Пачатак жаночай адукацыі

Жаночая адукацыя ў Жлобіне

У ХІХ стагоддзі найбольш дыскрымінаванай групай у сферы адукацыі заставаліся дзяўчаты. Хаця пэўныя магчымасці для навучання жанчын заможных сем’яў на жлобінскіх землях меліся здаўна. Навучанне дзяўчат у заможных шляхетных сем’ях і кляштарах практыкавалася з XVIII стагоддзя. Дзяўчыны вышэйшай шляхты пераважна выхоўваліся і навучаліся дома. Спецыяльных навучальных жаночых устаноў у Рагачоўскім павеце не было, таму напачатку вучыцца менш заможным дзяўчынкам даводзілася далёка ад дома. Альбо можна было заставацца мізерна адукаванымі, што тады не толькі не лічылася ганебным, а ўспрымалася нормай.

Невялікія жаночыя манастырскія пансіёны існавалі яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя. Прыкладам, марыявіткі мелі ў Мсціславе, Оршы, Бабруйску і іншых месцах. У Віцебскай і Магілёўскай губернях у пачатку ХIХ стагоддзя было 9 адукацыйных устаноў (6 манастырскіх і 3 прыватных), дзе вучыліся 150 дзяўчат. Праўда, да пачатку 1860 гадоў па распараджэнні улад усе жаночыя адукацыйныя ўстановы пры каталіцкіх манастырах закрылі.

Жаночая адукацыя ў Жлобіне

Пачатак праваслаўных жаночых духоўна-навучальных устаноў быў пакладзены ў 1830 гадах мінулага стагоддзя, калі пры жаночых манастырах адкрылі некалькі школ-прытулкаў для дзяўчынак – сірот духоўнага звання. Менавіта туды мелі шанц патрапіць жлобінскія сіроткі.

З 1843 года адкрываюцца школы для “бедных дзяўчат”. Пад “беднымі” разумеліся тыя дзяўчаты, сем’і каго не мелі магчымасці наняць хатніх настаўнікаў. Асноўнымі прадметамі ў гэтых элементарных школах былі Закон Божы, чытанне і пісьмо. З 1844 года у Беларусі ствараюцца жаночыя епархіяльныя вучылішчы для дачок духавенства, у тым ліку ў Магілёве. Да 1845 года на беларускіх землях дзейнічала ўжо 40 жаночых адукацыйных устаноў: 10 вышэйшага, 21 – сярэдняга і 9 элементарнага разраду.

У 1835 года пры Буйніцкім жаночым манастыры стварылі прытулак для дзяўчынак-сірот духоўнага звання. У 1863 годзе прытулак пераўтварылі ў Магілёўскае жаночае вучылішча духоўнага звання. Да 1892 года вучылішча знаходзілася ў Буйнічах, а з 1892 – у Магілёве.

Статут 1789 года адкрыў дарогу ў народныя вучылішча не толькі хлопчыкам, але і дзяўчынкам простага звання. А статут 1828 года дазваляў дзяўчынкам з 11 гадоў вучыцца разам з хлопчыкамі ў парафіяльных вучылішчах. Паводле “Часовых правіл” 1863 года дзяўчынкі мелі права вучыцца ў народных вучылішчах нароўні з хлопчыкамі, у царкоўнапрыходскія школы і школы граматы дапускаліся дзяўчынкі да 12 гадоў. Пры вучылішчах адкрываліся жаночыя змены.

Жаночая адукацыя ў Жлобіне

У 1865 годзе ў Віцебскай і Магілёўскай губернях адкрылі 21 жаночую змену, у тым ліку ў Рагачоўскім аднакласным вучылішчы. Напачатку 1880 гадоў у ім навучалася 31 дзяўчынка. Напачатку 1880 гадоў у Магілёўскай губерні дзейнічалі 192 вясковых школы, прычым у 127 (66%) з іх навучаліся дзеці абодвух палоў. Такім чынам, дзве з трох вясковых школ давалі пачатковую адукацыю сялянскім дзяўчатам.

Развівалася і прыватная адукацыя. У Магілёве з 1853 года працаваў прыватны трохкласны жаночы пансіён Яноўскай, з 1859 года – Баярынавай. З 1857 года ў Магілёве працаваў жаночы пансіён Бельскай, з 1859 – Магілёўскае чатырохкласнае жаночае вучылішча з падрыхтоўчымі класам (225 навучэнак). У 1862 годзе адкрылі Рагачоўскае двухкласнае жаночае вучылішча. У канцы 1860 гадоў у Бабруйску адкрылі жаночы прыватны пансіён. У студзені 1865 года у Магілёве адкрылі жаночую Марыінскую гімназію. Яна была самай вялікай і прэстыжнай установай.

