Царызм у канцы XVІІІ стагоддзя прыняў у склад Расійскай дзяржавы дастаткова развітыя ў эканамічным і культурным дачыненні землі. Высокую для таго часу адукаванасць мела шляхта, духавенства, мяшчане. Маладыя людзі з забяспечаных сем’яў часта атрымлівалі адукацыю ў Еўропе. Паколькі Магілёў у гэты час заставаўся цэнтрам адной з буйных праваслаўных епархій Расіі і адначасова стаў цэнтрам усіх рыма-каталікоў вялізнай Расійскай імперыі, то школы рэгіёну належалі пераважна каталіцкай і праваслаўнай цэрквам. У 1776 годзе ў Магілёўскай губерні было 32 школы: 21 школу ўтрымлівала праваслаўнае духавенства, 11 – каталіцкае.
Праваслаўная адукацыя карысталася падтрымкай дзяржавы і паступова перахоплівала пяршынства па колькасці навучальных устаноў. Магілёўская духоўная семінарыя была найстарэйшай у губерні і вядучай навучальнай установай духоўнага ведамства. Яе заснаваў у 1759 годзе і да канца стагоддзя апякаў Георгій Каніскі. У гэты час у Гомелі, Магілёве, Мсціславе і Оршы пачалі дзейнічаць павятовыя духоўныя вучэльні. Дзеці святароў жлобінскага Падняпроўя мелі магчымасць атрымаць дастаткова высокую па тым часе адукацыю. Вось толькі не ўсе святары жадалі аддаваць сваіх дзетак вучыцца – іх даводзілася прымушаць рознымі адміністрацыйнымі мерамі. Часам святарам нават забаранялі набажэнства ў сваіх парафіях.
Духоўная семінарыя і павятовыя духоўныя вучэльні Магілёўскай губерні
Духоўныя вучылішчы былі ніжэйшымі духоўна-навучальнымі ўстановамі. Сярэднімі былі духоўныя семінарыі, вышэйшымі – духоўныя акадэміі.
Магілёўская духоўная семінарыя, якую яшчэ ў 1759 годзе заснаваў архіепіскап Георгій Каніскі, працягвала дзейнічаць. Каніскі ўнікаў ва ўсе пытанні школы: запрашаў выкладчыкаў з Кіева, складаў праграмы, друкаваў падручнікі, прызначаў дараванне настаўнікам, размяркоўваў курсы навучання, ставіў на чале семінарыі дасведчанных кіраўнікоў. Пры ім былі пабудаваныя не толькі знакамітыя магілёўскія помнікі архітэктуры – архірэйскі палац, Спаса-Праабражэнская царква, але і пачалі будаўніцтва асноўнага навучальнага корпуса і дома-інтэрната семінарыі. Па праекце архітэктара М. Львова ў 1780-1785 гадах узводзіцца навучальны корпус у стылі ранняга класіцызму.
Архіепіскап Георгій Каніскі
У Гомелі, Магілёве, Мсціславе і Оршы дзейнічалі павятовыя духоўныя вучэльні. Яны былі пачатковымі навучальнымі ўстановамі для праваслаўнага духавенства, але давалі як духоўную, так і свецкую адукацыю.
Духоўныя навучальныя ўстановы пакінулі глыбокі след у асвеце народа. Варта адзначыць, што Магілёўскую духоўную семінарыю скончылі: І. Насовіч – этнограф, фалькларыст, “бацька беларускай лексікаграфіі”, Я. Машкоўскі (1776) – першы дырэктар Кіеўскай гімназіі, бацька галоўнага канструктара ракетных сістэм СССР акадэміка С. Каралева (1895), будучы педагог-наватар М. Лепяшынскі, а ў пачатку ХХ стагоддзя вядомыя беларускія пісьменнікі Андрэй Мрый, Васіль Шашалевіч, Міхась Зарэцкі і многія іншыя вядомыя дзеячы культуры.
