытута.

Многія выкладчыкі гімназіі былі носьбітамі перадавых педагагічных і грамадскіх ідэй. Гімназія была адной з вядучых навучальных устаноў Рагачова, з'яўлялася цэнтрам культурнага жыцця дарэвалюцыйнага горада.

У 1918 г. гімназію закрылі.

У гэты час на Магілёўшчыне адкрыўся шэраг новых спецыялізаваных навучальных устаноў. Магілёўская цэнтральная школа павітух (1865 год) і Магілёўская цэнтральная фельчарская школа імя імператара Аляксандра II (1875 год) былі адзінымі і ўнікальнымі на ўсе навакольныя губерні. Горацкае рамеснае вучылішча (1872 год) стала першым на Беларусі прафесійна-тэхнічнае вучылішчам. Магілёўскае рэальнае вучылішча (1885) рыхтавала юнакоў да вучобы на інжынераў. Ва ўсіх гэтых навучальных установах маглі вучыцца прыдняпроўскія хлопцы.

У 1889 годзе ў Рагачове працавалі народнае вучылішчы для хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама двухкласнае прыватнае вучылішча. Да канца XIX стагоддзя ў Рагачове адкрылі прыватнае двухкласнае вучылішча, царкоўнапрыходскую школу і школу пісьменнасці. Аднак усіх гэтых навучальных устаноў было недастаткова, каб адукацыю атрымлівалі ўсе дзеці. Так, у 1888-1889 вучэбным годзе ў Рагачоўскім павеце з 34 000 дзяцей навучалася толькі крыху больш за 4 000. Зразумела, што атрымаць адукацыю для дзяцей сялян і мяшчан у такой сітуацыі было няпроста.

Важна разумець, што “школьныя класы” ХІХ стагоддзя не адпавядаюць сённяшняму разуменню вызначэння “клас”. Тады “клас” – гэта хутчэй аб’ём ведаў, мусіў засвоіць навучэнец. Адзін клас мог быць разлічаны на два ці нават на тры гады навучання. Вучня пераводзілі ў наступны клас толькі пасля засваення праграмы.

Нягледзячы на рост колькасці школ, царская Расія па-ранейшаму значна адставала ад еўрапейскіх краін па ўзроўні пісьменнасці насельніцтва. Усеагульны перапіс 1897 года паказаў, што толькі чвэрць насельніцтва Расіі была пісьменнай. У Беларусі гэты паказчык склаў 32 %. Гараджане былі больш адукаванымі, а правінцыя – менш. Так, згодна перапісу, што толькі 17 % жлобінцаў лічылі сябе пісьменнымі. У краінах заходняй Еўропы адукаванасць насельніцтва складала каля 90 %.

У новае ХХ стагоддзе Рагачоўскі павет і ўся Магілёўшчына ўступала з школай, што дынамічна развівалася. Разам з тым, у пачатку стагоддзя сістэма асветы заставалася надзвычай складанай і заблытанай, а тыпы школ – шматлікімі. Такая разнастайнасць выклікала шматлікія праблемы ў суадносінах узроўню ведаў навучэнцаў, атэстатаў і дыпломаў, у фінансаванні, забеспячэнні і г.д. Хаця ў некаторых аспектах, найперш у магчымасцяў выбару і ўліку асаблівасцяў і схільнасцяў дзяцей, яна была лепшай, чым занадта аднастайная і стандартная савецкая сістэма адукацыі.

У атрыманні адукацыі назіралася нераўнапраўе прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, канфесій і саслоўяў, мужчын і жанчын. У 1904 годзе адмянілі абмежаванні адносна “мясцовых” моў у дзевяці заходніх губернях Расіі, але праблемы стварэння беларускамоўнай школы царызм так і не вырашыў. Больш за тое, ахоп навучаннем дзяцей школьнага ўзросту ў беларускіх губернях быў невысокім і адставаў ад велікарускіх рэгіёнаў. Так, калі ў сярэднім па губернях еўрапейскай Расіі на мяжы стагоддзяў навучалася 42% дзяцей, то ў чатырох беларускіх вучылася толькі кожнае трэцяе дзіця. Рэакцыйная палітыка царызму ставіла нацыянальныя раёны ў горшае становішча у параўнанні з метраполіяй.