Марыінская жаночая гімназія

Магілёўскую Марыінскую жаночую гімназію адкрылі ў студзені 1865 года. Яе адкрыццю папярэднічала ўтварэнне прыватнага пансіёну ў 1826 года блізу Прапойска спадарыняй Савіч за яе ўласныя сродкі.

У 1832 годзе наступіў вышэйшую загад аддаць пад гэты пансіён дачу Піпенберг, што належала на той час ваеннаму ведамству. Знаходзілася дача на высокім беразе даліны Дняпра, недалёка ад мястэчка Буйнічы. Неўзабаве Піпенбергскі пансіён зрабіўся цэнтрам жаночага адукацыі і выхавання для значнай часткі заходняга краю. У 1837 годзе ён атрымаў назву “ўзорны” і стаў чатырохкласнай дзяржаўнай навучальнай установай.

Загад аб адкрыцці жаночай гімназіі ў Магілёве аддалі 23 верасня 1864 года. Яна называлася Марыінскай. Усяго за перыяд дзейнасці гімназіі тут навучаліся больш за 3 000 навучэнцаў. Апошні выпуск навучэнак адбыўся ў траўні 1918 года.

Пасля пабудовы Лібава-Роменскай чыгункі стала больш зручна атрымліваць адукацыю ў Бабруйску і Гомелі. Гомельскую жаночую чатырохкласную прагімназію адкрылі ў 1882 годзе, і ў наступным годзе тут навучалася больш за 100 дзяўчат. Бабруйскую жаночую Аляксееўскую гімназію адкрылі ў 1906 годзе як сямікласную, а ў 1908 годзе ўжо зрабілі восьмы педагагічны і падрыхтоўчы класы. Жаночую прыватную гімназію ў Бабруйску рэарганізавалі ў 1910 годзе з прыватнай прагімназіі Іллінскай. Па заканчэнні дадатковага старэйшага курса выпускніцы гімназій атрымлівалі дыплом хатніх настаўніц. Тым самым маглі забяспечыць сабе стабільны самастойны заробак.

Жаночая адукацыя ў Жлобіне

Некаторыя жлобінскія дзяўчаты навучаліся ў суседніх гарадах, дзе былі жаночыя сярэднія ўстановы. Так, у 1914 годзе дзесяць дзяўчат штодня ездзілі на вучобу ў Рагачоў па чыгунцы. Яны ад’язджалі на вучобу а шостай раніцы, а вярталіся на вечаровым цягніку не раней за шостую гадзіну вечара. Адна жлобінская старшакласніца навучалася ў Бабруйскай жаночай гімназіі. У Бабруйску больш зручна навучацца было дзяўчатам з Краснага Берага.

У ХХ стагоддзі Жлобін нарэшце атрымаў і сваю ўласную навучальную ўстанову для дзяўчат. У 1910 годзе тут ужо дзейнічала прыватная жаночая двухкласная школа Гародкінай. Паколькі школ па ранейшаму не хапала, то калі А. Мірановіч звярнулася да ўладаў з хадайніцтвам адкрыць у мястэчку прыватную чатырохкласную жаночую навучальную ўстанову, яе ўхвалілі. Пасля адкрыцця новая ўстанова хутка набыла папулярнасць. Яна знаходзілася каля вакзала ў каменным і драўляным будынках. У першы год у ёй вучылася 18 навучэнак, на другі – 48, на трэці – 76, на чацвёрты – 97. Дзяўчаты былі праваслаўнага вераспавядання (42 чалавекі), рыма-каталіцкага (18), іўдзейскага (37), а таксама была 1 стараверка.

У чэрвені 1914 года школа атрымала статус прагімназіі. Але планы пані Мірановіч былі большымі. Яна напісала на імя Папячыцеля Віленскай навучальнай акругі прашэнне на адкрыццё сямікласнай гімназіі. Аргументавала сваю просьбу ўтрымальніца прагімназія насельніцтвам Жлобіна большым за 10 000 чалавек, вялікай адлегласцю гарадоў з сярэднімі навучальнымі жаночымі ўстановамі і просьбамі тутэйшага насельніцтва пераўтварыць прагімназію ў гімназію.

Праз год пасля хадайніцтва, у чэрвені 1915 года навучальная ўстанова Мірановіч пераўтварылся ў сямікласную жаночую гімназію. Плата за навучанне была не малой – ад 50 да 70 рублёў на год. У правінцыйным мястэчку Жлобін жаночая сярэдняя ўстанова ўзнікла тады, калі не кожны павятовы горад меў уласную гімназію.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

This site is protected by reCAPTCHA and the Google Privacy Policy and Terms of Service apply.

The reCAPTCHA verification period has expired. Please reload the page.