Самымі дасягальнымі для жлобінскіх святароў былі Магілёўскае і Гомельскае духоўныя вучылішчы, апошняе было найбліжэйшым для падняпроўскіх вёсак. Пачатак стварэння духоўнай адукацыі ў Гомелі прыйшоўся на 1780 гады і звязаны з дзейнасцю архіепіскапа Георгія Каніскага. У фарміраванні вучылішча адыгралі велізарную ролю бацька і сын Грыгаровічы. Яны былі рэктарамі гэтай навучальнай установы і выбітнымі даследчыкамі гістарычнага мінулага Беларусі. Дзейнасць вучылішча па адукацыі найперш дзяцей святароў мела вялізнае значэнне як для дзейнасці самой праваслаўнай царквы, так і для асветы Гомельшчыны. Менавіта духоўныя вучылішчы і семінарыі далі плеяду беларускіх дзеячаў культуры.
Гомельскае духоўнае вучылішча
У 1781 годзе ў Гомелі стварылі першую духоўную школу ў Гомелі. Архіепіскап Георгі Каніскі выдаў на духоўную гімназію сто рублёў. Першым і адзіным настаўнікам у ім быў былы настаўнік рыторыкі Магілёўскай духоўнай семінарыі Іосіф Бекарэвіч. Напачатку ў ёй было ўсяго 13 навучэнцаў. Але потым праз строгія указы духоўнай кансісторыі Магілёва, што пагражалі духавенству за тое, што яны не аддаюць дзяцей у семінарыю, штрафамі і нават забаронай на набажэнства ў сваіх парафіях, яна пачала папаўняцца. Да 1798 годзе колькасць навучэнцаў павялічылася да 65 чалавек.
Статутам 1867 года вучылішча было пераўтворана і пачало ўтрымлівацца як за кошт сродкаў Сінода, так і на сродкі епархіі. Акрамя таго, навучаліся “своекоштныя вучні”, якія плацілі за выкладанне і ўтрыманне ў школьным інтэрнаце. У школе працавалі: наглядчык, яго памочнік, настаўнік і ганаровы апякун па эканамічнай частцы. У дадатак да чыста тэалагічных прадметаў, у школе выкладаліся рускія, царкоўна славянская, лацінская і грэчаская мовы, геаграфія, арыфметыка, чыстапісанне і царкоўныя спевы.
Выпускнікі вучылішча маглі працягваць духоўную адукацыю ў семінарыі альбо ўвайсці ў дзяржаўную службу, "калі мелі права па паходжанні".
Вучылішча працавала да 1919 года. Апошнім наглядчыкам вучылішча быў протаіерэй Уладзімір Зубараў (1906-1919).
Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч – каталіцкі архіепіскап, энцыклапедычна адукаваны чалавек, волат асветы і навукі. З ягонай асобай звязана заснаванне ў Магілёве каталіцкай семінарыі. У 1778 г. горадзе адкрываецца духоўная семінарыя, што рыхтавала юнакоў не толькі для манаскіх ордэнаў, але і манахаў-выкладчыкаў для школ. Дыяцэзія мела не толькі семінарыю, але і акадэмію. Яны размяшчаліся ў Санкт-Пецярбургу (семінарыя з 1847 года, акадэмія з 1882), але называліся “магілёўскімі” да 1918 года. Езуіцкія калегіўмы дзейнічалі да закрыцця ордэна ў 1820 г. Пасля паўстання 1830-31 гадоў іншыя каталіцкія навучальныя ўстановы таксама ліквідавалі альбо пераўтварылі ў парафіяльныя, павятовыя вучылішчы і гімназіі.