Урад Расіі з 1900 па 1914 год спрабаваў узняць узровень народнай адукацыі і павялічыў выдаткі на патрэбы Міністэрства народнай асветы ў 4,75 разы. У рэгіёне адкрылі новыя спецыялізаваныя ўстановы па падрыхтоўцы настаўнікаў: Магілёўскі настаўніцкі інстытут (1913 год), Аршанская, Рагачоўская, Гомельская жаночая і Мсціслаўская (ў 1915 яе эвакуіравалі з Панявежыса) настаўніцкія семінарыі і г. д.

Найбліжэйшай і больш даступнай для жлобінцаў, якія скончылі народнае вучылішча, была Рагачоўская настаўніцкія семінарыя. 1 ліпеня 1909 года – юрыдычная дата ейнага адкрыцця, з яе і пачалося фінансаванне ўстановы. Мужчынская чатырохкласная настаўніцкая семінарыя размяшчалася ва ўласным будынку. Навучаліся пераважна (звыш 80%) дзеці сялян, але былі і з мяшчан, казакоў, дваран, духавенства. Семінарысты атрымлівалі адукацыю бясплатна і нават мелі стыпендыі. Самыя бедныя, але паспяховыя, маглі атрымаць стыпендыю імя патомнага ганаровага грамадзяніна Рагачова С. Дрыбінцава. На базе семінарыі арганізавалі педагагічныя курсы для настаўнікаў і вольных слухачоў. Для пачатковых школ семінарыя выпусціла больш за 100 народных настаўнікаў.

Васіль Савіч Дрыбінцаў

Рагачоўская настаўніцкая семінарыя

Мужчынскую чатырохкласную настаўніцкую семінарыю ў Рагачове адкрылі 1 ліпеня 1909 года. Семінарыя размяшчалася ва ўласным будынку. Ягоны рамонт (разам з памяшканнямі інтэрната, будынка пачатковага вучылішча і лазарэта) праводзіўся з 1909 года. Таму для размяшчэння семінарыі і пачатковага двухкласнага вучылішча пры семінарыі арандаваліся дамы.

У семінарыю прымаліся асобы 15-18 гадоў, якія мелі дыплом пра заканчэнне народнага вучылішча. У 1912 годзе ў першы клас паступалі 184 чалавекі. З іх толькі 41 быў залічаны, а шэсць не з’явіліся на экзамены. Разам з тым для старэйшага ўзросту маглі быць абмежаванні, бо для заканчэння навучання ім спатрэбілася б адтэрміноўка па ваеннай павіннасці. Тэрмін навучання складаў 3-4 гады.

Сярод навучэнцаў былі дзеці мяшчан, казакоў, дваран, духавенства, сялян (звыш 80 %). Па веравызнанні ўсе да адзінага былі праваслаўнымі. Так, у 1910 годзе з 80 навучэнцаў 67 паходзілі з сялян. Дзяцей жа дваран і духавенства налічвалася ўсяго па адным чалавеку. У 1911 годзе тут працавалі 8 настаўнікаў (разам з дырэктарам, урачом і двума настаўнікамі пачатковага вучылішча).

Выдаткі на навучанне аднаго чалавека ў год складалі 390 рублёў, аднак семінарысты атрымлівалі адукацыю бясплатна. Для падтрымання семінарыстаў засноўваліся стыпендыі, напрыклад, для дзяцей кавалераў ордэна святога Георгія, якія загінулі на вайне. Так, са 110 навучэнцаў у 1912 годзе 82 атрымлівалі стыпендыю па 100 рублёў, з іх 60 – са сродкаў дзяржаўнага казначэйства, 22 – Магілёўскага губернскага земства.

У 1913 годзе ў семінарыі заснавалі стыпендыю імя С. Дрыбінцава — патомнага ганаровага грамадзяніна Рагачова. Перавага пры яе размеркаванні аддавалася бедным жыхарам Рагачоўскага павета, пераважна Кашалёўскай і Дудзіцкай валасцей, якія праявілі на прыёмных выпрабаваннях дастатковыя здольнасці і падрыхтоўку да навучання, або навучэнцам установы, якія лепш за ўсіх вучыліся і добра сябе паводзілі. І ў гэтым выпадку перавага аддавалася жыхарам Кашалёўскай і Дудзіцкай валасцей.