Яўрэйская рэлігійная адукацыя ў Магілёўскай губерні развівалася разам з павелічэннем яўрэйскага насельніцтва. Хедары – прыватныя пачатковыя яўрэйскія рэлігійная школы дзейнічалі ва ўсіх кагалах і прыкагалках. Натуральна, дзейнічалі яны і ў Жлобіне, Карпілаўцы і Стрэшыне. Індывідуальным навучаннем займаліся настаўнікі меламеды. Навучалі яўрэйскіх хлопчыкаў і ў Казімераве, у мястэчку Шчадрын, дзе дзейнічалі сінагогі. Існавалі і бясплатныя грамадскія школы для сірот і дзяцей беднякоў – талмуд-торы. Ешыбот – яўрэйская школа больш высокага ўзроўню дзейнічала ў Магілёве са жніўня 1849 года. У яе маглі паступаць і яўрэйскія хлопчыкі Рагачоўскага павета.
Пачала развівацца і свецкая адукацыя. Паводле ўказу 1786 года Магілёўскае галоўнае народнае вучылішча адкрылі ў 1789 годзе. Гэта была першая навучальная ўстанова за кошт казны на тэрыторыі Магілёўскай губерні. Паступова малыя народныя вучылішчы адкрываліся і ў іншых населеных пунктах Магілёўшчыны. Але іх не было каля Жлобіна.
Для продкаў жлобінцаў, якія пражывалі ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні, з 1801 года была магчымасць навучацца ў народным двухкласным вучылішчы горада Бабруйска. Там вывучаліся польская і лацінская мовы, мараль, геаграфія, арыфметыка, чыстапісанне. Веды, атрыманыя ў Бабруйскім павятовым вучылішчы, дапамаглі знакамітаму беларускаму пісьменніку Вікенцію Іванавічу Дуніну-Марцінкевічу працягнуць вучобу ў Віленскай школе, на медфаке Пецярбургскага ўніверсітэта, пісаць свае вечныя творы.
Нягледзячы на пэўныя поспехі, на мяжы XVIII–XIX стагоддзяў сетка навучальных устаноў заставалася слабаразвітай і вельмі неаднароднай. Рэформу адукацыі, неабходнасць якой у Расіі даўно наспела, правялі толькі ў пачатку XIX стагоддзя. Уся тэрыторыя імперыі цяпер дзялілася на вучэбныя акругі, дзе пачалі стварацца павятовыя вучылішчы, гімназіі і ўніверсітэты.
Былая сталіца ВКЛ Вільня большую частку часу была метадычным і адміністрацыйным цэнтрам для ўсіх навучальных устаноў Беларусі і рэгіёна. Падняпроўскія школы, у тым ліку жлобінскія, паслядоўна падпарадкоўваліся Вільні (1803-1824), Санкт-Пецярбургу (1824-1829), Віцебску (1829-1836), Вільні (1836-1850) і зноўку Санкт-Пецярбургу (1850-1864), а потым канчаткова Вільні. З 1864 па 1918 год яна была цэнтрам Віленскай навучальнай акругі. Спробы падпарадкоўваць мясцовыя школы Санкт-Пецярбурга паказалі сваю нерацыянальнасць. Падняпроўе, як і ў папярэднія стагоддзі, нібыта цягнулася да сваёй былой сталіцы.
Віленская навучальная акруга
Ві́ленская навуча́льная акру́га – тэрытарыяльная адзінка кіравання навучальнымі ўстановамі ведамства Міністэрства народнай асветы, што ахоплівала ў 1803-1832 і 1850-1917 гадах некалькі губерняў на захадзе Расійскай імперыі (на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Украіны, а таксама Латвіі).
У паўстанні 1830-1831 гадоў удзельнічалі многія студэнты і нават выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта. У гэтых умовах навучальную акругу падвергнулі далейшай рэарганізацыі. Указам ад 12 студзеня 1831 года навучальныя ўстановы Мінскай губерні перадалі Беларускай, а Валынскай і Падольскай губерняў – Харкаўскай навучальнай акрузе. 1 траўня 1832 года Віленскі ўніверсітэт зачынілі, Віленскую навучальную акругу расфарміравалі. Навучальныя ўстановы, што заставаліся ў яе распараджэнні, уключылі ў Беларускую навучальную акругу. Ейны цэнтр некаторы час знаходзіўся ў Віцебску, а ў 1836 годзе яго перанеслі ў Вільню. У 1850 годзе Беларускую навучальную акругу скасавалі, а на яе месцы аднавілі Віленскую.
За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў папячыцель акругі І. П. Карнілаў звольніў практычна ўсіх настаўнікаў-палякаў і каталікоў. Ён выплаціў ім дараванне за год наперад. Зачынілі і Віленскі дваранскі інстытут, дзе выкладалі на польскай мове.
12 студзеня 1918 года Пастановай народнага камісара па асвеце А.В. Луначарскім Віленская навучальная акруга была ліквідаваная.
Такім чынам, былая сталіца ВКЛ Вільня большую частку часу была метадычным і адміністрацыйным цэнтрам для ўсіх навучальных устаноў падняпроўскага рэгіёна, як Мінскай, так і Магілёўскай губерняў.
Паводле статута 1804 года ў Віленскай навучальнай акрузе арганізавалі чатырохкласныя павятовыя вучылішчы, аднакласныя і двухкласныя прыходскія вучылішчы.
Рагачоў стаў адным з першых паветаў. Тут амаль адразу ж адкрылася павятовае вучылішча, дзе займаліся хлопчыкі з прывілеяваных сем’яў. У 1810 годзе адкрылі павятовае, а ў 1819 годзе – прыходскае аднакласнае вучылішчы, што пазней аб’ядналіся, і ў 1826 там навучаліся 46 навучэнцаў. У 1831 годзе павятовае вучылішча пераўтварылі ў чатырохкласную навучальную ўстанову.
Для параўнання, у 1809 годзе адкрылі прыходскае вучылішча ў Магілёве, у Быхаве вучылішча адкрылі ў 1816 годзе, у Клімавічах – у 1820, у 1828 году яны адкрыліся ў Бабруйску, Касцюковічах (замест Клімавічаў), Мсціславе, Магілёве, Чавусах, а ў Чэрыкаве – толькі ў 1830 годзе.
Самай прэстыжнай для хлопчыкаў навучальнай установай была Магілёўская губернская мужчынская гімназія. Менавіта туды імкнуліся аддаваць сваіх нашчадкаў шляхта і чыноўнікі. Магілёўскае Галоўнае народнае вучылішча ўрачыста пераўтварылі ў Магілёўскую губернскую трохкласную мужчынскую гімназію 15 верасня 1809 года. У канцы лета 1830 гімназія перасялілася ў будынак Галоўнай кватэры 1-й Арміі. Гэта была лепшая гарадская вуліца, у цэнтры горада. Разам з ёю ў гэтых жа будынках змясціліся павятовае вучылішча і ланкастэрская школа. Лепшыя навучэнцы гімназіі маглі напачатку паступіць у Віленскі, а затым у С. Пецярбургскі, радзей у Маскоўскі, ўніверсітэты.
Прафесійную адукацыю для працы на зямлі давала Горы-Горацкая земляробчая школа (1840–1848 гг.), Горы-Горацкі земляробчы інстытут (1848–1864 гг.).
У пачатку ХІХ стагоддзя ў большасці навучальных устаноў Віленскай навучальнай акругі асноўнай мовай выкладання заставалася польская. Гэта ў пэўнай ступені спрыяла паланізацыі насельніцтва. А вось пасля паўстання 1830-1831 года школы перавялі на рускую мову навучання. Тым не менш, у асобных панскіх маёнтках Рагачоўскага павета Аскеркі, Булгака, пана Аляксандра Жукоўскага, размяшчаліся школы, дзе вывучалі беларускую мову лацінкай і нават польскую мову, што было афіцыйна забаронена.



1 Каментар