У настаўніцкай семінарыі выкладалі рускую мову і літаратуру, арыфметыку, прыродазнаўства, фізіку, гісторыю, маляванне, спевы, педагогіку, псіхалогію і методыку пачатковай адукацыі, геаграфію, гімнастыкю, рамяство (пераплётнае майстэрства і пляценне кошыкаў), Закон Божы і царкоўнаславянскую мову.

На базе семінарыі арганізавалі педагагічныя курсы з 10.06. па 10.07.1910 года, куды камандзіравалі 37 настаўнікаў і 75 вольных слухачоў. Камісія па народнай адукацыі вылучыла 700 рублёў на праезд і пражыванне 40 курсістаў. Па заканчэнні курсаў настаўнікі атрымлівалі адпаведныя пасведчанні.

Да 50-годдзя вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці пры семінарыі, у будынку пачатковага вучылішча, адкрылася нядзельная школа для дарослых (старэйшых за 17 гадоў). Яна ўтрымлівалася на добраахвотныя ахвяраванні і 200 рублёў у год ад рагачоўскай гарадской управы. Выкладалі ў ёй 3 настаўнікі семінарыі, 1 рэальнага вучылішча, 5 жаночай гімназіі і ветэрынарны ўрач. Заняткі праходзілі па нядзельных і святочных днях з 13.00 да 16.00. У 1912 годзе школу наведвалі 38 чалавек.

Педагагічны музей пры Рагачоўскай семінарыі адкрыўся 1 студзеня 1910 года. Да канца года тут былі 254 дапаможнікі. Да 1913 года музей падзяляўся на два аддзелы: бібліятэка (2 008 назваў) і наглядныя дапаможнікі (451 прадмет).

У 1915 годзе працавалі 10 выкладчыкаў, якія былі выпускнікамі ўніверсітэтаў Масквы, Юр’ева, настаўніцкіх семінарый Полацка, Варонеж, Віленскага юнкерскага вучылішча, Маскоўскага Строганаўскага мастацка-прамысловага вучылішча.

9 чэрвеня 1919 года семінарыя пераўтварылі ў трохгадовыя педагагічныя курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў адзінай рабочай школы I-й ступені. За гады свайго існавання семінарыя выпусціла больш за 100 педагогаў для пачатковых школ.

У выніку ўсіх урадавых і лакальных мер колькасць самых разнастайных школ імкліва расла. Усяго ў Магілёўскай губерні на 1907 год мелася 2 049 навучальных устаноў, дзе налічвалася 109 000 навучэнцаў. Паступова пачала змяншацца непісьменнасць насельніцтва. Да 1907 года з-за палітычных абмежаванняў у Падняпроўі адсутнічалі земскія школы. З утварэннем земства іх колькасць пачала імкліва расці. У гады вайны яны становяцца асноўным тыпам навучальных устаноў.

У 1912 годзе гарадскія вучылішчы рэарганізавалі ў вышэйшыя пачатковыя вучылішчы. У 1914 годзе было 22 вышэйшых пачатковых вучылішча: 13 мужчынскіх, 9 змешаных і 1 пры Магілёўскім настаўніцкім інстытуце, з чатырохгадовым навучаннем. Вышэйшыя вучылішчы працавалі ў Горках, Раманавічах, Прапойску (жаночае), Дрыбіне, Чэрыкаве, Мсціславе і іншых населеных пунктах. У Магілёве напярэдадні Першай Сусветнай вайны каля 80% хлопцаў і больш за 60% дзяўчат ва ўзросце ад 10 да 19 гадоў ужо валодалі граматай.

Вялікай праблемай заставалася адсутнасць спецыяльных школьных будынкаў. Большая частка школ знаходзілася ў прыстасаваных памяшканнях. З 1909 года па 1914 каля 100 народных вучылішчаў губерні атрымалі ўласныя будынкі, але за кошт адкрыцця новых іх колькасць у наёмных памяшканнях вырасла з 431 да 995.

У 1910 годзе ў Жлобіне дзейнічала народнае вучылішча Міністэрства народнай адукацыі, чыгуначнае вучылішча, прыватная яўрэйская жаночая двухкласная школа Гародкінай, сістэма яўрэйскай адукацыі. У гэтым жа годзе А.Е Мірановіч звярнулася з хадайніцтвам да улад аб дазволе адкрыць у Жлобіне прыватную чатырохкласную жаночую навучальную ўстанову. У 1915 годзе яе пераўтварылі ў сямікласную жаночую гімназію.

Імкнуліся да ўдасканалення і пашырэння адукацыйных устаноў і самі сельскія грамады. Рагачоўскі павятовы камітэт па справах земскай гаспадаркі Рагачоўскай павятовай управы ў 1911 годзе разглядаў пытанне адкрыцця ў валасным цэнтры Старая Рудня сельскагаспадарчай школы. Прапанову падтрымалі і жыхары Стрэшынскай воласці, якія таксама маглі б карыстацца паслугамі вучылішча. Сяляне, памешчыкі і разначынцы, мясцовае земства абяцалі аказаць фінансавую і матэрыяльную дапамогу для арганізацыі вучылішча. Павятовы камітэт пастанавіў у азнаменаванне 50-годдзя вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці прасіць губернскі камітэт адкрыць не сельскагаспадарчую школу, а гарадское чатырохкласнае вучылішча.

Прашэнне на пабудову гарадскога вучылішча ў Старой Рудні

Сяляне Стараруднянскай воласці сваім прашэннем ад 28 лістапада 1910 года ініцыявалі стварэнне курсаў садаводства і агародніцтва пры народным вучылішчы, а таксама пабудовы новага школьнага будынка замест струхнелага. У наступных рашэннях ад 14 снежня 1910 і 12 студзеня 1911 года сяляне ўжо прасілі Рагачоўскую павятовую ўправу адкрыць школу павышанага тыпу – чатырохкласнае гарадское вучылішча. Да прашэння далучыліся і грамады Стрэшынскай воласці, бо такое вучылішча магла б абслугоўваць і гэтую воласць.

Для будаўніцтва гарадскога вучылішча воласць вылучала 3 дзесяціны зямлі, у тым ліку дзве з іх падараваў памешчык Сенажыцкі, і асігноўвала 1 000 рублёў на пабудову школы. Воласць прыняла абавязак вылучаць 500 рублёў штогод на ўтрыманне вучылішча. Разначынцы воласці абяцалі даць 1000 рублёў, селянін Кандрат Каленкоў – 20 000 штук цэглы, а памешчык А. Войніч-Сенажыцкі – чарапіцу для страхі і кафлю на ўсе печы.

Сяляне не абапіраліся на канкрэтныя абяцанні мясцовага земства, але яно падтрымала хадайніцтва і запрашвала 10 000 рублёў для гэтай справы. Упраўленне земляробства і дзяржаўнай маёмасці падтрымлівала праект і запрашвала 5 000 рублёў з земскіх сум для пачатку будаўніцтва ўжо вясной, а таксама 1 000 рублёў на пакупку дадатковай зямлі і на абсталяванне.

Рагачоўскі павятовы камітэт пастанавіў прасіць Магілёўскі губернскі камітэт у гонар 50-годдзя вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці адкрыць у Старой Рудні не сельскагаспадарчую школу, а гарадское чатырохкласнае вучылішча. Разам з тым прапаноўвалі пабудаваць інтэрнат для навучэнцаў. Губернскі Камітэт таксама падтрымаў выдзяленне піламатэрыялаў на ўладкаванне ў Старой Рудні двухкласнага народнага вучылішча.

Да пачатку Першай Сусветнай вайны на Магілёўшчыне колькасць навучальных устаноў рознай ведамаснай прыналежнасці, што давалі пачатковую адукацыю, вырасла да 3 360. Гэта быў вялізны крок наперад у справе развіцця народнай адукацыі. Так сталася перш за ўсё праз тое, што ўрад дэлегаваў на мясцовы ўзровень частку сваіх функцый. Нават ва ўмовах вайны земствы ставілі задачу пераходу да ўсеагульнай пачатковай адукацыі ў Магілёўскай губерні. Меркавалася ажыццяўляць агульнадаступнае пачатковае навучанне ўсіх дзяцей да 1918 года. Планы не рэалізавалі з-за пачатку рэвалюцыі 1917 года.

1 Каментар

  • […] вагаўся паміж кар’ерай лётчыка і марскога афіцэра. Пасля заканчэння няпоўнай сярэдняй школы ў Жлобіне ён пачаў накіравана рухацца да сваёй мары. Яго […]

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.